КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),
вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш.Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл.Маёліка) і інш.
Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс.г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб.стараж. посуд (6—5,8 тыс.г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э.вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.
На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл.Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу рас шырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л.галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.
К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн.тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.
Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс.г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл.Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст.н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл.Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл.Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар.маст. промыслаў (гл.Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл.вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г.прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.
На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт.Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл.Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сцькафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц.маст. стылі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл.Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал.ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.Зільберт, М.Бяляеў, В.Гаўрылаў, Т.Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.Панамарэнкі, М.Шаўцовай, М.Кляцкова, Ф.Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.Байрачны, В.Грыгарышына, В.Данчук, А.Дзятлава, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, А.Концуб, У.Кузняцоў, Н.Кухарэнка, С.Ларчанка, А.Паддубны, У.Паражняк, Э.Позняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, Т.Сакалова, А.Сурмач, У.Угрыновіч і інш.
Літ.:
Беларуская кераміка. Мн., 1984;
Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;
Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.
Н.І.Здановіч, Г.К.Штыхаў, М.М.Яніцкая, В.І.Жук (К. мастацкая).
Да арт.Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.Да арт.Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.Да арт.Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.Да арт.Кераміка. У.Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.Да арт.Кераміка. У.Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.Да арт.Кераміка. С.Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.Да арт.Кераміка. Т.Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСКІ КАВАЛЕ́Р,
1) воін рус. арміі, узнагароджаны ордэнам велікамучаніка і перамаганосца Георгія.
2) Воін рус. арміі, узнагароджаны знакам Ваеннага ордэна (з 1913 Георгіеўскі крыж).
Ордэн велікамучаніка і перамаганосца Георгія ўстаноўлены 8.12.1769 імператрыцай Кацярынай II як узнагарода за баявыя заслугі для генералаў і афіцэраў. Падзяляўся на 4 ступені (класы): 1, 2 і 3-й ступені насілі на шыі, 4-й — у пятліцы на стужцы георгіеўскіх колераў (аранжавы з чорным). Ордэн 1-й ступені меў 3 знакі: крыж, зорку з вензелем СГ (св. Георгій) і надпісам «За службу і храбрасць», стужку з крыжам на банце на ўзроўні бядра; ордэн 2-й ступені — крыж і зорку; 3-й і 4-й ступеней — крыж. Усе крыжы былі з золата з белай эмаллю, на правым баку — фініфцевая выява святога, на адваротным — вензель СГ. Асобам нехрысціянскага веравызнання замест крыжа выдаваўся Георгіеўскі медаль. Да 1855 ордэнам св. Георгія 4-й ступені ўзнагароджваліся таксама афіцэрскія чыны за 25 гадоў службы ў арміі, а на флоце за ўдзел у 18 (з 1833 — 20) навігацыйных кампаніях; усяго за выслугу гадоў было ўзнагароджана 10 300 чал. У 1-ю сусв. вайну ў 1914—17 ордэнам св. Георгія ўзнагароджаны: 1-й ступені не было, 2-й — 4 чал., 3-й — 53 чал., 4-й — 3504 чал. У Расіі былі 4 поўныя Георгіеўскія кавалеры (асобы, узнагароджаныя ордэнам св. Георгія 4 ступеней): фельдмаршалы М.І.Кутузаў, М.Б.Барклай дэ Толі, І.Ф.Паскевіч, І.І.Дзібіч. У 1826 у Зімовым палацы ў Пецярбургу была адкрыта Ваен. галерэя 1812, дзе прадстаўлены Георгіеўскія кавалеры генералы — удзельнікі Айч. вайны 1812. Сярод іх партрэты 20 Георгіеўскіх кавалераў, якія ў розны час служылі ў вайск. часцях з «бел.» назвамі: Бабруйская крэпасць — А.І.Грэсер (служыў у 1810—11, ваен. інжынер); Бел. гусарскі полк — П.В.Галянішчаў-Кутузаў (1803—07, шэф палка), Дз.В.Давыдаў (1804—06), С.М.Ланской (1811—14, шэф палка), М.І.Мезянцоў (май—жн. 1814, шэф палка); Бел. егерскі корпус — К.Ф.Багавут (1795—97), М.В.Вуіч (1786—97), Я.І.Маркаў (1794—97); Брэсцкі пях. полк — П.І.Івеліч (1806—13, камандзір палка); Віцебскі пях. полк — Паскевіч (май—кастр. 1810, камандзір палка); Гродзенскі гусарскі полк — Дз.Дз.Шэпелеў (1806—10, шэф палка), Я.П.Кульнеў (1806—12, у 1811—12 шэф палка), Ф.В.Рыдзігер (1806—24, 1845—?, з 1812 шэф палка); Гродзенскі кадэцкі корпус — А.А.Закрэўскі (да 1802 кадэт); Імператарская шляхецкая Бел. харугва — Я.І.Чапліц (1783—88); Магілёўскі гарнізонны батальён — Я.А.Галавін (1797—1801); Мінскі пях. полк — У.П.Мезянцоў (3—22. 7.1808); Полацкі пях. полк — П.А.Філісаў (1807—15, шэф палка); Татарскі уланскі полк (першапачаткова камплектаваўся з татар ВКЛ) — К.Б.Кнорынг (1806—12, камандзір і шэф палка), В.В.Ешын (1809—15, з 1812 камандзір палка). З 1849 імёны генералаў і афіцэраў Георгіеўскіх кавалераў змяшчаліся на сценах Георгіеўскай залы Вял. Крамлёўскага палаца ў Маскве.
25.2.1807 для ўзнагароджвання за баявыя заслугі ніжніх чыноў (салдат, матросаў і унтэр-афіцэраў) заснаваны знак узнагароды Ваен. ордэна, які быў прылічаны да ордэна св. Георгія. Уяўляў сабой сярэбраны крыж, на правым баку якога была выява св.Георгія на кані, на адваротным — вензель СГ. Насілі яго на георгіеўскай стужцы, ступеней не меў. З 1809 на знаках сталі прастаўляць парадкавы нумар. Нехрысціян замест крыжа ўзнагароджвалі медалём «За храбрасць» на георгіеўскай стужцы, а з 1844 ім выдавалі крыжы з двухгаловым арлом замест выявы святога. З 1856 знак узнагароды меў 4 ступені: 1-я і 2-я — залатыя крыжы, 3-я і 4-я — сярэбраныя; 1-я і 3-я ступені дапаўняліся бантам на стужцы. Нумарацыя прастаўлялася нанава на кожнай ступені. Парадак узнагароджвання быў такі: спачатку выдавалася 4-я ступень, потым — 3-я і г.д. Асоба, якая атрымала ўсе 4 ступені, наз. поўным Георгіеўскім кавалерам (да 1913). У выключных выпадках (напрыклад, матросам крэйсера «Вараг» у 1904) адразу выдаваўся знак узнагароды 1-й ступені, узнагароджаны лічыўся поўным Георгіеўскім кавалерам. 23.8.1913 знак Ваен. ордэна афіцыйна сталі называць Георгіеўскім крыжам, у сувязі з гэтым праслаўлялася новая нумарацыя. Першыя 2 ступені вырабляліся з пазалочанага серабра, а з 23.9.1916 — з жоўтага і белага некаштоўнага металу. Георгіеўскім крыжам узнагароджвалі і пры Часовым урадзе (сак.—кастр. 1917), паводле рашэння агульных сходаў ніжніх чыноў роты або батальёна Георгіеўскім крыжам 1-й і 2-й ступеней маглі ўзнагароджвацца і афіцэры. У гэтым выпадку да стужкі прымацоўвалася металічная галінка.
У 1878 для медаля «За храбрасць» (якім да 1844 замест знака Ваен. ордэна ўзнагароджвалі нехрысціян) былі ўстаноўлены 4 ступені з нумарамі: першыя 2 былі залатыя, астатнія — сярэбраныя. Паводле статута 23.8.1913 медаль стаў наз. Георгіеўскім і падпарадкоўваўся Георгіеўскаму крыжу. На 6.12.1916 медалём усіх ступеней было ўзнагароджана больш за 1 505 000 чал. З 1913 поўным Георгіеўскім кавалерам афіцыйна лічыўся воін, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам усіх 4 ступеней і Георгіеўскім медалём 4 ступеней. У 1-ю сусв. вайну вядома толькі некалькі поўных Георгіеўскіх кавалераў, у т. л. вахмістр Ключнікаў. Георгіеўскім крыжам 4 ступеняў былі ўзнагароджаны наступныя воіны беларусы і ўраджэнцы Беларусі, удзельнікі руска-турэцкай 1877—78, руска-японскай 1904—05 і 1-й сусв. войнаў: Л.А.Арцём’еў, І.М.Богдан, С.П.Богдан, Дз.М.Васільеў, К.А.Вышнікаў, С.А.Гавяза, А.К.Грыб (узнагароджаны адразу 1-й ступенню за ўдзел у Цусімскім баі 1905), І.Я.Гудкоў, М.А.Дубовік, І.Я.Ждановіч, П.В.Заблоцкі, М.І.Здановіч, А.Дз.Казачонак, С.Дз.Казачонак, П.І.Казятнікаў, Д.В.Канопка, І.І.Коўкель, П.В.Леанкоў, А.П.Лешчык, Я.І.Новікаў, В.Л.Раловец, Л.А.Сільвановіч, І.Ф.Фамін, І.М.Чахоўскі, А.А.Шугаеў, Н.М.Ярома і інш.
Дэкрэтам СНК РСФСР ад 29.12.1917 усе ордэны і медалі (у т. л. Георгіеўскія), якія існавалі на той час, былі скасаваны. У 1943 у час Вял.Айч. вайны на ўзор Георгіеўскага крыжа для салдат і сяржантаў (у авіяцыі і для мал. лейтэнантаў) быў устаноўлены ордэн Славы 3-х ступеней на георгіеўскай стужцы, у 1945 — медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» на георгіеўскай стужцы, якім узнагароджваліся ўсе ўдзельнікі вайны.
Кр.: Полное собрание законов Российской империи с 1649 г.Спб., 1830. Т. 18. С. 1020—1024; Т. 29. С. 1013—1016.
Літ.:
Спасский И.Г. Иностранные и русские ордена до 1917 года. Л., 1963. С. 115—116;
Кузнецов А.А. Ордена и медали России. М., 1985. С. 44—69, 157—159.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯПРО́ЎЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш.усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,
грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел.нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел.нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел.нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел.вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук.беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт.газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел.рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел.нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял.кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л.бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел.нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел.газ.«Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.—ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНКЗах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел.этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.
Кр.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977; Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991; Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка / Публ. В.Скалабана // Бел.гіст.Часоп. 1993. № 1—4; Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мн., 1994; [Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага] / Падрыхтавалі да друку А.Гаўрон, Я.Янушкевіч // Маладосць. 1988. № 1; Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.
Літ.:
Багдановіч М. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1968. Т. 2;
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (факс. выд.Мн., 1992);
Купала Я. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1976. Т. 7;
Яго ж. Жыве Беларусь: Вершы, арт.Мн., 1993;
Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928;
Тое ж.Мн., 1991;
Цвікевіч А. «Западноруссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. Мн., 1929;
2 выд.Мн., 1993;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 4 выд.М.; Л., 1926;
Тое ж.Мн., 1992;
Абдзіраловіч І. [Канчэўскі І.] Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светагляду). Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Лёсік Я. Творы. Мн., 1994;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
Недасек Н. [Адамовіч Ант.]. Камунізм і «беларускі нацыяналізм»: (Гіст. агляд...) // Запісы. Мюнхен, 1962. Кн. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШКОРТАСТА́Н, Рэспубліка Башкортастан, Башкірыя,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 143,6 тыс.км². Нас. 4048 тыс.чал. (1994), гарадскога 64%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Жывуць башкіры, рускія, татары, чувашы, марыйцы, украінцы, мардва, удмурты і інш. Сталіца — г.Уфа. Найб. гарады: Стэрлітамак, Салават, Нафтакамск, Акцябрскі, Беларэцк, Ішымбай, Кумертау, Туймазы.
Прырода. Тэрыторыя Башкортастана займае ўсх. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны, Перадуралле, горную паласу Паўд. Урала і ўзгоркава-раўнінную ч. Зауралля. На З рэльеф раўнінны, на ПдЗ Бугульмінска-Белебееўскае ўзвышша (выш. да 418 м), на Пд адгор’і Агульнага Сырта, на ПнУ Уфімскае плато (выш. да 632 м), паміж імі, на р. Белая, Ніжнябельская ўзгоркава-хвалістая раўніна. На У сістэма мерыдыянальных хрыбтоў Паўд. Урала (выш. да 1640 м, г. Ямантау); на Пд хрыбты зніжаюцца і пераходзяць у Зілаірскае плато. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вугаль, каменная соль; радовішчы жалеза, медзі, цынку, золата. Клімат кантынентальны, з умерана цёплым летам і суровай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -14 °C да -17 °C, ліп. 16—20 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Частыя сухавеі і пылавыя буры, зімой бураны. Гал. рака — Белая (1420 км, амаль уся ў межах Башкортастана) з прытокамі Нугуш, Сім, Уфа, Дзёма, на Пдр. Сакмара. Шмат дробных азёраў. Большая ч. раўніннай неўзаранай тэр. пад лесастэпавай і стэпавай кавыльна-разнатраўнай расліннасцю на чарназёмных глебах. Пад лясамі 40% тэрыторыі. На Пн Перадуралля — мяшаныя лясы на шэрых лясных і дзярнова-падзолістых глебах. На Паўд. Урале рэзка праяўляецца вышынная пояснасць: пояс дубова-ліпавых лясоў змяняецца піхтава-яловым. Запаведнікі: Башкірскі, Шульган-Таш. Прыродны нац. парк.
Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. Башкортастана засялялася з часоў верхняга палеаліту. Першае апісанне башкіраў пакінуў араб. падарожнік Ібн Фадлан (921). У 10—13 ст.башк. плямёны качавалі ў Прыураллі ад Волгі да Табола; займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам; адбываўся пераход ад радавых да феад. адносін. У 13 ст. землі башкіраў заваявалі мангола-татары і ўключылі ў Залатую Арду. З 2-й пал. 15 ст. Башкортастан стаў васалам Нагайскай Арды, Казанскага і Сібірскага ханстваў. Пасля разгрому Казанскага ханства большасць насельніцтва Башкортастана прыняла рас. падданства (1557), захаваўшы сваю рэлігію — іслам. Феад.-калан. прыгнёт, захоп башк. земляў рус. памешчыкамі і заводчыкамі выклікалі паўстанні (гл.Башкірскія паўстанні 17—18 ст.). На чале з Салаватам Юлаевым башкіры ўдзельнічалі ў Сялянскай вайне 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 18 ст. ў Башкортастане развіваецца горназаводская прам-сць. У 1798 рас. ўрад абвясціў башкіраў ваен. саслоўем, у 1863 прыраўняў іх у правах да сельскіх жыхароў. Пасля сял. рэформы 1861 у Башкортастане хуткімі тэмпамі развіваўся капіталізм. Буйным гандл.-адм. цэнтрам стаў г. Уфа. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у шэрагу гарадоў Башкортастана створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова ў г. Уфа ў крас. 1917 на мусульм. з’ездзе башкіраў і татараў створаны Нац. савет. Летам 1917 нац. рух, які разгарнуўся пераважна на ўсходзе, узначаліў Башк.абл. савет. У снеж. 1917 у Арэнбургу, захопленым казацкімі войскамі А.І.Дутава, Башк. ўстаноўчы сход стварыў Башк.нац. ўрад на чале з З.Валідавым і М.Манатавым. 5.7.1918 Уфу захапілі белагвардзейцы (гл.Уфімская дырэкторыя) і стварылі башк. белае войска. Насельніцтва Башкортастана, незадаволенае рэжымам А.В.Калчака і яго заявамі пра ліквідацыю башк. аўтаноміі, павярнула на бок сав. улады. 20.3.1919 утворана Башкірская АССР са сталіцай у Стэрлітамаку (т.зв. Малая Башкірыя), падпісана Пагадненне Рас. рабоча-сял ўрада з Башк. урадам аб сав. аўтаноміі. Апазіцыйна настроеныя нац. сілы разглядалі гэта як тактычны ход і спрабавалі ізаляваць Башкортастан ад РСФСР. У 1922 да рэспублікі далучана б. Уфімская губ. (Вялікая Башкірыя), сталіца перанесена ў г. Уфа.
11.10.1990 абвешчана Рэспубліка Башкортастан у складзе Рас. Федэрацыі. 31.3.1992 Башкортастан разам з інш. рэспублікамі падпісаў дагавор аб федэрацыі з Расіяй, а з 1993 узяў пад кантроль эканам. і паліт. жыццё як незалежная рэспубліка.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: нафтаздабыўная, нафтаперапр., нафтахім. (вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, дубільных рэчываў, лакаў і фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтасамазвалы, буд. машыны, машыны для ўнясення ў глебу ўгнаенняў, энерга- і трансп. машынабудаванне, станкабудаванне, вытв-сць горна-нафтавага абсталявання, эл.-тэхн. вырабаў). Развіты металургія чорных і каляровых металаў, хім. (сінт. каўчук, вытв-сць каталізатараў і каўстычнай соды), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, запалкі, папера), лёгкая (гарбарна-абутковая, тэкст.), харч. (масларобная, спіртавая, цукр., вітамінная, плодаагароднінная) прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы). Здабыча бурага вугалю, меднай руды, золата. Вырошчваюць збожжавыя (яравая пшаніца, жыта, авёс, ячмень, кукуруза). Пасевы тэхн. культур (цукр. буракі, сланечнік). Садаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні) і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Па тэрыторыі Башкортастана праходзяць чыг. магістралі Самара—Уфа—Чэлябінск, шэраг мерыдыянальных адгалінаванняў чыг. ліній (Магнітагорск—Беларэцк); аўтамаб. шаша Самара—Чэлябінск. Суднаходства па рэках Белая і Уфа. Сетка нафта- і газаправодаў: Туймазы—Уфа, Ішымбай—Уфа, Ішымбай—Орск, Туймазы—Салават і інш. Курорты Аксакава, Алкіна, Шафранава, Чэхава, Краснаусольскі, Янгантау і інш.
Культура. У 1992 у Башкортастане больш за 2,5 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (каля 250 тыс. дзяцей), больш за 3,2 тыс.агульнаадук. школ (больш за 588 тыс. вучняў); 72 сярэднія спец.навуч. ўстановы (каля 64 тыс. навучэнцаў); у 9 ВНУ больш за 53 тыс. студэнтаў. Навук. даследаванні вядуцца ў НДІ і інш.навук. установах.
Літаратура Башкортастана фарміравалася на аснове вуснай нар. творчасці (эпічныя паданні, гіст. і быт. песні, казкі, легенды) і цюрк. пісьмовых помнікаў Прыуралля і Паволжа. Да фальклору набліжаны вершы і песні першага башкірскага паэта Салавата Юлаева. У 1-й пал. 19 ст. паэзія мела пераважна рэліг. суфійскі характар (Т.Ялсыгул, Ш.Закі і інш.). Ідэямі асветніцтва прасякнута творчасць пісьменнікаў 2-й пал. 19 ст. М.Акмулы, М.Бікчурына, М.Умітбаева. Прынцыпы крытычнага рэалізму сцвярджаліся ў творах М.Гафуры, А.Тагірава, Д.Юлтыя, Ш.Бабіча і інш.Л-ра 1930-х г. развівалася па шляху сац. рэалізму (аповесці і раманы С.Агіша, Б.Бікбая, І.Насыры, Х.Даўлетшынай, А.Бікчэнтаева, Тагірава, З.Біішавай, вершы і паэмы Юлтыя, С.Кудаша, Р.Нігматы, М.Сюндзюкле, драмы А.Мірзагітава, І.Абдуліна). Паэзія Т.Арслана, М.Карыма, Х.Карыма, Н.Наджмі, проза Агіша, Кудаша і інш. прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны. У апошнія дзесяцігоддзі плённа развіваюцца дзіцячая літаратура, літаратуразнаўства, крытыка, драматургія (А.Кірэеў, Нігматы, Г.Рамазанаў, М.Карым, Наджмі, Мірзагітаў). Актывізацыі башкіра-бел. літ. сувязяў садзейнічаў 3-і пленум ССП СССР (10—16.2.1936), прысвечаны пытанням башкірскай і бел. л-р. Творы бел. л-ры перакладалі Сюндзюкле, Кудаш, Х.Карым, Г.Аміры, Нігматы, Х.Бікулаў, Рамазанаў і інш.
На тэр. Башкортастана ў Капавай пячоры (Шульганташ) выяўлены палеалітычныя наскальныя размалёўкі. У могільніках 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры знойдзены кераміка, пацеркі, падвескі, металічныя спражкі з арнаментам і стылізаванымі выявамі жывёл. З пранікненнем ісламу тут пачалі будаваць маўзалеі (Кэшэнэ і Хусейн-хана, абодва 14 ст.), мячэці (с. Стара-Тушкірова, 17—18 ст.). У 16—18 ст. узніклі гарады Стэрлітамак, Белебей, Бірск, Уфа, у якіх з 19 ст. будаваліся драўляныя і мураваныя дамы ў стылі класіцызму, у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектычнага характару. У збудаваннях 1930—50-х г. выкарыстоўваліся элементы класіцыстычнай архітэктуры. З 1960-х г. забудова гарадоў вядзецца комплексна, будынкі сучаснага стылю, простых, лаканічных формаў. У традыц.нар. мастацтве башкіраў здаўна развіты ўзорыстае ткацтва (заслоны, сурвэткі, ручнікі, бязворсавыя дываны), вышыўка тамбурам (налобныя павязкі-«харусы», фіранкі-«шаршаў»), зеляны. У аплікацыях на суконным абутку, цісненнях па скуры, чаканцы і насечках па метале пераважаюць арнаменты, агульныя паводле паходжання з цюрк. і манг. народамі. Пашыраны драўляны посуд («коўш-іжаў») з разьбой і размалёўкай, з 19 ст. — арх. разьба. Першы башкірскі мастак К.Даўлеткільдзееў. Сярод жывапісцаў 1940—80-х г. З.Гаянаў, Б.Дамашнікаў, А.Бурзянцаў, А.Панцялееў, Р.Нурмухаметаў, А.Лутфулін, Ф.Кашчэеў, А.Сітдыкава; сярод скульптараў — Т.Нячаева, Б.Фузееў, Р.Фатыхаў; сярод графікаў — Р.Гумераў, В.Дзіянаў, Э.Саітаў. У 1920 у г. Уфа адкрыты Маст. музей (з 1954 імя М.Несцерава), у 1926 — маст. вучылішча (цяпер Уфімскае вучылішча мастацтваў). У 1933 засн. Саюз мастакоў, у 1938 — Саюз архітэктараў Башкортастана.
Сярод найб.стараж. жанраў башкірскага муз. фальклору эпічныя кубаіры (быліны) і баіты (сюжэтныя песні-казкі), вясельныя галашэнні (сенляу) і велічанні (цяляк), працяжныя (азанкюй) і кароткія (кыска-кюй) песні, такмакі (песні-танцы тыпу прыпевак). Пашырана меладычнае аднагалоссе, элементы шматгалосся пры гарлавых спевах — узляу. Нар.муз. інструменты — курай, кубыз, дамбра. Прафес. музыка развіваецца з 1920-х г. У 1940-я г.паст. першыя нац. оперы («Хакмар» М.Валеева, «Мэргэн» і «Ашказар» А.Эйхенвальда) і балет «Жураўліная песня» Л.Сцяпанава і З.Ісмагілава (1944). Уклад у развіццё сімф., камерна-інстр. і вак. жанраў зрабілі З. і Л.Ісмагілавы, Х.Ахметаў, Р.Муртазін, Н.Сабітаў, Х.Заімаў, Т.Карымаў, Р.Газізаў, Р.Хасанаў, Д.Хасаншын і інш. Працуюць (1995): Башк.т-р оперы і балета, філармонія, хар. капэла, Башк. ансамбль нар. танца, Ін-т мастацтваў, муз. вучылішча; Саюз кампазітараў (з 1940).
У 1919 у Башкортастане створаны першы прафес.тэатр. калектыў (цяпер Башкірскі акад.т-р драмы). Ставіліся нац.фалькл. і гіст.-рэв. п’есы, у 1920—30-я г. — творы рус. і зах.-еўрап. класікі, башк. драматургаў (М.Гафуры, Х.Ібрагімава, А.Тагірава, Д.Юлтыя). У гады Вял.Айч. вайны створаны спектаклі: «Вайна» К.Мэргэна, «На беразе Белай» Р.Нігматы, «Нашэсце» Л.Лявонава і інш. У 1950—80-я г. рэпертуар т-раў узбагаціўся п’есамі М.Карыма, Н.Наджмі, Н.Асанбаева, А.Атнабаева, Р.Ішмурата, А.Мірзагітава, І.Юмагулава і інш. аб мінулым і сучасным жыцці башк. народа. У Башкортастане 3 нац., 2 рус.драм. і лялечны т-ры.
Р.А.Жмойдзяк (прырода, гаспадарка).
Да арт.Башкортастан. А.Сітдыкава. Зброя Батыра. 1974.Да арт.Башкортастан. Зелян (жаночы расшыты халат). Пач. 20 ст.Да арт.Башкортастан. А.Лутфулін. Тры жанчыны. 1968.Да арт.Башкортастан. З.Гаянаў. Час уборкі. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст.маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.
Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.
Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн.маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б. дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл.«Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац.рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.
На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл.Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).
У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд.Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст.бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш.Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл.Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.
Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.
Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.
У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст.Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.
Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.
Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш.еўрап. краін, асабліва Германіі: ням.нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).
На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц.нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак».
Тэатр. У еўрап.тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.
У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст.англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац.літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян.камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц.т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.
Бел.тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;
Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;
Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Да арт.Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.М.Фішэр. 1748.Да арт.Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.Да арт.Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.Да арт.Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.Да арт.Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.Да арт.Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Манстранц. 1783.Да арт.Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1877Да арт.Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.Да арт.Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́Я (кар. Часон, літар. краіна ранішняй свежасці),
краіна на У Азіі, на Карэйскім паўвостраве, прылеглай ч. мацерыка і суседніх астравах.
Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з часоў позняга палеаліту. Першым дзярж. утварэннем з кар. плямён была дзяржава Часон, якая ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула свайго росквіту. У 109 да н.э. яе заваявала кіт. Ханьская дынастыя. У ходзе барацьбы з кіт. заваёўнікамі ў 1 ст.н.э. ўзніклі тры дзяржавы — Кагуро, Пэкчэ і Сіла, якія вызначыліся развіццём матэрыяльнай і духоўнай культуры на аснове кіт. традыцый. У 7 ст. Сіла ў саюзе з кіт. дынастыяй Тан перамагла Пэкчэ і Кагуро і аб’яднала б.ч. Карэйскага п-ва. Узнікненне адзінай дзяржавы спрыяла фарміраванню кар. народнасці. У 9 ст. Сіла распалася на асобныя феад. ўладанні, што ў 935 аб’ядналіся пад уладай дзяржавы Каро (засн. ў 918 Ван Гонам; ад яе паходзіць сучасная еўрап. назва краіны, прынятая ў пач. 20 ст.). Да канца 10 ст. канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава, якая паспяхова адбівала нашэсці кіданяў (933, 1010—11, 1018—19); у ёй пачаў пашырацца будызм. У выніку няспынных міжусобіц у 1231 у Каро ўварваліся манголы, барацьба з якімі вялася амаль 30 гадоў. У 1259 правіцелі Каро падпарадкаваліся манг. дынастыі Юань, а пасля яе заняпаду (1368) — кіт. дынастыі Мін. З 1392 у К. (зноў наз. Часон) правіла дынастыя Лі, пры якой адбыўся значны эканам. і культ. ўздым, дзярж рэлігіяй стала канфуцыянства. Становішча дзяржавы пагоршылася ў час уварвання яп. (гл.Імдзінская вайна 1592—98) і маньчжурскіх (1-я пал. 17 ст.) заваёўнікаў. У 1637 К. трапіла ў васальную залежнасць ад маньчжурскай дынастыі. У 2-й пал. 17—18 ст. тут пашырылася прыватнае землеўладанне, узніклі рамесніцкія карпарацыі, выраслі буйныя гандл. цэнтры. На пач. 19 ст. ў К. наспеў глыбокі сац. крызіс. У 1811—12 у прав. Пхёнандо ўспыхнула паўстанне сялян, у 1833 — гараджан Сеула, у 1862 адбылося сял. паўстанне. Амаль да канца 19 ст. К. трымалася палітыкі поўнай ізаляцыі ад інш. дзяржаў. Хрысц. місіянеры, якія прыбывалі ў К. ў 18—19 ст., франц. (1866) і амер. (1871) экспедыцыі сутыкаліся тут з моцным супраціўленнем. Толькі ў 1876 К. ўстанавіла кантакты з Японіяй, у 1882 — з ЗША пазней — з Германіяй, Францыяй, Расіяй, Вялікабрытаніяй. Росту яп. ўплыву ў К. беспаспяхова супрацьстаяў Кітай (гл.Япона-кітайская вайна 1894—95). Японіі ўдалося (гл.Руска-японская вайна 1904—05) акупіраваць К. і ў ліст. 1905 навязаць дагавор аб пратэктараце. У 1910 Японія скінула дынастыю Лі, анексіравала краіну і ператварыла яе ў сваю правінцыю. Ва ўмовах жорсткага калан. ўціску ў К. развіваўся нац.-вызв. рух. У сак. — крас. 1919 усю краіну ахапіла антыяп. паўстанне (каля 2 млн. удзельнікаў), задушанае яп.калан. ўладамі. Ў крас. 1919 дзеячы незалежніцкага руху на чале з Лі Сын Манам стварылі ў г. Шанхай (Кітай) часовы эмігранцкі ўрад, які на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 беспаспяхова шукаў падтрымкі ідэі незалежнасці К. У 1930-я г. на тэр. Маньчжурыі, дзе жыла значная колькасць карэйцаў, дзейнічалі партыз. атрады. Антыяп. рух асабліва ўзмацніўся ў 2-ю сусв. вайну. На Каірскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі ўрада Кітая прынялі рашэнне аб прадастаўленні К. незалежнасці.
У жн. 1945 сав. войскі з дапамогай кар. партызан занялі паўн. частку К. Былі створаны ваен. адміністрацыі: на Пн ад 38-й паралелі — савецкая, на Пд — амерыканская (амер. войскі высадзіліся ў Паўд. К. ў вер. 1945 пасля капітуляцыі яп. войск). Падзел краіны павінен быў мець часовы характар.
Маскоўская нарада 1945 міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прыняла рашэнне пра заснаванне на тэр. К. адзінай незалежнай дэмакр. дзяржавы. У снеж. 1945 ЗША і СССР стварылі сумесную камісію для сфарміравання агульнакар. ўрада. Аднак камісія спыніла сваю дзейнасць і праблема ўз’яднання К. не была вырашана. Прынцыповая розніца грамадскага ладу, які пасля вайны сфарміраваўся ў паўн. і паўд.ч. краіны, а таксама палітыка іх улад пры падтрымцы ЗША і СССР прывялі да падзелу К. У 1948 у Паўд. К. створана Рэспубліка К. (гл.Карэя Паўднёвая), у Паўн. К. — Карэйская Нар.-Дэмакр. Рэспубліка (гл.Карэя Паўночная), паміж якімі адбылася Карэйская вайна 1950—53.
Літаратура. Да канца 19 ст. стваралася на ханмуне (карэізаваная форма кіт.літ. мовы) і кар. мове. Найстараж. ўзоры л-ры на кар. мове — 25 невял. вершаў (хянга — «песні роднага краю») 7—11 ст. Адначасова развівалася паэзія на ханмуне (лірыка Чхве Чхівона, творы паэтаў-анахарэтаў Лі Іно і Лі Гюбо). Ранняя проза на ханмуне прадстаўлена канфуцыянскім летапісам «Гістарычныя запісы пра тры дзяржавы» Кім Бусіка (12 ст.) і будыйскай жыційнай л-рай («Жыціе Кюнё» Хёк Нёнджона, 11 ст.; «Жыццяпіс выдатных манахаў Краіны на ўсход ад мора», 13 ст.). У 12—14 ст. зарадзілася нац. паэзія — Каро каё («песні Каро»), якая прадоўжыла традыцыі хянга. У 13—14 ст.маст. проза паступова адасобілася ад гістарычнай. Узніклі яса — неафіц. гісторыі («Забытыя падзеі трох дзяржаў» Ірона, 13 ст.) і пхэсоль — проза малых форм (лірыка Лі Джэхёна і інш.). Першы твор на кар. алфавіце — «Ода дракону, які ляціць у нябёсы» (1445). Развіваліся навела (Кім Сісып), алегарычная аповесць (сатырык Лім Джэ). Лепшы ўзор паэзіі і прозы на ханмуне да пач. 15 ст. — вял. «Усходняя анталогія» (130 кніг), складзеная ў 1478 Со Гаджонам. У 16—17 ст. вядучае месца ў л-ры займала пейзажная і філас. лірыка, т.зв. паэзія рэк і азёр. Майстрамі сіджо (трохрадкоўе) і каса (вял. паэмы) былі Чон Чхоль і Юн Сандо. Вылучылася патрыят. лірыка Пак Іно У 17—19 ст. папулярнасць набылі аповесці на кар. мове — сасоль: гераічныя («Імджынская хроніка», 17 ст.), сац.утапічныя («Аповесць пра Хон Гільдона», 17 ст.), лірычныя («Аповесць пра Сім Чхон», 18 ст.; «Аповесць пра вернасць Чхунхян», 18 ст.), сатыр. («Аповесць пра зайца», 18 ст.) і інш. Ідэі асветніцтва адлюстраваліся ў творчасці Кім Манджуна — аўтара першага рамана на кар. мове «Воблачны сон дзевяці» (1689), сатыр. навелах і вершах на ханмуне пісьменніка-рэаліста Пак Чывона, паэтаў Чон Ягёна і Кім Саката. Паэзія на кар. мове была сабрана ў анталогіі «Бессмяротныя словы Краіны зялёных гор» (каля 1727) і «Песні Краіны на ўсход ад мора» (1763). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковай да новай прозы (асветніцкія раманы Лі Інджыка і Лі Хэджо). Пачынальнікі сучаснай кар. прозы — Лі Гвансу, паэзіі — Чхве Намсон і Кім Ок. Узнікла пралет, л-ра, т.зв. школа новага кірунку (Чхве Сахэ, Кім Саволь). У 1925—35 дзейнічала Карэйская федэрацыя пралет, мастацтва (празаікі Лі Гіен, Чо Мёнхі, Сон Ён, паэты Пак Сеён, Лі Санхва, крытыкі Юн Сепхён і інш.). Атрымаў развіццё рэаліст. раман пра кар. вёску (Лі Гіен). 2-я пал. 1930-х г. — час росквіту гіст. рамана (Хоп Мёнхі, Лі Гвансу), а таксама л-ры «плыні свядомасці» (Лі Сан). У гады 2-й сусв. вайны публікацыі на кар. мове былі пад забаронай.
Архітэктура. Ад эпохі неаліту захаваліся рэшткі квадратных і круглых глінабітных паўзямлянак, ад першых ст. да н.э. — пахавальныя збудаванні (дальмены, магілы ў форме скрыні, пахаванні ў збанападобных пасудзінах і інш.). На тэр.б. дзяржавы Кагуро выяўлена больш за 50 грабніц — манум. падземных збудаванняў, ашаляваных дрэвам (4 ст.) або складзеных з каменных пліт і цэглы (5—7 ст.) з размалёўкамі на столі; на тэр. дзяржавы Сіла — абсерваторыя Чхамсандэ («Вежа зорак», 632—47, выш. 9 м), складзеная з гранітных блокаў у форме бутлі. Аб’яднанне краіны спрыяла інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў, у якіх прыёмы рэгулярнай забудовы, планіроўка кварталаў, вуліц з улікам рэльефу мясцовасці, выкарыстанне ландшафту нагадвалі кіт. горадабудаўніцтва. З пашырэннем будызму пачалі будаваць каменныя храмавыя ансамблі і пагады простай і лаканічнай формы: пячорны 2-зальны храм Сакурам (742—64), комплекс Пульгукса (751, перабудаваны ў 1350) з пагадамі Табатхап (751) і Сакатхап (761) — усе каля Кёнджу. У эпоху дзяржавы Каро (918—1392) узводзілі культавыя і грамадз, будынкі ўскладненай формы з багатым дэкар. убраннем: храм Кваным (980), пагада Ханмётхап храма Папчонса ў Сеуле (1085), палац уладароў Манвальдэ ў Кэсоне (918, зруйнаваны ў 1361). Пры дынастыі Лі (1392—1910) будавалі шыкоўныя садова-паркавыя ансамблі палацаў (Кёнбакун у Сеуле, 1395, разбураны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны), што складаліся са шматлікіх невял, пабудоў з масівамі ярусных дахаў, аб’яднаных дварамі і аздобленых размалёўкамі, разьбой па дрэве і камені. Раскошай вылучаюцца храм Гандоса (16 ст., пав. Янсань, прав. Кёнсан-Намдо), мармуровая пагада храма Вангакса ў Сеуле (1464). Нар. жыллё К. — нізкі 1-павярховы дом — «чып» (з каменю, гліны, дрэва) з тэрасай і адмысловай ацяпляльнай сістэмай пад падлогай («андоль»), упрыгожаны размалёўкамі шматколерным нац. арнаментам. У час яп. панавання будавалі пад уплывам тагачаснай еўрап. архітэктуры і яп. дойлідства.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захавалася кераміка, у т. л. пасудзіны з грабеньчатым і хвалепадобным арнаментам, таўстасценныя гаршкі і вастрадонныя вазы з геам. арнаментам, глянцавы посуд, пакрыты лакам і інш. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы метал. прылады і гліняныя пасудзіны са штампаваным арнаментам. Маст. культура К., якая ўспрыняла ўплывы Кітая і зрабіла ўздзеянне на мастацтва Японіі, склалася ў пач.н.э. Будызм прыўнёс у культуру К. іерагліфіку, шаўкаткацтва, скульптуру. У грабніцах 3—7 ст. захаваліся размалёўкі мінер. фарбамі па сухім грунце з адлюстраваннем гіст. падзей, быт. сюжэтаў, партрэтаў, фантастычных і міфалагічных выяў. Дэкар. мастацтва прадстаўлена глінянымі неглазураванымі пасудзінамі (часам у выглядзе коннікаў, дамоў і інш.), метал, вырабамі (бронз. люстэркі, залатыя кароны), дэкар. цэглай з ціснёнымі выявамі дэманічных масак, птушак, элементаў пейзажу. Скульптура 7—10 ст. вызначаецца адыходам ад схематычнай умоўнасці, адухоўленасцю вобразаў і мяккасцю форм, уплывамі канонаў будыйскай пластыкі Кітая і Індыі (бронз. пазалочаная статуя Буды Майтрэі, пач. 7 ст.; гранітная статуя Буды і гарэльеф бадгісатвы Каным з храма Сакурам, 8 ст.). Пашырылася традыцыя выканання ідалападобных выяў воінаў, саноўнікаў, жывёл і інш. каля пахаванняў уладароў (Кёнджу), якім уласціва манументальнасць груба абагульненых форм. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена апрацоўкай каменю, металу, шаўкаткацтвам, традыц. лакавымі вырабамі, пляценнем з валокнаў бамбуку, травы і інш. У 10—14 ст. пашырыліся манум. скульптура, форма якой зводзілася да кананічнай франтальнасці (статуя Буды Майтрэі, 10 ст., пав. Пансан прав. Чхунчхон-Намдо), жывапіс тушшу і вадзянымі фарбамі на скрутках (Лі Нэн, 12 ст.), сімвалізаваныя і абагульненыя размалёўкі храмаў і пахаванняў, вырабы з каменнай масы, аздобленыя інкрустацыяй з чорнай і белай гліны, пакрытыя блакітна-зялёнай глазурай. Росквіту дасягнула мастацтва фарфоравых вырабаў (посуд у выглядзе гарбуза, грушы, пладоў граната і інш.), якія аздаблялі размалёўкай, гравіроўкай, рэльефнымі накладкамі («санхен» — выявы кветак і птушак, «хвагым» — залатыя арнаменты, «самун» — гладкі недэкарыраваны і інш.), і глазураваная кераміка «селадон» вытанчаных адценняў, мяккіх тонаў шаравата-зялёна-блакітных колераў. Выраблялі таксама бронз. люстэркі і званочкі, мініяцюрныя мадэлі храмаў і пагад, залаты, сярэбраны посуд і інш. У 14—19 ст. у выяўл. мастацтве дамінаваў жывапіс, існавала ўстанова Тахвасо, якая выконвала функцыі акадэміі жывапісу. З 14 ст. вядома гравюра на дрэве. Сярод мастакоў 15—17 ст. пейзажысты Ан Гён, Кан Хіян, Кім Сік, Чон Сен, жанрыст Юн Дусо, майстар жанру «кветкі-птушкі» Лі Ам. У 18 ст. працавалі жанрысты, пейзажысты і партрэтысты Кім Хандо, Кім Дыксін, Сін Юнбок, анімалісты Сім Саджон, Пён Санбёк. У 19 ст. ў традыц. жанры «кветкі-птушкі» працавалі Чан Сыноп, Нам Геу, паявіўся алейны жывапіс. Удасканальвалася мастацтва фарфору і керамікі (з размалёўкай кобальтам). У перыяд яп. акупацыі працягвалі развівацца традыц.нац. віды дэкар. мастацтва: лакі, фарфор, кераміка, пляценне з трыснягу, бамбуку, вышыўка і інш. У 1925—35 існавала Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, гал. мэтай якой было адлюстраванне барацьбы кар. народа за незалежнасць.
Музыка К. блізкая да стараж.муз. традыцый Д. Усходу. Для яе характэрна апора на пентатоніку. З 15 ст. выкарыстоўваецца і кіт. сістэма 12-ступеннага роўнатэмпераванага гукараду люй-люй. У метрыцы пераважаюць 3-дольныя памеры (3/4, 12/8 і інш.). У 8—2 ст. да н.э. спевы і танцы ў суправаджэнні бронзавых барабанаў, званоў і гонгаў адыгрывалі вял. ролю ў рытуальных святкаваннях. Станаўленне традыц. форм адносіцца да 3—9 ст. У прыдворных цырыманіялах удзельнічалі мнагаскладавыя аркестры (больш за 100 інструментаў), выконваліся гімны, оды, танцы, наладжваліся тэатр. паказы. У 10—14 ст. сярод відаў прыдворнай музыкі — аак («вытанчаная музыка»), тэчвіт а (ваен. музыка ў час выездаў імператара), іалэк (музыка банкетаў). Муз. культура К. вылучалася сярод інш. краін Д. Усходу развітасцю танц. традыцый у суправаджэнні вак. і інстр. кампазіцый на цытрах каягым, камунга, лютні піпха (стваральнікі Ван Санак, Урык, Ок Паго; 6—8 ст.). У 6 ст. з’явіўся жанр хянга («песні роднага краю»). З пашырэннем будызму ў К. складваліся кар. традыцыі будыйскай рытуальнай музыкі. У 14 ст.засн.спец.муз. палата Акі тагам (пазней Чанагвон). У 15 ст. кананізаваны віды прыдворнай музыкі, адрадзіліся ўзоры аак, павялічыўся склад прыдворных аркестраў (да 400 чал.), уніфікаваны муз. інструменты (да 65 відаў). Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя сыль, тэджэн (тыпу гусляў), канху (тыпу арфы); стр. смычковыя аджэн, хэгым (тыпу скрыпкі); духавыя тэгым (або чатэ), танджок, чы (папярочная флейта), со (мнагаствольная флейта), тансо (свірасцёлка), хянпхіры, сепхіры (тыпу габоя); ударныя барабаны чанга (2-баковы), чунга (1-баковы гарыз.), 6- і 8-гранныя чвага і ёнга. Удасканальваліся сістэмы натацыі, запазычаныя з Кітая (юлчапо і арыгінальныя юкпо і ёнумпё). У 1493 Сон Хёнам і інш. створана муз. энцыклапедыя «Акхак квебом» («Асновы навукі аб музыцы», т. 1—9). Школы ігры на інструментах узначальвалі Тэахян, Акіхян (каягым), Аян (камунга), Соль Вон (чанга), Кім Сон (піпха) і інш.Традыц.муз. творчасць вылучаецца разнастайнасцю лакальных стыляў, арганічным спалучэннем спеваў і інстр. ігры, танца і тэатр. пантамімы, акрабатыкі. Яе ўзоры прадстаўлены ў музыцы шаманскіх рытуалаў муак (рэчытацыі, спевы, танцы) у суправаджэнні інстр. кампазіцый сінаві, у «сял. музыцы» нанак (гонгі, барабан чанга, ражок напхаль, або род кларнета налары). У 17—18 ст. былі пашыраны шматлікія рэгіянальныя разнавіднасці сял. песень мінё. У 15—16 ст. з развіццём муз. жыцця гарадоў складваліся віды, жанры і стылі вак.-інстр. камернай музыкі чанак (шматчасткавыя інстр. сюіты ў выкананні невял. інстр. ансамбляў, вак. кампазіцыі кагок, кароткія песні сіджо). З 2-й пал. 19 ст. хатняе музіцыраванне ператварылася ў своеасаблівыя канцэрты, дзе выконвалася інстр. музыка ў стылі санджа — шматчасткавых сольных кампазіцый для камунга (школа Кім Юндака), каягыма (Кім Чукпха), пхіры і інш. у суправаджэнні чанга. Да 19 ст. сфарміраваліся шматлікія віды муз.т-ра (марыянетак, танц. і танц.-драм. спектаклі ў масках, тэатралізаваны паэт. сказ і інш.). Тэатралізаваны сказ пхансары (з 18 ст.) уключаў арыі і песні на аснове рытмічных (чхандан) і меладычных (чхо) мадэлей, размоўную гаворку і драм. дзеянне. У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася кар.нац.муз. драма чхангык (заснавальнік Сін Джэхён). З пашырэннем хрысціянства ў 17—18 ст. развіваюцца традыцыі культавых каталіцкіх спеваў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў муз. культуру К. пранікла зах.-еўрап. музыка, узніклі ваен. духавыя аркестры зах. тыпу, складваецца песенны жанр пансанхва. У 1927 засн. Саюз кар. музыкантаў (у складзе Кар. федэрацыі пралет. мастацтва).
Тэатр. Вытокі тэатра К. ў стараж.хар. песнях-танцах. У 14—15 ст. узніклі нар.т-р масак (камёнгык), т-р лялек (інхёнгык) і вял.камед. паказы (сандэгык), развіццю якіх садзейнічалі нар. акцёры квандэ. У познім сярэдневякоўі ўзнік размоўны т-р (хвагык). Станаўленне прафес.т-ра прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. і звязаны з імем Сін Джэхё. У прафес. т-ры «Вангакса» (1901), «Хёксіндан» (1911), «Кванмудэ» (1912) нац. традыцыі спалучаліся з еўрапейскімі. У 1921 кар. студэнты, якія вучыліся ў Японіі, стварылі трупу «Саюз драматычнага мастацтва». У 1925 створана Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, куды ўвайшлі і тэатр. дзеячы. На пач. 1930-х г. узніклі аматарскія і прафес.тэатр. калектывы: «Мачхі», «Тэатр будучыні» ў Пхеньяне, «Вулічны тэатр» у Тэгу, «Масавы тэатр» у Кэсоне, т-ры «Чханбок», «Новае будаўніцтва», «Мегафон», «Новае мастацтва», якія ставілі кар. класіку і творы сучасных кар. драматургаў Сон Ёна, Нам Гунмана, рус. класіку. Дзейнічала Т-вадрам. мастацтва ў Масане. З сярэдзіны 1930-х г.кар. т-ры закрываліся, акцёрам дазвалялася выступаць у яп. рэпертуары і пад яп. прозвішчамі; спектаклі ставіліся на яп. мове.
Кіно. Першы фільм «Клятва пры месяцы» зняты ў 1921 рэж. Юн Бэнамам. У 1923—24 у Пусане пад кіраўніцтвам Юн Бэнама працавала т-ва «Пусан Часон кінема», дзе ён паставіў фільм «Першаадкрывальнікі» (1924). Кінагрупа кінасекцыі Кар. федэрацыі пралет. мастацтва (створана ў 1925) выпусціла некалькі рэаліст. стужак пра жыццё К. пад яп. прыгнётам, у т. л. «Бадзяга» (1927), «Змрочная вуліца», «Цёмны шлях» (абедзве 1928). Выходзілі фільмы і інш. рэжысёраў: «Бык без рагоў» рэж. Кім Тхэджына (1927), «Арыран» (1926), «У пошуках кахання» (1928), «Паром без кахання» (1932) рэж., сцэнарыста і акцёра На Унгю. З сярэдзіны 1930-х г. у К. стала пашырацца яп. кінапрадукцыя, пачалі дэманстравацца ням., італьян. фільмы.
Літ.:
История Кореи. Т. 1—2. М., 1974;
Еременко Л., Иванова В. Корейская литература: Краткий очерк. М., 1964;
Тэн А.Н. Традиции реализма в корейской классической литературе. Алма-Ата, 1980;
Да арт.Карэя. Святыня ў адным з храмаў комплексу Пульгукса.Да арт.Карэя. Храм Пульгукса каля г. Кёнджу. 8 ст.Да арт.Карэя. Павільён Тэун з будыйскага храма Кваным. 980.Да арт.Карэя. Чырвоная птушка (чуджак) — ахоўнік Поўдня. Размалёўка Вялікай грабніцы. Фрагмент. 565.Да арт.Карэя. Ваза «Тысяча журавоў». Канец 12 ст.Да арт.Карэя. Буда Амітабха. Каля 700.Да арт.Карэя. Невядомы мастак. Партрэт Лі Даксу. 18 ст.Да арт.Карэя. Сін Юнбок. Жаночы час візіту. Канец 18 — пач. 19 ст.Да арт.Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.Да арт.Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СЫ,
нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс.чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс.чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх.славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс.км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.
Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст.тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл.Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.
Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч ПаспалітуюВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр.ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).
У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл.Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв.зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр.тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).
Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.
Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.
Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.
Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.
Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц.бел.нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.
Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).
Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.
Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.
Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл.Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел.Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.
Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.
Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.
У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.
І.У.Чаквін.
Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн.чал.Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.
У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ.«Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.
Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн.чал.
У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя«Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыябел.нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час.«Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ.«Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).
Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.
На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».
Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.
Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.
Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст.нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.
П.У.Церашковіч.
Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр.рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн.чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн.чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.
Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л.БДУ, Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).
І ўсё ж бел.л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.
Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.
У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).
Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн.чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).
Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.
З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.
Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел.нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.
Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.
Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).
Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.
Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.
Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.
Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.
Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.
У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).
Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.
Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.
Да арт.Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.Да арт.Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.Баплана. Каля 1654.Да арт.Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.Да арт.Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)