ГЕНЕРА́ЛЬНАЕ МЕЖАВА́ННЕ,

суцэльнае вымярэнне, здымка, картаграфаванне і апісанне адм. адзінак, зямельных уладанняў («дач»), угоддзяў, падатковага насельніцтва ў Расійскай імперыі ў 1760-я г. — сярэдзіне 19 ст. У ходзе генеральнага межавання вырашаліся задачы: межавыя, землеўпарадкавальныя, статыстычныя, картаграфічныя, зямельна-падліковыя. На Беларусі праведзена толькі на землях, далучаных да Рас. імперыі паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — у Магілёўскай (1783—84) і Полацкай (1784—85) губернях. Межавая дакументацыя абвяшчалася адзінай законнай падставай землеўладання, чым скасоўваліся ўсе папярэднія прывілеі і граматы на зямлю. Матэрыялы генеральнага межавання — каштоўная гіст. крыніца.

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,

феадальная каралеўская (велікакняжацкая) гаспадарка ў ВКЛ у 1589—1796. Створана ў выніку пераўтварэння Гродзенскага староства ў дзярж. маёнтак, прыбыткі ад якога ішлі на ўтрыманне вял. князя, яго двара, дзярж. апарата, войска і інш. Мела асобнае адм.-гасп. кіраванне. У 1783 падзялялася на «губерні» (Азёрскую, Дамброўскую, Квасаўскую, Крынкаўскую, Сакольскую, Яноўскую), у склад якіх уваходзілі 49 ключоў, 24 фальваркі, 1 лентвойтаўства, 13 гарадоў і мястэчак, 368 вёсак і 5 пушчаў; нас. 42 380 чал. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) уладанні эканоміі перададзены, часткова прададзены прыватным асобам.

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1648—50,

выступленне сялян і гараджан у вызваленчую вайну ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Пачалося 13.10.1648 выступленнямі сялян вёсак Будымлі, Бухлічы, Варані, Векаровічы, Старое Сяло, Струга, гараджан Давыд-Гарадка, мяст. Гарадзец. Паўстанцы на чале з войтам Давыд-Гарадка І.Багдашэвічам (выбраны палкоўнікам) стваралі атрады на казацкі ўзор. У кастр.снеж. 1648 паўстанне ахапіла ўсю Давыд-Гарадоцкую вол. і суседнюю ч. Пінскага пав. Сяляне грамілі маёнткі феадалаў, знішчалі дакументы на правы іх уладанняў і інш. Паўстанне працягвалася больш за 2 гады, задушана войскамі Рэчы Паспалітай.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. на р. Гарынь у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Узнік на месцы стараж. дзядзінца Давыд-Гарадка. Паводле інвентара 1605 на ўзбраенні замка былі бронзавыя і жалезныя гарматы, марціркі, гакаўніцы, парахаўніцы і інш. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак у вер. 1655 быў узяты рус. войскам. Інвентары Давыд-Гарадка 1670 і 1675 паведамляюць пра існаванне 2 замкаў — Верхняга і Ніжняга, замкі былі абгароджаны дубовым парканам. У час Паўн. вайны 1700—21 яны моцна пацярпелі і паступова страцілі ваен. значэнне.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСТАЕ́ЎСКІЯ,

шляхецкі род уласнага герба («Радван» зменены) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вядомы з канца 15 ст., жылі на Піншчыне, у 17 ст. перасяліліся на Валынь і ў Навагрудскае ваяв. Родапачынальнік — Даніла Іванавіч Ірцішчавіч, які ў 1506 атрымаў ад пінскага кн. Ф.​І.​Яраславіча некалькі двароў, у т. л. Дастоева (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Пётр, маршалак пінскі (1598—99); Яраш, падстароста оўруцкі (1604); Пётр, суддзя гродскі пінскі (1627—32); Бенядзікт, падчашы пінскі (1635); Андрэй, харужы валынскі (1649). Верагодна, з гэтага роду паходзіць рус. пісьменнік Ф.М.Дастаеўскі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 6, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́СІФ II (Joseph; 13.3.1741, Вена — 20.2.1790),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» з 1765 (у 1765—80 суправіцель Марыі Тэрэзіі, сваёй маці). Прадстаўнік т.зв. асветнага абсалютызму. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочвання мануфактур, адмяніў прыгон, увёў адзіны пазямельны падатак, абмежаваў самастойнасць каталіцкай царквы ў аўстр. землях, часткова секулярызаваў царк. землеўладанне, садзейнічаў развіццю свецкай школы. У 1781 выдаў т.зв. талерантны патэнт аб свабодзе веравызнання. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў выніку шэрагу паражэнняў (у т. л. ў вайне з Турцыяй 1788—91) скасаваў некат. свае рэформы. Ініцыятар удзелу Аўстрыі ў 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772).

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАРЫБУ́Т»,

прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ, якім карысталіся князі Збаражскія, Вішнявецкія, Парэцкія, Варанецкія і некат. шляхецкія роды. У блакітным полі выява сярэбранага крыжа з перакрэсленымі канцамі, замест ніжняга канца — залаты маладзік рагамі ўніз і 6-прамянёвая зорка; клейнод шляхецкага варыянта герба — над прылбіцай з каронай тры страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба. Апошні варыянт замацаваўся ў 17 ст. як герб «К.» (ад імя кн. Карыбута, якога Вішнявецкія лічылі сваім родапачынальнікам). У час знаходжання на троне Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага [1669—73] герб «К.» ужываўся ў дзярж. сімволіцы як элемент на вял. і малой пячатках ВКЛ.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1520—66 у Падляшскім ваяв. ВКЛ, да 1795 у Брэсцкім ваяв. Рэчы Паспалітай. З 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Рас. імперыі, з 1921 у Палескім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССРснеж. 1939 у Брэсцкай вобл.). Цэнтр — г. Кобрын. Пл. 14583,59 га, нас. 124 118 чал., 31 воласць, 475 нас. пунктаў (1886). У студз. 1940 павет скасаваны, яго тэр. ўвайшла ў склад Кобрынскага раёна і суседніх з ім раёнаў.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОТ ((Kot) Станіслаў) (22.10.1885, в. Руда Падкарпацкага ваяв., Польшча — 26.12.1975),

польскі гісторык культуры, паліт. дзеяч. Чл. Польск. АН (1928). Вучыўся ў Львоўскім ун-це. У 1920—23 праф. Кракаўскага ун-та. Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Стронніцтво людовэ». З 1939 у Францыі, блізкі супрацоўнік ген. У.​Сікорскага. У 1941—42 пасол Польшчы ў СССР, у 1942—43 дзярж. міністр урада Польшчы на Б. Усходзе, у 1943 міністр інфармацыі, у 1945—49 пасол у Італіі. Застаўся ў эміграцыі. Даследаваў гісторыю паліт. і грамадскай думкі Рэчы Паспалітай, яе культ. сувязі з краінамі Еўропы.

т. 8, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКІЯ СТАТУ́ТЫ (лац. Statuta Curlandica),

збор законаў Курляндскага герцагства, складзены ў 1617 з улікам патрабаванняў дваран Курляндыі. Мелі 9 раздзелаў (1-ы і 2-і аб суд. ладзе, 3-і — 8-ы аб прывілеях дваран, 9-ы аб крымін. праве). К.с. абмяжоўвалі на карысць дваран (пераважна немцаў па паходжанні) уладу герцага (мог чаканіць манету, прызначаць чыноўнікаў толькі па ўзгадненні з дваранамі, знешнюю палітыку ўзгадняў з уладамі Рэчы Паспалітай), узаконьвалі прыгонную залежнасць сялян. Пасля далучэння да Расіі і ліквідацыі Курляндскага герцагства (1795) статуты паступова касаваліся, канчаткова адменены ў 1865.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)