галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці бялізнавага і верхняга трыкатажу, панчошна-шкарпэткавых вырабаў, пальчатак, галаўных убораў, шаляў, трыкат. палатна, а таксама вырабаў мед. прызначэння. У якасці сыравіны ў Т.п. выкарыстоўваецца шарсцяная, баваўняная пража, штучны і сінт. шоўк і інш.
Выраб трыкат. адзення пачаў развівацца ў Францыі, Вялікабрытаніі і Германіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., у Расіі — у канцы 19 ст. На Беларусі першая трыкат.ф-ка пачала працаваць у 1919 у Віцебску. У 1926 засн. невял. трыкат. майстэрня ў Гомелі, якая ў 1930 рэканструявана і расшырана ў панчошна-трыкат. ф-ку (гл.Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), У 1929—31 пабудавана Віцебская панчошна-трыкат.ф-ка (гл.Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства «КІМ»), У 1940 у БССР выпускалася 81 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 17,4 млн. штук трыкат. бялізны, 1,2 млн. штук верхняга трыкатажу (адпаведна 16,7, 14 і 2,4% агульнасаюзнай іх вытв-сці). Пасля Вял.Айч. вайны на новай тэхн. аснове адноўлены даваен. і пабудаваны новыя спецыялізаваныя прадпрыемствы Т.п.
У 2001 на Беларусі больш за 60 прадпрыемстваў Т.п. Найбуйнейшыя з іх: Брэсцкі панчошны камбінат, Брэсцкая прамыслова-гандлёвая фірма «Элма», Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе» (гл.Пінскі камбінат верхняга трыкатажу), «Світанак» у Жодзіне, «Бабруйсктрыкатаж», «Купалінка» ў Салігорску і інш. У 2000 экспартавана трыкат. вырабаў на 72,9 млн. долараў, у т. л. ў краіны далёкага замежжа (Італія, Германія, ЗША, Вялікабрытанія і інш.) — на 38,5 млн. долараў. Даныя пра вытв-сцьтрыкат. вырабаў на Беларусі гл. ў табліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўна-энергетычнага комплексу, якая ўключае разведку, распрацоўку і эксплуатацыю радовішчаў газаў прыродных, вытв-сць штучных газаў, комплексную перапрацоўку, транспарціроўку па магістральных газаправодах, захоўванне, пастаўку розным галінам прам-сці і для камунальна-быт. гаспадаркі. Газ выкарыстоўваецца як крыніца энергіі і хім. сыравіна. Значная колькасць яго спажываецца ў хім., металургічнай, маш.-буд. прам-сці, у буд. індустрыі. На газаперапрацоўчых з-дах з прыроднага газу (у т. л. і са спадарожнага пры здабычы нафты) атрымліваюць газавы кандэнсат, які выкарыстоўваецца як паліва для рухавікоў (стабільны кандэнсат) і як хім. сыравіна, сухі і звадкаваны газ, сыравіну для вытв-сці азотных угнаенняў і інш.
Выкарыстанне прыродных гаручых газаў («вечных агнёў») вядома са стараж. часоў у Дагестане, Азербайджане, Іране і інш. краінах. Газавая прамысловасць пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст., калі газ сталі выкарыстоўваць для асвятлення вуліц і памяшканняў. У 1-й пал. 19 ст. з’явіліся ўстаноўкі для выпрацоўкі штучнага газу — газагенератары. Газ атрымлівалі з вугалю, асабліва пашырылася яго вытв-сць пры вырабе коксу. Здабыча прыроднага газу пачалася ў 2-й пал. 19 ст. (1870, ЗША). З сярэдзіны 19 ст. прыродныя газы выкарыстоўваюцца як тэхнал. паліва.
Асновай сучаснай газавай прамысловасці з’яўляецца прыродны газ, вытв-сць штучнага газу з вугалю і сланцаў не расце, у невял. аб’ёме газ атрымліваюць метадам падземнай газіфікацыі вугалю. У свеце здабываецца каля 2,1 трлн. м³ прыроднага газу (1993). Найб. запасы маюць: краіны б.СССР — Расія, Туркменія, Узбекістан, Азербайджан і інш. (больш за 17 трлн. м³, самыя вял.Астраханскае радовішча, Газлінскае радовішча, Урэнгойскае радовішча, Ямбургскае радовішча і інш.); Іран (10,5 трлн. м³, буйное радовішча Ахваз, Персідскага заліва нафтагазаносны басейн і інш.); ЗША (5,6 трлн. м³, Ілінойскі нафтагазаносны басейн, Каліфарнійскія нафтагазаносныя басейны, Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн і інш.); Алжыр (3,2 трлн. м³, Алжыра-Лівійскі нафтагазаносны басейн); Канада (2,6 трлн. м³, радовішча Пембіна і інш.); Мексіка (2,2 трлн. м³, Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн); Саудаўская Аравія (2 трлн. м³, Сафанія); Нідэрланды (1,6 трлн. м³, Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць, усе даныя на пач. 1980-х г.). Пра буйнейшых вытворцаў газу гл. ў табл. 1.
Транспарціроўка газу ад радовішча да спажыўца ажыццяўляецца па магістральных газаправодах (з дапамогай устаноўленых на іх газаперапамповачных агрэгатаў), агульная працягласць якіх у свеце 750 тыс.км (канец 1970-х г.), а водным шляхам — спец. танкерамі метанавозамі-газавозамі. Найб. агульную працягласць газатрансп. сістэм маюць ЗША (442 тыс.км), самыя працяглыя сістэмы ў краінах СНД — шматнітачная Урэнгой—Ухта—Таржок—Мінск—Івацэвічы—Даліна (11 тыс.км) і ў Паўн. Амерыцы Аляска—Канада—ЗША (7,7 тыс.км). Захоўваецца газ у наземных (газгольдэры), паверхневых падземных (участкі газаправодаў з павышаным ціскам) і падземных сховішчах. Найб. выкарыстоўваюцца падземныя сховішчы, якія ствараюць у выпрацаваных газавых ці нафтавых радовішчах (газ запампоўваюць праз свідравіны ў спустошаны прадуктыўны пласт).
На Беларусі газавая прамысловасць развіваецца з 1960-х г. на базе прывазнога прыроднага газу (пасля будаўніцтва магістральнага газаправода Дашава—Мінск). Адзінае Старасельскае радовішча прыроднага газу не распрацоўваецца. У 1995 даўжыня магістральных газаправодаў склала 5534 км. Здабываецца спадарожны газ на нафтавых промыслах. Для яго перапрацоўкі пабудаваны Беларускі газаперапрацоўчы завод. Дынаміку выкарыстання газу ў газавай прамысловасці Беларусі гл. ў табл. 2.
Прыродны газ паступае з Расіі па газаправодзе Таржок—Мінск—Івацэвічы—Кобрын. У 1995 імпартавана 14 млрд.м³ — амаль увесь спажываны газ. Прыродны газ у эканоміцы Беларусі выкарыстоўваецца для атрымання электраэнергіі, як паліва і хім. сыравіна (напр., на ВА «Азот» у Гродне для выпрацоўкі азотных тукаў), спадарожны пасля перапрацоўкі ідзе на паліва на Светлагорскай ЦЭЦ і ў кватэрах Рэчыцы і Светлагорска.
С.М.Зайцаў.
Табліца 1 Буйнейшыя вытворцы прыроднага газу (1993)
Краіна
Здабыча млрд.м³
Краіна
Здабыча. млрд.м³
СНД і інш. краіны б.СССР
743,0
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
29,6
ЗША
508,0
Нарвегія
26,5
Канада
128,0
Мексіка
26,0
Нідэрланды
84,0
Іран
25,0
Вялікабрытанія
61,0
Венесуэла
24,0
Алжыр
56,5
Аўстралія
23,5
Інданезія
56,0
Малайзія
23,0
Саудаўская Аравія
35,0
Румынія
22,0
Табліца 2 Вытворчасць і спажыванне прыроднага гаручага газу ў Беларусі (млрд.м³)
Вытворчасць і спажыванне
1990
1992
1994
1
2
3
4
Здабыча
0,297
0,292
0,294
Імпарт
18,8
18,0
14,3
Экспарт
3,1
—
—
Валавое спажыванне, усяго
15,5
18,3
14,7
у т. л.
на вытв-сць электраэнергіі
10,3
13,3
11,3
у якасці сыравіны
1,8
1,8
0,9
у якасці паліва ці энергіі
2,6
2,6
2,3
Страчана
0,2
0,1
0,1
Да арт.Газавая прамысловасць. Газаразмеркавальная станцыя ў Мінскім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬВА́РАК (польск. folwark ад ням. Vorwerk хутар),
від феад. зямельнага ўладання ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: двор феадала з комплексам будынкаў і ўгоддзяў. Стварэнне Ф. найперш было выклікана значным ростам попыту на збожжа ў краінах Зах. Еўропы ў канцы 15 — пач. 16 ст. Каб скарыстаць спрыяльную сітуацыю і павялічыць вытворчасць таварнага збожжа, урад ВКЛ пачаў рэарганізацыю гаспадаркі, адной з састаўных частак якой стала пашырэнне старых панскіх двароў і стварэнне Ф. Умовы стварэння Ф. вял.кн. Жыгімонт II Аўгуст агаварыў ва «Уставе на валокі» 1557. Паводле гэтага дакумента Ф. уяўляў сабой феад. гаспадарку (панскі двор з жылымі і гасп. пабудовамі, ворныя і інш. ўгоддзі), заснаваную на працы прыгонных сялян і арыентаваную на вытв-сць збожжа на продаж. Велічыні фальварковага і сялянскага ворыва суадносіліся як 1:7. Кожная сялянская сям’я атрымлівала зямельны надзел памерам у валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасці. Найб. поўнае ўяўленне пра Ф. даюць інвентары — вопісы феад. уладанняў. У 16 ст. Ф. сталі асновай гаспадарання ў зах. і цэнтр. Беларусі (усх. Беларусь у час актыўнага правядзення агр. рэформы была ахоплена Лівонскай вайной 1558—83, і гал. павіннасцю дзярж. сялян тут была даніна для забеспячэння гарнізонаў і войск). У выніку пераводу феад. гаспадаркі на фальваркова-паншчынную сістэму значна вырасла вытв-сць збожжа і ВКЛ стала адным з асн. яго пастаўшчыкоў у Зах. Еўропу. Заняпад фальваркова-паншчыннай сістэмы на Беларусі адбыўся ў сувязі з войнамі сярэдзіны 17—пач. 18 ст., калі ў выніку страты значнай колькасці насельніцтва і цяглай жывёлы не было магчымасці для апрацоўкі значных абшараў панскага ворыва і сяляне пераводзіліся на грашовую рэнту. Новае яе пашырэнне адбылося ў сувязі з правядзеннем Тызенгаўза рэформы. Фальваркова-паншчынная сістэма гаспадарання пачала знікаць у дзярж. уладаннях з правядзеннем агр. рэформы П.Дз.Кісялёва ў 1830—50-х г., канчаткова спыніла сваё існаванне пасля сялянскай рэформы 1861. Пасля гэтага тэрмін «Ф.» ужываўся пераважна ў вузкім значэнні гэтага слова як назва паселішча ці сядзібы — панскага двара з пабудовамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАМАТАЛОГІЯ
Даследаванні па стаматалогіі на Беларусі пачаліся на адпаведнай кафедры мед. факультэта БДУ (1926), у навукова-практычным ін-це аданталогіі Наркамата аховы здароўя БССР (1928) пад кіраўніцтвам І.М.Старобінскага і стаматалагічным ін-це (1940). Больш інтэнсіўна стаматалогія пачала развівацца ў пасляваенны час з адкрыццём адпаведных кафедраў у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (К.І.Бердыган) і Мінскім мед. ін-це (Ю.А.Мятліцкі). Бердыган і Т.В.Фокіна распрацоўвалі метады лячэння траўмаў сківіц, Старобінскі — хірургічнай стаматалогіі, Мятліцкі — аднаўленчай хірургіі сківічна-тваравай вобласці. У 1960-я г. распрацаваны метады процірэцыдыўнай тэрапіі герпетычнага стаматыту, спосабаў лячэння парадантыту і актынамікозу слізістай абалонкі рота (Т.Ф.Акалот, Г.П.Саснін); шэраг спосабаў пластычных аперацый у дарослых (Г.У.Кручынскі) і дзяцей (Э.М.Мельнічэнка, Фокіна). У апошнія дзесяцігоддзі прапанавана навукова абгрунтаваная праграма прафілактыкі карыесу з выкарыстаннем фтарыраванай солі, наладжана яе вытворчасць. Распрацавана канцэпцыя ўзаемасувязі стану поласці рота ў дзяцей з інфекцыйнымі і інш. захворваннямі (Мельнічэнка); прапанаваны метады зубапратэзавання на аснове выкарыстання новых пластычных матэрыялаў (Л.С.Вялічка). У Мінскім мед. ун-це і Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі працуюць спецыялісты розных кірункаў стаматалогіі: А.С.Арцюшкевіч (біямеханіка траўмаў сківіц), Вялічка (артапедычнае лячэнне хвароб перыядонту), Л.М.Дзедава (фізіятэрапія ў перыяданталогіі), П.А.Леус (прафілактыка карыесу), І.К.Луцкая (фізіялогія зуба), С.А.Навумовіч (лячэнне зубасківічных анамалій), Т.М.Церахава (прафілактыка і лячэнне зубасківічных дэфармацый), А.П.Чудакоў (аднаўленчая хірургія сківічна-тваравай вобласці). Шырокую вядомасць атрымалі даследаванні Чудакова па першаснай аўтаастэапластыцы прыроджаных шчылін паднябення ў дзяцей і метады пластычнага аднаўлення вялікіх дэфектаў твару і шыі.
Літ.:
Бердыган К.И. Клиника и лечение повреждений челюстно-лицевой области. Мн., 1961;
Метлицкий Ю.К. Стоматология в Белорусской ССР // Здравоохранение Белоруссии. 1967. №11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.
У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл.Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн.т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).
Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял.Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс.т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс.т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс.т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс.т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл.Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс.т, 1990; 44,3 тыс.т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМАЛЁЎКАдэкаратыўная, арнаментальныя ці сюжэтныя кампазіцыі, выкананыя фарбамі на розных частках арх. збудаванняў (манум.-дэкар. Р.), рэчах хатняга ўжытку (мэбля, посуд і інш.), ювелірных вырабах, творах маст. і сувенірнага прызначэння і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. З глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету вядома Р. па кераміцы, дрэве, метале, лаках і інш. (гл.Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Растоўская фініфць, Фядоскінская мініяцюра, Хахламская размалёўка). На Беларусі манум.-дэкар. Р. вядома з 11 ст. (фрэскі на сценах храмаў), з 16 ст. адзін з найб. пашыраных відаў манументальнага жывапісу. З 15 ст. вядома Р. па шкле (гл.Шкло мастацкае), з 17 ст. — батык. У 18 ст. Р. дэкарыравалі вырабы Свержанскай фаянсавай мануфактуры і Целяханскай фаянсавай мануфактуры. Р. эмалямі па метале і фарфоры (фініфць) аздаблялі дэталі абкладаў кніг, крыжы, літургічны посуд і інш. Здаўна ў побыце беларусаў вядомы пісанкі. З канца 19 ст. Р. вылучылася ў самаст. від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, ёю аздаблялі інтэр’еры жылля, хатняе начынне, мэблю. У 1-й пал. 20 ст. пашырылася Р. па дрэве, паперы, тканіне, шкле (гл.Агоўскія куфры, Агоўская размалёўка, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-дзісенскія дываны). З 2-й пал. 20 ст. размаляваныя рэчы дэкар.-прыкладнога і сувенірна-маст. характару (насценныя пано, кухонныя наборы, куфэркі, цацкі і інш.) выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць), ствараюць нар. майстры. Манум.-дэкар. Р. пашырана ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў.
Літ.:
Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Размалёўка. Лекіф з выявай Афрадыты з лебедзем. Каля 490 да н.э.Да арт.Размалёўка. П.Пучкоў. Куфэрак «Від на храм Хрыста Збавіцеля, 1920 г.». Фядоскіна. Расія. 1994.Да арт.Размалёўка. Коўш. Беларусь. 16 ст.Да арт.Размалёўка. І.Баранюк. Паляўнічы страляе ў аленя. Гуцульская кафля. Пач. 20 ст.Да арт.Размалёўка. А.Макоўчык. Размалёўка па шкле. Бярозаўскі раён Брэсцкай вобл. 1960-я г.Да арт.Размалёўка. Дз.Цубер. Куфэркі. Горад Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1987.Да арт.Размалёўка. Я.Драздовіч. Дыван 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі па вытв-сці с.-г. машын, а таксама агрэгатаў, вузлоў, дэталей, запчастак да іх. Гал. задача С.м. — забеспячэнне комплекснай механізацыі с.-г. вытв-сці. Узнікла ў пач. 19 ст. ў Вялікабрытаніі, потым у ЗША, да канца 19 ст. С.м. мела Францыя, Германія, Швецыя. У Расіі прадпрыемствы па вытв-сці с.-г. інвентару з’явіліся таксама ў 19 ст. (гал. чынам рамонтныя майстэрні замежных гандл. фірм). З 2-й пал. 1920-х г. пачаўся выпуск трактарных культыватараў і плугоў, збожжаўборачных камбайнаў і інш.
На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. існавалі невялікія майстэрні па вырабе і дробным рамонце с.-г. інвентару. У 1840-х г. у мяст. Ракаў Мінскага пав. створаны майстэрні па вытв-сці плугоў, веялак, малатарняў, у 1859 пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це пабудаваны дзярж.з-д (вырабляў часткі да эксперым.с.-г. машын), у 1901 у Лідзе засн. чыгуналіцейны з-д, які выпускаў с.-г. інвентар. У 1918—30 с.-г. машыны (бульбакапалкі, каранярэзкі, веялкі, плугі, малатарні, сячкарні) вырабляліся ў Віцебску (з-д «Чырвоны металіст»), Мінску (з-д «Энергія»), Гомелі (з-д «Рухавік рэвалюцыі»). У 1930 пабудаваны Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання («Гомсельмаш»). Пасля Вял.Айч. вайны буйныя прадпрыемствы пабудаваны ў гарадах Магілёў, Бабруйск, Брэст, Ліда, Баранавічы і інш. На 1.1.2001 існуе больш за 60 прадпрыемстваў і вытв-сцей С.м., у т. л.Брэсцкі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, адкрытае акц.т-ва «Лідсельмаш» (гл.Лідскі завод сельскагаспадарчых машын), Мінскі трактарны завод. Некат. простыя с.-г. механізмы выпускаюць майстэрні райаграпрамтэхнікі ў Лоеве, Ельску, Рагачове, Жыткавічах, Ашмянах і інш. раённых цэнтрах рэспублікі (пра вытв-сць некат. відаў с.-г. машын гл. ў табліцы).
П.І.Рогач.
Вытворчасць некаторых відаў прадукцыі сельскагаспадарчага машынабудавання Беларусі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕ́ЙНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лёгкай прамысловасці, прадпрыемствы якой займаюцца пашывам верхняга адзення (мужчынскага, жаночага, дзіцячага), бялізны, прадметаў жан. туалету, галаўных убораў, вырабаў тэхн. прызначэння У сваім размяшчэнні арыентуецца на прац. рэсурсы і раёны спажывання прадукцыі (буйныя гарады), з’яўляецца адной з пашыраных галін прам-сці. Найб. развітую Ш.п. маюць ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Францыя, Кітай, Італія, Германія, Расія і інш. На яе долю на Беларусі ў 2001 прыпадала 1,5% выпуску ўсёй прамысл. прадукцыі, 1% асн.вытв. фондаў і 5,2% прамыслова-вытв. персаналу, 33,9% усяго прыбытку, атрыманага лёгкай прам-сцю; рэнтабельнасць вытв-сці склала 11,1%.
Пашыў швейных вырабаў на Беларусі пачаўся ў 17 ст., але пераважала саматужная вытв-сць, асабліва на вёсцы. Толькі ў гарадах (Мінск, Віцебск, Гомель і інш.) існавалі невял. майстэрні па пашыве швейных вырабаў. Буйная Ш.п. на Беларусі пачала стварацца ў 1930-я г., калі былі пабудаваны буйныя прадпрыемствы: ф-кі «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, імя Крупскай у Мінску, імя Валадарскага ў Магілёве, «Камітэрн» у Гомелі і інш.
Вытворчасць швейных вырабаў на Беларусі (тыс.шт.)
Вырабы
1990
1995
2001
Паліто, паўпаліто
3656
1261
1581
з іх шарсцяныя
2824
623
1198
Плашчы
448
398
266
Касцюмы
3034
674
958
Сукенкі (у т. л. сарафаны, халаты)
13219
1222
1001
Блузкі
1301
1000
1305
Кашулі верхнія
9662
3211
2665
На 1.1.2003 на Беларусі дзейнічае больш за 250 прадпрыемстваў Ш.п. Сярод іх ёсць буйныя прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на пэўных швейных вырабах («Камінтэрн» у Гомелі, «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, «Мілавіца» і «Прагрэс» у Мінску, «Калінка» ў Салігорску, «Эліз» у Дзяржынску, «Вяснянка» ў Магілёве, Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў, Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў і інш.). Швейныя вырабы выпускаюць таксама некат. раённыя камбінаты каап. прам-сці, швейныя майстэрні ў месцах зняволення, асобныя індывід. прадпрыемствы. Дзейнічаюць сумесныя прадпрыемствы («Джэрсі» ў Брэсце, «Гартэн» у Баранавічах і інш.). Частка швейных вырабаў ідзе на экспарт. У 2001 экспарт верхняга жан. адзення склаў 62,9 млн.дол., у т. л. ў Расію 21,2 млн., у ЗША 14,6 млн., у Германію 7,1 млн., на Віргінскія а-вы 6,9 млн., у Нідэрланды 5,3 млн.; інш.жан. адзення — 36,6 млн.дол., у т. л. ў ЗША 14,3 млн., у Германію 9,4 млн., у Нідэрланды 5,4 млн., у Расію 3,6 млн. дол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУСАЛОГІЯ
Даследаванні па вірусалогіі на Беларусі вядуцца з 1920—30-х г., калі пачаўся выраб і выкарыстанне імунных лячэбных сываратак, вакцын супраць воспы і шаленства. Цэнтрам вірусалагічных даследаванняў стаў створаны ў 1924 НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Мін-ва аховы здароўя. Пасляваенныя гады адзначаны дасягненнямі бел. вучоных у вывучэнні этыялогіі поліяміэліту, воспы, адру, шаленства, вірусных гепатытаў, грыпу, энтэра- і адэнавірусных інфекцый і інш. (В.Т.Андрэева, В.І.Вацякоў, А.В.Давыдаў, Л.І.Нікановіч, П.Р.Рыцік, Э.У.Фельдман і інш.). Вірусалагічныя даследаванні інтэнсіўна развіваліся ў выніку стварэння масавай вытворчасці клетачных культур. Вял. значэнне мела імунізацыя насельніцтва супраць поліяміэліту жывой вакцынай, што стала асновай для пазбаўлення ад гэтай інфекцыі на Беларусі (Вацякоў, Фельдман). З 1968 распрацоўваецца новы кірунак — хіміятэрапія вірусных інфекцый. Створаны банк з 3 тыс. антывірусных злучэнняў, прапанаваны антывірусныя рэчывы для лячэння грыпу, герпесу, клешчавога і зах.-нільскага энцэфалітаў, шаленства (Андрэева, Я.І.Барэка, Вацякоў, Л.В.Каробчанка, Н.П.Мішаева, Г.В.Уладыка і інш.). З 1970-х г. даследуюцца асабліва небяспечныя інфекцыі, ствараюцца дыягнастычныя і хіміятэрапеўтычныя прэпараты (І.С.Лукашэвіч, А.С.Пяткевіч, А.С.Уладыка і інш.). Дасягнуты поспехі ў вырашэнні праблемы павольных вірусных інфекцый. Упершыню ў свеце апісана новая хвароба — аміатрафічны лейкаспангіёз (Вацякоў, Н.Дз.Каламіец, І.І.Протас і інш.). Прапанавана і эксперыментальна абгрунтавана гіпотэза аб вірусных інфекцыях як фактарах рызыкі атэрасклерозу чалавека, вывучаецца значэнне энтэравіруснай інфекцыі сэрца ў развіцці міякардытаў і кардыяміяпатый (Т.В.Амвросьева, Вацякоў). На сучасным этапе на аснове фундаментальных даследаванняў, развіцця малекулярна-генетычных і біятэхналагічных работ распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку новыя высокатэхналагічныя метады кантролю за актуальнымі ў наш час віруснымі інфекцыямі (СНІД, герпес, вірусныя гепатыты, рота- і энтэравірусныя інфекцыі і інш.). Распрацаваны эфектыўныя падыходы, метады і сродкі спецыфічнай дыягностыкі вірусных інфекцый, створана больш за 30 айч. дыягнастычных прэпаратаў, наладжана іх эксперыментальная вытворчасць. Практычнай мед. вірусалогіяй займаюцца мінскі гар. і абл. цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Літ.:
Бешенство и другие лиссавирусные инфекции человека: Проблема химиотерапии. Мн., 2002;
Клещевые энцефалиты Евразии. М., 2002;
Инфекционная заболеваемость на территории Беларуси в конце 19, в 20 в. и проблемы борьбы с инфекциями в 21 ст. // Роль антропогенных и природных патогенов в формировании инфекционных и неинфекционных болезней человека. Мн., 2002.
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г.Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.