помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 ст. ў в. Чырвоная Зорка (б. Радзівілімонты) Клецкага р-на Мінскай вобл. Размешчаны ў б. летняй рэзідэнцыі мінскага ваяводы кн. Ю.Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586. У 2-й пал. 19 ст. належаў Вітгенштэйнам. У комплекс уваходзілі палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809), гасп. пабудовы, капліца (не захавалася), парк. Па-за межамі комплексу былі вадзяны млын, сушня, вятрак. Палац пабудаваны ў 1780—83 у стылі класіцызму (арх. К.Спампані, Я.Бэнса). Аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Канструкцыя будынка мяшаная; вонкавыя сцены з дубовых брусоў, унутр. падоўжныя — мураваныя. У сім.-восевай кампазіцыі гал. фасада вылучаўся дарычны 4-калонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарыз. шалёўкі сцен, якая імітавала руст. З дрэва былі выкананы пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваны ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 палац адбудаваны. У нішах інтэр’ера знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, выкананы ў 1780 маст. А.Смуглевічам. Ад палаца засталіся руіны. У гасп. частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, стайні, адрына, абора. гумны, валовы млын, свіран. Свіран — прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным гонтавым дахам на кроквах. Фасад мае значны вынас даху, пад ім — галерэя на высокіх слупах (служыла для падняцця грузаў на вышку). На вільчыку даху — вежачка з невял. звонам і флюгерам. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформлены маст. коўкай. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. каля 13 га) ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапра, на якой створаны каскад ставоў. Перад палацам — вял. партэр. Элементы рэгулярнасці ў яго планіроўку ўносяць прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі. У пач. алей устаноўлены памятны камень з інфарм. надпісам, што алея высаджана ў 1875 князёўнай М.Радзівіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Прачыстай Божай Маці,
фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял.кн.літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх. рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.Генеберг) і 1935 (арх. А.Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТРБудынакт-ра пастаўлены ў 1886—88 паводле праекта арх. П.Камбурава і інж. У.Мільяноўскага. Сваёй трупы не меў. У 19 — пач. 20 ст. ў ім выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст.т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага. Гастраліравалі буйныя майстры сцэны В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа. М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш. У 1910—16 выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. З 1954 у будынку т-ра дзейнічае Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Будынакт-ра мае складаную кампазіцыю аб’ёмаў. Цэнтр. месца займае прамавугольная ў плане глядзельная зала з закругленай задняй сцяной. На гал. фасадзе выступаюць 2 вежападобныя чацверыковыя аб’ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе 2-баковая крывалінейная ў плане лесвіца. Вакол глядзельнай залы згрупаваны вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. У арх. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытай чырвонай муроўкі і белых атынкаваных дэталей псеўдарускага стылю (зубчыкі, сухарыкі, абрамленні аконных праёмаў разнастайных форм). Інтэр’ер аздоблены разьбой па дрэве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 18—19 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Касцёл пабудаваны ў 1765—86 з цэглы ў стылі барока (з 1830-х г. Варварынская царква) на месцы драўлянага касцёла пач. 18 ст. Прамавугольны ў плане аднанефавы храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены пілястрамі, карнізамі, нішамі і завершаны 3-лопасцевым франтонам. Перспектыву інтэр’ера замыкае размалёўка апсіды ў тэхніцы грызайль. Захаваўся помнік іканапісу 16 ст. — абраз «Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская». У пач. 19 ст. побач узведзены мураваны 2-павярховы корпус кляштара (у 1832 скасаваны; у 1858—75 тут размяшчаўся правасл.Пінскі Варварынскі манастыр, у 1993 адноўлены).
Драўляны касцёл Міхаіла Архангела пабудаваны ў 1712 у прадмесці Пінска Каралін па фундацыі М.Вішнявецкага і яго жонкі Кацярыны з Дольскіх. Аднанефавы прамавугольны ў плане будынак быў накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад з трохвугольным франтонам і арачным парталам увахода фланкіравалі 2 трох’ярусныя вежы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні васьмерыковы, завершаны купалком). Побач стаяў невял. 1-павярховы драўляны будынак кляштара. Касцёл і кляштар адлюстраваны на карце бернардзінскіх кляштараў літ. правінцыі, выгравіраванай Г.Ляйбовічам у 1750—60-я г.
Р.В.Баравы, Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Варварынская царква. Здымак 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана з дрэва ў 1826 у в. Блонь (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Сіметрычны прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) са шпілем, над сяродкрыжжам 8-гранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Гал. фасад акцэнтаваны манум. порцікам, які ўтвараюць 4 мураваныя калонкі і трохвугольны франтон. Сцены гарызантальна ашаляваны, завершаны карнізам з поясам «сухарыкаў», разным фрызам. У інтэр’еры асн. частка 3-нефавая, над бабінцам хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙНАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Вейна (Магілёўскі р-н). Цэнтрычны, у плане блізкі да квадрата будынак са скругленымі вугламі. У сілуэце дамінуе цыліндрычны барабан са сферычным купалам. Вуглавыя часткі гал. фасада завершаны круглымі вежамі з купальнымі пакрыццямі. Бакавыя ўваходы вылучаны рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У інтэр’еры фрэскавая размалёўка ў стылі класіцызму, выявы 4 евангелістаў і 4 шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Размаляваны таксама скляпенні і сцены апсіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРУ́РЫ-ЛЕЙН»
(Drury Lane),
англійскі драматычны тэатр. Створаны ў 17 ст. У 18—19 ст. меў манаполію на пастаноўку сур’ёзнай драмы. Гэта абумовіла высокі маст. ўзровень рэпертуару («Д.-Л.» называюць «Домам англ. драмы») і прывабіла шмат таленавітых англ. акцёраў. Тут выступалі: Д.Гарык, С.Сіданс, Дж.Кембл, Э.Кін, У.Макрэдзі. У рэпертуары разам з лепшымі творамі нац. драматургіі ставіліся таксама пантамімы і меладрамы.
Будынак узведзены ў 1663. Пацярпеў ад пажараў (1672, 1809) і ад бамбёжкі (1940). Адноўлены. Цяпер пастаяннай трупы не мае, выкарыстоўваецца для гастрольных спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ЦКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1929 у в. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі). Мае рысы стылю мадэрн.
Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай алтарнай апсідай, бабінцам і сакрысціямі накрыты дахам складанай формы. Гал. фасад вылучаны высокай 5-яруснай вежай-званіцай, уваход аформлены падчэнямі на 4 мураваных слупах. Сцены ашаляваны дошкамі, вокны арачныя і круглыя. Інтэр’ер падзелены 8 слупамі на З нефы. Столь кесаніраваная, з арнаментальнай размалёўкай. Над бабінцам — хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЯ́НСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. Крыжападобны ў плане будынак з трыма апсідамі. Над сяродкрыжжам невял. галоўка на чацверыку. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — высокая двух’ярусная званіца, што прымыкае да бабінца. Паверхня сцен гарызантальна руставаная. Аконныя і дзвярныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з кілепадобнымі завяршэннямі франтончыкаў, аркамі з паўкалонамі. Неф і трансепт храма перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бабінец — крыжовым, апсіды — конхамі.