ТЭ́МПЫ ЭКАНАМІ́ЧНАГА РО́СТУ,

адносіны велічыні эканам. паказчыка за дадзены перыяд да велічыні яго папярэдняга аналагічнага перыяду, узятага за базу параўнання. Вымяраюцца ў працэнтах або ў адносных велічынях (каэф. росту). Абагульненую характарыстыку інтэнсіўнасці эканам. развіцця за некалькі гадоў даюць сярэднегадавыя Т.э.р., якія разлічваюцца як сярэдняя геаметрычная з гадавых тэмпаў. Паказчыкі Т.э.р. выкарыстоўваюць пры эканам. аналізе.

т. 16, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА паветра,

тэмпература паветра, якая перавышае біялагічны мінімум на працягу ўсяго перыяду вегетацыі якой-н. расліны або на працягу пэўнай фазы яе развіцця. Вызначае межы пашырэння кожнай расліннай культуры. Сумы актыўнай тэмпературы вышэй за 5, 10 і 15 °C звычайна выкарыстоўваюцца як агракліматычныя паказчыкі для вызначэння патрэб у цяпле большасці раслін і для ацэнкі тэрмічных рэсурсаў тэрыторыі. Перыяд з т-рамі вышэй за 10 °C забяспечвае актыўную вегетацыю большасці с.-г. культур умеранага пояса. На тэр. Беларусі сума т-р паветра вышэй за 10 °C паступова памяншаецца (у °C) з Пд і ПдЗ на ПнУ прыкладна ад 2600 да 2100, вышэй за 5 °C — ад 2900 на ПдЗ да 2400 на крайнім ПнУ, за 15 °C — прыкладна ад 1900 на ПдЗ да 1350 на ПнУ.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РА,

газападобны стан рэчыва пры т-ры і ціску, ніжэйшых за крытычныя (гл. Крытычны стан). Працэс пераходу кандэнсаванага рэчыва ў П. наз. параўтварэннем.

Паняцці П. і газ амаль эквівалентныя; звычайна да газаў (выключэнне вадзяная П.) адносяць рэчывы пры т-ры, вышэйшай за крытычную тэмпературу. Адрозніваюць П. насычаную, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі з тым жа рэчывам у кандэнсаваным (вадкім або цвёрдым) стане, ненасычаную (перагрэтую), т-ра якой вышэйшая за т-ру насычанай П. пры дадзеным ціску, і перанасычаную, шчыльнасць (ціск) якой вышэйшая за шчыльнасць (ціск) насычанай П. пры такой жа т-ры. Пры нізкім ціску (у разрэджаным стане) і т-ры, значна вышэйшай за т-ру кандэнсацыі, уласцівасці П. блізкія да ўласцівасцей ідэальнага газу. У тэхніцы шырока выкарыстоўваюць вадзяную П. як рабочае цела паравых турбін і машын.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́МІЯ (ад лац. praemium узнагарода),

1) грашовае ці інш. матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі ў якой-н. галіне дзейнасці.

2) Грашовая сума, што выдаецца некат. ўрадамі як заахвочванне за вываз пэўных тавараў.

3) Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.

4) Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАГІЕ́ТЫ (ад іза... + грэч. hyetos дождж),

ізалініі колькасці ападкаў за адзінку часу або сярэдніх шматгадовых сум ападкаў за месяц або год.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ВІТ (Davitt) Майкл (25.3.1846, Стрэйд, каля г. Белфаст, Вялікабрытанія — 31.5.1906),

дзеяч ірландскага нац.-вызв. руху. З 1865 удзельнік руху феніяў, у 1870—77 зняволены. Адмовіўшыся ад тэрарыст. тактыкі феніяў, выступаў за спалучэнне масавага руху за аграрныя пераўтварэнні з парламенцкай барацьбой за нац. вызваленне. У 1879 разам з Ч.​С.​Парнелам заснаваў Зямельную лігу. У 1890 парваў з лідэрамі руху за Гомруль. З 1895 чл. парламента, у 1899 у знак пратэсту супраць англабурскай вайны 1899—1902 склаў з сябе парламенцкія паўнамоцтвы. Удзельнік к-та рабочага прадстаўніцтва (засн. ў 1900, з 1906 Лейбарысцкая партыя).

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЦЕ́ЛІЦА, завіруха, завея,

перанос снегу ветрам у прыземным слоі паветра. Адрозніваюць замець (перанос снегу, што раней выпаў, на выш. не больш за 2 м ад паверхні зямлі), нізавую М. (больш за 2 м), агульную М. (выпадзенне снегу пры моцным, больш за 10 м/с, ветры). Агульная і нізавая М. выклікаюць значнае пагаршэнне бачнасці, зрэдку да 100 м і менш. На Беларусі ўзнікненне М. звязана пераважна з праходжаннем цыклонаў. Колькасць сутак з М. за год 14—28, у асобныя зімы ўдвая больш, сярэдняя працягласць адной М. 5—7 гадз, часам да 2—3 сутак.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́СТАЛА (ад грэч. systolē сцісканне, скарачэнне),

рытмічнае сцісканне (звужэнне) поласцей сэрца, якое выклікаецца скарачэннем мышцаў перадсэрдзяў ці жалудачкаў. Адначасова памяншаецца аб’ём крыві, што ў іх знаходзіцца. Пры С. перадсэрдзяў кроў паступае з іх у жалудачкі, пры С. жалудачкаў нагнятаецца ў артэрыяльную сістэму. У чалавека пры рытме 75 скарачэнняў за 1 мін С. перадсэрдзяў доўжыцца 0,1 с, жалудачкаў — 0,3 с, за адну С. сэрца выкідвае ў крывацёк 60—70 мл крыві (сісталічны, ці ўдарны, аб’ём), за суткі — 7,2 тыс. л (больш за 100 тыс. скарачэнняў). Па дзеянні С. процілеглая дыястале. Паслядоўныя С. і дыястала складаюць сардэчны цыкл.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́БАРНІЦТВА,

атрыманне службовай асобай матэрыяльных каштоўнасцей ці матэрыяльных даброт за ажыццяўленне (або неажыццяўленне) у інтарэсах хабарадавальніка дзеянняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю службовай асобы. КК Рэспублікі Беларусь устанаўлівае адказнасць за атрыманне і дачу хабару і за пасрэдніцтва ў Х. Меры пакарання за Х.: арышт, абмежаванне свабоды на пэўныя тэрміны або пазбаўленне волі да 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю (для хабарніка); штраф, папраўчыя работы, арышт або абмежаванне свабоды на пэўны тэрмін ці пазбаўленне волі да 3 гадоў (для хабарадавальніка). Абцяжваючымі акалічнасцямі для адказнасці хабарніка з’яўляюцца паўторнасць яго дзеянняў, вымаганне хабару, буйны памер хабару, ранейшая судзімасць за Х., адказнае становішча хабарніка і інш. (пазбаўленне волі можа быць павялічана да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці). Паўторнасць дачы хабару, ранейшая судзімасць за Х. узмацняюць адказнасць і хабарадавальніка (пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці). Пасрэдніцтва ў Х. караецца штрафам, арыштам. абмежаваннем свабоды, а пры абцяжваючых акалічнасцях — пазбаўленнем волі ад 3 да 7 гадоў.

Э.​Л.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́СНЫ,

асоба пры двары вял. князя ВКЛ, якая наглядала за сталовай бялізнай, у прыватнасці за абрусамі. З 16 ст. абрусны — ганаровае званне.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)