ваенны і дзярж. дзеяч Расіі, вучоны, ген.-фельдмаршал (1726). Граф (1721). Паплечнік цара Пятра I. Паходзіў са знатнага шатл. роду, яго продкі з 1647 жылі ў Расіі. Удзельнік Крымскіх 1687, 1689 і Азоўскіх 1695—96 паходаў. Склаў карту зямель ад Масквы да М. Азіі (1696). Уваходзіў у склад Вялікага пасольства. У 1701 кіраваў Наўгародскім прыказам. Камандаваў артылерыяй у Палтаўскай бітве 1709, Пруцкім паходзе 1711 і інш. У 1717—22 сенатар і прэзідэнт Берг- і Мануфактур-калегій. Разам з дыпламатам А.І.Остэрманам падпісаў Ніштацкі мірны дагавор 1721. З 1726 у адстаўцы. Рэдагаваў геагр. карты і глобусы, перакладаў замежныя кнігі, загадваў (з 1706) Маскоўскай грамадз. друкарняй, развіваў артыл. навуку і інш. Імем Бруса названы грамадз. Каляндар 1709—15.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (1877, г. Уладзікаўказ, Расія — 1943),
украінскі гісторык. Брат М.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т. Гал. яго працы прысвечаны гісторыі паўд.-бел. зямель у феад. эпоху. У манаграфіі «Пінскае Палессе» [ч. 1. «Нарыс гісторыі Турава-Пінскага княства XI—XIII стст.» (Кіеў, 1901); ч. 2. «Тураў, Гарадок і Пінск у складзе Вял.кн. Літоўскага. Пінскае староства каралевы Боны. XIV—XVI стст. Пінскія акты XV—XVI стст.» (Кіеў, 1903)] на падставе летапісных звестак і актавых матэрыялаў прасачыў паліт. гісторыю рэгіёна, працэсы развіцця феад. адносін, гасп. і прававое становішча розных груп насельніцтва, гісторыю правасл. царквы на Палессі. Гарадам ВКЛ прысвечаны даследаванні Грушэўскага «Павіннасць гарадавой працы ў Вялікім княстве Літоўскім» (Петраград, 1914) і «Гарады Вялікага княства Літоўскага ў XIV—XVI стст.» (Кіеў, 1918).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГУ́НЫ (франц. dragon, адз. л.),
від кавалерыі, здольнай дзейнічаць у пешым страі. З’явіліся ў 16 ст. ў Францыі (пасаджаныя на коней пехацінцы, якія спешваліся пры сустрэчы з праціўнікам). З 17 ст. драгунскія палкі існавалі ў Германіі, Польшчы, Беларусі (у складзе войска ВКЛ, да канца 18 ст.), Расіі (1631 — пач. 1918), у 18—20 ст. — у большасці еўрап. армій (належалі да цяжкай або сярэдняй кавалерыі, складалі 1/3 усёй конніцы). У розны час мелі на ўзбраенні пісталеты, мушкеты, фузеі, карабіны, вінтоўкі, шаблі, палашы, шашкі.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;
Грыгор’еў М. Войска ВКЛ: Ад Сасаў да Касьцюшкі, 1765—1794. Мн., 1994.
Да арт.Драгуны. Маёр коннагвардзейскага (драгунскага) палка ВКЛ у мундзіры ўзору 1792, узброены гвардзейскім палашом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́ЙЗЕН ((Droysen) Іаган Густаў) (6.7.1808, г. Трэптаў, цяпер г. Тшабятаў, Польшча — 19.6.1884),
нямецкі гісторык. Праф. Берлінскага (у 1835—40 і з 1859), Кільскага (з 1840) і Іенскага (з 1851) ун-таў. Удзельнік антыдацкага паўстання ў Шлезвіг-Гольштэйне і чл. Франкфурцкага парламента ў Рэвалюцыю 1848—49 у Германіі, выступаў за аб’яднанне герм. зямель вакол Прусіі. Увёў у гіст. навуку паняцце элінізм (разумеў яго як працэс «распаўсюджвання грэч. дзяржаўнасці і адукаванасці» сярод стараж.-ўсх. народаў). Заснавальнік пруска-малагерм. гіст. школы. Аўтар прац «Гісторыя Аляксандра Вялікага» (1833), «Гісторыя элінізму» (т. 1—2, 1836—43 ; 2 выд, т. 1—3, 1877—78), «Гісторыя прускай палітыкі» (т. 1—14, 1855—86) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — История эллинизма. [Т.] 1—3. Ростов н/Д. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМІ́Т (Izmit),
Каджаэлі, горад на ПнЗ Турцыі, адм. ц. іля Каджаэлі. 257 тыс.ж. (1990). Порт у Ізміцкім зал. Мармуровага м. Праз І. праходзяць чыгунка і аўтадарога Анкара—Стамбул. Прам-сць: цэлюлозна-папяровая, нафтаперапр., нафта-хім., гумавая; аўтазборка. Музей. Захаваліся рэшткі візант. крэпасці.
Засн. ў 264 да н.э. царом Нікамедам I як сталіца Віфініі (пад назвай Нікамедыя). Зручная гавань забяспечыла росквіт горада да войнаў Мітрыдата VI Еўпатара з Рымам (89—84, 83—22, 74—64 да н.э.), калі горад быў зруйнаваны. Рэзідэнцыя рым. імператараў Дыяклетыяна і Канстанціна (Вялікага). Нягледзячы на разбурэнні ў выніку землетрасення і нападаў готаў у 4 ст.н.э. лічыўся адным з прыгажэйшых гарадоў свету. У сярэднія вякі страціў сваё значэнне. Тут скончыў самагубствам Ганібал, месца нараджэння гісторыка Арыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСІДО́Р, Сідар (?, г. Салонікі, Грэцыя — 1462),
царкоўны дзеяч Вялікага княства Маскоўскага і ВКЛ. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (1437—41) з рэзідэнцыяй у Маскве (гл.Кіеўская мітраполія). На царк. саборы ў Італіі падтрымаў Фларэнційскую унію 1439 аб аб’яднанні правасл. царквы з каталіцкай. На зваротным шляху ў 1440 наведаў Вільню і кафедральныя гарады падначаленых яму епархій у ВКЛ (Полацк, Тураў, Кіеў). Аднак правасл. насельніцтва ВКЛ унію не падтрымала. Пасля вяртання ў 1441 І. ў Маскву духавенства і баярская рада прызналі акты Фларэнційскага сабора некананічнымі і скасавалі іх. І. быў пазбаўлены ўлады і зняволены ў Чудаў манастыр, адкуль уцёк у ВКЛ. Пазней жыў у Рыме. У 1458 адрокся ад Кіеўскай мітраполіі на карысць свайго вучня Грыгорыя Балгарына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЬЧЭР ((Multscher) Ганс) (каля 1400, г. Лойткірх, Германія — 1467),
нямецкі скульптар і жывапісец. З 1427 працаваў ва Ульме. Зазнаў уплывы Р.Кампена, нідэрл. і франц. скульптуры Ранняга Адраджэння. Адзін з першых у ням. мастацтве звярнуўся да вывучэння натуры, у рэліг. кампазіцыі ўводзіў быт. сюжэты, імкнуўся да перадачы індывід. характарыстыкі персанажаў праз гратэскава-выразную міміку і жэстыкуляцыю. Аўтар статуй Карла Вялікага, двух яго збраяносцаў, каралёў Чэхіі і Венгрыі (каля 1427—33), Хрыста-пакутніка на гал. партале (1429) і алтара (1433) у кафедральным саборы ва Ульме, Маці Божай для царквы ў Ландсбергу, св. Варвары і Магдаліны для капэлы св. Лаўрэнція ў Ротвайлі, мадэлі грабніцы Людвіга Барадатага (1435), алтара Марыі для Фраўэнкірхе ў Віпітэна (Італія, 1456—58), 8 карцін Ландсбергскага алтара (1437) і інш.
Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28°паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28°паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.
Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш.Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15°паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28°паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НІЧАЎ ДРУКА́РНЯ.
Дзейнічала ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Вільні. Засн. ў 1574 П.Мсціслаўцам на сродкі Мамонічаў. У ёй выдадзены «Часоўнік» (1574—76), «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). З-за канфлікту паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі, якія імкнуліся поўнасцю ўзяць кнігадрукаванне ў свае рукі, у 1576 дзейнасць друкарні прыпынілася. Адноўлена ў 1583 К. і Л. Мамонічамі, мела фін. падтрымку правасл. шляхціцаў Зарэцкіх. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі ў 1586 і 1593 Мамонічы атрымалі прывілеі, што дало часовае манапольнае права на выданне кніг на бел. і царк.-слав. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў віленскі друкар В.Гарабурда. М.д. ўлічвала запатрабаванні і культ. традыцыі розных пластоў насельніцтва. У 16 ст. выдавала л-ру для правасл. брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства, для кніжнага ўзаемаабмену з Украінай, Рус. дзяржавай, Польшчай. У ёй надрукаваны багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, у т. л. «Граматыка славянская» (1586), «Дыялектыка» І.Спангенберга (каля 1586), «Буквар» (1590-я г., 1618, 1621). Была адзінай бел. друкарняй, якая выпускала зб-кі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (на бел. мове; 1614, на польск. мове), «Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага» (1586), канстытуцыі «вальных» сеймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, напісаных І.Пацеем. Да 1623 М.д. выпусціла каля 50 кірылічных і 35 выданняў на польск. мове. Кнігі адметныя высокім паліграф. і мастацка-арнаментальным афармленнем. Тут упершыню выкарыстаны зробленыя Грынем Івановічам курсіўныя шрыфты, што ўзнаўлялі графіку канцылярскага пісьма. Выкарыстоўваліся свецкія гравюры (партрэты Жыгімонта III Вазы, Сапегі; сейм Рэчы Паспалітай, гербы і інш.). Пасля 1624 друкарскія матэрыялы М.д. часткова перайшлі ва ўласнасць Віленскай базыльянскай друкарні.
Літ.:
Зернова А.С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII в.) // Книга: Исслед. и материалы. М., 1959. Сб. 1;
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 54—79;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́ЛАК,
пасада (урад) у Польскім каралеўстве і ВКЛ. 1) М. вялікі — найвышэйшы ураднік Польшчы ў 14—18 ст. і ВКЛ у 15—18 ст. (у 15 ст.наз.земскі, у 16 ст. — найвышэйшы). Лічыўся 1-м міністрам. Кіраваў дваром манарха, прымаў замежных паслоў, вышэйшых ураднікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай стражай і каралеўскай гвардыяй, сачыў за бяспекаю манарха, прызначаў дваран. Разглядаў здарэнні і злачынствы, здзейсненыя пры двары і ў месцы знаходжання манарха. Склікаў і вёў пасяджэнні сената, а калі сейм быў вальным — кіраваў ім. Гэтыя абавязкі выконваў вял. М. ВКЛ, калі сейм адбываўся ў ВКЛ.
2) М. гаспадарскі — ураднік пры двары манарха ў 13 — пач. 17 ст. Выконваў яго спец. даручэнні, кіраваў прыдворнымі службамі. Часам колькасць М. гаспадарскіх перавышала 10 чал. 3) М. павятовы — мясцовы ўрад у ВКЛ, які ўзнік у час правядзення адм.-тэр. рэформы 1565—66 пры трансфармацыі ўрада М. гаспадарскага. Кіраваў шляхтай у павеце, склікаў і вёў павятовы сеймік. Такога ўрада не было ў гал. павеце ваяводства, дзе функцыі М. выконваў кашталян.
4) М. дворны (надворны) — ураднік у Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. Загадваў гасп. справамі манаршага двара, кіраваў М. гаспадарскімі. Быў намеснікам М. вялікага, уваходзіў у склад сената.
5) М. сеймавы — ураднік, які выбіраўся пасламі Пасольскай Ізбы (ніжэйшай палаты сейма) для вядзення пасяджэнняў. Рабіў справаздачу перад манархам, зачытваў ухвалы Пасольскай Ізбы.
6) М. трыбунальскі — ураднік, які выбіраўся суддзямі трыбуналаў, у т. л.Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, для кіравання пасяджэннямі і судаводства.
7) М. дворскі — гасп. ўраднік пры дварах членаў манаршай сям’і, біскупаў, магнатаў, кіраўнік прыдворных служак. 8) М. губернскі, павятовы — назва кіраўніка шляхецкай карпарацыі губерні або павета ў зах. губернях Рас. імперыі з 1785; тое, што і прадвадзіцель дваранства.