ДЖУРА́ (Султан) (1910, кішлак Кагалтам Бухарскай вобл., Узбекістан — 14.11.1943),

узбекскі паэт. Удзельнік баёў за вызваленне Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны (пахаваны ў в. Казярогі Лоеўскага р-на). Скончыў Бухарскі пед. тэхнікум (1930). Друкаваўся з 1927. Аўтар паэт. зб-каў «Самаадданы» (1939), «Масква» (1941), у якіх апаэтызаваў родны край, дружбу, каханне, патрыятызм моладзі, гераізм бел. народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову яго творы пераклалі А.​Астрэйка, С.​Ліхадзіеўскі, К.​Паўтаржыцкі, К.​Цвірка.

Тв.:

Рус. пер. — Рождение истины. Ташкент, 1961.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРГАЛІ́ЕЎ (Хамід) (н. 27.10.1916, пас. Новабагацінскі Гур’еўскай вобл., Казахстан),

казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1986). Вучыўся ў Казахскім ун-це (1939—41). Аўтар каля 30 паэт. зборнікаў. У кнігах вершаў і паэм «Споведзь бацькі» (1947), «Дзяўчына з нашага аула» (1950), «Твая рака» (1953), «Курмангазы» (1962), «Залатая чаша» (1981; Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1982) адлюстраваў жыццё і побыт каз. народа ў розныя гіст. эпохі. Аўтар апавяданняў, нарысаў, публіцыстычных артыкулаў і інш. Творы Д. перакладзены на мовы народаў свету.

Ж.​Сахіеў.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧА́Р (сапр. Габрыэлян) Рачыя Качаравіч

(2.2.1910, с. Кумлібуджах, Турцыя — 3.5.1965),

армянскі пісьменнік. Друкаваўся з 1930. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Нараджэнне герояў» (1942), «Напярэдадні» (1943), «Свяшчэннае абяцанне» (1946), «Белая кніга» (1965), рамане «Дзеці вялікага дома» (ч. 1—2, 1952—59) падзеі Вял. Айч. вайны, трагічны лёс арм. народа ў гады 1-й сусв. вайны. Аўтар кніг публіцыстычных і крытычных артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1949). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Парахневіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1973.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ТЧЭЛ ((Mitchel) Джон) (3.11.1815, г. Дангівен, Вялікабрытанія — 20.3.1875),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Журналіст. У 1840-я г. ўваходзіў у Асацыяцыю рыпілераў, адзін з кіраўнікоў радыкальнага крыла «Маладой Ірландыі» і Ірландскай канфедэрацыі. Заклікаў да ўзбраення ірл. народа, падрыхтоўкі паўстання для звяржэння ўлады лендлордаў. У маі 1848 арыштаваны і сасланы англ. ўладамі на в-аў Тасманія. У 1853 уцёк у ЗША, падтрымліваў ірл. нац.-вызв. рух. Аўтар прац «Гісторыя Ірландыі ад Лімерыкскага дагавора да цяперашняга часу» (т. 1—2, 1868), «Апошняе заваяванне Ірландыі» (1876).

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ ПЕ́СНЯ,

музычна-паэтычны твор; найб. пашыраны від вак. народнай музыкі; песенны фальклор. Адзін з найб. старажытных відаў музычна-слоўнай творчасці народаў свету. Адлюстроўвае нац. характар народа, звычаі, гіст. падзеі. Адрозніваецца своеасаблівасцю жанравага зместу, муз. мовы, структуры. Існуе пераважна ў вуснай форме, перадаецца дзякуючы выканальніцкім традыцыям і майстэрству таленавітых народных спевакоў. Бел. Н.п. вядомы з глыбокай старажытнасці, ахопліваюць некалькі гіст. пластоў. Склаліся на адзінай усх.-слав. глебе і маюць шмат агульнага з рус., укр., а таксама польск. і літоўскімі Н.п. Гл. таксама Этнамузыкалогія.

т. 11, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ВО́ЛЯ»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 4 да 12.3.1927 у Вільні на бел. мове замест закрытай газ. «Наш голас». Рэдактар-выдавец М.​Машара. Прытрымлівалася праграмных поглядаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Крытыкавала адносіны польск. улад да заходнебел. народа, змяшчала матэрыялы пра несправядлівую падатковую сістэму, нявырашанае агр. пытанне, паланізацыю бел. школы. Асвятляла культ. жыццё ў Зах. Беларусі, друкавала творы А.​Салагуба, Я.​Гаўрыліка і інш. Выйшлі 4 нумары, з іх 2 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЙО,

дзяржава народа іаруба на тэр. паўн.-зах. Нігерыі ў 14—19 ст. Да 2-й пал. 18 ст. падпарадкавала б.ч. інш. дзяржаў іаруба. Удзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі, кантралявала асн. шляхі вывазу рабоў з унутр. раёнаў кантынента. На чале О. стаяў алафін (правіцель), улада якога была абмежавана саветам знаці. З канца 18 ст. пачаўся заняпад О. У 1836 войскі халіфата Сакота разбурылі сталіцу О. — г. Ойо, пасля чаго яна існавала як невял. дзярж. ўтварэнне. У 1893 абвешчана брыт. пратэктаратам.

т. 11, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ІЧ (Іован) (11.11.1726, Срэмскі-Карлаўцы, Сербія — 11.12.1801),

сербскі гісторык. Скончыў Кіеўскую акадэмію (1756). Аўтар «Гісторыі розных славянскіх народаў і найперш за ўсё балгар, харватаў і сербаў...» (Вена, 1794—95, ч. 1—4), у якой найб. каштоўнасць маюць ч. 2 (канец) — 4, прысвечаныя гісторыі Сербіі ад часоў старажытнасці да 2-й пал. 18 ст. У гэтым творы Р. адлюстраваўся рост. нац. самасвядомасці сербскага народа і яго імкненне да вызвалення ад тур. няволі. У 1772 прыняў манаскі сан і займаўся напісаннем багаслоўскіх твораў і перакладамі.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙЗІН (Рува Шоламанавіч) (1911, Лондан — 1942 ?),

яўрэйскі паэт. Выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Слуцку. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1937). Друкаваўся з 1929. Аўтар зб-каў вершаў «Цяжкай працай» (1934), «Вершы» (1940), паэмы «Вялікая хартыя» (1935)., Услаўляў героіку грамадз. вайны, працоўны энтузіязм народа. На бел. мову яго вершы перакладалі А.​Зарыцкі, Р.​Няхай.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Мы іх не забудзем. Мн., 1949;

У кн.: Дзень паэзіі — 71. Мн., 1971;

У кн.: Зарыцкі А. У свет па песні. Мн., 1978.

т. 13, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФРО́НІЙ УРАЧА́НСКІ (свецкае Стойка Уладзіславаў; 1739, г. Коцел, Балгарыя — 22 ці 23.9.1813),

балгарскі царк. дзеяч, пісьменнік і асветнік. З 1762 святар у г. Коцел, з 1794 епіскап у г. Враца (адсюль празванне Урачанскі). Ратуючыся ад тэрору турэцкіх ваен.-рабаўнічых атрадаў кірджаліяў, у 1803 эмігрыраваў у Бухарэст. У зб. «Штодзённік» (1806, першая друкаваная кніга новабалг. л-ры) і інш. творах выступаў супраць засілля грэч. духавенства, за асвету балг. народа, зрабіў важны крок у развіцці балг. літ. мовы.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнеописание. Л., 1976.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)