драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду бяроза. Пашыраны на ўмеранай паласе Паўн. паўшар’я (пераважна ў лясной і лесастэпавай зонах, горна-лясных раёнах), асн. масівы ў Еўропе, Сібіры, на Д. Усходзе, у Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 фармацыі: бародаўчатабярозавыя лясы з бярозы бародаўчатай, або павіслай (Betuleta pendulae), і пушыстабярозавыя лясы з бярозы пушыстай, або белай (B. pubescentis); агульная плошча Б.л. больш за 1 млн.га, з іх бародаўчатабярозавых 726 тыс. (11,9%), пушыстабярозавых 276,4 тыс. (4,6%) га; складаюць 16,5% усіх лясоў рэспублікі (2-е месца пасля хваёвых лясоў; 1994).
Пушыстабярозавыя лясы належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраныя іх тыпы: асаковы, балотна-папарацевы, асакова-сфагнавы і асакова-травяны (характэрныя фітацэнозы лясных нізінных і пераходных балот, займаюць пераўвільготненыя экатопы з адносна багатай глебай і рознай ступенню абводненасці і праточнасці). Бародаўчатабярозавыя належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных карэнных хваёвых, яловых і дубовых лясоў або на с.-г.землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраныя іх тыпы: чарнічны, кіслічны, імшысты і арляковы (займаюць экатопы з мінер. глебамі рознай урадлівасці і ўвільгатнення, пераважна беднымі сухімі ападзоленымі пясчанымі і супясчанымі). Бярозавыя лясы — крыніца сыравіны для дрэваапрацоўчай, хім., паліўнай, харч. і інш. прам-сці, база для нарыхтоўкі грыбоў і ягад, месцажыхарства розных відаў жывёл і раслін; адыгрываюць значную ролю ў лесаўзнаўленні і азеляненні, ахоўным лесаразвядзенні, паляпшэнні структуры глебы і лясоў, павелічэнні іх урадлівасці і ўстойлівасці, маюць вял. рэкрэацыйнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАГО́Н (Aragón),
аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі, на мяжы з Францыяй. Пл. 47,7 тыс.км², нас. 1,2 млн.чал. (1991). Адм. ц. — г. Сарагоса. Буйныя гарады Уэска і Тэруэль. Уключае правінцыі Сарагоса, Тэруэль і Уэска. Займае Арагонскую раўніну ў бас.р. Эбра. Акаймавана Пірэнейскімі (пік Анета, 3404 м), Іберыйскімі, Кантабрыйскімі і Каталонскімі гарамі. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Сярэднія т-ры студз. 4—8 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў 350 мм за год. Эканоміка агр.-прамысловая. Земляробства пераважна арашальнае ў даліне р. Эбра. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, шафран, садавіну, агародніну, вінаград, міндаль, масліны, на паліўных землях — рыс, тытунь, траву альфа. Гадуюць авечак, козаў. Здабыча бурага вугалю, жал. руды. На горных рэках некалькі ГЭС, працуюць ЦЭС на бурым вугалі. Прамысловасць: чорная і каляровая металургія, маш.-буд. (трансп. і с.-г. машыны), металаапр., электратэхн., хім., цэментная, шкляная, папяровая, тэкст., харч., гарбарна-абутковая. Чыг. і аўтамаб. транспарт, нафта- і газаправоды, у Сарагосе міжнар. аэрапорт.
У 9 ст. ў ходзе Рэканкістызасн. графства Арагон. На пач. 11 ст.тэр. Арагоны далучана да каралеўства Навара, у 1035 самастойнае каралеўства, якое на аснове асабістай уніі аб’ядналася ў 1137 з Барселонскім графствам. У 1164 графы Барселоны сталі каралямі і ўключылі ў Арагон усе землі Каталоніі. У 13—15 ст. Арагон адваяваў у маўраў Балеарскія а-вы, Валенсію, Сіцылію, Сардзінію, Неапалітанскае каралеўства. У 1479 каралеўства Арагон з Кастыліяй аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву — Іспанію. У 1978 Арагон атрымаў аўтаномію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСЦЬ,
1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.
2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст.адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр.абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст.старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст.валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.
3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж.адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б.дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл.Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭНА́ЖНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для будавання і рамонту дрэнажу на асушальных і арашальных землях, тарфяных радовішчах. Выкарыстоўваюцца для пракладкі матэрыяльнага (дрэнаўкладчыкі), кротавага (кротадрэнажныя машыны, кратавальнікі) і шчыліннага (шчылінна-дрэнажныя машыны) дрэнажу. Бываюць траншэйныя, вузкатраншэйныя і бестраншэйныя; самаходныя, навясныя, прычапныя і паўпрычапныя; з актыўнымі (ланцуговыя многакаўшовыя, скрабалкавыя і ба́равыя, ротарныя многакаўшовыя і скрабалкавыя, фрэзерныя і шнэкавыя) і пасіўнымі (плужныя, нажавыя, кротавыя дрэнеры) рабочымі органамі.
Д.м. неперарыўнага дзеяння з актыўнымі рабочымі органамі выкарыстоўваюць для капання траншэй і ўкладкі дрэнажных труб, з пасіўным рабочым органам і аднакаўшовыя экскаватары — пры рабоце ў грунтах з валунамі. Плужным траншэекапальнікам наразаюць траншэі, потым іх дапрацоўваюць многакаўшовым экскаватарам і ўкладваюць трубы. Бестраншэйшыя Д.м. полым нажом (для прапускання дрэнажных труб) або V-падобным рэзальным інструментам ствараюць шчыліну, у якую прапускаюць дрэнажную трубу. Кротадрэнажныя машыны аснашчаны нажом з прымацаваным да яго дрэнерам. Ёсць машыны з актыўным дрэнерам, прыстасаваннем для ўтварэння дрэны выразаннем адпаведнага аб’ёму грунту. Шчылінна-дрэнажныя машыны з актыўным рабочым органам (дыскавай або вінтавой фрэзай, баравым ланцугом) і каткамі, якія закрываюць шчыліну, выкарыстоўваюць для работы на пністых тарфяніках. Машыны для фармавання труб са стужкі з адначасовай іх укладкай маюць трубафармавальны апарат, які фармуе трубы з вініпласту, поліпрапілену, поліэтылену і інш. матэрыялаў. Дрэнапрамыўныя машыны ачышчаюць дрэнажныя сістэмы (заглееныя трубы) патокам вады пад ціскам (да 100 ат). На Беларусі Д.м. выпускае Мазырскі завод меліярацыйных машын.
Літ.:
Гл. пры арт.Меліярацыйныя машыны.
А.Я.Вакар.
Дрэнажныя машыны: 1 — траншэйны дрэнаўкладчык ЭТЦ-406; 2 — бестраншэйны дрэнаўкладчык МД-12 (для зоны асушэння); 3 — дрэнапрамыўшчык ПДП-125.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ ГО́РАН,
печ для абпальвання ганчарных вырабаў, якая выкарыстоўваецца пры высокаразвітым ганчарстве. Абпальванне ажыццяўляецца гарачымі (700—900 °C) газамі, якія атрымліваюцца пры згаранні паліва. Працэс бывае акісляльны (найб. пашыраны) і ўзнаўляльны (пры недастатковым доступе кіслароду). У сучаснай вытв-сці выкарыстоўваюць горны верт. і гарыз. тыпаў (электрычныя, на мазутным або газавым паліве). Першыя ганчарныя горны вядомы з канца 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Былі адкрытага і закрытага тыпаў, 1-, 2-, 3-ярусныя. У Еўропе пашыраны з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э., на ўсходнеслав. землях — з 12—13 ст. На Беларусі выяўлены горны ў Мінску (16 ст.), Оршы (17 ст.), Міры (18 ст.). Іх муравалі з цэглы, камянёў, гліны, пераважна 1- і 2-ярусныя, круглыя (грушападобныя) ці чатырохвугольныя ў плане, з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. Ніжні (топачны) ярус заглыблялі ў зямлю, верхні па баках засыпалі грунтам і агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, жэрдкамі, метал. прутамі, дротам, каменнем і дзёрнам. Для агню рабілі яму, у якую выходзіла вусце топкі. Ярусы (камеры) падзяляліся гарыз. перакрыццем (скляпеннем) з адтулінамі (люхтамі) для праходу гарачых газаў. Звычайна ганчарныя горны былі разлічаны на адначасовую тэрмічную апрацоўку 300—350 (часам 800—1000) вырабаў, якая працягвалася 9—14 гадз.
В.М.Ляўко.
Беларускія ганчарныя горны (двух’ярусныя): 1 — круглы з адкрытым верхам; 2 — чатырохвугольны з закрытым верхам.Прамысловы ганчарны горан вертыкальнага тыпу: 1 — малая печ (топка); 2 — под; 3 — вялікая печ; 4 — загрузачная адтуліна; 5 — дымаходы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́НКА,
1) заглыбленая ў зямлю жылая пабудова, прамавугольная або круглая ў плане, з перакрыццем з жэрдак ці бярвён, засыпаных зямлёй. Адзін з самых старажытных і пашыраных відаў уцепленага жылля, вядомы з эпохі верхняга палеаліту.
Сцены З. рабілі з бярвён або плялі з галля і абмазвалі глінай. Унутры звычайна знаходзілася агнішча, уздоўж сцен — нары. У эпоху неаліту З. былі невялікіх памераў, у эпоху бронзы — вялікія з некалькімі памяшканнямі і агнішчам. У неаліце, жал. веку, раннім сярэдневякоўі (6—9 ст.) і ў эпоху Кіеўскай Русі на землях славян, у т. л. ў Беларусі, вядомы таксама паўзямлянкі — З. з драўляным зрубам, большая ч. якога ўзвышалася над зямлёй (гл.Жыллё). Як жылыя пабудовы З. і паўзямлянкі зберагліся ў комі, удмуртаў і інш. да 17—18 ст., у ітэльменаў і ніўхаў да 19 ст., у каракаў, кетаў, селькупаў да 20 ст., у паўночна-амер. індзейцаў (напр., навахаў) і эскімосаў да нашых дзён.
2) З. вайсковая — дрэваземляное збудаванне для размяшчэння асабовага складу войск і штабоў у палявых умовах. Будуюцца адна- або двухсхільнымі з перакрыццем з жэрдак (накату з бярвён), глінянай праслойкі і грунтавой абсыпкі, з выхаднымі тамбурамі ў тарцах. Маюць печ для абагрэву і абсталяванне для адпачынку. У Вял.Айч. вайну сав. войскі і партызаны выкарыстоўвалі З. з драўляным зрубам і перакрыццем з бярвён у 2—3 накаты. Карысталася З. і насельніцтва вёсак, спаленых акупантамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХу Заходняй Беларусі,
адна з форм нац.-вызв. барацьбы працоўных супраць акупац. рэжыму і нац. ўціску на анексіраваных бел.землях, якія адышлі да Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921. Найб. яго ўздым у 1921—25. Сац. склад партыз. атрадаў: сяляне, бежанцы-чырвонаармейцы, вясковая інтэлігенцыя, рамеснікі. Там, дзе партыз. рухам кіравалі камуністы (Палессе, Навагрудчына, Віленшчына), ён меў класавы, антыпамешчыцкі характар, быў больш арганізаваны. Кіраўнікі: К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, А.М.Рабцэвіч і інш. Асобныя партыз. кіраўнікі карысталіся крыптанімам атамана Мухі-Міхальскага. У раёне Белавежскай пушчы дзейнічала партыз. злучэнне Г.Шыманюка (паводле некат. звестак левы эсэр), якое выдавала газ. «Беларускі партызан»; на Гродзеншчыне атрады — Разумовіча. Агульнае кіраўніцтва гэтымі фарміраваннямі ажыццяўляў ЦКБеларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з Коўна. У 1922 праведзена 878, у 1923—503 партыз. аперацыі. У сувязі з ростам партыз. руху ў асобных паветах Зах. Беларусі польскімі ўладамі ў 1923—24 абвешчана асаднае становішча, уводзіліся надзвычайныя ваенна-палявыя суды. III канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прыняла рашэнне пра спыненне партыз. руху. У 1930-я г. ў Навагрудскім. і Палескім ваяв. адбыліся ўзбр. выступленні сялян, якія не набылі размаху. У сувязі з уступленнем Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939 П.р. месцамі праявіўся ў Гродзенскім, Драгічынскім, Пінскім пав.
Літ.:
Сорокин А.А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии (1920—1939 гг.). Мн., 1970;
Ладысеў У. Шлях да свабоды: З гісторыі рэв.-вызв. руху ў Заходняй Беларусі ў 1919—1939 гг.Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМО́ВА МЯЛЕ́ШКІ»,
помнік бел. літаратуры 1-й пал. 17 ст. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатыр. твораў аратарскай прозы. Створана ў форме прамовы на сейме, прыпісанай смаленскаму кашталяну І.Мялешку. Супастаўляючы сучаснае з мінулым, аўтар закранае надзённыя праблемы грамадскага жыцця Беларусі свайго часу, падае яркія малюнкі ўнутрыпаліт. становішча ў краіне. У творы дасціпна парадзіруюцца норавы і звычкі бел. шляхты, высмейваюцца яе баязлівасць і бяздзейнасць, нізкапаклонства перад усім замежным. Асабліва асуджаюцца пануючыя вярхі, крытыкуецца антынар. палітыка пануючага класа, грамадскія парадкі Рэчы Паспалітай. Твор глыбокапатрыят., лёгкі гумар спалучаецца ў ім з сатырай. Яго аўтар — прадстаўнік служылай бел. шляхты, чалавек свецкага светапогляду, назіральны і дасціпны, прыхільнік традыц. ўкладу жыцця і маральнай чысціні грамадства. «П.М.» — твор значнага грамадскага гучання, накіраваны супраць іншаземнага засілля на бел.землях, разбурэння нар. традыцый, нац. рэнегацтва. Напісана жывой бел. мовай, багатай нар. фразеалогіяй. Разам з «Лістом да Абуховіча» «П.М.» — яркая з’ява пераходнага перыяду развіцця бел. л-ры на шляху яе набліжэння да нар. вытокаў, дэмакратызацыі. Упершыню апублікавана Ю.Нямцэвічам ў 1822 у перакладзе на польск. мову.
Публ.: У кн.: Хрэстаматыя па старажытнабеларускай літаратуры. Мн., 1959.
Літ.:
Даўгяла З.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927;
Прашович Н. «Прамова Мялешкі» и «Ліст да Абуховіча» — новый этап в истории белорусской литературы // Тр.Отд. древнерусской литературы. 1969. Т. 24;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,
у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл.Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел.землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр.б. Югаславіі пасля 25.6.1991.
Літ.:
Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;
Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БА,
паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.
Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.
На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.