КІРЫБА́ЦІ (Kiribati),

дзяржава на астравах у зах. ч. Ціхага ак. У складзе К. а-вы Гілберта (пл. 264 км²), Лайн (Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, пл. каля 400 км²), Фенікс (пл. 28 км²) і Банаба (Ошэн, пл. 5 км²). Падзяляецца на 6 акруг. Астравы, якія складаюць краіну, распасціраюцца з З на У на 5 тыс. км, з Пн на Пд на 1 тыс. км. Пл. 717 км². Нас. 80,9 тыс. чал. (1996). Сталіца — г. Баірыкі (Тарава) на в-ве Тарава ў групе а-воў Гілберта. Афіц. мова — англійская, насельніцтва размаўляе на тунгуруанскай (кірыбаці) мове. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліпеня).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Палата сходу (36 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць ураду.

Прырода. Амаль усе астравы — нізкія каралавыя атолы з кальцавым рыфам, пясчана-галечнымі дробнымі астраўкамі на ім і ўнутр. лагунай. Складзены пераважна з вапнякоў. Найб. выш. на в-ве Банаба — 81 м. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра ўвесь год каля 26—28 °C. Ападкаў ад 1000 мм (на паўд. астравах) да 3000 мм (на Пн), выпадаюць пераважна ў ліст.—красавіку. Бываюць засухі і разбуральныя ўраганы. Рэк і ручаёў няма. На больш засушлівых астравах растуць нізкарослыя хмызнякі, на Пн ёсць гаі шыракалістых дрэў. Каля берагоў некаторых атолаў развіта мангравая расліннасць. Жывёльны свет бедны. Ёсць яшчаркі, шмат марскіх птушак (фрэгаты, бакланы, крачкі, олушы і інш.). Лагуны і прыбярэжныя акіянскія воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі.

Насельніцтва. 96% складае мікранезійскі народ тунгару (кірыбаці). Ёсць невял. групы палінезійцаў і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (53%) і пратэстанты (41%). Сярэдняя шчыльн. 113 чал. на 1 км². Заселены толькі 13 астравоў з 33. Усе яны ў групе а-воў Гілберта. Каля 40% насельніцтва жыве на в-ве Тарава, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Баірыкі (больш за 25 тыс ж.; 1990). На а-вах Лайн і Фенікс насельніцтва часовае (рабочыя плантацый). Характэрна міграцыя мужчын на в-аў Науру, дзе яны працуюць на здабычы фасфарытаў.

Гісторыя. Астравы заселены продкамі сучасных мікранезійцаў у 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў тут пабываў у 1606 ісп. мараплавец П.​Кірос. У 1788 астравы даследаваў англ. капітан Дж.​Гілберт (ад яго імя назва гал. архіпелага). Сталыя пасяленні еўрапейцаў з 1837. З 1892 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—76 у складзе брыт. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны Японіяй (1942—43). У 1976—79 брыт. калонія пад назвай Астравы Гілберта (з 1977 унутр. аўтаномія). 12.7.1979 К. абвешчана незалежнай дзяржавай. Першы прэзідэнт краіны з 1979 І.​Табаі, з 1994 — Т.​Ціта.

Гаспадарка. К. — слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае 63 млн. дол. (1995), каля 850 дол. на чалавека. Найб. развіты сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 36 тыс. га. Палова гэтай плошчы занята какосавай пальмай. Найб. какосаў вырошчваюць на плантацыях, створаных замежнымі кампаніямі на а-вах Лайн і Фенікс. Вырошчваюць таксама хлебнае дрэва, панданус, тара, батат, бананы, агародніну. Свіна- і птушкагадоўля (другараднае значэнне). Рыбу (кефаль, вугор, тунец, макрэль і інш.) у марской эканам. зоне ловяць жыхары К. і за вызначаную плату рыбалавецкія судны Японіі. У 1995 улоў рыбы 24,7 тыс. т. Лоў крабаў, малюскаў, збор водарасцей. Прам-сць прадстаўлена малымі прадпрыемствамі па вытв-сці копры (каля 10—20 тыс. т штогод), какосавага алею, харч. прадуктаў, мэблі, сувеніраў (вееры, плеценыя кошыкі), перапрацоўцы рыбы. Ёсць некалькі дробных электрастанцый, якія выпрацоўваюць штогод 10—13 млн. кВт∙гадз электраэнергіі. На астравах штогод бывае каля 2 тыс. замежных турыстаў Транспарт пераважна марскі. Гал. порт Баірыкі. Ёсць 20 аэрадромаў і пасадачных пляцовак. Аэрапорт на в-ве Тарава прымае міжнар. рэйсы. Даўж. аўтадарог — 640 км. У краіне 2 тыс. аўтамашын і матацыклаў. У 1995 экспарт склаў 6,3 млн. долараў, імпарт — 38,6 млн. долараў. К. экспартуе ў асн. копру (50% экспарту), рыбу і морапрадукты (31%). У імпарце пераважаюць харч. і прамысл. тавары. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае дапамогу развітых дзяржаў і міжнар. арг-цый. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кірыбаці.

т. 8, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ТА («Otto»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва, якія выйшлі з-пад удараў карнікаў у ліст. 1943 у ходзе карнай аперацыі «Генрых». Праводзілася ў Дрысенскім і Асвейскім р-нах 20.12.1943—1.1.1944 у Вял. Айч. вайну. Мэты аперацыі: знішчыць партыз. сілы на тэр. паміж г. Дрыса і Себеж (Пскоўская вобл., Расія), каб наладзіць па дарогах Дрыса—Себеж і Полацк—Себеж бесперашкоднае забеспячэнне правага фланга групы армій «Поўнач». 20 снеж. з Себежа, Ідрыцы і Шкяўне (Латвія) на Пн, з Даўгаўпілса на З, з Полацка на Пд праціўнік пачаў наступленне супраць партыз. абароны, якая праходзіла па р. Нішча, Дрыса і Свольна, карнікі адцяснілі партызан да апошняй лініі іх абароны — лагераў у раёне в. Роўнае Поле Расонскага р-на, дзе сканцэнтраваліся штабы ўсіх брыгад, шпіталі з параненымі, тысячы жанчын, старых і дзяцей. На сумесным пасяджэнні камандавання брыгад было прынята рашэнне прарваць блакаду і вывесці жыхароў і параненых у сав. тыл. Для выканання гэтай задачы былі створаны 2 ударныя групы: першая ў складзе партыз. брыгад Асвейскай, 1-й і 2-й Дрысенскіх, Латышскага партыз. атрада (узначаліў І.​К.​Захараў), другая ў складзе 1-й, 7, 11, 12, 20-й Калінінскіх брыгад (В.​М.​Лісоўскі). 26 снеж. першая ўдарная група нанесла моцны ўдар па карніках каля в. Канюхова (Расонскі р-н), што стварыла магчымасць 30 снеж. амаль 10 тыс. жыхарам пад прыкрыццём партызан пераправіцца цераз р. Дрыса і ўвайсці ў размяшчэнне часцей Чырв. Арміі. Другой ударнай групе прарыў у раёне в. Клясціцы—Юхавічы (Расонскі р-н) не ўдаўся, таму пасля 2-дзённых баёў партызаны і мясц. жыхары, што ішлі з імі, адышлі ў лясы на Пн і З ад в. Роўнае Поле; частка насельніцтва выйшла за лінію фронту па маршруце першай ударнай групы. У ходзе аперацыі «О.» гітлераўцы (паводле даных баявой групы Готберга) расстралялі каля 2 тыс. чал., захапілі для вывазу ў Германію больш за 500 чал., спалілі в. Барысава (загубілі 76 чал.), Кісялі (113), Кашалёва (37), Стралкі (122), Ярмоліна (39), Мельніца (не аднавілася) Верхнядзвінскага р-на. У 1974 у в. Канюхова пастаўлены помнік партызанам і жыхарам, якія загінулі пры прарыве блакады.

У.​С.​Пасэ.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ГУА І БАРБУ́ДА (Antigua and Barbuda),

дзяржава ў Вест-Індыі, на а-вах Антыгуа, Барбуда і Рэдонда ў групе М.​Антыльскіх а-воў у Карыбскім моры. Пл. 442,6 км². Нас. 65 тыс. чал. (1993), у асн. негры. Афіц. мова — англійская. Большасць вернікаў — пратэстанты (англіканская царква). Сталіца — горад і порт Сент-Джонс (на в-ве Антыгуа). Падзяляецца на 7 раёнаў. Кіраўнік дзяржавы фармальна — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам. Двухпалатны парламент (палата прадстаўнікоў і сенат) ажыццяўляе заканад. ўладу. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае ген.-губернатар.

Прырода. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў. Паверхня ўзгорыстая, выш. да 402 м (в-аў Антыгуа). Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячная т-ра ад 15 да 33 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год. Восенню характэрны ўраганы. Адносная раўніннасць, адсутнасць рачной сеткі і недастатковасць ападкаў выклікаюць перыяд. засухі. Вострай з’яўляецца праблема прэснай вады (атрымліваюць з артэзіянскіх калодзежаў).

Гісторыя. Старажытныя насельнікі Антыгуа і Барбуда — індзейцы. Пасля адкрыцця астравоў Х.​Калумбам (1493) тут з’явіліся ісп. каланізатары. Потым Барбуда (у 1628) і Антыгуа (у 1632) каланізаваны англ. пасяленцамі. На кароткі час астравы трапілі пад уладу Францыі, з 1667 сталі брыт. калоніяй. Пасля вынішчэння карэннага насельніцтва на іх пасялілі нявольнікаў-неграў з Афрыкі, якіх прымушалі працаваць на плантацыях цукр. трыснягу. У 1834 рабства адменена. У 1871—1956 тэр. Антыгуа і Барбуда — частка брыт. калоніі «Федэрацыя Падветраных астравоў»; у 1958—62 уваходзіла ў Вест-Індскую федэрацыю. У 1967 Антыгуа і Барбуда атрымалі аўтаномію як «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава»; 1.11.1981 абвешчана іх незалежнасць. У 1981 краіна ўступіла ў ААН, Арг-цыю Амер. Дзяржаў, у 1982 — у Карыбскае супольніцтва, з 1983 мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя Антыгуа (створана пасля 1940), Аб’яднаная прагрэсіўная партыя (з 1992).

Гаспадарка арыентавана на турызм, які забяспечвае 60% валавога ўнутр. прадукту (ВУП; 424 млн. дол., 1991), 70% занятасці насельніцтва і валютных паступленняў (1990). Сельская гаспадарка (вырошчванне цукр. трыснягу, бананаў, какосавых арэхаў, манга, цытрусавых і інш.) дае 4% ВУП, прам-сць (вытв-сць цукру, какосавага і бавоўнавага алею, зборка быт. электратэхнікі, нафтаперапрацоўка) — 5%, транспарт і сфера паслуг — 8%. Даўж. аўтадарог 548 км, вузкакалейнай чыгункі каля 80 км. Экспарт: нафтапрадукты, трансп. абсталяванне, цукар-сырэц, патака-мелес, бавоўна-сырэц, цытрусавыя. Імпарт: паліва, прадукты харчавання, тэкст. тавары, піламатэрыялы і інш. Гал. знешнегандл. партнёры — Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія, КНР, карыбскія і зах.-еўрап. краіны. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

Ф.​С.​Фешчанка (гаспадарка).

Герб і сцяг Антыгуа і Барбуда.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,

працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.

Дз.​М.​Кудзелька.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТСЕРА́Т (Montserrat),

уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі. Займае аднайм. востраў у групе М. Антыльскіх а-воў. Пл. 100 км². Нас. 12,8 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — англійская. Адм. ц. — г. Плімут. Краіна падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — Дзень нараджэння брыт. каралевы (другая субота чэрвеня).

Прырода. Востраў вулканічнага паходжання, гарысты. Выш. да 915 м (пік Чанс). Бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні (буйное вывяржэнне вулкана Суфрыер адбылося ў 1996). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры паветра 23—28 °C. Ападкаў 1500 мм за год. Найб. іх выпадае ў вер.—ліст., найменш — у сак.—чэрвені. На схілах гор сярэдневільготныя трапічныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі.

Насельніцтва. Пераважаюць негры і мулаты. Жывуць невял. групы англічан і амерыканцаў. Сярод вернікаў англікане, метадысты, католікі і прадстаўнікі інш. галін хрысціянства. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км². Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы (шчыльн. каля 300 чал. на 1 км²). Сярэднегадавы прырост 0,23%. У адзіным горадзе Плімут жыве каля 3 тыс. ж. (1997). У прам-сці і буд-ве занята 24% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 9%, астатнія — у абслуговых галінах (пераважна турызм).

Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.​Калумбам. З 1632 каланізаваны англічанамі і ірландцамі. У 17—18 ст. за валоданне ім сапернічалі Англія і Францыя, з 1783 уладанне Вялікабрытаніі. З 1871 у складзе калоніі Падветраныя астравы, з 1958 у Вест-Індскай федэрацыі. З 1960 мае ўнутр. самакіраванне, з 1971 — губернатара. М. — чл. Арг-цыі ўсходнекарыбскіх дзяржаў і Рэгіянальнай сістэмы бяспекі.

Гаспадарка. У эканоміцы гал. ролю адыгрывае замежны турызм (больш за палавіну даходаў краіны — каля 10 млн. дол.); прам-сць дае 18%, сельская гаспадарка — 5%. Краіну штогод наведвае больш за 40 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па зборцы вырабаў электронікі і электратэхнікі, па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (ачыстка бавоўны, вытв-сць фруктовых сокаў і кансерваў), па выпуску тканін, пластмасавых вырабаў, харч. прадуктаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн. кВт∙гадз (1995). Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 3 тыс. га, з іх пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 2 тыс. га, пад пашай 1 тыс. га. Асн. культуры: лайм (цытрусавая расліна), лімоны, манга, авакада, бананы, какосавая пальма. З гародніны вырошчваюць перац, памідоры, кабачкі, моркву, агуркі, цыбулю. Гал. экспартныя культуры: кветкі і жывыя расліны (вывозяць у ЗША і Еўропу), бавоўна і цукр. трыснёг. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 3,5, свіней — 1, авечак і коз — 10. Птушкагадоўля. Нарыхтоўка драўніны. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На М. 269 км аўтадарог, з іх 203 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнегандл. сувязі праз адзіны порт Плімут. На востраве міжнар. аэрапорт. У 1995 экспарт склаў 12,1 млн. дол., імпарт — 29,9 млн. дол. У экспарце пераважаюць электронныя кампаненты, вырабы з пластмас, адзенне, вострыя прыправы; у імпарце — прамысл. і харч. прадукты, паліва. Гал. гандл. партнёр ЗША. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва. гаспадарка).

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі), 2-га (ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) Бел. франтоў пры садзеянні 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.​Х.​Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі: 5, 11, 31, 5-я гвардз. танк., 1-я паветр. арміі, конна-механізаваная група, 2-і гвардз. танк. корпус 3-га Бел. фронту; 33, 49, 50, 4-я паветр. арміі 2-га Бел. фронту; 3, 48, 16-я паветр. арміі, конна-механізаваная група 1-га Бел. фронту.

У выніку ажыццяўлення Віцебска-Аршанскай, Магілёўскай і Бабруйскай аперацый 1944 (гл. адпаведныя арт.) ням. 4-я і частка сіл 9-й армій групы армій «Цэнтр» апынуліся ў паўкальцы сав. войск. Рухомыя злучэнні франтоў, якія дзейнічалі ў раёнах Барысава і Асіповіч, знаходзіліся за 100 км ад Мінска, у той час як гал. сілы праціўніка, што адыходзілі да Мінска, за 130—150 км ад яго. Задача М.а.: імклівымі ўдарамі войск левага крыла 3-га Бел. фронту і часткі сіл правага крыла 1-га Бел. фронту па збежных напрамках на Мінск ва ўзаемадзеянні з 2-м Бел. фронтам завяршыць акружэнне групоўкі войск праціўніка і вызваліць Мінск. Адначасова войскі 1-га Прыбалт. фронту і правага крыла 3-га Бел. фронту і частка сіл 1-га Бел. фронту павінны былі працягваць імклівае наступленне на З, знішчыць падыходзячыя рэзервы праціўніка і стварыць умовы для развіцця наступлення на шаўляйскім, каўнаскім і варшаўскім напрамках. Франты без паўзы пачалі выкананне пастаўленых задач. Войскі 3-га Бел. фронту 30 чэрв. гал. сіламі фарсіравалі Бярэзіну, разбілі барысаўскую групоўку гітлераўцаў, 1 ліп. вызвалілі Барысаў, Бягомль, 2 ліп. — Лагойск, Смалявічы, Вілейку, Краснае, перарэзалі чыгунку Мінск—Вільнюс. Войскі 1-га Бел. фронту 30 чэрв. вызвалілі Любань, Слуцк, 2 ліп. Стоўбцы, Гарадзею, перарэзалі чыгунку Мінск—Баранавічы. Адначасова ў напрамку Мінска наступалі войскі 2-га Бел. фронту, якія 29 чэрв. вызвалілі Бялынічы, 2 ліп. — Чэрвень, 3 ліп. — Беразіно. Перадавыя злучэнні 1-га Бел. фронту ў ноч на 3 ліп. абышлі Мінск з Пд і выйшлі да паўд.-ўсх. ускраіны горада, дзе злучыліся з войскамі 3-га Бел. фронту. Вырашальны ўдар па варожым гарнізоне ў Мінску, які складаўся з 3 пях. і 1 танк. дывізій, 3 палкоў СС і розных спец. падраздзяленняў быў нанесены на досвітку 3 ліпеня. З У і ПнУ у горад уварваўся 2-і гвардз. танк. корпус. З Пн увайшлі часці 5-й гвардз. танк. арміі, падраздзяленні 11-й гвардз. і 31-й армій 3-га Бел. фронту, з ПдУ — 1-ы гвардз. танк. корпус і часці 3-й арміі 1-га Бел. фронту. У 2-й пал. дня 3.7.1944 Мінск быў поўнасцю вызвалены. На У ад горада былі акружаны гал. сілы 4-й і асобныя злучэнні 9-й ням. армій. Утварыўся мінскі «кацёл», у які трапілі 105 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Да 11 ліп. гэтая групоўка праціўніка была разгромлена. У час М.а. сав. авіяцыя наносіла па ворагу ўдары, перашкаджала падыходу яго рэзерваў, дэзарганізоўвала планамернае адступленне яго войск. 4 ліп. войскі 3-га і 1-га Бел. франтоў дасягнулі рубяжа воз. Нарач—Маладзечна, вызвалілі Нясвіж. Войскі 1-га Прыбалт. фронту надзейна ізалявалі групу армій «Поўнач» і не далі ёй магчымасці прыйсці на дапамогу групе армій «Цэнтр», 4 ліп. выйшлі на З ад лініі Варапаева — воз. Мядзел. У ажыццяўленні аперацыі вял. дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны. 53 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх», 13 — «Барысаўскіх», 8 — «Слуцкіх».

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Мінская аперацыя 1944. Мінск 3 ліпеня 1944 года. Мастак В.​Волкаў. 1946—55.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́ДАС (Barbados),

дзяржава на аднайм. востраве ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх а-воў, у Атлантычным ак. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 431 км². Нас. 300 тыс. чал. (1994). Сталіца — г. Брыджтаўн. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліст.).

Дзяржаўны лад. Фармальна канстытуцыйная манархія, чл. брытанскай Садружнасці. Дзейнічае Канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены прызначаным ім ген.-губернатарам. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму парламенту з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Востраў складзены з вапнякоў, абкружаны каралавымі рыфамі. Паверхня ўзнімаецца тэрасамі да выш. 340 м над узр. м. Невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў да 1400 мм за год, дажджлівы сезон з чэрв. да лістапада. Частыя ўраганы. Глебы — вельмі ўрадлівыя Карычнева-чырвоныя латэрыты. Прыродная расліннасць амаль не захавалася.

Насельніцтва. Каля 80% негры, 16% мулаты, 4% еўрап. паходжання. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 700 чал. на 1 км². Каля палавіны насельніцтва гарадское, амаль усё ў г. Брыджтаўн і яго прыгарадах. Сярэдняя працягласць жыцця 75,3 года (1992).

Гісторыя. З першых стагоддзяў нашай эры на востраве жылі індзейскія плямёны аравакаў і карыбаў. У 1518 яго адкрылі іспанцы і назвалі Барбадас (ад ісп. barbudo барадаты; з-за мноства фігавых дрэў, абвітых падобнымі на бароды эпіфітамі). Іспанцы вывозілі мясц. індзейцаў як рабоў на в-аў Гаіці. У 1625 Барбадас захапілі і каланізавалі англічане, яны стваралі плантацыі па вырошчванні тытуню і бавоўніку, для працы на якіх прывозілі з Афрыкі неграў-рабоў У 1628 засн. г. Брыджтаўн. З 1652 Барбадасам кіраваў англ. губернатар. У 2-й пал. 17 ст. гаспадарка вострава пераарыентавана на вырошчванне цукр. трыснягу (у 1680 Англія атрымала тут 60% імпарту цукру). Да 1838 (адмена рабства) Барбадас — перавалачны пункт у англ. гандлі рабамі-неграмі У 1948 нац.-дэмакр. сілы дамагліся ўвядзення на востраве абмежаванага ўнутр. самакіравання, у 1950 — усеаг. выбарчага права. У 1958—62 Барбадас уваходзіў у Вест-Індскую федэрацыю, з 1961 меў поўнае самакіраванне, 30.11.1966 атрымаў незалежнасць.

Барбадас — чл. ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва і інш., мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць партыі: Барбадаская лейбарысцкая, Дэмакр. лейбарысцкая, Рабочая, Нац. дэмакр.; прафс. аб’яднанне Саюз рабочых Барбадаса.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм і вытв-сць цукру. У сельскай гаспадарцы занята 8,5% насельніцтва, ствараецца 7,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і каля палавіны экспарту. У земляробстве выкарыстоўваецца 77% тэр. Барбадаса. Каля палавіны пасяўных плошчаў занята пад цукр. трыснягом, роля якога ў гаспадарцы паступова памяншаецца. З 1960-х г. развіваецца баваўнаводства. Вырошчваюць таксама кукурузу, тытунь, батат, маніёк, трапічную садавіну і гародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, козаў і авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць перапрацоўчыя галіны. Здабыча нафты (каля 100 тыс. т штогод), прыроднага газу (каля 20—30 млн. м³), вапняку. Вытв-сць электраэнергіі — штогод каля 0,5 млрд. кВт∙гадз. Традыцыйныя галіны вытв-сці: харч. (вытв-сць цукру — каля 100 тыс. т штогод, рому, патакі, садавінна-кансервавых, тытунёвых і мяса-малочных вырабаў), тэкст., швейная, вытв-сць цацак. Развіваюцца зборка з імпартных дэталяў складаных вузлоў і кампанентаў для электронікі, а таксама мэблевая, цэлюлозна-папяровая, лакафарбавая галіны прам-сці. Працуюць нафтаперапр. і цэм. з-ды. Замежны турызм дае каля 15% ВУП, абслугоўваннем турыстаў занята каля 20% насельніцтва. У апошнія гады развіваюцца страхавая справа і міжнар. банкаўская сфера. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 2,5 тыс. км. Асн. марскі порт — Брыджтаўн, каля яго — міжнар. аэрапорт. Імпарт (дэталі і паўфабрыкаты, машыны і абсталяванне, паліва, харч. прадукты) перавышае экспарт (электроннае абсталяванне, цукар-сырэц, патака, ром, адзенне) больш як у 3 разы. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Венесуэла. Грашовая адзінка — барбадаскі долар.

Літ.:

Санин Л.О. Барбадос. М., 1988.

І.​В.​Загарэц (гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Барбадаса.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДАЛЬ,

галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае абарачэнне тавараў, іх рух са сферы вытворчасці ў сферу спажывання. Гандаль у межах асобнай краіны наз. ўнутраным. Ён выконвае грамадска неабходную функцыю — давядзенне тавараў да спажыўца. Падзяляецца на рознічны і аптовы гандаль. Гандаль адной краіны з інш. краінамі, які складаецца з імпарту і экспарту тавараў, — знешні гандаль. Гандаль розных краін паміж сабой у сваёй сукупнасці — міжнар. гандаль. Характар і роля гандлю вызначаюцца пануючым спосабам вытв-сці.

Гандаль узнік з паяўленнем грамадскага падзелу працы і таварна-грашовых адносін. У рабаўладальніцкіх і феад. грамадствах, дзе панавала натуральная гаспадарка, пераважаў знешні гандаль, які ахопліваў нязначную частку прадуктаў вытв-сці і абслугоўваў пераважна асабістае спажыванне пануючых слаёў насельніцтва. Вырашальную ролю ў міжнар. гандлі адыгрывалі купцы буйных гандл. гарадоў. У перыяд распаду феадалізму рост знешняга гандлю і зараджэнне сусв. рынку спрыялі росту таварнай вытворчасці. Штуршком да развіцця міжнар. гандлю паслужыла адкрыццё Амерыкі і марскога шляху ў Індыю. У 16—17 ст. Унутр. і знешні гандаль у краінах Еўропы быў сканцэнтраваны пераважна ў руках купецтва. Большая ч. рознічнага гандлю на ўнутр. рынку ажыццяўлялася непасрэдна таваравытворцамі — сялянамі і рамеснікамі.

Прамысл. пераварот у краінах Зах. Еўропы прывёў да з’яўлення на рынку тавараў фабрычнай вытв-сці, выцяснення і разарэння дробных таваравытворцаў. Рост гарадоў і паляпшэнне трансп. сродкаў садзейнічалі павелічэнню колькасці рознічных крам і іх тавараабароту. У 1-й пал. 19 ст. ва ўнутр. гандлі краін Зах. Еўропы і ЗША набылі пашырэнне рознічныя крамы, якія спецыялізаваліся на пэўнай групе тавараў (бакалейныя, маскатэльныя, мануфактурныя). На мяжы 19—20 ст. рост выпуску стандартных тавараў масавага ўжытку абумовіў стварэнне новых тыпаў гандл. прадпрыемстваў і метадаў гандлю (гл. Гандлёвы цэнтр).

На Русі гандаль паявіўся ў 9 ст. Яго цэнтрамі былі гарадскія рынкі («торг», «торжище»). У Кіеўскай Русі развіццё гандлю паскорылася з узнікненнем таварна-грашовых адносін (9—10 ст.). Унутр. гандаль найчасцей вялі самі вытворцы, без пасрэднікаў, знешні — купцы. У перыяд феад. раздробленасці (12—14 ст.) гандаль абмяжоўваўся маштабамі асобных княстваў, хоць і паміж імі існавалі гандл. сувязі на аснове прыродна-геагр. падзелу працы. Буйным гандл. цэнтрам быў Ноўгарад, які вёў гандаль з Зах. Еўропай. З 14 ст. гандл. цэнтрам стала Масква. Развіццю гандлю садзейнічалі рэформы Пятра I у пач. 18 ст. Мытная рэформа 1753—57, якая адмяніла ўнутр. пошліны, садзейнічала росту ўнутр. ўсерас. рынку. У 2-й пал 18 ст. ў Маскве ўзніклі першыя крамы пры купецкіх дамах. У 1797 дазволена мець крамы і пры жылых дамах.

Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла выгаднае геагр. становішча. Праз яе тэрыторыю ў 9—11 ст. праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, украінскімі, прыбалтыйскімі і польскімі землямі, ганзейскімі гарадамі Зах. Еўропы. Гандаль вёўся пераважна на гар. рынках і ў час кірмашоў. Далучэнне Беларусі да Расіі паўплывала на ўмацаванне сувязей з агульнарас. рынкам. Буд-ва чыгунак у 2-й пал. 19 ст. стымулявала развіццё прам-сці, ажыўленне ўнутр. і знешніх гандл. сувязей, аптовага і рознічнага гандлю. У пач. 20 ст. на Беларусі ўзмацніўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапал. аб’яднанняў, якія кантралявалі асн. галіны аптовага Г. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прыватны гандаль у БССР быў заменены сав. кааперацыяй ці выцеснены сацыяліст. сектарам сав. гандлю. На сучасным этапе пераходу да рыначнай эканомікі існуюць дзярж., кааператыўны, калгасны і прыватны гандаль. Дзярж. гандаль абслугоўвае пераважна насельніцтва гарадоў. Яго ўдзельная вага ў агульным тавараабароце краіны ў 1995 складала 38%. Каап. гандаль абслугоўвае пераважна сельскіх пакупнікоў. Калгасны гандаль ажыццяўляюць калгасы і калгаснікі, якія прадаюць насельніцтву лішкі сваёй прадукцыі. Прыватны гандаль ажыццяўляецца сіламі і сродкамі прыватных прадпрымальнікаў. Недзяржаўныя формы гандлю ў 1995 склалі 62% ад агульнага тавараабароту, у т. л. прыватны гандаль — 19%.

Літ.:

Дарбинян М.М. Торговля и производство: хозяйственные связи. М., 1984;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Микроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

А.​А.​Плашчынскі.

т. 5, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ВІ́НСЕНТ І ГРЭНАДЗІ́НЫ (Saint Vincent and the Grenadines),

дзяржава ў Вест-Індыі, на в-ве Сент-Вінсент і паўн. ч. а-воў Грэнадзіны ў групе Малых Антыльскіх астравоў. Пл. 389 км². Нас. 115,5 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц. дыялект. Сталіца — г. Кінгстаўн. У адм. адносінах падзелена на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 кастр.).

Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — аднапалатная Палата сходу з 15 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і 6 сенатараў, прызначаных ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада — урад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці).

Прырода. А-вы Сент-Вінсент (пл. 344 км²) і Грэнадзіны (32 дробныя а-вы) вулканічнага паходжання. На в-ве Сент-Вінсент ланцуг старых вулканаў, найвышэйшы пункт — дзеючы вулкан Суфрыер (1234 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэдняя т-ра 26 °C, гадавая колькасць ападкаў ад 1500 мм на Пд і З да 3700 мм на ўсх. схілах гор. Сухі сезон у снеж.—маі. Частыя ўраганы. Пад лесам і хмызнякамі 36% тэрыторыі. Жывёльны свет прадстаўлены пераважна птушкамі. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Ёсць некалькі заказнікаў.

Насельніцтва. Асн. народ сентвінсентцы. Аснову этнасу складаюць нашчадкі неграў-рабоў, якія часткова змяшаліся з французамі і англічанамі; называюць сябе крэоламі. Жывуць таксама выхадцы з Вялікабрытаніі, невял. групы партугальцаў, індыйцаў і чорных карыбаў. Вернікі — англікане і метадысты, ёсць адвентысты, баптысты, католікі і інш. Сярэднегадавы прырост 0,57% (1999). Сярэдняя шчыльн. 296 чал. на 1 км². У гарадах жыве 54% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 26% насельніцтва, у прам-сці — 17%, у абслуговых галінах — 57%.

Гісторыя. Першапачатковыя насельнікі астравоў — індзейцы, аравакі і карыбы. В-аў Сент-Вінсент адкрыты Х.​Калумбам у 1498. У 17—18 ст. за валоданне астравамі змагаліся Францыя і Вялікабрытанія, замацаваны за апошняй у 1783. Большая ч. індзейскага насельніцтва знішчана, рэшткі яго змяшаліся з неграмі-рабамі, якіх прывозілі для працы на плантацыях. У 1958—62 у складзе Вест-Індскай Федэрацыі, з 1969 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 27.10.1979 абвешчана незалежнай дзяржавай у складзе Садружнасці. Дзейнічаюць паліт. партыі: Новая дэмакр. партыя, Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. С.-В. і Г. — чл. ААН (з 1980).

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. У структуры валавога ўнутр. прадукту (289 млн. дол., 2,4 тыс. долараў на 1 чал., 1998) сельская гаспадарка складае 10,6%, гандаль і паслугі (укл. турызм) — 71,9%, прам-сць — 17,5%. Цёплы клімат, пясчаныя пляжы, празрыстыя воды, каралавыя рыфы штогод прыцягваюць каля 120 тыс. турыстаў (пераважна з ЗША, Канады і Зах. Еўропы). У 1999 даход ад турызму склаў 77 млн. долараў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 3,9 тыс. га. Асн. экспартныя культуры: бананы (збор каля 80 тыс. т штогод), какосавыя арэхі (20 тыс. т), манга, мускатны арэх, арарут (крухмалазмяшчальны караняплод). Вырошчваюць батат, маніёк, ямс, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну, каву, какаву. Гадуюць птушак (200 тыс. галоў, 1997), буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць спецыялізуецца на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай мукі з араруту (150 т штогод), адзення, мэблі, цэменту, рому, піва, тытуню, спарт. інвентару, перапрацоўцы копры, зборцы электраапаратуры. Вытв-сць электраэнергіі 64 млн. кВт∙гадз (1998). Даўж. аўтадарог 1040 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 320 км. На астравах 5 тыс. пасаж. і 3,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Пад флагам дзяржавы з прычыны льготных падаткаў плаваюць 814 суднаў (агульная грузападымальнасць 7,7 млн. рэгістравых т) з 20 краін. 6 аэрапортаў (гал. — Эрнас-Вейя каля Кінгстаўна). У 1997 экспарт склаў 47,3 млн. дол., імпарт — 158 млн. дол. Экспартуюць бананы (37%), муку з араруту, копру, агародніну, тытунь і інш.; імпартуюць харч. прадукты, машыны і абсталяванне, паліва. Гал. гандл. партнёры: краіны Карыбскага бас. (49% экспарту і 28% імпарту), ЗША (10% і 36%), Вялікабрытанія (16% і 13%). Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (47,5 млн. дол. 1995). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сент-Вінсента і Грэнадзінаў.

т. 14, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-КІТС І НЕ́ВІС (Saint Kitts and Nevis),

Федэрацыя Сент-Кітс і Невіс (Federation of Saint Kitts and Nevis), дзяржава ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх астравоў ва ўсх. ч. Карыбскага м. Пл. 261,6 км². Нас. 38,8 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц. дыялект. Сталіца — г. Бастэр (на в-ве Сент-Кітс). У адм. адносінах падзелена на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (19 верасня).

Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход з 3 сенатараў (прызначаюцца ген.-губернатарам) і 11 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці). Жыхары в-ва Невіс маюць уласныя заканад. і выканаўчыя органы. Губернатара прадстаўляе прызначаны ім намеснік.

Прырода. А-вы Сент-Кітс (168,4 км²) і Невіс (93,2 км²) вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1156 м на в-ве Сент-Кітс). Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Сярэднія месячныя т-ры 18—24 °C, ападкаў ад 700 да 1200 мм за год. Горныя схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі.

Насельніцтва. Асн. народ сенткітсцы, пераважна негры (86%) і мулаты. Вернікі — пратэстанты (англікане і метадысты) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,34% (1999). Сярэдняя шчыльн. 148 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 34%. У сельскай гаспадарцы і прам-сці занята 31% працоўных, у абслуговых галінах 69%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.

Гісторыя. Стараж. насельніцтва — індзейцы аравакі і карыбы, большасць якіх знішчана еўрап. каланізатарамі. В-аў Сент-Кітс адкрыты Х.​Калумбам у 1493. У 1623 тут заснавалі сваё пасяленне англічане, у 1624 — французы. Доўгі час за валоданне астравамі ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацаваны за апошняй у 1783. У 1871—1956 ч. брыт. калоніі Падветраныя а-вы, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» (разам з в-вам Ангілья, выйшла ў 1980). 19.9.1983 абвешчана незалежнасць С.-К. і Н. ў складзе Садружнасці. Гал. праблемай дзяржавы з’яўляюцца сепаратысцкія настроі на в-ве Невіс, дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая, Рух нар. дзеяння, Рэфармісцкая партыя Невіса. С.-К. і Н. — чл. ААН (з 1983).

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і сфера паслуг (абслугоўванне замежных турыстаў). Валавы ўнутр. прадукт на душу насельніцтва 6 тыс. дол. (1999). 5,5% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 22,5% — у прам-сці, 72% — у абслуговых галінах (укл. турызм). Краіну штогод наведвае каля 160 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША і Вялікабрытаніі. Даход ад турызму 66 млн. дол. (1998). Гал. цэнтр — пас. Фрайгейт на в-ве Сент-Кітс. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 6,5 тыс. га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 5,7 тыс. га, пашай — 0,8 тыс. га. Гал. экспартныя культуры — цукр. трыснёг (каля ​1/3 ворных зямель), бавоўнік, какосавая пальма, арахіс. Вырошчваюць таксама бананы, рыс, кукурузу, ананасы, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак (14 тыс. галоў), птушак (60 тыс. галоў, 1997). Насельніцтва традыцыйна займаецца рыбалоўствам. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі па вытв-сці цукру-сырцу, патакі-меласы, бавоўны, баваўнянага і какосавага алею, алкагольных напіткаў, тэкстылю, абутку, фармацэўтычных вырабаў. Ёсць невял. прадпрыемствы па зборцы эл. і электронных прылад. Вытв-сць электраэнергіі 85 млн. кВт∙гадз. (1998). Даўж. аўтадарог 320 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 136 км. На цукр. плантацыях в-ва Сент-Кітс ёсць вузкакалейная чыгунка даўж. 58 км. 2 аэрапорты, у т. л. міжнар. Голдэн-Рок (каля г. Бастэр). Марскія парты: Бастэр і Чарлстаўн. У 1997 экспарт склаў 43,7 млн. дол., імпарт — 129,6 млн. дол. У экспарце пераважаюць цукар-сырэц, патака-меласа (34%), бавоўна (20%), баваўняны і какосавы алей; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, нафтапрадукты. Гал. гандл. партнёры: ЗША (68% экспарту і 42% імпарту), Вялікабрытанія (22% і 11%), краіны Карыбскага бас. Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (каля 5,5 млн. дол. штогод). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сент-Кітс і Невіс.

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)