МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1382.

Адбылося ў жн. пры набліжэнні да Масквы войска хана Залатой Арды Тахтамыша. Вял. кн. Дзмітрый Іванавіч Данскі накіраваўся ў Кастраму для збору апалчэння, пачаліся ўцёкі з Масквы знаці і асоб княжацкай адміністрацыі. Гараджане і сяляне навакольных вёсак сабраліся на веча, якое забараніла выезд з Масквы і арганізавала абарону Крамля (яе ўзначаліў літоўскі кн. Асцей). 23 жн. пачалася аблога Крамля войскамі Тахтамыша. Масквічы адбілі першы штурм (упершыню на Русі выкарысталі агнястрэльную зброю), але 26 жн. Тахтамыш падманам авалодаў Масквой. Горад быў спалены і разбураны, 24 тыс. чал. забіты або загінулі ў агні.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1633,

выступленне полацкіх гараджан супраць падваяводы Яна Лісоўскага і гар. рады ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. 11.6.1633 на пасяджэнні магістрата Лісоўскі патрабаваў, каб гараджане тэрмінова адрамантавалі вежу Ніжняга замка або далі дрэва на яе рамонт, каб усе жыхары Запалоцця перасяліліся ў Верхні замак, а таксама намерыўся ўвесці войскі ў замак. Гараджане адмовіліся выконваць патрабаванні, перашкаджалі падваяводу і магістрату ўмацоўваць Ніжні замак. У ноч на 13.6.1633 рас. войскі авалодалі Запалоццем і Ніжнім замкам, але Верхняга замка не здолелі ўзяць. Пасля падыходу войск Рэчы Паспалітай разам з рас. войскам горад пакінула шмат жыхароў.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ТА РО́БЕРТА ПАЎСТА́ННЕ 1549,

буйное сялянскае паўстанне ва Усх. Англіі. Выклікана захопам землеўладальнікамі ворных зямель і пашавых угоддзяў сялян (гл. Агароджванні). Пачалося ў чэрв. 1549 у графстве Норфалк, у хуткім часе ахапіла Суфалк і суседнія графствы. У сваёй праграме (29 артыкулаў) сяляне патрабавалі выканання раней прынятых законаў супраць агароджванняў, памяншэння арэнднай платы, скасавання дзесяціны, адмены прыгону. Узначаліў паўстанне мясц. сквайр Роберт Кет. Паўстанцы асадзілі гал. горад Норфалка Норыдж і з дапамогаю бедных гараджан захапілі яго. Перагаворы ўрада з сялянамі не мелі поспеху, войскі італьян. і ням. наёмнікаў штурмам узялі Норыдж і ў жн. 1549 разбілі сял. апалчэнне. Паўстанне пацярпела паражэнне, сотні яго ўдзельнікаў (у т. л. Р.​Кет) пакараны смерцю.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СТКІ НАПЕ́РСКАГА ПАЎСТА́ННЕ 1651,

сялянскае паўстанне ў Рэчы Паспалітай на чале з шляхціцам А.​Л.​Косткам Наперскім. У канцы 1650 ці ў пач. 1651 ён дамовіўся з Б.Хмяльніцкім пра пашырэнне сял. паўстання на тэр. Польшчы. Выкарыстаўшы паліт. сітуацыю (канцэнтрацыя польск. арміі на Украіне), разам з М.​Радоцкім і С.​Лянтоўскім арганізаваў сял. атрад і 14 чэрв. захапіў замак у Чорштыне (Малапольскае ваяв.), адкуль высылаў універсалы, з заклікам да сялян паўстаць супраць шляхты. Паўстанне ахапіла Падгалле (раён Прыкарпацця) і пагражала перакінуцца на Кракаў. Аднак 24 чэрв. войскі, сабраныя кракаўскім біскупам П.​Гембіцкім, захапілі Чорштын. Костка Наперскі разам з Радоцкім і Лянтоўскім схоплены і пакараны смерцю (пасаджаны на кол). У пач. ліпеня паўстанне канчаткова задушана.

т. 8, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,

адно з узбр. выступленняў на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі, прынятай 27.3.1849 Франкфурцкім парламентам. Адбылося 3—9.5.1849 у г. Дрэздэн як рэакцыя гараджан на адмову саксонскага караля Фрыдрыха Аўгуста прызнаць канстытуцыю. Каля 12 тыс. паўстанцаў (рабочыя, муніцыпальная гвардыя і інш., у т. л. кампазітар Р.​Вагнер) пад кіраўніцтвам левых радыкалаў С.​Чырнера, С.​Борна і рас. эмігранта М.​А.​Бакуніна ўзялі штурмам цэйхгаўз і стварылі барыкады ў старой ч. горада. Ліквідавана вял. сіламі саксонскіх войск з дапамогай прускіх часцей; многія ўдзельнікі паўстання былі прыгавораны ваен. судамі да пакарання смерцю (пазней памілаваны).

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІ́ГАЎСКАГА ПАЛКА́ ПАЎСТА́ННЕ,

узброенае выступленне дзекабрыстаў на Украіне супраць самадзяржаўя 10—15.1.1826. Рыхтавалася Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое разлічвала ўзняць каля 50 тыс. салдат і афіцэраў. Пачалося заўчасна ў сувязі з паражэннем паўстання ў Пецярбургу і арыштамі дзекабрыстаў на Поўдні. Кіраўнікі: падпалк. С.І.Мураўёў-Апостал і падпаручнік М.П.Бястужаў-Румін. Першай паўстала адна рота Чарнігаўскага палка (у в. Трылесы на ПдЗ ад Кіева), да якой далучыліся інш. роты. Прынятыя царскімі ўладамі захады перашкодзілі паўстанцам злучыцца з рэв. настроенымі часцямі ў Кіеве і Жытоміры. 15.1.1826 Чарнігаўскі полк разбіты ўрадавымі войскамі каля г. Белая Царква. Мураўёў-Апостал і Бястужаў-Румін пакараны смерцю, 5 чал. прыгавораны да бестэрміновай катаргі, каля 100 салдат — да цялесных пакаранняў.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 17, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Індыйскае народнае паўстанне 1857—59 2/414; 4/360; 5/92, 97; 7/581

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кастрычніцкае ўзброенае паўстанне ў Петраградзе (1917) 6/314; 9/617, гл. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1615,

антыфеадальнае выступленне гараджан Мазыра, выкліканае ўзмацненнем эксплуатацыі, самавольствам і ўціскам старосты, замкавай адміністрацыі і арандатараў. Насуперак магдэбургскаму праву з часткі мяшчан, якіх падпарадкавалі замку, спагналі незаконныя падаткі. У адказ на гэта 3.10.1615 некалькі соцень узбр. гараджан на чале з бурмістрамі Ж.​Мушам, І.​Крыцкім, мяшчанамі І.​Ваўчком, А.​Лаўрыновічам і інш. асадзілі замак. Яны расправіліся з некат. прадстаўнікамі замкавай адміністрацыі, арыштавалі мяшчан, якія падтрымлівалі ўлады, канфіскавалі іх маёмасць. Паўстанцы выбралі войта, пашырылі льготы магдэбургскага права на ўсіх мяшчан і інш. У выніку паўстання ўлада ў Мазыры перайшла да гар. магістрата. У 1622 каралеўскі суд мусіў прызнаць асобныя пераўтварэнні паўстанцаў.

Літ.:

Копысский З.Ю. Из истории общественно-политической жизни городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII вв. // Тр. Ин-та истории АН БССР. Мн., 1958. Вып. 3.

т. 9, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНЬЧА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1927.

Пачалося 1 жн. ў г. Наньчан з паўстання салдат Нац.-рэв. арміі (каля 20 тыс. чал.), якія абвясцілі сябе кіт. Чырв. арміяй (галоўнакамандуючы Хэ Лун). Быў створаны Рэв. к-т Гаміньдана, у які фактычна ўвайшлі адны камуністы (Чжоў Эньлай, Чжан Гатао, Лінь Бяо і інш.). Паўстанцы раззброілі гаміньданаўскі гарнізон Наньчана і накіраваліся на Пд Кітая, дзе меркавалі стварыць рэв. базу ў Гуанчжоў пад лозунгамі радыкальнай агр. рэвалюцыі. Не здолеўшы знайсці падтрымку ў сялянства, паўстанцы ў канцы вер. 1927 былі разбіты каля г. Шаньтоў. Невял. іх група на чале з Чжу Дэ прабілася да пач. 1928 у прав. Хунань, дзе на яе аснове быў створаны 4-ы корпус кіт. Чырв. арміі. Дзень Н.п. адзначаецца ў Кіт. Нар. Рэспубліцы як Дзень Арміі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 11, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)