польскі краязнаўча-этнаграфічны ілюстраваны часопіс, орган польск. этналагічнага т-ва. Выдаваўся ў 1887—1905, 1916—17, 1922 у Варшаве. Рэдактары А.Грушэцкі, Я.Карловіч і інш. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, краязнаўстве, фалькларыстыцы, нар. медыцыне, мастацтвазнаўстве Польшчы, у т. л. асобных сац.-этнічных і этнагр. груп. Змяшчаў рэцэнзіі на народазнаўчыя даследаванні, інструкцыі для збіральнікаў нар. творчасці, артыкулы пра этнографаў, краязнаўцаў, фалькларыстаў. Публікаваў справаздачы пра з’езды гісторыкаў, фалькларыстаў, лекараў і інш., пра разнастайныя выстаўкі. Рабіў агляды рус., чэш., балг., укр., ням. і інш.этнагр., гіст. і краязнаўчых часопісаў. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі і краязнаўстве, фотаздымкі бел.нар. тыпаў, людзей у нац. строях, вясковых пабудоў на Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНІ́ШАЎ (Алібек Мусаевіч) (н. 30.7.1951, Алматы),
казахскі спявак (тэнар). Нар.арт. Казахстана (1981), нар.арт.СССР (1986). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1976). З 1976 саліст Каз. філармоніі, з 1978 — Каз.т-ра оперы і балета. Мае моцны голас прыгожага мяккага тэмбру, вял. дыяпазону. Выконвае гал. партыі тэнаровага рэпертуару ў операх класікаў, сучасных айч. і замежных кампазітараў. Сярод іх: Тулеген («Кыз Жыбек» Я.Брусілоўскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі) і інш. У канцэртным рэпертуары неапалітанскія, рус.нар. песні, рамансы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1975), міжнар. конкурсаў імя Р.Шумана (г. Цвікаў, Германія, 1977), вакалістаў у Рыо-дэ-Жанейра (1979). Прэмія Ленінскага камсамола 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Ад крыты ў 1966 у г. Ельск Гомельскай вобл. як музей нар. славы, з 1976 краязнаўчы. Пл. экспазіцыі 103 м², каля 3 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў дакументы і матэрыялы пра падзеі рэвалюцыі 1905—09, грамадз. вайны 1919—21, этнагр. калекцыі, прадметы побыту сялян канца 19 — пач. 20 ст., нар. касцюмы, посцілкі, карціны самадз. мастака М.Засінца. У экспазіцыі, прысвечанай Вял.Айч. вайне, матэрыялы пра абарончыя баі ў раёне, дзейнасць Ельскага патрыятычнага падполля, Ельскую аперацыю 1943, пра партызана славака Я.Налепку, пра злачынствы фашыстаў на тэр. раёна, карта-схема вызвалення Ельска ад ням.-фаш. захопнікаў. Адлюстравана аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі і культуры ў пасляваен. перыяд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў-ВАНО́ (Іван Пятровіч) (8.2.1900, Масква — 25.3.19 87),
расійскі кінарэжысёр, мастак, сцэнарыст. Нар.арт. Расіі (1969), нар.арт.СССР (1985). Праф. Усесаюзнага ін-та кінематаграфіі (з 1952). Скончыў Вышэйшыя дзярж.маст.-тэхн. майстэрні (1923). Адзін з пачынальнікаў сав. мультыплікацыі. У мультыплікацыйным кіно з 1924. Сярод фільмаў: «Блэк энд Уайт» (1932, з Л.Амальрыкам), «Тры мушкецёры» (1938), «Мыйдадзір» (1939, 1954). Лепшыя фільмы — экранізацыі рус.нар. казак і твораў рус. класікі: «Канёк-Гарбунок» (1948, 1975), «Гусі-лебедзі» (1950), «Казка пра мёртвую царэўну і сем багатыроў» (1951), «Снягурка» (1952), «Дванаццаць месяцаў» (1956), «Ляўша» (1964), «Сеча пры Кержанцы» (1971), стэрэамультфільм «Чароўнае возера» (1979), «Казка пра цара Салтана» (1984, з Л.Мільчыным) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЗО́Н (Іосіф Давыдавіч) (н. 11.9.1937, г. Часаў Яр Данецкай вобл., Украіна),
расійскі эстр. спявак, педагог. Нар.арт. Расіі (1980), нар.арт. Украіны (1991), нар.арт.СССР (1987). Скончыў Муз-.пед. ін-т імя Гнесіных (1973; цяпер Рас. акадэмія музыкі), з 1984 выкладае ў акадэміі (праф.). З 1959 саліст Усесаюзнага радыё, з 1962 у Москанцэрце, з 1989 саліст, маст. кіраўнік канцэртнага аб’яднання «Масква». Прапагандыст і першы выканаўца песень А.Пахмутавай, А.Астроўскага, А.Фельцмана, Я.Фрэнкеля, Э.Калманоўскага, М.Тарывердыева і інш. 1-я прэміі на міжнар. фестывалях эстр. песні ў г. Сопат (Польшча, 1964) і «Залаты Арфей» (Балгарыя, 1968), Міжнар. конкурсу сав.эстр. песні (Будапешт, 1966). Дзярж. прэмія СССР 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСРАШВІ́ЛІ (Маквала Філімонаўна) (н. 13.3.1942, г. Кутаісі, Грузія),
грузінская і расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт. Расіі (1975), нар.арт. Грузіі (1980), нар.арт.СССР (1986). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966). З 1966 салістка Вял.т-ра. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Дэздэмона, Леанора, Амелія («Атэла», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Наташа Растова, Любка, Паліна («Вайна і мір», «Сямён Катко», «Гулец» С.Пракоф’ева), Тамар («Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі). У камерным рэпертуары рамансы С.Рахманінава, Чайкоўскага, М. дэ Фалья. 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (Манрэаль, 1973). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.
армянскі скульптар, графік і жывапісец. Нар.маст. Арменіі (1965). Нар.маст.СССР (1976). Вучыўся ў тбіліскай Школе жывапісу і скульптуры (1915—18) у Е.Татэвасяна і ў маск. Дзярж. вольных маст. майстэрнях (1918—19) у П.Канчалоўскага. З 1923 у Парыжы, з 1936 у Арменіі. Працаваў у манум. і станковай скульптуры. Творы вызначаюцца экспрэсіяй руху, часам стылізацыяй: абеліск «Арол» каля дарогі да Звартноца (1955), партрэт А.Тэр-Абрамяна (1957), помнік Давіду Сасунскаму (1959) і манумент Вардана Маміканяна (1975) у Ерэване і інш. Аўтар графічных ілюстрацый да нар. эпасу «Давід Сасунскі» (1939), жывапісных жанравых кампазіцый, партрэтаў, нацюрмортаў. Дзярж. прэмія Арменіі 1967.
Е.Качар. Помнік Давіду Сасунскаму ў Ерэване. 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КАРС ((Kokars) Імантс) (н. 16.8.1921, г. Гулбене, Латвія),
латышскі харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Латвіі (1975). Нар.арт.СССР (1986). Скончыў Латв. кансерваторыю (1956), выкладае ў ёй (з 1977 праф. і рэктар). У 1951—53 і 1957—63 хормайстар хору Латв. тэлебачання і радыё, з 1956 адначасова маст. кіраўнік і гал. дырыжор мужчынскага хору «Дзіедоніс», у 1966—80 — нар. хору настаўнікаў «Беверына» Цэсіскага р-на, з 1969 — і камернага хору «Аве сол». З 1965 адзін з гал. дырыжораў рэсп. пеўчых свят. 1-я прэміі на міжнар. конкурсах у Арэца і Гарыцыі (Італія, 1974 і 1977), Дэбрэцэне (Венгрыя, 1982), Спіталь-ан-дэр-Драу (Аўстрыя, 1983). Дзярж. прэмія Латвіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЧНІК (Veronica),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 дзікарослыя і 3 інтрадукаваныя віды. 3 дзікарослых найб. вядомыя К. даўгалісты (V. longifolia, нар. назвы турэчынка, падхлоп, шалфей баравы), дуброўны (V. chamaedrys, нар. назвы палейка, кандрацікі, трыдзевятка), лекавы (V. officinalis, нар. назвы сухотнік лесавы, парушэнец жаночы, раквіца, вароннік). Трапляюцца ў далінах рэк, па канавах, сярод хмызняку.
Адна-, двух- і шматгадовыя травы і паўкусты выш. 5—150 см. Сцябло голае або апушанае. Лісце супраціўнае, кальчаковае ці чаргаванае. Кветкі няправільныя, сінія, блакітныя, белыя, сабраныя ў гронкі, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЁВА (дзявочае Папрыц) Яўгенія Эдуардаўна
(9.1.1854, г. Брэст — 24.1.1919),
руская муз. фалькларыстка, спявачка (кантральта), харавы дырыжор. Вучылася ў Пецярбургскай кансерваторыі і ў Вене. Выступала на оперных сцэнах Еўропы, у 1882—83 у Вял. т-ры ў Маскве. У 1890—96 у эміграцыі, арганізоўвала рус. хары, прапагандавала нар. і класічную музыку. У 1897—1914 збірала і публікавала песні народаў Расіі; упершыню выкарыстала ў экспедыцыі фанограф. Выдала шэраг муз.-этнагр. зборнікаў. Метадалагічнае значэнне маюць даследаванні ў галіне нар. шматгалосся і выканальніцтва. Удзельнічала ў стварэнні Музычна-этнаграфічнай камісіі і першай у Расіі нар. кансерваторыі (1906) у Маскве, дзе выкладала да канца жыцця.
Літ.:
Канн-Новикова Е.И. Собирательница русских народных песен Евгения Линева. М., 1952.