АЎТАХТО́ННЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
спрадвечныя рэліг.-магічныя культы карэннага насельніцтва краіны. Вызначэнне ўзнікла ў сувязі з неабходнасцю адрозніваць мясц. самабытныя культы ад іх сінкрэтызаваных з сусветнымі рэлігіямі мадыфікацый. Аўтахтонныя культы ўключаюць татэмістычныя, фетышысцкія, анімістычныя вераванні (гл. Татэмізм, Фетышызм, Анімізм), сістэму племянных ініцыяцый, культ продкаў, культы правадыроў і абагаўлёных цароў, політэізм і інш. раннія формы рэлігіі на розных стадыях іх развіцця. Асаблівасці гіст. развіцця народаў, умоў прыроднага асяроддзя вызначаюць падабенства і розніцу, агульнае і асаблівае ў аўтахтонных культах.
т. 2, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛАРЫЁН, Ларыён (? — ?),
старажытнарускі царкоўны дзеяч, філосаф і пісьменнік, заснавальнік Кіева-Пячэрскай лаўры (1051), першы мітрапаліт кіеўскі з мясц. духавенства (1051—54 ці 1055). Аўтар публіцыстычнага твора Стараж. Русі — «Слова пра закон і дар божы» (паміж 1037 і 1050), дзе развіваецца думка пра роўнасць народаў, якія вызнаюць хрысціянства, высока ацэньваюцца справы князёў, якія праславілі Русь у інш. краінах. У «Слове» выказаны таксама ідэі вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага аб царк. незалежнасці Кіеўскай дзяржавы ад Візантыі.
т. 7, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́Н (цюрк.),
тытул кіраўніка дзяржавы ў цюркамоўных народаў у старажытнасці і сярэдневякоўі. Упершыню тэрмін «К.» згадваецца ў кіт. летапісах пад 312. Напачатку тытул К. замацаваўся за ўладарамі жужаняў, з сярэдзіны 6 ст. — за правіцелямі Цюркскага каганата, пазней перайшоў да авараў, печанегаў, хазараў і інш. У канцы 7 — пач. 9 ст. ўжываўся таксама разам з тытулам князь ва ўсх. славян (на Русі да канца 12 ст.). У Манг. імперыі з 13 ст. так называлі імператара.
т. 7, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВА́ВАЯ ПО́МСТА,
звычай, што склаўся пры радавым ладзе як універсальны сродак абароны гонару, годнасці і маёмасці роду. Заключаўся ў абавязку родных забітага адпомсціць забойцу або яго родным. К. п. забаранялася, калі забойства было ўчынена па неасцярожнасці або выпадкова. К. п. існавала ў многіх краінах і рэгіёнах, а ў некаторых з іх (Албанія, Сербія, Паўд. Італія, Корсіка, Японія і інш.) захавалася да 20 ст. У Расійскай імперыі найдаўжэй захоўвалася ў некаторых народаў Каўказа і Сярэдняй Азіі.
т. 8, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКІ́МАРА,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. усх.-слав. народаў. Паводле павер’яў на Беларусі К. ўвасаблялі заўчасна загінуўшых маленькіх дзяўчынак, якія нябачна жылі ў хаце, назіралі за гульнямі жывых дзяцей, часта самі гарэзавалі (тады ў хаце быццам чуўся піск), але заціхалі і ўздыхалі, калі маці лашчыла сваіх дзяцей. К. таксама былі ўвасабленнем дрэнна зробленых жаночых работ. Павер’і пра К. былі пашыраны пераважна на Пн Беларусі і захоўваліся да пач. 20 ст.
М.Ф.Піліпенка.
т. 8, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ ПРО́ДКАЎ,
шанаванне памерлых бацькоў і інш. родзічаў. Развіваўся як сямейны культ на стадыі распаду радавога ладу. Звязаны з анімістычнымі вераваннямі і ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду, іх нашчадкаў. У першабытныя часы ўшаноўваліся татэмныя першапродкі (гл. Татэмізм). У політэістычных рэлігіях стараж. грэкаў, рымлян, славян і некаторых інш. народаў вял. ролю меў сямейна-радавы К.п. У Кітаі ён быў пакладзены ў аснову канфуцыянства. Існавалі таксама агульнаплемянны і агульнанародны К.п. правадыроў і князёў, якія ў некаторых народаў абагаўляліся яшчэ пры жыцці і іх продкі лічыліся асабліва магутнымі (Палінэзія Палінезія*, Паўд. Азія, Цэнтр. Афрыка і інш.). У балцкіх плямён, што насялялі б. ч. тэр. Беларусі ў раннім жал. веку, татэмнымі першапродкамі былі, магчыма, мядзведзь і дзік. Паводле адной з легендаў, продкам беларусаў быў Бой (Бай), які пакінуў сыну Белаполю землі ў Падзвінні і Падняпроўі. Назву племяннога саюзу крывічоў часам выводзяць ад імя іх мяркуемага родапачынальніка Крыва. У «Аповесці мінулых гадоў» назва радзімічаў выводзіцца ад Радзіма, які са сваім родам прыйшоў у Пасожжа «з ляхаў». Сляды К.п. захаваліся ў бел. святкаваннях Дзядоў, Радаўніцы, у пахавальных абрадах і звычаях (памінкі), галашэннях. З К.п. звязаны і міфалагічны вобраз дамавіка як духа-ахоўніка хатняга ачага.
Літ.:
Легенды і паданні. Мн., 1983.
т. 9, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў этнаграфіі,
кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.Ратцэль, Б.Анкерман, Ф.Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.Коперс, В.Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл. Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.Менгін. Сав. этнолагі (М.Левін, С.Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.
В.К.Бандарчык.
т. 9, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁЛЬФЛІН ((Wölfflin) Генрых) (21.6.1864, г. Вінтэртур, Швейцарыя — 19.7.1945),
швейцарскі мастацтвазнавец. Праф. ун-таў у Базелі (1893), Берліне (1901), Мюнхене (1912), Цюрыху (1924). Распрацаваў методыку аналізу маст. стылю, якая ў ранніх працах Вёльфліна служыла для даследавання «псіхалогіі эпохі» («Рэнесанс і барока», 1888; «Класічнае мастацтва», 1899). Пазней усё больш звужаў задачы аналізу твораў маст. азначэннем «метадаў бачання», набліжаючы да іх характарыстыку мастацтва розных эпох і народаў («Асноўныя паняцці гісторыі мастацтва», 1915; «Італія і нямецкае адчуванне формы», 1931).
В.Я.Буйвал.
т. 4, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ КАНГРЭ́С ДЗЕ́ЯЧАЎ КУЛЬТУ́РЫ 1936 у Львове,
кангрэс прадстаўнікоў інтэлігенцыі Польшчы, Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Скліканы 16—17.5.1936 з мэтай умацавання адзінага антыфаш. фронту. У ім удзельнічалі вядомыя дзеячы л-ры, мастацтва, навукі. У сваёй рэзалюцыі кангрэс выказаў пратэст супраць нац. прыгнёту, паліт. бяспраўя працоўных супраць праследаванняў дзеячаў культуры, ліквідацыі рабоча-сял. друку, распальвання міжнац. варожасці, заклікаў інтэлігенцыю змагацца за развіццё навукі і культуры народаў, прыгнечаных Польшчай, актывізаваць барацьбу супраць наступлення фашызму, падрыхтоўкі новай сусв. вайны.
т. 1, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РЫ,
германскае племя. Упершыню ўпамінаецца ў пач. 6 ст. Магчыма, паходзіць ад маркаманаў. У сярэдзіне 6 ст. бавары занялі частку тэр. былых рым. правінцый Норык і Рэцыя (засялілі тэр. сучасных Верхняй Аўстрыі, Зальцбурга, Верхняй і Ніжняй Баварыі, часткова Ціроля). З 6 ст. вядома племянное герцагства (гл. Баварыя). На тэр. іх рассялення ў 7—8 ст. дзейнічала звычаёвае права — Баварская праўда (гл. ў арт. Варварскія праўды). Разам з інш. герм. плямёнамі бавары заклалі аснову ням. і аўстр. народаў.
т. 2, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)