Існаваў у 1934—41 у Мінску (арх. Н.Макляцова). Сіметрычны са складанай канфігурацыяй плана секцыйны будынак заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтр. 6-павярховага, адсунутага ў глыбіню за чырвоную лінію забудовы, і 4-павярховых бакавых крылаў, якія ўтваралі курданёр. Па восі будынка на выш. 1—2-га паверхаў знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася верт. зашкленнем лесвічных клетак на вышыню будынка, рытмічнай групоўкай квадратных аконных праёмаў, балконаў. Дом складаўся з вуглавых і радавых секцый, створаных паводле індывід. праекта: на лесвічную пляцоўку выходзілі 2 кватэры, у якіх пакоі звязаны паміж сабой шырокім калідорам і мелі ўбудаванае абсталяванне. На 1-м паверсе размяшчаліся магазін, дзіцячы садок.
А.А.Воінаў.
Мінскі жылы дом спецыялістаў. Галоўны фасад. Чарцёж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Нарыца Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.Заснаваны, верагодна, у сярэдзіне 18 ст. на беразе невял. рэчкі. Парк рэгулярнага тыпу, пл. каля 2 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны палац (пазней драўляны, не захаваўся), пабудаваны на месцы стараж. замка, ад якога засталіся валы і равы. На У ад яго ў бок вадаёма, які аддзяляў палац ад асн. паркавага масіву, прамавугольная тэраса з кветнікавым партэрам і групамі ясеню звычайнага. Планіровачную аснову парку складае сістэма ўзаемна перпендыкулярных ліпавых алей, з багатым кветнікавым афармленнем, баскетамі і круглымі пляцоўкамі на перакрыжаванні алей. Папярочная вось кампазіцыі падкрэслена сістэмай вадаёмаў (раней было 9). Парк моцна пашкоджаны. Захаваліся часткі алей, пляцовак, тэрас і асн. вадаёмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
аптычныя прыстасаванні для атрымання, выяўлення, пераўтварэння і аналізу палярызаванага святла, а таксама для розных даследаванняў і вымярэнняў. Прынцып дзеяння П.п. заснаваны на змене стану палярызацыі святла, якое праз іх праходзіць або адбіваецца.
Асн. элементы П.п. — палярызатар, аналізатар, падвойнапераламляльныя пласцінкі, фазавыя і аптычныя кампенсатары. Адрозніваюць палярыметры (ценявыя і паўценявыя; выкарыстоўваюцца для вымярэння вуглоў вярчэння плоскасці палярызацыі, а таксама для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла), палярыскопы (для даследаванняў мех. напружанняў у матэрыялах; гл.Фотапругкасць, Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), палярызацыйныя мікраскопы (для вывучэння крышталяў), палярызацыйныя фатометры (для рэгулявання інтэнсіўнасці светлавога патоку). У спалучэнні са спектральнымі прыладамі П.п. выкарыстоўваюцца ў спектрапалярыметрыі для вывучэння ступені палярызацыі святла пры люмінесцэнцыі, паглынанні і адбіцці святла, а таксама аптычнай актыўнасці рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРААХАЛАДЖЭ́ННЕ,
ахаладжэнне рэчыва ніжэй за т-ру яго раўнаважнага фазавага пераходу ў інш. агрэгатны стан ці крышталічную мадыфікацыю, што не прыводзіць да фазавага пераходу. Пераахалоджанае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане.
Фазавыя пераходы 1-га роду (напр., кандэнсацыя, крышталізацыя) на пачатковай стадыі патрабуюць пэўнага П. э мэтай утварэння зародкаў новай фазы (кропель, крышталікаў). Утварэнне зародкаў пры т-ры фазавага пераходу ўскладняецца тым, што яны знаходзяцца ў стане раўнавагі з зыходнай фазай. Калі ўзнікненне і рост зародкаў значна абцяжараны (напр., крышталізацыя вязкай вадкасці), магчыма глыбокае П. і атрыманне практычна ўстойлівай фазы са структурай, характэрнай для больш высокіх т-р. На гэтым заснаваны, напр., загартоўка сталі і атрыманне шкла. Ад ступені П. вадзяной пары ў атмасферы залежыць характар атм. ападкаў (дождж, снег, град).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад полі... + кандэнсацыя),
метад сінтэзу палімераў, заснаваны на рэакцыі паміж сабой бі- або поліфункцыян. манамераў і (ці) алігамераў, якая звычайна суправаджаецца вылучэннем нізкамалекулярнага прадукту (вады, аміяку, спірту і інш.); адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў.
П. біфункцыян. манамераў наз. лінейнай, П. з удзелам манамераў, у якіх больш за 2 функцыян. групы, — трохвымернай; у выніку ўтвараюцца, адпаведна, лінейныя і сеткавыя палімеры. Разнавіднасць П. — поліцыклакандэнсацыя, пры якой адначасова з П. адбываецца ўнутрымалекулярная цыклізацыя лінейнага прадукту. П. ляжыць у аснове біясінтэзу бялкоў, нуклеінавых кіслот, цэлюлозы, крухмалу і інш. У прам-сці выкарыстоўваюць для атрымання поліэфіраў (напр., поліэтылентэрэфталату), сінт. смол (напр., фенола-фармальдэгідных смол), поліамідаў, полікарбанатаў, поліўрэтанаў і інш.
Літ.:
Соколов Л.Б. Основы синтеза полимеров методом поликонденсации. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я, лазерная зброя,
від зброі, заснаваны на выкарыстанні лазернага выпрамянення з мэтай паражэння людзей, узбраення і ваен. тэхнікі. Асн. характарыстыкі: імгненнае паражэнне цэлі, вялікая далёкасць паражэння (200—2 тыс.км), колькасць энергіі пры адным выстрале каля 200 МДж (эквівалентна 50 кг зараду трынітраталуолу). Асн. паражальныя фактары: цеплавое ўздзеянне, дынамічны ўдар, светлавое і эл.-магн. выпрамяненне. Найб. эфектыўная П.з. для паражэння паліўных бакаў міжкантынент. балістычных ракет, лятальных апаратаў і інш. Адрозніваюць непасрэднае паражэнне П.з. (за кошт награвання, плаўлення і выпарэння) і функцыян. (уздзеянне на асобныя сістэмы аб’ектаў). Асн. тыпы лазераў, якія могуць выкарыстоўвацца ў П.з.: хімічныя на фторыстым вадародзе і фторыстым дэйтэрыі, кіслародна-ёдзістыя на свабодных электронах, рэнтгенаўскія з напампоўкай ад ядз. выбуху і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫРКО́ВАЯ КА́МЕРА,
прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц высокіх энергій. Прынцып дзеяння заснаваны на закіпанні перагрэтай вадкасці ў наваколлі траекторыі часціцы. Выкарыстоўваецца для рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з ядрамі вадкасці або па прадуктах іх распаду на інш. часціцы. Вынайдзена амер. вучоным Д.Глезерам (1952).
Для вымярэння імпульсаў зараджаных часціц П.к. змяшчаюць у магн. поле. Пераграванне вадкасці ажыццяўляецца хуткім змяншэннем ціску ад пачатковага (раўнаважнага) значэння. Пры праходжанні зараджанай часціцы праз такую вадкасць уздоўж яе следу ўтвараюцца «зародкавыя» цэнтры кіпення.
Рабочая вадкасць П.к. — вадарод, у т. л. ў сумесі з неонам, прапан, фрэон, ксенон і інш.
Узаемадзеянне К−-мезона ў вадкавадароднай пузырковай камеры з пратонамі, у выніку якога нараджаюцца часціцы Σ+, K+, π+, π−, K0, якія распадаюцца на π+- і π−-мезоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЮВІ́ ДЭ ШАВА́Н ((Puvis de Chavannes) П’ер) (14.12.1824, г. Ліён, Францыя — 24.10.1898),
французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў А.Шэфера і Т.Куцюра. Зазнаў уплывы Ж.А.Энгра, Т.Шасерыо, італьян. Ранняга Адраджэння. Распрацаваў своеасаблівы варыянт сімвалізму, заснаваны на сінтэзе маст. прыёмаў Ранняга Адраджэння і класіцызму. Работам характэрны ўрачысты лінейны рытм, абагульненыя, умоўна трактаваныя фігуры, аб’яднаныя ў статычныя ўраўнаважаныя групы, тонка стылізаваныя пейзажныя фоны, што нагадваюць ідылічныя ўяўленні пра «залаты век» чалавецтва. Колеравая гама пабудавана на спалучэнні прыглушаных жамчужных тонаў. Сярод твораў: манум. пано «Мір», «Вайна», «Праца», «Адпачынак» (усе 1861—63), «Свяшчэнны гай» (1884), размалёўкі «Жыццё Святой Жэнеўевы» ў Пантэоне (1874—98), «Навукі і Мастацтвы» ў Сарбоне (1887—89) у Парыжы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
комплекс сродкаў для размнажэння і капіравання дакументаў, тэкставых і ілюстрацыйных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца таксама для друкавання малатыражных выданняў.
Размнажэнне дакументаў (арыгіналаў) ажыццяўляецца малафарматнымі апаратамі і прыладамі аператыўнай паліграфіі, якія забяспечваюць хуткую і тэхнічна нескладаную падрыхтоўку матэрыялаў да выдання. выраб друкарскіх форм і друкаванне тыражу. Заснаваны на выкарыстанні спосабаў плоскага афсетнага (ратапрынты), трафарэтнага (рататары) і гектаграфічнага (гектографы) друку, электраграфіі (у т. л.ксераграфіі з найб. пашыранымі апаратамі — ксераксамі, рызографамі), рэпраграфіі і інш. Каліраванне дакументаў робіцца непасрэдна з арыгінала і не патрабуе яго спец. падрыхтоўкі (за выключэннем святлокапіравання) і друкарскай формы. Паводле фіз. прынцыпаў капіравання адрозніваюць капіравальныя апараты: святло-, фота- і тэрмакапіравальныя, электраграфічныя, электроннага капіравання. мікрафотакапіравальныя (для праекцыйнага і кантактавага капіравання — дыязакапіраваннем, тэрмакапіраваннем і фотакапіраваннем). Гл. таксама Капіравальна-размнажальная тэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФАНІ́Я (ад полі... +грэч. phōnē гук),
1) від шматгалосся, заснаваны на сумесным гучанні кантрастных меладычна развітых галасоў. У шырокім сэнсе супадае з паняццем кантрапункта. У залежнасці ад мелодыка-інтанацыйных суадносін галасоў падзяляецца на 3 віды. Сутнасць імітацыйнай П. (гл.Імітацыя) у паслядоўным выкладанні адной і той жа мелодыі рознымі галасамі. Была пашырана ў еўрап.прафес. музыцы, спарадзіла шэраг поліфанічных форм, найвыш. з якіх — фуга. Падгалосачная П., у аснове якой ляжыць адначасовае спалучэнне варыянтаў адной і той жа мелодыі, уласціва нар.-песеннай культуры ўсх.-слав. народаў. На Беларусі мае спецыфічную форму спеваў з падводкай. Трэці від П.заснаваны на сумесным гучанні розных мелодый. Вядомы з сярэдніх вякоў (напр., у франц.матэце 12—14 ст. ў адным голасе гучаў царк. напеў, у той жа час у інш. — нар. песні). У музыцы 19—20 ст. сустракаецца эпізадычна пры сюжэтна ці сэнсава абумоўленым сумяшчэнні мелодый, якія раней выконваліся паасобку (лейтматываў у оперы, асн. тэм у кодзе сімф. твора і інш.). Побач з цалкам поліфанічнымі творамі (фуга, канон, інвенцыя, пасакалля, некат. нар. песні і інш.) ёсць і такія, дзе П. ўласціва асобнай частцы (напр., фінал 4-й сімфоніі І.Брамса і павольная ч. 8-й сімфоніі Дз.Шастаковіча з’яўляюцца пасакаллямі, 2-я ч. кантаты А.Багатырова «50 гадоў» — фугай) ці эпізоду (фугата ў распрацоўках многіх сімфоній і інш.). Поліфанічнымі прыёмамі (імітацыйнымі, падгалосачнымі) шырока карыстаюцца і ў творах, дзе пераважае гамафонны прынцып (гл.Гамафонія).
2) Навука; адзін з гал. раздзелаў тэорыі музыкі. Як навук. дысцыпліна ўваходзіць у сістэму муз. адукацыі.
Літ.:
Скребков С.С. Учебник полифонии. 3 изд. М., 1965;
Дмитриев А.Н. Полифония как фактор формообразования. Л., 1962;
Протопопов В.В. История долифонии в ее важнейших явлениях. [Т. 1—2]. М., 1962—65.