БЕО́ТЫЯ (Boiōtia),

старажытная вобласць у Сярэдняй Грэцыі. Першыя дзярж. ўтварэнні на яе тэр. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. З 6 ст. да н.э. тут існавала федэратыўная дзяржава (у яе аснове саюз беатыйскіх гарадоў) на чале з Фівамі. У 4 ст. пры Пелапідзе і Эпамінондзе (лідэры фіванскай дэмакратыі) беатыйскі саюз — найб. паліт. сіла ў Грэцыі. Войны са Спартай (378—362 да н.э.) прывялі да аслаблення саюза і страты яго значэння. У 338 да н.э. саюз гарадоў Беотыі распаўся, у 3—2 ст. да н.э. зноў адноўлены. Пасля рымскага заваявання Грэцыі (2 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.) гарады Беотыі прыйшлі ў заняпад і іх саюз распаўся канчаткова. У сучаснай Грэцыі тэр. Беотыі — ном (адм. адзінка) з той жа назвай (цэнтр Левадыя).

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗРА́ІЛЬСКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава (каля 928—722 да н.э.) у Паўн. Палесціне. Узнікла пасля распаду адзінага Ізраільска-Іудзейскага царства і аб’ядноўвала 10 з 12 ізраільска-іудзейскіх плямён. Першы цар — Іераваам I [928—907 да н.э.]. Сталіцы — г. Сіхем (сучасны Наблус), пасля 876 да н.э. — Самарыя. Аснова эканомікі — земляробства, рамёствы і гандаль (праз Палесціну праходзілі шляхі міжнар. гандлю). Падтрымлівала эканам. і культ. сувязі з Фінікіяй, Егіптам і інш. краінамі. Бесперапынныя войны з суседзямі, у т. л. з Іудзейскім царствам, аслаблялі дзяржаву. Найб. трывалае становішча І.ц. было пры цару Омры [882—871 да н.э.] і яго пераемніках у 871—842 да н.э. Цар Йеху [841—814 да н.э.] быў вымушаны плаціць даніну Асірыі. У 722 да н.э. заваявана асірыйскім царом Сарганам II.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ СМЕ́ЛЫ (Charles le Téméraire; 10.11.1433, г. Дыжон, Францыя — 5.1.1477),

герцаг Бургундыі [1467—77]. Сын бургундскага герцага Філіпа III Добрага (правіў у 1419—67). Выступаў супраць цэнтралізатарскай палітыкі франц. караля Людовіка XI, дамогся ад яго вяртання пад сваю ўладу гарадоў па р. Сома (1465), імкнуўся стварыць самаст. бургундска-нідэрл. каралеўства, дзеля чаго заваяваў Латарынгію (1475) і інш. землі. Жанаты з Маргарытай Йоркскай (з 1468), дапамог Эдуарду IV вярнуць англ. прастол (1471). Цэнтралізаваў фінансы і войска, ваяваў з Францыяй (1470—75, з перапынкамі), кёльнскім епіскапствам (аблога г. Нейс у 1474—75) і створанай Людовікам XI аўстра-латарынгска-швейц. кааліцыяй (т. Ж бургундскія войны 1476—77): загінуў у час аблогі г. Нансі.

Літ.:

Коммин Ф. де. Мемуары: Пер. с фр. М., 1986.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ФРЫ (ад араб. кафір — няверуючы, няверны),

еўрапейская назва паўд.-афр народа коса. З сярэдзіны 18 ст. К. і роднасныя ім плямёны жылі на тэр. паміж Драконавымі гарамі, рэчкамі Грэйт-Фіш і Умзімкулу. У 1770—1880-я г. вялі ўзбр. барацьбу супраць афрыканераў, з пач. 19 ст. — супраць англічан (т. зв. кафрскія войны); найб. значныя ваен. сутыкненні адбыліся ў 1779—81, 1789—93, 1799—1803, 1811—12, 1818—19, 1834—35, 1846—47, 1850—53, 1858, 1877—79. Да пач. 1880-х г. каланізавана ўся тэр. рассялення коса. Цяпер К. жывуць на У Капскай прав. Паўд.-Афр. Рэспублікі Агульная колькасць 7,39 млн. чал. (1992). Мова — коса (ісікоса). Значная ч. К. прытрымліваецца традыц. вераванняў (культ продкаў і сіл прыроды), ёсць хрысціяне. Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй.

т. 8, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,

федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл. Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г. Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э.Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл. Лацінскія войны).

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ((Lee) Роберт Эдуард) (19 1.1807, Стратфард, штат Віргінія, ЗША — 12.10.1870),

ваенны дзеяч ЗША. Генерал-маёр (1861). Скончыў ваен. акадэмію ва Уэст-Пойнце (1829), у 1852—55 узначальваў яе. Удзельнік амер.-мекс. вайны 1846—48. З 1855 камандзір коннага палка ў штаце Тэхас. У 1859 кіраваў задушэннем паўстання Дж.Браўна У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 камандаваў узбр. сіламі штата Віргінія, потым галоўнакамандуючы арміяй паўд. (канфедэратыўных) штатаў. Атрымаў шэраг перамог, паказаў сябе таленавітым арганізатарам і палкаводцам, але ў 1863 страціў ваен. ініцыятыву, капітуляваў у 1865. З кастр. 1865 прэзідэнт каледжа імя Дж.​Вашынгтона ў г. Лексінгтан. Маёнтак Л. ў Арлінгтане (каля г. Вашынгтон) ператвораны ў нац. брацкія могілкі.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НКАЛЬН ((Lincoln) Аўраам) (12.2. 1809, каля г. Ходжэнвіл, ЗША — 15.4.1865),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. З 1836 адвакат. У 1834—41 дэп. ад партыі вігаў у парламенце штата Ілінойс, у 1847—49 дэп. палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША; выступаў за спыненне амер.-мекс. вайны 1846—48. З 1856 чл. Рэспубліканскай партыі ЗША. У 1861—65 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі (адзін з найб. папулярных прэзідэнтаў краіны, пра яго паліт. курс гл. ў арт. Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65). 14.4.1865 смяротна паранены ў т-ры Форда ў Вашынгтоне паліт. праціўнікам акцёрам Дж.​Бутсам.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США М., 1988;

Борисовский Б. Что утаил военный трибунал после убийства Авраама Линкольна // Покушение или убийство по политическим мотивам. Мн., 1993.

А.Лінкальн.

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІМА́Х (грэч. Lysimachos; 361, г. Пела, Македонія — 281 да н.э.),

палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога (323 да н.э.) правіў Фракіяй. У перыяд барацьбы дыядохаў за ўладу Л. у 315 да н.э. ваяваў у кааліцыі супраць Антыгона. Пасля паўторнага перадзелу спадчыны Аляксандра Македонскага Л. пашырыў тэрыторыю за кошт далучэння да сваіх уладанняў узбярэжжа праліва Гелеспонт (цяпер Дарданелы). У 306 да н.э. абвясціў сябе царом. У 303—301 да н.э. далучыў да сваёй дзяржавы частку М. Азіі. У 287—286 да н.э. ў саюзе з царом Эпіра Пірам падпарадкаваў сабе Македонію. Вёў безвыніковыя войны на Пн з гетамі і баспорскім царствам. Загінуў у барацьбе з б. дыядохам Селеўкам I Нікатарам, войска Л. было разбіта, а дзяржава распалася.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́ЦКІ (Іван Васілевіч) (14.6.1845, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 22.8.1918),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1908). Скончыў Кіеўскі ун-т (1866), з 1877 праф. у ім. Адзін з лідэраў партыі кадэтаў, дэп. 3-й Дзярж. думы (1907—12). З 1908 выкладаў на Вышэйшых жаночых курсах у Пецярбургу. Даследаваў пераважна гісторыю Францыі 16—18 ст. (рэліг. войны, агр. адносіны ў сувязі з рэвалюцыяй 1789—99). Працы Л. па агр. гісторыі Францыі стварылі школу яго паслядоўнікаў у Францыі і інш. краінах. Асн. творы: «Феадальная арыстакратыя і кальвіністы ў Францыі» (1871), «Каталіцкая ліга і кальвіністы ў Францыі» (1877), «Сялянскае землеўладанне ў Францыі напярэдадні рэвалюцыі» (1900), «Стан земляробчых класаў у Францыі напярэдадні рэвалюцыі і аграрная рэформа 1789—1793 гг.» (1912).

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТР З ДУ́СБУРГА (Petrus de Dusburg),

храніст канца 13 — пач. 14 ст., святар Тэўтонскага ордэна. Паходзіў з ням. г. Дуйсбург або галандскага г. Дусбург. Падрабязнасці жыцця і дзейнасці не захаваліся. Магчыма, быў набліжаным да вял. магістра ордэна Вернера фон Орзельна, якому прысвяціў «Хроніку зямлі Прускай» на лац. мове. «Хроніка» ахоплівае падзеі ад заснавання ордэна ў Палесціне ў 1190 і да 1326, асаблівая ўвага аддадзена падзеям канца 13 — пач. 14 ст., сучаснікам якіх быў аўтар. Ёсць дапаўненні за 1326—30, аўтарам якіх, верагодна, быў таксама Пётр. «Хроніка» змяшчае багаты і часта унікальны матэрыял пра войны ордэна з зах.-балцкімі плямёнамі, Літвой, Польшчай, пра напады рыцараў на Гародна і Новагародак («Крывіцкую зямлю»), пра ваен. дзейнасць Давыда Гарадзенскага.

Тв.:

Рус. пер. — Хроника земли Прусской. М., 1997.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)