І́ДЫШ,
адна з германскіх моў (зах.герм. падгрупа); мова значнай часткі яўрэяў, якія жывуць у Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне, ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі і інш. У Ізраілі І. актыўна выцясняецца іўрытам. Асн. дыялекты — польскі, літоўска-бел. і ўкр. (аснова літаратурнай мовы). Склалася ў 10—14 ст. на базе аднаго з верхненям. дыялектаў. Увабрала шмат стараж.-яўр. элементаў (арамейскіх і іўрыт), а пасля перасялення яўрэяў на У Еўропы і слав. элементы лексікі, фанетыкі, сінтаксісу, словаўтварэння. Літ. мова першапачаткова выкарыстоўвалася ў рэліг. мэтах, з сярэдзіны 19 ст. — у маст. л-ры (гл. Яўрэйская літаратура). Графіка — арфаграфічная сістэма на базе яўрэйскага пісьма ў асноўным паводле фанет. прынцыпу з абазначэннем галосных.
А.Я.Супрун.
т. 7, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЯЧЫ́НСКІ (Мацей) (канец 1520-х г. — 1-я пал. 1572),
бел. кнігавыдавец, перакладчык, рэфармацыйны дзеяч. У 1540-я г. вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, з канца 1550-х г. жыў на Беларусі. Нясвіжскі намеснік М.Радзівіла Чорнага. Засн. порт на р. Узда, паперню ў Нясвіжы. Удзельнічаў у кальвінісцкім, пазней у арыянскім руху на Беларусі, у Літве і Польшчы. У 1561—62 з С.Будным і Л.Крышкоўскім засн. Нясвіжскую друкарню, у якой у 1562 надрукаваны першыя на Беларусі выданні на бел. мове — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад богам» Буднага. Аўтар прадмоў да некат. нясвіжскіх выданняў. Пасля смерці К. маёмасць перайшла яго братам, друкарню купіў Я.Кішка.
Г.Я.Галенчанка.
т. 7, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ШЫЦ (Язэп) (1795, каля Пінска — 1868),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У 1811 паступіў у Віленскі ун-т, але пакінуў навучанне і ўступіў у 17-ы полк уланаў, які фарміраваўся ў Літве. Удзельнічаў у вайне 1812 на баку Напалеона. У 1830 абраны маршалкам шляхты. У 1831 узначаліў паўстанне ў Навагрудскім і Слонімскім пав. У сваім маёнтку стварыў паўстанцкі атрад. Паўстанцы мелі сутычкі з урадавымі войскамі каля в. Гарадзішча, Каменны Брод, Кошалева, Радзюкі, Навіны, нападалі на Дзятлава, захапілі мяст. Беліца; у Навагрудку раззброілі вайсковую каманду, адбілі астрог і вызвалілі арыштаваных. 24.7.1831 атрад злучыўся з корпусам Г.Дэмбінскага і перайшоў на тэр. Польшчы. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Францыю.
В.В.Швед.
т. 8, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЯ ТАРЫ́БА,
прадстаўнічы орган літ. народа і краёвай улады ў Літве ў 1917—20. Выбрана на літ. канферэнцыі (18—23.9.1917, Вільня) у складзе 20 чал. (старшыня А.Сметана); з 11.7.1918 наз. Літоўская дзяржаўная тарыба. Ставіла за мэту адраджэнне ў этнагр. межах самастойнай Літ. дзяржавы, скліканне ў Вільні Устаноўчага сейма. 11.12.1917 абвясціла Дэкларацыю аб аднаўленні незалежнай Літ. дзяржавы, 16.2.1918 — Дэкларацыю незалежнасці Літвы, 2.11.1918 прыняла часовую канстытуцыю Літвы. 27.11.1918 у склад Л.т. былі кааптаваны 6 прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады (ВБР) і ўтворана мін-ва бел. спраў, 4.4.1919 кааптавана 2 прадстаўнікі Бел. рады Гродзеншчыны. Пасля ўвядзення пасады прэзідэнта Літвы ў крас. 1919 Л.т. страціла свае заканад. функцыі. Фармальна праіснавала да склікання Устаноўчага сейма 15.5.1920.
Р.А.Лобаў.
т. 9, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЦЭ́ВІЧЫ,
удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, браты: Міхаіл Аляксандравіч (1.7.1840—18.6.1863) і Іван Аляксандравіч (Ян-Алаіз; 2.8.1841—18.6. 1863). З дробнай бел. шляхты Магілёўскай губ. Скончылі Полацкі кадэцкі корпус (1859, 1861). У чыне прапаршчыкаў накіраваны на службу ў артыл. брыгады ў Магілёў. Напярэдадні ўзбр. выступлення на Магілёўшчыне, прызначанага на 23.4.1863, уцяклі з часці, прыбылі на зборны пункт каля в. Чарнаручча і прынялі ўдзел у фарміраванні і дзеяннях Чарнаруцкага (Магілёўскага) атрада. Пасля разгрому атрада ўрадавымі войскамі 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н) трапілі ў палон. Паводле прысуду ваен. трыбунала «за парушэнне воінскай прысягі» публічна расстраляны ў Магілёве разам з І.Анцыпам і У.Корсакам.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РАШ (Якаў Навумавіч) (7.1.1917, г. Гродна — 25.9.1990),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1973), праф. (1974). Вучыўся ў Віленскім ун-це (1936—39), скончыў Львоўскі ун-т (1940). З 1946 у Гродзенскім ун-це. Даследаваў гісторыю каталіцкай царквы ў Беларусі і Літве. Распрацоўваў пытанні методыкі выкладання гісторыі ў сярэдняй і вышэйшай школе. Аўтар артыкулаў па гісторыі Гродна.
Тв.:
Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви. Мн., 1969;
Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795 гг.). Мн., 1971;
Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
Студенческий научно-исследовательский кружок. 2 изд. Мн., 1989.
І.А.Фёдараў.
т. 10, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Віленская дыяцэзія, Віленскае біскупства,
царкоўна-адм. адзінка рымска-каталіцкай царквы, найстарэйшая на тэр. Літвы і Беларусі. Цэнтр — г. Вільнюс (Вільня). Утворана паводле прывілея вял. кн. ВКЛ Ягайлы ад 17.2.1387, зацверджана папам рымскім у 1388. Падпарадкоўвалася спачатку папству, у 1418—1795 гнезненскаму арцыбіскупу. Ахоплівала амаль усе парафіі ў Літве і на Беларусі (акрамя парафій Брэсцкага ваяв., якія ўваходзілі ў Луцкую епархію). Першы біскуп — Андрэй. У 1700 1773 са складу епархіі вылучылася Магілёўская епархія. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 Віленская рымска-каталіцкая епархія скасавана і замест яе ўтворана Інфлянцкая каталіцкая епархія з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленская епархія адноўлена. У яе склад увайшлі Літ. і Курляндская губ. У канцы 1840-х г. епархія засталася толькі ў межах Віленскай і Гродзенскай губ. У канцы 1860-х г.—1883 у яе склад уваходзіла тэр. скасаванай Мінскай каталіцкай епархіі. У 1918 епархія падзелена польска-літ. граніцай, большая частка з г. Вільня адышла ў 1921 да Польшчы. Булай папы Пія XI ад 28.10.1925 атрымала статус архіепархіі (арцыбіскупства) Польскай рымска-каталіцкай царквы, у яе ўваходзілі тэр. Віленскага, палова Навагрудскага і частка Беластоцкага ваяв. Пасля 1939 тэр. Віленскай епархіі апынулася ў розных дзяржавах: асн. частка на тэр. БССР, меншая з Вільняй у Літве, з 1944 зах. частка зноў у Польшчы. Пасля 2-й сусв. вайны епархія намінальна засталася ў складзе Польскай каталіцкай царквы, з 1945 рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў Беластоку. У 1991 у сувязі з рэарганізацыяй каталіцкіх епархій у адпаведнасці з нац.-дзярж. граніцамі, Віленская рымска-каталіцкая епархія афіцыйна пераведзена ў юрысдыкцыю Літ. каталіцкай царквы, атрымала статус мітраполіі.
Літ.:
Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie... Wilno, 1912.
В.Л.Насевіч, А.М.Філатова.
т. 4, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЛІТО́ЎСКІЯ ДАГАВО́РЫ.
Мірны дагавор 1920 паміж РСФСР і Літвой, падпісаны 12 ліп. ў Маскве. Адзін з першых дагавораў Сав. Расіі, пачатак устанаўлення мірных адносін з прыбалт. краінамі. Дагавор зафіксаваў сав.-літ. граніцу, прадугледжваў урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў, устанаўленне дыпламат. і гандл. адносін. РСФСР прызнала незалежнасць Літвы, яе права на Вільню і Віленскую вобл. Краіны абавязаліся не дапускаць, каб на іх тэр. ствараліся і знаходзіліся арганізацыі і групы, накіраваныя супраць другога боку. Дагавор 1926 паміж СССР і Літ. рэспублікай аб узаемным ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 28 вер. ў Маскве. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж абедзвюма краінамі з’яўляецца дагавор ад 12.7.1920. Бакі абавязаліся паважаць суверэнітэт, тэр. цэласнасць і недатыкальнасць дзяржаў, устрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, не ўдзельнічаць у варожых адна адной кааліцыях, прытрымлівацца нейтралітэту ў выпадку нападу на адзін з бакоў. Дагавор 1939 аб перадачы Літ. рэспубліцы Вільні і Віленскай вобл. і ўзаемадапамозе паміж СССР і Літвой, падпісаны 10 кастр. ў Маскве. Звязаны з падпісаннем пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і зменай міжнар. адносін пасля пачатку 2-й сусв. вайны. Урад СССР перадаў Літве Вільню і Віленскую вобл. СССР і Літва дамовіліся аб сумеснай ахове літ. граніц, на тэр. Літвы ўведзены сав. войскі, што садзейнічала ўмацаванню паўн.-зах. граніц СССР, абумовіла змену дзярж. ладу ў Літве і ўключэнне яе ў склад СССР.
Публ.: Мирный договор между Россией и Литвой, 12 июля 1920 г. Вильнюс, 1990.
Літ.:
Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией, Литвой и Эстонией, авг. 1939 г. — авг. 1940 г. М., 1990;
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1.
т. 14, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРБЁНТА (Віталь Андрэевіч) (14.6.1895, в. Люкяй Марыямпальскага пав., Літва — 26.10.1980),
бел. гісторык і філосаф. Акад. АН Беларусі (1931), праф. (1930), д-р гіст. н. (1934). Скончыў гіст.-філал. (1920) і мед. (1922) ф-ты Харкаўскага ун-та, Ін-т чырв. прафесуры(1924). Удзельнік рэв. руху, рэдактар падп. і легальных выданняў у Літве, Маскве, Варонежы, Харкаве. З 1917 чл. Харкаўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1920 заг. аддзела друку Харкаўскага губкома КП(б)У, сакратар ЦБ Літоўскіх секцый пры ЦК КП(б)У; рэдактар літ. газ. «Darbininkn balsas» («Голас рабочага»), час. «Raudonóju Dirva» («Чырвоная ніва»), газ. «Красные резервы», «Красноармейская страница», «Коммунист» [орган ЦК КП(б)У]. Ў 1922—23 выкладаў у Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага (Масква). У 1924—25 заг. Віцебскай губсаўпартшколы. У 1924—34 дацэнт, потым праф. БДУ і Камуніст. ун-та. У 1925—27 нам. заг. аддзела друку ЦК КП(б)Б. У 1929—32 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У 1931—37 чл. Прэзідыума, у 1932—37 заг. сектара Ін-та гісторыі АН Беларусі. Абвінавачаны ў патуранні антыпартыйным групам у бел. гіст. навуцы, 22.5.1937 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. У 1956 рэабілітаваны. З 1957 заг. сектара, з 1967 ст. навук. супрацоўнік Ін-та філасофіі і права АН Беларусі. Працы па філасофіі і сац. думцы на Беларусі і Літве. Адзін з рэдактараў перакладу збораў твораў У.І.Леніна ў 12 т. на бел. мову (1925—33). Сааўтар кніг «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962), «Нарысы гісторыі марксісцка-ленінскай філасофіі ў Беларусі, 1919—1968» (1968).
В.А.Астрога.
т. 14, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ДО́МУ РАДЗІВІ́ЛАЎ»
(«Archiwum domu Radziwiłłów»),
зборнік гістарычных дакументаў, што захоўваліся ў канцы 19 ст. ў нясвіжскім архіве Радзівілаў. Выдадзены ў 1885 у Кракаве. Складаецца з 3 комплексаў перапіскі за 1571—1633 на лац. і польскай мовах: сямейная і прыватная карэспандэнцыя М.К.Радзівіла Сіроткі; перапіска канцлера ВКЛ, гетмана вял. кароннага Я.Замойскага і канцлера ВКЛ, гетмана вял. літ. Л.Сапегі з Радзівіламі. Зборнік асвятляе ўнутр. і знешнюю палітыку кіруючых колаў ВКЛ, дае звесткі пра Люблінскую унію 1569, Інфлянцкую вайну 1558—82, рокаш Зебжыдоўскага, Брэсцкую унію 1596, рэфармацыю на Беларусі і ў Літве, падрыхтоўку Статута ВКЛ 1588, паўстанне С.Налівайкі 1595—96. Змешчаны «Адманіторыум» (1603) — маральна-павучальнае і гасп.-дзелавое настаўленне спадкаемцам Радзівіла Сіроткі.
Г.Я.Галенчанка.
т. 1, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)