БУАСЬЕ́ ((Boissier) П’ер Эдмон) (25.5.1810, г. Жэнева, Швейцарыя — 25.9.1885),
швейцарскі батанік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (1878). Вучыўся ў Жэневе. Навук. працы ў галіне сістэматыкі і фларыстыкі. Па матэрыялах, сабраных у падарожжах па Іспаніі, Грэцыі, М. Азіі, Егіпце, Палесціне і Сірыі, апісаў каля 6 тыс. новых відаў кветкавых раслін і вызначыў 131 новы род. Аўтар «Усходняй флоры» (т. 1—5, 1867—88), у якой прыведзены апісанні і даныя пра геагр. пашырэнне каля 12 тыс. відаў раслін. Паблізу Жэневы для захавання сабранага ім гербарыя і далейшых работ з ім была створана ўстанова — «Гербарый Буасье».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РДЗІЯ,
музей-запаведнік у Грузіі, за 70 км на Пд ад г. Баржомі. Створаны ў асноўным у 1156—1205 (у гады праўлення Георгія III і яго дачкі царыцы Тамары) на паўд.-зах. мяжы Грузіі ў цясніне р. Кура як крэпасць і пячорны манастыр. Некалькі соцень жылых, культавых і гасп. пабудоў высечаны ў стромкай туфавай скале, размешчаны ярусамі і злучаны хадамі. На сценах гал. храма фрэскі, сярод якіх «Царыца Тамара і Георгій III» (1180-я г., майстар Георгій), паблізу храма — званіца (13—14 ст.). З 1938 — музей-запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫХВО́СТКІ (Phoenicurus),
род птушак сям. драздовых атр. вераб’інападобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках з дуплаватымі дрэвамі, у садах і парках паблізу жылля, у скалах каля горных лугоў. На Беларусі 2 віды: гарыхвостка звычайная (P. phoenicurus) і гарыхвостка-чарнушка (P. ochruros).
Даўж. 14—18 см, маса 13—17 г. Апярэнне самцоў яркае, самак больш цьмянае. Хвост звычайна рыжы (адсюль назва). Гнёзды ў дуплах, штучных гняздоўях або скалах. Выседжваюць 3—7 птушанят. Кормяцца насякомымі, зімой пераважна насеннем і пладамі.
Гарыхвосткі: 1 — звычайная; 2 — чарнушка (а — самец; б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНІТА́ЛЬНЫЯ ДАЖДЖЫ́, трапічныя дажджы,
дажджы канвектыўнага тыпу з частымі навальніцамі ў тропіках Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Прыкладна адпавядаюць пары года, калі Сонца ў поўдзень стаіць паблізу зеніту. Каля экватара, у зоне вільготных трапічных лясоў, назіраюцца 2 перыяды такіх дажджоў — веснавы і асенні, т. зв. раўнадзенственныя дажджы. Па меры аддалення ад экватара працягласць іх скарачаецца, перыяды збліжаюцца, і каля тропікаў яны аб’ядноўваюцца ў адзін летні дажджлівы сезон. З.д. звязаны з сезоннымі перамяшчэннямі ўнутрытрапічнай зоны канвергенцыі. Вынікам змяшчэння ўвільгатнення ад экватара да тропікаў з’яўляецца змена прыродных зон — ад вільготных трапічных лясоў да саваннаў і трапічных пустынь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЙКІ́ (Charadrius),
род птушак сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. 23 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. жыве паблізу вадаёмаў, некаторыя — у пустынях і камяністых стэпах. Найб. вядомыя З.: гальштучнік, або зуёк вялікі; малы (Ch. dubius); мангольскі (Ch. mongolus); марскі (Ch. alexandrinus); таўстадзюбы (Ch. leschenaultii). На Беларусі 2 віды З.: гальштучнік, занесены ў Чырв. кнігу, і малы.
Даўж. цела 15—25 см, маса 30—90 г. Галава вял., дзюба прамая, кароткая, слабая, ногі тонкія, крылы доўгія. Верх цела шаравата-пясочны, брушка белае. Гняздо — невял. ямка ў пяску. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і інш. беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НАВАР (ад грэч. kinnabari),
мінерал класа сульфідаў, сульфід ртуці, HgS. Мае 86,2% ртуці. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя або ромбаэдрычныя.
Агрэгаты тонказярністыя, шчыльныя ці зямлістыя. Колер чырвоны да карычнева-чырвонага. Бляск алмазны ў чыстым мінерале або зямлісты, цьмяны (з прымесямі). Паўпразрысты. Цв. 2,5. Шчыльн. 8—8,2 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Пашыраны ў выглядзе ўкрапін і жыл паблізу маладых вулканічных парод і гарачых крыніц. Трапляецца ў асацыяцыі з пірытам, марказітам, стыбнітам, сульфідам медзі ў жыльных пародах. Буйныя радовішчы на Украіне, у Іспаніі. Асноўная руда ртуці, таксама сыравіна для вырабу маст. фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТЫ (ням. Passat, галанд. passaat, верагодна, ад ісп. viento de pasade вецер, які спрыяе пераезду),
устойлівыя на працягу года паветраныя цячэнні ў трапічных і экватарыяльных шыротах (ад 25—30°паўн. ш. і паўд. ш. амаль да экватара) пераважна над акіянамі. Паблізу зямной паверхні ў выніку трэння і дзейнасці Карыяліса сілы ў Паўн. паўшар’і вятры маюць паўн.-ўсх. напрамак, у Паўд. — паўд.-ўсходні. Паміж П. Паўн. і Паўд. паўшар’яў — унутры-трапічная зона канвергенцыі; над П. дзьмуць антыпасаты. П. маюць важнае значэнне ў агульнай цыркуляцыі атмасферы, абумоўліваюць узнікненне пасатных цячэнняў, на сушы садзейнічаюць утварэнню і захоўванню трапічных пустынь (гл.Пасатны клімат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎВЫ́ВАДКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,
група відаў птушак, у якіх птушаняты ад моманту вылуплення да пачатку самастойнага жыцця больш-менш працяглы перыяд развіваюцца ў гняздзе або паблізу ад яго і першапачаткова выкормліваюцца бацькамі. Займаюць прамежкавае становішча паміж птушанятнымі птушкамі і вывадкавымі птушкамі, біялагічна блізкія да птушанятных, марфалагічна — да вывадкавых. У арнітафауне Беларусі да П.п. належаць дзённыя драпежнікі, чайкі, чаплі і інш.
Птушаняты П.п. выходзяць з яец з адкрытымі зрокавымі і слыхавымі праходамі, з развітым эмбрыянальным пухам, здольныя праз 20—30 гадз. трымаць галаву і стаяць на нагах, але яшчэ не могуць хадзіць за дарослымі птушкамі і самастойна карміцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦУНКЕ́ВІЧ (Ігар Сяргеевіч) (н. 3.12.1935, Мінск),
бел. фізік-тэарэтык, адзін з пачынальнікаў даследаванняў па фізіцы нейтрына на Беларусі. Канд.фіз.-матэм.н. (1970). Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і электраслабых узаемадзеяннях элементарных часціц. Прадказаў парушэнне СР-сіметрыі за кошт электрычных дыпольных момантаў элементарных часціц, фатонны распад Ω0-гіперона і ўзмацненне эфектаў слабых узаемадзеянняў паблізу вузкіх рэзанансаў.
Тв.:
Современное экспериментальное подтверждение специальной теории относительности. М., 1979;
О слабоэлектромагнитной околорезонансной интерференции (разам з А.А.Панковым) // Ядерная физика. 1981 Т. 33, вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРПІЁНАВЫ МУ́ХІ (Mecoptera),
атрад насякомых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з пермскага перыяду. Трапляюцца ў цяністых месцах, на палянах лісцевых лясоў, паблізу штучных насаджэнняў, на снезе, лёдзе. На Беларусі адзначаны панорпа, або скарпіённіца звычайная (Panorpa communis), лядоўнік звычайны (Boreus westwoodi).
Даўж. да 3 см. Галава прадаўгаватая, падобная да дзюбы. Ротавы апарат грызучага тыпу. Вусікі ніткападобныя. Крылы празрыстыя, сеткаватыя, у некат. зачаткавыя, ёсць і бяскрылыя віды. Брушка членістае (з 10 сегментаў). Задні канец яго загнуты ўверх, у самцоў уздуты, як у скарпіёнаў (адсюль назва). Ператварэнне поўнае. Кормяцца расл і жывёльнымі рэшткамі, пылком і нектарам кветак, ёсць драпежнікі.