у рымскай міфалогіі царыца, заснавальніца Карфагена, дачка цара Тыра, жонка і сястра цара Сіхея. Брат Д., Пігмаліён, забіў Сіхея, каб захапіць яго багацце, але Д. ўцякла са скарбамі ў Афрыку. Мясцовы бербейскі цар Ярба падараваў ёй крыху зямлі — столькі, колькі зойме шкура вала. Хітрая Д. разрэзала шкуру на вузкія палоскі, абкружыла імі вял. ўчастак зямлі і заснавала горад-крэпасць Карфаген. Пазней пакахала Энея, закінутага навальніцай у Карфаген, і пасля яго ад’езду скончыла самагубствам. Да міфа аб Д. звярталіся скульптары і мастакі (А.Мантэнья, Л.Карачы, П.П.Рубенс), літаратары (Г.Сакс, Я.Б.Княжнін, бел. паэма «Энеіда навыварат»), кампазітары (Г.Пёрсел, А.Скарлаці, Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАВА́ЛАВА (Таіса Фёдараўна) (н. 10.1.1924, в. Легастаева Іскітымскага р-на Новасібірскай вобл., Расія),
бел. і расійская актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Новасібірскае тэатр. вучылішча (1949). Працавала ў т-рах Новасібірска, Кустаная, Брэсцкім абл.драм. (1951—56), у 1956—93 у валгаградскіх абл.драм. і юнага гледача. Творчасць актрысы адметная тонкім лірызмам, глыбокім псіхалагізмам у распрацоўцы характараў. У Брэсцкім абл.драм. т-ры выканала ролі: Наталлі («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Байбы («Вей, ветрык» Я.Райніса), Ніны («Маскарад» М.Лермантава), Кацярыны («Навальніца» А.Астроўскага), Лізы («Дваранскае гняздо» І.Тургенева), Ніны Зорынай («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Ніны Зарэчнай («Чайка» А.Чэхава), Веры («Апошнія» М.Горкага), Каці («Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЛЬ (Уладзімір Адамавіч) (14.12.1912, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 26.5.1980),
бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1962). Нар. архітэктар СССР (1970). Правадз.чл.АМСССР (1979). Скончыў Усерас.АМ у Ленінградзе (1941). У 1955—79 старшыня Дзярж.к-таБССР па справах буд-ва, адначасова з 1959 выкладаў у БПІ. Сярод работ у Мінску: праекты планіроўкі і забудовы праспекта Скарыны (б. Ленінскі праспект) і Кастрычніцкай пл. (б. Цэнтральная; у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), будынак Гал. тэлеграфа, Мінскі галоўны паштамт (абодва ў сааўт.), манумент Перамогі і інш. Адзін з аўтараў мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.
Тв.:
Архитектурный облик будущего Минска. Мн., 1953;
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАТКО́ВА (Ганна Васілеўна) (8.9.1911, в. Канаёўка Іванцееўскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 9.9.1993),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыла Саратаўскае тэатр. вучылішча (1935). Працавала ў т-рах Расіі. З 1945 у Магілёўскім, у 1949—90 у Брэсцкім абл.драм. т-рах. Вострахарактарная, камед. актрыса. Сярод роляў: Паліна, Арына Радзівонаўна («Трыбунал» і «Верачка» А.Макаёнка), Калеснікава («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Паўла, Шурка, Насця («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Кацярына і Купавіна («Навальніца» і «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава), Вара і Валя («Хлопец з нашага горада» і «Рускія людзі» К.Сіманава), Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́МАН (Kimōn; каля 504—449 да н.э.),
афінскі палкаводзец і паліт. дзеяч перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. Стратэг у 478—475 да н.э. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза. У 476—475 заняў крэпасць Эён (Фракія) і в-аў Скірас. Паліт. праціўнік Фемістокла і Перыкла, на чале алігархаў выступаў супраць дэмакратызацыі дзярж. ладу Афін. У 469 перамог персаў у М. Азіі, у 468 выцесніў персаў з п-ва Херсанес Фракійскі. У 466—465 задушыў паўстанне саюзнікаў супраць Афін на а-вах Наксас і Тасас. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Спарту. У 461 выгнаны з Афін, каля 456 вярнуўся, зноў удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць персаў. Загінуў у час марской экспедыцыі на Кіпр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМЕ́НКА (Матрона Іванаўна) (н. 23.3.1915, в. Краснаяр Стэрлітамакскага р-на, Башкортастан),
бел. актрыса, педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1936). Працавала ў т-рах Фрунзе, Ташкента, Валгаграда, Масквы, Вільнюса. У 1950—76 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. У 1978—93 выкладала ў Мінскім ін-це культуры. Выконвала драм. і характарныя ролі. Работам уласцівы натуральнасць, эмацыянальнасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі Сярод лепшых роляў: Надзея («Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна), Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Даша («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Надзея, Малання («Варвары», «Дзеці сонца» М.Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.Талстога), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФ (Korinthos),
горад у Грэцыі, на Пн в-ва Пелапанес. Адм. ц. нома Карынфія. Каля 30 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Карынфскім канале (вываз разынак, аліўкавага алею). Буйнейшы ў краіне нафтаперапр.з-д. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі.
У старажытнасці — горад-дзяржава (поліс). Засн., верагодна, у 9 ст. да н.э.дарыйцамі. У 8—7 ст. да н.э. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (вырабы з бронзы і керамікі), стварыў калоніі Сіракузы, Керкіра, Патыдэя і інш. У 7—6 ст. да н.э. дасягнуў найб. росквіту. У канцы 6 ст. да н.э. ўступіў у Пелапанескі саюз, удзельнічаў у грэка-персідскіх войнах 500—449 да н.э. Супярэчнасці паміж Афінамі і К. былі адной з прычын Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Вёў Карыкфскую вайну 395—387 да н.э. У 243 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. У 146 да н.э. захоплены і разбураны рымлянамі, у 46 да н.э. адбудаваны, з 27 да н.э.гал. горад рым. правінцыі Ахая. У 51 н.э. заснавана першая хрысц. абшчына. У 395 разбураны вестготамі, у 521 — моцным землетрасеннем. Пасля аднаўлення (522—523) — крэпасць. З 1205 пад уладай Візантыі, у 1455—1822 у складзе Асманскай імперыі. Сучасны К. адбудаваны за 6 км на ПдЗ ад старажытнага пасля моцнага землетрасення 1858. З 1896 вядуцца рэгулярныя археал. раскопкі. Захаваліся: храм Апалона (каля 550 да н.э.), рым. агара (15 н.э.), грэч. і рым. жыллёвыя кварталы, храмы, адэон, тэатр рым. часоў; ант. і сярэдневяковыя ўмацаванні на гары Акракарынф; руіны свяцілішча Пасейдона (5 ст. да н.э.), стадыёна пач. 4 ст. да н.э., рым. тэатра і тэрмаў; крэпасць Юстыніяна 6 ст., рэшткі ант. і сярэдневяковых абарончых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДО́ВАЕ ПАБО́ІШЧА 1242,
бітва паміж наўгародскім войскам і рыцарамі ням. Лівонскага ордэна на лёдзе Чудскога воз. 11 красавіка. Выкарыстаўшы аслабленне Русі з-за мангола-тат. нашэсця хана Батыя, ням. крыжакі, дацкія і шведскія феадалы ўзмацнілі націск на паўн.-зах. землі суседзяў. Шведы былі разгромлены ў вусці р. Нява (гл.Неўская бітва 1240); у гэтым жа годзе крыжакі захапілі Ізборск і Пскоў. На землях племя водзь (Водская пяціна) яны пабудавалі крэпасць Капор’е, адкуль рабілі набегі на Наўгародчыну. У 1241 наўгародскі кн.Аляксандр Неўскі, сабраўшы войска з наўгародцаў, ладажан, іжорцаў і карэлаў, выбіў лівонцаў з Капор’я і зруйнаваў крэпасць; потым штурмам узяў Пскоў, адкуль рушыў на землі ордэна. Крыжакі выступілі насустрач з раёна Дэрпцкага біскупства. Частка іх войска накіравалася да Ізборска, асн. сілы — да Пскоўскага возера. Даведаўшыся пра напрамкі руху рыцараў, Аляксандр Неўскі павярнуў сваё войска да Узмені (самае вузкае месца, дзе злучаюцца Чудское і Пскоўскае азёры) і размясціўся насупраць в. Варонін Камень. Умела выкарыстоўваючы мясцовасць і колькасную перавагу (наўгародскае войска налічвала 15—17 тыс.чал.) і ведаючы тактыку лівонцаў (наступленне «клінам» або т.зв. «свіннёй»), кн. Аляксандр Неўскі б.ч. сваіх сіл паставіў на флангах, княжацкую дружыну схаваў у засадзе. Рыцарскае войска (10—12 тыс.чал.), узмоцненае атрадамі эстаў (чудзі), на досвітку 11 крас. прарвала цэнтр абароны наўгародцаў, дзе стаялі пешае апалчэнне і перадавы полк. Потым крыжакі ўступілі ў схватку з добра ўзброенай пяхотай і конніцай, што размяшчаліся на флангах. Пазбаўленыя магчымасці манеўра, яны не змаглі развіць поспех. Удар засаднай княжацкай дружыны спрыяў канчатковаму акружэнню рыцараў і разгрому іх. Л.п. — адна з выдатных бітваў сярэдневякоўя, якая ў значнай меры прыпыніла экспансію крыжакоў на У (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 19.4.1926, в. Турбанава Брэйтаўскага р-на Яраслаўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе. Яго творчасці ўласцівы жыццесцвярджальнасць, экспрэсіўная жывапісна-пластычная мова, кампазіцыйная завершанасць. Асн. работы: «Этапы вялікага шляху» (1959), серыя «Брэсцкая крэпасць» (1961—70), «Хлеб» (1969), «Гродзенскія гусары каля Полацка» (1995) і інш. Аўтар пейзажных кампазіцый: «Сакавік» (1964), «На сплаве» (1973), «Стары млын у Манькавічах» (1981), «Народныя песні» (1982), «Зямля заслаўская» (1985), «Ф.Скарына» (1990), «З думкай аб родных нівах. М.Багдановіч» (1991), «Вечар у Жыровічах» (1993). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» (1971, Бел.дзярж. музей гісторыі Вял.Айч. Вайны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БААЛЬБЕ́К (стараж.Геліопаль),
горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры
Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст.тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.
Літ.:
Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.