ДРАБНАСО́ПАЧНІК,
арыдна-дэнудацыйны тып рэльефу, які ўяўляе сабой узгоркі і групы ўзгоркаў (50—100 м адноснай вышыні), падзеленыя плоскімі катлавінамі і далінамі. Складзены пераважна з карэнных парод, вяршыні часта завостраныя, катлавіны з азёрамі. Утвараецца ў выніку разбурэння горных краін з неаднародным складам парод ва ўмовах кантынентальнага клімату (напр., Казахскі драбнасопачнік, Мугаджары).
т. 6, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБА́ЛТЫКА,
назва тэрыторыі ва Усх. Еўропе, якая прымыкае з У да Балтыйскага мора. Уключае дзяржавы Эстонію, Латвію, Літву і Калінінградскую вобласць Рас. Федэрацыі. Агульная пл. 189,1 тыс. км². Нас. каля 8,4 млн. чал. (2001). З пач. 1990-х г. у друку ў дачыненні да краін П. часам ужываецца тэрмін «краіны Балтыі».
т. 13, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТ у паліграфіі,
адзінка даўжыні ў сістэме друкарскіх мер. У большасці еўрап. краін і СНД роўны 0,3759 мм (у ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краінах 0,3515 мм). Служыць для вымярэння кегля шрыфту, наборных лінеек, інш. друкавальных элементаў, а таксама памераў прагальнага матэрыялу. Уведзены ў Францыі ў 1737 як 1/72 франц. цалі.
т. 13, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РНАЛЬДСАН ((Arnoldson) Клас) (27.10.1844, г. Гётэбарг — 20.2.1916),
грамадскі дзеяч Швецыі, публіцыст. У 1881—87 дэпутат швед. парламента. Выступаў за нейтралітэт Швецыі і аб’яднанне сканд. краін. Адзін з заснавальнікаў Швед. саюза міру і арбітражу (1883). Удзельнічаў у вырашэнні нарв. канфлікту (1895—1905) як прыхільнік аддзялення Нарвегіі ад Швецыі. Нобелеўская прэмія міру (1908, разам з Ф.Баерам).
т. 1, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСТАМА́НТЭ КО́ДЭКС,
адна з найбольш значных кадыфікацый міжнар. прыватнага права. Прыняты 20.2.1928 у Гаване на 6-й Панамерыканскай канферэнцыі. Названы па прозвішчы складальніка — А.Бустамантэ-і-Сірвена. Уключае 437 артыкулаў, у якіх разглядаюцца пытанні міжнар. цывільнага, гандлёвага, крымінальнага права і міжнар. працэсу. Б.к. ратыфікаваны шэрагам амер. краін, у інш. выкарыстоўваецца судамі пры «мэтазгоднасці».
т. 3, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́Ў,
1) любая ўласнасць кампаніі: машыны, абсталяванне, будынкі, запасы, банкаўскія ўклады і інвестыцыі ў каштоўныя паперы, патэнты, а ў практыцы зах. краін і дзелавая рэпутацыя.
2) Частка бухгалтарскага балансу, якая адлюстроўвае матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці прадпрыемства паводле іх складу і размяшчэння.
3) Перавышэнне даходаў над расходамі ў некаторых відах балансаў (плацежных і інш.).
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЙРА́М»
(«Свята»),
штоквартальны гісторыка-этнаграфічны часопіс. Выходзіць у Мінску з 1991 на бел. мове. Выдаецца Бел. згуртаваннем татараў-мусульман «Аль-Кітаб». Друкуе матэрыялы па гісторыі татараў з часу іх пасялення на бел. землях у канцы 14 ст., пра жыццё татараў Паволжа і Крыма, мусульманскіх і цюркскіх краін свету, асновы мусульманскай веры і этыкі і інш.
т. 2, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ПАСЕ́ЛІШЧАЎ,
геаграфія населеных пунктаў, раздзел геаграфіі насельніцтва, які вывучае рассяленне насельніцтва па першасных адзінках (населеных пунктах) і па асобных тэр. сукупнасцях паселішчаў. Вывучае тыпалогію паселішчаў, геагр. асаблівасці іх развіцця, групавыя формы рассялення, разглядае сістэмна-структурныя сукупнасці паселішчаў асобных краін і раёнаў. У складзе геаграфіі паселішчаў вылучаюць геаграфію гарадоў і геаграфію сельскіх населеных пунктаў.
т. 5, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЭР,
баявы карабель тыпу эскадранага мінаносца (эсмінца), але з павялічанымі водазмяшчэннем і скорасцю, узмоцненым узбраеннем, які прызначаўся для вываду эсмінцаў у тарпедную атаку і прыкрыцця іх агнём у баі. Як тып карабля існаваў у канцы 1910 — пач. 1970-х г. у шэрагу краін, у т. л. ў ВМФ СССР, дзе адным з Л. быў «Мінск».
т. 9, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ФОНД РАЗВІЦЦЯ́ (European Development Fund; ЕФР),
спецыяльны фонд, засн. Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю ў 1959 для аказання фін. і тэхн. дапамогі краінам, якія звязаны з Супольнасцю Рымскім дагаворам 1957: канвенцыямі Яўндэ і Ламе 1975. Забяспечвае бяспошлінны імпарт прамысл. прадукцыі з краін, якія сталі на шлях развіцця, і фін. дапамогу ў рэалізацыі праграм развіцця.
т. 6, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)