КАЛЬБЕ́Р ((Colbert) Жан Батыст) (29.8.1619, г. Рэймс, Францыя — 6.9.1683),

французскі дзярж. дзеяч. Прадстаўнік меркантылізму (у Францыі атрымаў назву кальбертызм). З 1651 інтэндант кардынала Дж.​Мазарыні, з 1661 дарадчык караля Людовіка XIV, з 1665 ген. кантралёр фінансаў, з 1669 марскі міністр. Амаль цалкам сканцэнтраваў у сваіх руках кіраўніцтва ўнутр. палітыкай Францыі. Прыхільнік абс. улады, імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. кіравання, ліквідаваў прывілеі правінцый і гарадоў, падпарадкаваў іх адзінаму заканадаўству. Дамагаўся павелічэння дзярж. даходаў шляхам стварэння мануфактур, заахвочвання прам-сці, павелічэння вывазу прамысл. тавараў і ўвозу сыравіны. Ініцыятар стварэння манапольных знешнегандл. кампаній (Вест-Індскай, Ост-Індскай і інш.). Спрыяў пракладцы і паляпшэнню дарог, каналаў, павелічэнню ваен. флоту (з 18 да 276 суднаў; 1683). Заснаваў некалькі акадэмій, у т. л. Акадэмію навук (1666), Каралеўскія акадэміі музыкі (1669), архітэктуры (1671). З 1667 чл. Франц. акадэміі.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЎКАЎ (Тодар Хрыстаў) (н. 7.9.1911, с. Правец Сафійскай акр., Балгарыя),

палітычны і дзярж. дзеяч Балгарыі. Герой Сац. Працы Нар. Рэспублікі Балгарыі (1961), двойчы Герой НРБ (1971, 1981), Герой Сав. Саюза (1977). З 1932 чл. Балгарскай камуніст. партыі (БКП). Адзін з кіраўнікоў Вераснёўскага народнага ўзброенага паўстання 1944 у Балгарыі. З 1945 канд., з 1948 чл. ЦК БКП. У 1948—49 1-ы сакратар Сафійскага гаркома БКП, з 1950 сакратар, з 1951 чл. Палітбюро ЦК БКП. Ген. сакратар (у 1954—81 1-ы сакратар) ЦК БКП, адначасова старшыня Савета Міністраў НРБ (1962—71). З 1971 старшыня Дзярж. савета НРБ. У снеж. 1989 выключаны з БКП і зняты з усіх пасад. У 1994 асуджаны на 7 гадоў зняволення па абвінавачанні ў растраце дзярж. сродкаў, знаходзіўся пад хатнім арыштам; у 1996 апраўданы.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАРА́ДКУ КІРАВА́ННЯ,

злачынствы, якія пасягаюць на дзейнасць органаў дзярж. кіравання, супраць прадстаўнікоў улады, невыкананні спец. правіл або ў інш. дзеяннях, якія парушаюць работу дзярж. устаноў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да такіх злачынстваў належаць: здзекаванне над дзярж. сімваламі, арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, прымус да ўдзелу ў забастоўках, супраціўленне работнікам міліцыі, нар. дружыннікам пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, інш. супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да гэтых асоб, а таксама ваеннаслужачых і інш. службоўцаў пры выкананні імі сваіх абавязкаў; замах на іх жыццё ці жыццё іх блізкіх сваякоў; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы, парушэнне парадку арганізацый і правядзення вулічных шэсцяў, дэманстрацый і інш. За парушэнні, якія не ўяўляюць вял. грамадскай небяспекі, у шэрагу выпадкаў ужываецца адм. адказнасць.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОНКАНФАРМІ́СТЫ,

члены англ. царкоўнай арг-цыі (прэсвітэрыяне, кангрэгацыяналісты, квакеры, метадысты, баптысты і інш.), якія не прызналі абрадаў дзярж. англіканскай царквы. Плыні Н. (інш. назвы «дысентэры» — што адступаюць ад афіц. веравызнання) узніклі ў 16 ст., тэрмін «Н.» з’явіўся пасля прыняцця ў 1662 англ. парламентам «Акта пра аднастайнасць». Першапачаткова Н. імкнуліся рэфармаваць англіканскую царкву ў духу кальвінісцкага пурытанізму. Аднак афармленне англіканства як «сярэдняга шляху» паміж каталіцызмам і пратэстантызмам вымусіла іх адлучыцца ад дзярж. царквы і стаць у апазіцыю да яе. Ганенні на Н. асабліва ўзмацніліся пасля рэстаўрацыі манархіі ў 1660, калі шэрагам дзярж. актаў яны па сутнасці былі пастаўлены па-за законам і пачалі праследавацца. Многім з іх давялося эмігрыраваць, у т. л. ў Паўн. Амерыку. Законы, якія абмяжоўвалі грамадзянскія і паліт. правы Н., былі ў асноўным адменены ў 1828.

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КАМІ́СІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ ПА СПРА́ВАХ ЮНЕ́СКА,

міжведамасны орган, створаны пастановай Савета Міністраў БССР ад 15.10.1956. У сваёй дзейнасці кіруецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, статутамі ЮНЕСКА і Палажэннем аб Нац. камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА (зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17.9.1997). Забяспечвае ўзаемадзеянне і каардынацыю супрацоўніцтва з ААН Па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) бел. дзярж. устаноў, грамадскіх аб’яднанняў і асоб, якія маюць прызнаны аўтарытэт у сферах кампетэнцыі ЮНЕСКА. Ажыццяўляе сувязь ’паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ЮНЕСКА, даводзіць да ведама ЮНЕСКА інфармацыю аб нац. патрэбах і прыярытэтах у галіне адукацыі, навукі і культуры, аказвае інфармац. і кансультатыўнае садзейнічанне органам дзярж. кіравання, дзярж. і грамадскім арг-цыям Беларусі, якія працуюць у галіне адукацыі, навукі, культуры і камунікацыі. Рабочым апаратам Нац. камісіі з’яўляецца сакратарыят, які ўзначальвае адказны сакратар.

т. 11, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́УКА,

разнавіднасць дагавора куплі-продажу, якая выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Згодна з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (арт. 476) паводле дагавора П. пастаўшчык-прадавец, які ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць, абавязваецца перадаць у абумоўлены тэрмін вырабленыя або набытыя ім тавары пакупніку для выкарыстання іх у прадпрымальніцкіх або ў інш. мэтах, не звязаных з асабістым, сямейным, хатнім і інш. выкарыстаннем. Напачатку ўстанаўліваецца працэдура ўзгаднення ўмоў. П. тавараў ажыццяўляецца шляхам адгрузкі (перадачы тавараў) пакупніку, які з’яўляецца дагаворным бокам П., або асобе, што пазначана ў дагаворы ў якасці атрымальніка. Закон устанаўлівае шэраг правілаў дастаўкі тавараў для дзярж. патрэб. Такая П. ажыццяўляецца на аснове дзярж. кантракта на П., а таксама ў адпаведнасці з дагаворамі П. для дзярж. патрэб (патрэбы краіны і яе адм.-тэр. адзінак). Парадак такіх П. рэгулюецца заканадаўствам.

І.​М.​Сямёнава.

т. 12, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙБУТАЎ (Рашыд Маджыд аглы) (14.12.1915, Тбілісі — 9.6.1989),

азербайджанскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1980). З 1944 саліст Бакінскай філармоніі, у 1953—60 — Азерб. т-ра оперы і балета. Заснавальнік (1966) і кіраўнік Азерб. т-ра песні. Сярод партый Балаш («Севіль» Ф.​Амірава), Аскер («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава; здымаўся ў аднайм. кінафільме). Дзярж. прэмія СССР 1946; Дзярж. прэмія Азербайджана 1978.

Літ.:

Абасова Э. Рашид Бейбутов. Баку, 1965.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Георгій Міхайлавіч) (8.4.1901, Курск — 16.4.1985),

рускі архітэктар. Нар. арх. СССР (1970), правадз. член АМ СССР (з 1979). Вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым тэхн. вучылішчы (1921—26). Праф. Маскоўскага арх. ін-та (з 1969); 1-ы сакратар праўлення Саюза архітэктараў СССР (1963—81). Адзін з аўтараў праекта Днепрагэса (1927—32) і яго аднаўлення ў 1944—50, гал. архітэктар Кахоўскай (1951—55), Крамянчугскай (1955) і Брацкай (1960—67) ГЭС. Дзярж. прэмія СССР 1951, Дзярж. прэмія Расіі 1969.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІФІКА́ЦЫЯ (франц. bonification ад лац. bonus добры),

1) надбаўка да цаны тавару, якасць якога вышэйшая за прадугледжаную дагаворам, стандартам, базіснай кандыцыяй; найчасцей выкарыстоўваецца ў знешнім гандлі.

2) Вяртанне падаткаў, узятых з тавараў пры экспарце з мэтаю павысіць іх канкурэнтаздольнасць на сусв. рынку.

3) Дзярж. субсідыя, якая даецца пэўнай катэгорыі даўжнікоў, каб зменшыць памер іх працэнтных выплат за крэдыт.

4) Дадатковы грашовы ўзнос трымальніка аблігацый дзярж. пазыкі пры канверсіі, калі дзяржава адмаўляецца знізіць працэнт па пазыцы.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́Л ((Özal) Тургут) (13.10.1927, г. Малацья, Турцыя — 17.4.1993),

дзярж. і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1950). Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, працаваў у розных мін-вах і прыватных кампаніях, у 1967—71 узначальваў дзярж. планавую арг-цыю. У 1980—82 нам. прэм’ер-міністра па эканам. пытаннях. У 1983 пасля зняцця ў Турцыі забароны на паліт. дзейнасць — ген. старшыня Партыі айчыны. У 1983—89 прэм’ер-міністр, у 1989—93 прэзідэнт Турэцкай рэспублікі.

Т.Азал.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)