помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1866. Прамавугольная ў плане мураваная 3-нефавая 8-слуповая базіліка з паўавальнай 3-яруснай апсідай, вырашанай у 2-м і 3-м ярусах як ратонда і завершанай купалам. Гал. фасад вылучаны яруснай вежай-званіцай (у ніжнім ярусе — тамбур з 2 памяшканнямі абапал яго і хоры). Сцены дэкарыраваны пілястрамі, шырокімі прафіляванымі антаблементамі. Аконныя праёмы арачныя і круглыя. Парталы гал. і бакавых уваходаў падкрэслены плоскімі несапраўднымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Другі ярус ратонды аздоблены нішамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),
адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж.рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб.стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭ́ТНЫ ЧАС,
зменены паясны час на 1 гадз уперад з мэтай больш рацыянальнага выкарыстання светлай часткі сутак. У СССР уведзены ў 1930. Д.ч. другога гадзіннага пояса лічыцца маскоўскім, апераджае сусветны час на 3 гадз. Парадак падліку Д.ч.: паясны час плюс 1 гадз. (пастаянна на працягу года) з дадатковым пераводам гадзіннай стрэлкі на 1 гадз уперад у летні час. Перавод адбываецца ўначы з апошняй суботы на нядзелю ў сакавіку і адпаведна на 1 гадз назад у кастрычніку. Тэр. Беларусі ўваходзіць у другі гадзінны пояс. За аснову Д.ч. ўзяты паясны, таму маскоўскі час апераджае беларускі на 1 гадз. Парадак пераводу гадзіннай стрэлкі ў летні час застаўся той самы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНАКАЛЕ́Я (Gymnocolea),
род пячоначных імхоў сям. лафозіевых. Вядомы 2 віды. Адзін з іх пашыраны пераважна ў паўн. раёнах Паўн. паўшар’я, другі — ў Паўд. паўшар’і. На Беларусі 1 від — гімнакалея ўздутая (G. inflata), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Расце на алігатрофных балотах, па берагах азёр. Трапляецца толькі ў Мядзельскім р-не.
Двухдомная невялікая гіграфільная расліна. Дзярнінкі шырокія, ад светла-зялёных да чырванаватых або цёмна-бурых. Парасткі даўж. да 2,5 см, часта з падверхавінкавымі галінкамі. Лісце коса прымацаванае, да 1/4—1/3 двухлопасцевае. Перыянцый (абгортка архегоніяў) ад амаль шарападобнага да адваротнаяйцападобнага або грушападобнага. Каробачка на ножцы, цыліндрычная, раскрываецца ўздоўж створкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЎЛЯ́НСКІЯ СКА́РБЫ.
Знойдзены ў 1965 два скарбы (кожны ў гліняным гаршку) на паселішчы каля в. Гараўляны Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Схаваны ў сярэдзіне 11 ст. Адзін скарб складаўся з фрагментаў сярэбраных ювелірных вырабаў (кавалкі дроту, загатоўкі для пласціністага бранзалета, спражка), шыфернага прасліца, 220 дырхемаў Арабскага халіфата, 185 дэнарыяў Англіі, Германіі, Францыі, Чэхіі. У другім былі цэлыя і фрагментаваныя сярэбраныя ювелірныя вырабы (бранзалеты, пярсцёнак, загатоўкі ўпрыгожанняў), шкляныя залачоныя пацеркі, 15 манет-перайманняў куфіцкіх дырхемаў у выглядзе брактэатаў з вушкамі для падвешвання, 134 пераважна фрагментаваныя дырхемы Арабскага халіфата, дэнарый Чэхіі. Скарбы, магчыма, былі сыравіннымі запасамі ювеліраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСФАХА́Н,
горад у цэнтр.ч. Ірана, на р. Заендэруд. Адм. ц. астана (адм. адзінкі) Ісфахан. Вядомы з ант. часоў. 1,9 млн.ж. (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі (пасля Тэгерана) гандл.-прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст. (пераважна шарсцяная), харчасмакавая (у асноўным цукр., тытунёвая), гарбарна-абутковая, цэм., шкляная, нафтаперапр., хімічная. Старадаўні цэнтр дыванаткацтва і сярэдневяковай маст. мініяцюры. Ун-т. Тэатры, музеі (у т. л. гісторыка-краязнаўчы). Шматлікія арх. помнікі 8—18 ст., у тым ліку уключаныя ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай спадчыны: Саборная мячэць (9 ст.), мінарэты і маўзалеі (12—16 ст.), плошча Мейдане-Шах з навакольнымі будынкамі (16—17 ст.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНСКІЯ ВАЛУНЫ́,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 100 м на ПнУ ад в. Каменка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 2 вялізныя ледавіковыя валуны пегматытавага граніту. Найбольшы камень даўж. 7 м, шыр. 3,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 17,5 м, аб’ём 24 м³, маса каля 64 т. Другі (паўд.) валун даўж. 5,3 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,4 м, у абводзе 14,1 м, аб’ём 23,5 м³, маса 62,5 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі як адзіны блок пароды, які пры раставанні лёду раскалоўся на 2 часткі. У стараж. часы — язычніцкае капішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЭНЦА СІ́ЛА,
сіла, што дзейнічае на рухомую зараджаную часціцу ў эл.магн. полі; адно з важнейшых паняццяў электрадынамікі. Матэматычна вызначана Х.А.Лорэнцам у выніку абагульнення эксперым. даных.
Вызначаецца формулай:
, дзе q — зарад часціцы, — напружанасць эл. поля, — магн. індукцыя, — скорасць часціцы адносна сістэмы каардынат, дзе вызначаны велічыні , і . Першы член у правай частцы формулы абумоўлены эл. полем, другі — магн. полем. Магн. частка Л.с. падобная на Карыяліса сілу ў механіцы: дзейнічае на рухомы зарад перпендыкулярна яго скорасці — захоўвае пастаяннай энергію зараду і змяняе толькі напрамак яго імпульсу. Гл. таксама Гальванамагнітныя з’явы, Тэрмамагнітныя з’явы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБАЧА́НСКІЯ ВАЛУНЫ́,
помнік прыроды рэсп. значэння у Беларусі (з 1988), за 5 км на ПдЗ ад в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл. 3 валуны шаравата-ружовага парфірападобнага граніту. Найбуйнейшы камень даўж. 4 м, шыр. 2,6 м, выш. над паверхняй зямлі 1,8 м, у абводзе 12 м. Другі валун ляжыць за 30 м на Пн (даўж. 2,3 м, шыр. 2,3 м, выш. над паверхняй зямлі 0,7 м). Трэці камень знаходзіцца за 1 км на ПдЗ ад вёскі, формаю нагадвае вял. прас (даўж. 3,3 м, шыр. 1,4 м, выш. 1,6 м). Глыбачанскія валуны прынесены ледавіком каля 18 — 20 тыс. гадоў назад з раёна г. Выбарг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖА́БКА»,
бел.нар. танец. Муз. памер 2/4. Бытаваў пераважна на Бел. Палессі і Віцебшчыне. Выконваўся мужчынамі. Асн. змест танца — жартоўнае перайманне рухаў і скокаў жаб, часта з выкарыстаннем трукавых рухаў. «Ж.» выконвалася найчасцей сола, адным ці двума мужчынамі: абапіраючыся на падлогу рукамі, сагнутымі ў локцях, і пальцамі выцягнутых ног, адзін з іх падскокамі рухаўся па падлозе, другі, расставіўшы ногі, скакаў над ім. Сярод шматлікіх рухаў «Ж.» — скокі на руках з выцягнутымі ўперад нагамі, скокі адзін цераз аднаго ў гарыз. становішчы, кулянне праз галаву і інш. Часам танец выконвалі жанчыны, зрэдку з прыпеўкамі ці імітацыяй квакання жаб.