ПО́РТА-ФРА́НКА, порт-франка (ад італьян. porto franco свабодны порт),
порт, горад або прыморская вобласць, у межах якіх дазваляецца свабодны, бязмытны ўвоз і вываз замежных тавараў. Прыкладам такой зоны ў 19 ст. служыла Адэса, якая на працягу 40 гадоў разам з прылеглай да яе тэрыторыяй была вылучана з агульнай мытнай тэр.Рас. імперыі. У гэтай зоне дазвалялася выгружаць, захоўваць, перапакоўваць і перапрацоўваць тавары без пошлін і абмежаванняў, пакуль іх не вывозілі ў глыб Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л (6.12.1520—8.5.1551),
каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта IIАўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛБона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. творы.
Барбара Радзівіл. Партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага. Сярэдзіна 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1908—09,
міжнародны канфлікт, выкліканы анексіяй 7.10.1908 Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй. Паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 правінцыі Боснія і Герцагавіна, населеныя сербамі і харватамі, былі акупіраваны аўстра-венг. войскамі, але юрыдычна заставаліся пад намінальнай уладай Асманскай імперыі; у іх пасля выхаду Сербіі з саюзу з Аўстра-Венгрыяй (1903) узмацніўся нац.-вызв. рух. Анексія была задумана, каб прадухіліць магчымае аб’яднанне правінцый з Сербіяй, што не адпавядала інтарэсам Габсбургаў. Дзеянні Аўстра-Венгрыі выклікалі пратэст з боку Турцыі і Сербіі, якая спадзявалася на падтрымку Расіі. Англія заявіла пра непарушнасць Берлінскага трактата 1878, Францыя ўстрымалася ад пратэсту, анексію не ўхвалілі Італія і Румынія. Аўстра-Венгрыю падтрымала Германія. За кампенсацыю ў 2,5 млн.тур. фунтаў Габсбургі дамагліся прызнання анексіі ад Турцыі (пагадненне ад 26.2.1909). Расія імкнулася ўрэгуляваць Баснійскі канфлікт дыпламатычным шляхам, але ва ўмовах ваен. падрыхтоўкі Аўстрыі і магчымага яе нападу на Сербію вымушана была прыняць ультыматыўнае патрабаванне Германіі (22.3.1909) аб прызнанні анексіі. 31.3.1909 анексію прызнала і Сербія. Баснійскі крызіс прывёў да росту міжнар. напружанасці, паглыблення супярэчнасцяў паміж Антантай і Траістым саюзам, пагаршэння адносін паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй, стаў адной з перадумоў развязвання 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́,
народны духавы язычковы муз. інструмент. Са старажытнасці вядома пад рознымі назвамі ў многіх народаў свету; у Беларусі, Латвіі, Літве і на Украіне, радзей у Расіі пад назвай «Д.». Уяўляе сабой скураны мех з маленькай трубачкай-«соскай» для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі («перабор» з 7 адтулінамі для выканання мелодыі і 1—2 бурдонныя трубкі«гукі»), якія маюць пішчык з адзінарным язычком з трысцінкі ці гусінага (індычага) пяра. У час ігры дудар націскае левым локцем на мех, паветра паступае ў трубкі і прымушае вібрыраваць язычкі. Гучанне моцнае і рэзкае. На Беларусі Д. была пашырана з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. і ўсх. паветаў Мінскай губерняў. Меладычная трубка найб. пашыранай двухгукавой Д. мае дыятанічны гукарад мажорнага нахілення; адзін гук строіўся ў актаву да меладычнай трубкі, другі — у квінту да першага. Д.«весялуха» была вельмі папулярным муз. інструментам, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак на сямейных і каляндарных святах, ігрышчах, кірмашах, у ансамблі са скрыпкай ці са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. Апошняе публічнае выкананне на Д. адбылося ў 1951 г. ў Полацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1606—10,
выступленні рамеснікаў і гар. беднаты Магілёва супраць магістрата. Прычынай выступлення 1606 сталі злоўжыванні ўладай і хабарніцтва магістрата, непасільныя падаткі і грашовыя паборы. Яго ўзначаліла група рамеснікаў пад кіраўніцтвам старасты цэха саладоўнікаў Стахора Мітковіча. 20 і 22.6.1606 некалькі соцень гараджан запатрабавалі спыніць злоўжыванні асобных членаў гар. рады, а 25.6.1606 выступілі супраць усяго магістрата і войта. 15 ліп. яны скінулі раду і абралі новы склад магістрата. Паводле скаргі скінутай рады ў войтаўскі суд войт Я.Валовіч 11.9.1606 адхіліў новы склад рады і прызначыў новыя выбары. Аднак рашэнне войта не было выканана. Жыгімонт III у лісце да гараджан вызначыў, што канфлікт павінен быць вырашаны ў каралеўскім судзе. 22.8.1608 у канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле канцлера Л.Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова, згодна з якой новая рада, за выключэннем бурмістра Ходкі Багдановіча, прыгаворанага каралеўскім дэкрэтам да смяротнага пакарання, павінна была «дабыць свой тэрмін» і перадаць уладу ранейшаму складу рады, што і было зроблена. Аднак барацьба ў горадзе працягвалася. У 1610 да судовай адказнасці былі прыцягнуты арганізатары новага выступлення, якія ўзначалілі напад на ратушу: 5 чал. былі пакараны смерцю, астатнія — турэмным зняволеннем, выгнаннем з горада і канфіскацыяй маёмасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАТЫ́ДЫ, Багратуні,
царская дынастыя ў Арменіі ў 885—1045. Паходзілі з аднайм. княжацкага роду (вядомы з 1 ст. да нашай эры), уладаннем якога з 4 ст. нашай эры была вобласць Кагавіт. У 8—9 ст. Багратыды ўзначальвалі барацьбу за незалежнасць краіны, аднавілі яе ў 861 і дамагліся прызнання ад Арабскага халіфата і Візантыі (гл.Анійскае царства). Буйнымі прадстаўнікамі дынастыі былі Ашот I, Ашот II, Ашот III, Гагік I [990—1020]. Дынастыя спыніла існаванне пасля заваявання краіны Візантыяй (1045).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-МАРА́ТХСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны англ. Ост-Індскай кампаніі супраць маратхскіх княстваў у Індыі. У выніку першай англа-маратхскай вайны (1775—82) княствам навязаны Салбайскі дагавор 1782, паводле якога англ. кампанія атрымала некаторыя землі маратхаў. У другой англа-маратхскай вайне (1803—05) маратхі страцілі ч. сваёй тэр. і прызналі сябе васаламі. У трэцяй англа-маратхскай вайне (1817—18) адны князі падпарадкаваліся англічанам, іншыя аказалі супраціўленне, аднак былі разгромлены. Значная ч. маратхскай тэр.была анексіравана англ. кампаніяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУДАКІ́», будакі-паны,
група насельніцтва бел. паходжання на тэр.б. Лукаянаўскага пав. Ніжагародскай губ. (сучасныя паўд. раёны Ніжагародскай вобл. Расіі). Утварыліся ў 17 ст. ў часы царавання Аляксея Міхайлавіча ў выніку прымусовага перасялення этнічна бел. насельніцтва. Назва паходзіць ад занятку гэтых людзей у мінулым будным промыслам (скажонае ад буднікі). Велікарус. наваколле называла «будакоў» таксама «літвой», «палякамі», «польшчай». Паводле перапісу 1897, з 995 беларусаў, што жылі ў Ніжагародскай губ., большасць (67,5%) была сканцэнтравана ў Лукаянаўскім пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБІ́-ХАНЫ́М,
ансамбль архітэктурных помнікаў пач. 15 ст. ў Самаркандзе. Уключае грандыёзную саборную мячэць Цімура, пабудаваную ў 1399—1404. Захаваліся рэшткі манументальнага ўваходу-пештака з мінарэтамі, гал. і бакавых будынкаў, перакрытых купаламі. Мячэць мела двор (78×64 м), абведзены галерэямі з 389 купаламі і аркамі на мармуровых калонах; была багата ўпрыгожана кафляй, разным мармурам, размалёўкай. Насупраць мячэці ўзвышалася медрэсэ Сараі-Мульк-Ханым (захаваўся вуглавы 8-гранны маўзалей, дэкарыраваны кафляй і размалёўкай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́НЬКАў архітэктуры,
дэкаратыўная дэталь (патаўшчэнне) слупоў, калонак, ліштваў акон і дзвярных парталаў. Мае круглую або крыху падоўжаную (дынепадобную) форму. Была пашырана ў рус. мураванай архітэктуры 15—17 ст., у драўляным дойлідстве — да канца 18 ст. На Беларусі сустракаецца пераважна ў пабудовах 19 — пач. 20 ст. стыляў псеўдарускага і мадэрн (будынак Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску, Пакроўская царква ў Гродне і інш.).
Дынькі на фасадах былога Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску (уверсе) і Пакроўскай царквы ў Гродне.