БУЙНА́Я РАГА́ТАЯ ЖЫВЁЛА,

парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Належыць да жвачных (ператраўляе корм, багаты клятчаткай, — сена, салому, зялёны корм, караняплоды і інш.). Уключае свойскія формы (быкі і каровы), якія належаць да роду сапраўдных быкоў, а таксама якаў, гаялаў, бізонаў, зуброў. Свойская буйная рагатая жывёла (паходзіць ад тура, прыручанага каля 8 тыс. г. назад) дае малако і мяса, сыравіну для лёгкай прам-сці, угнаенні для сельскай гаспадаркі. Асаблівасці экстэр’еру буйнай рагатай жывёлы звязаны з кірункам прадукцыйнасці (малочным або мясным), кліматычнымі зонамі і тэхналогіяй гадоўлі. На Беларусі асн. планавая парода — чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя). Гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, сіментальскую, швіцкую, кастрамскую, галандскую, з мясных — шаралезскую, лімузінскую, мен-анжу і герафордскую.

Каровы жывуць каля 20 гадоў, рэдка 35, быкі 15—20 гадоў. Палавая спеласць у цялушак настае ў 9—10, у быкоў у 9—11 месяцаў. Першы ацёл ва ўзросце 26—30 месяцаў. Працягласць цельнасці 280—290 сутак. Тэрмін гасп. выкарыстання малочных кароў 5—10, племянных жывёл для ўзнаўлення статка 8—10 гадоў. Маладняк на мяса забіваюць пасля адкорму або нагулу ў 16—20 месяцаў. Гл. таксама Буйной рагатай жывёлы гадоўля.

Пароды буйной рагатай жывёлы: 1 — карова чорна-пярэстая; 2 — карова шаралезская.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),

сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУНІ́ЦЫЯ (польск. amunicja ад лац. munitio прымацаванне, рыштунак),

устарэлая назва прадметаў (рамяні, сумкі, чахлы і інш.), якія аблягчаюць вайскоўцам нашэнне зброі, боепрыпасаў, асабістых рэчаў і харчавання. Ва ўзбр. Сілах Рэспублікі Беларусь наз. рыштунак ваенны. Конская амуніцыя — рэчы для запрагання, сядлоўкі і наўючання жывёлы.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСКАВІ́НКІ,

1)у раслін — плоскія нарасці покрыўнай тканкі (эпідэрмісу) або недаразвітае лісце, напр., у далмацкага рамонку, мяты. Выконваюць ахоўныя функцыі.

2) У насякомых — мікраскапічныя хіцінавыя пласцінкі на целе, якія абумоўліваюць афарбоўку жывёлы (за кошт аптычных якасцей). Ёсць у матылёў, камароў і інш.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЧЫ КО́МПЛЕКС,

буйное спецыялізаванае прадпрыемства індустр. тыпу па вытв-сці прадуктаў жывёлагадоўлі на базе прамысл. тэхналогіі. Ствараецца для вытв-сці канчатковага або прамежкавага прадукту (напр., для атрымання маладняку, яго вырошчвання і адкорму ці толькі для адкорму або вырошчвання маладняку). Будуюць Ж.к. па адзіных тыпавых праектах. У эканамічна развітых краінах з 1950-х г. ствараюць буйныя Ж.к. з паточнай вытв-сцю жывёлагадоўчай прадукцыі. У ЗША Ж.к. найб. інтэнсіўна спецыялізуюцца па вытв-сці ялавічыны. На Беларусі Ж.к. пачалі актыўна будаваць у пач. 1970-х г. На пач. 1997 тут працавала больш за 150 Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы, з іх 114 разлічаны на 3—10 тыс. галоў кожны, 116 свінагадоўчых Ж.к., у т. л. 53 на 12 тыс. і 35 на 24 тыс. галоў кожны; астатнія разлічаны на вырошчванне і адкорм 27, 40, 54 і 108 тыс. галоў. Найбуйнейшыя Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлыс.-г. сумеснае калектыўнае прадпрыемства «Астрамечава» Брэсцкага р-на (7446 галоў), па вырошчванні і адкорме свіней — саўгас-камбінат «Барысаўскі» Барысаўскага р-на (78 477 галоў). Ж.к. эканамічна выгадныя пры дастатковым забеспячэнні іх кармамі, механізацыі ўсіх вытв. працэсаў, наяўнасці кваліфікаваных кадраў. Ва ўмовах жа Беларусі нават у сярэднім па памерах Ж.к. часта не хапае кармоў са сваіх гаспадарак. У сувязі са спыненнем пастаўкі фуражнага зерня з рэспублік б. СССР становішча на Ж.к. ускладнілася, пагалоўе жывёлы пачало скарачацца. На 1.1.1997 Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы запоўнены на 45% месцаў, па вырошчванні і адкорме свіней — на 70%. Больш эфектыўна Ж.к. дзейнічаюць у Брэсцкай, Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, дзе лепшая забяспечанасць іх кармамі і прац. рэсурсамі. У буйных і звышбуйных Ж.к. існуе праблема утылізацыі гноевай жыжкі, бо адбываецца забруджванне мясц. рэк і прылеглых тэрыторый.

Н.​І.​Жураўская.

т. 6, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЮ́Р (ад франц. velours аксаміт),

тканіна, скура і інш. матэрыялы з мяккім ворсавым аксамітным добрым бокам: велюр-драп, велюр-аксаміт і інш. Вырабляюць з воўны (велюр-драп), са скуры свіней ці рагатай жывёлы хромавым дубленнем (хромавая замша). Выкарыстоўваюць на верхняе адзенне, галаўныя ўборы, абутак.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХНО́ЗЫ [ад грэч. arachnē павук + ...оз(ы)],

хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца ядавітымі і паразітычнымі павукападобнымі (пераважна кляшчамі). З ядавітых павукоў асабліва небяспечныя тарантул, каракурт; сярод арахнозаў, якія выклікаюцца кляшчамі (акарозаў), шырока вядомы кароста, многія дэрматозы. Асабліва цяжка хварэюць маладыя і знясіленыя жывёлы.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАІ́НАВА (Зінаіда Сяргееўна) (15.10.1914, с. Двурэчкі Ліпецкай вобл., Расія — 14.2.1969),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1966), праф. (1967). Скончыла Новачаркаскі зоавет. ін-т (1938). З 1956 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па страўнікава-кішачных хваробах буйн. раг. жывёлы.

т. 5, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́НДСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Малочнага кірунку. Выведзена ў Нідэрландах у выніку працяглага паляпшэння мясц. жывёлы шляхам інбрыдзінгу і селекцыйнага адбору. Атрымала сусв. прызнанне за высокія паказчыкі малочнай і мясной прадукцыйнасці, прыстасаванасці да розных прыродна-клімат. і тэхнал. умоў. Гадуюць у многіх краінах Еўропы, дзе створаны роднасныя ёй пароды (найлепшая — галштына-фрызская жывёла ў ЗША; сярэднегадавы надой да 10 т малака). На Беларусі быкоў-вытворнікаў галандскай пароды выкарыстоўваюць у скрыжаваннях для паляпшэння гасп. якасцей і экстэр’еру чорна-пярэстай пароды.

Жывёла з моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным тулавам, добра развітой мускулатурай і вымем. Масць чорна-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 33—45 кг, дарослых кароў 550—600 і быкоў 800—1000 кг. Надой кароў за лактацыю складае 5700—6000 кг малака (4—4,2% тлушчу).

Карова галандскай пароды.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РЭЛ ((Durrell) Джэралд Малкам) (7.11.1925, г. Джамшэдпур, Індыя — 30.1.1995),

англійскі натураліст, пісьменнік. У 1928 сям’я пераехала ў Англію, у 1935 — на в-аў Корфу (Грэцыя), з 1939 зноў у Англіі. У 1947 арганізаваў і ўзначаліў сваю першую экспедыцыю па збіранні калекцыі рэдкіх жывёл у Афрыку, пазней — у Паўд. Амерыку, Паўд.-Усх. Азію, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. На в-ве Джэрсі (Англія) заснаваў і ўзначаліў заапарк (1958) і фонд па захаванні дзікіх жывёл (1964). Вядомасць прынесла першая кн. «Перапоўнены каўчэг» (1953). Аўтар больш як 20 кніг: «Мая сям’я і іншыя жывёлы» (1956), «Сустрэчы з жывёламі» (1959), «Заапарк у маім багажы» (1960), «Птушкі, жывёлы і родзічы» (1969), «Зялёны рай» (1978) і інш., якія вызначаюцца шчырай любоўю да прыроды, бездакорным стылем, тонкім гумарам і вобразнай мовай.

Н.​М.​Саркісава.

т. 6, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)