тэрыторыя, якую кантралявалі партызаны. На тэр. Беларусі ўвосень 1941 утварыліся першыя П.з. — Акцябрска-Любанская і Клічаўская, у 1942 — Суражская, Івянецка-Налібоцкая, Расонска-Асвейская, Сенненска-Аршанская, Полацка-Лепельская, у пач. 1943 — Барысаўска-Бягомльская. Паводле звестак БШПР, на канец 1943 партызаны кантралявалі 108 тыс.км² (58,4% акупіраванай тэрыторыі), у т. л. 37,8 тыс.км² было ачышчана ад захопнікаў поўнасцю. Сумеснымі намаганнямі бел., рус., укр., латышскіх, літоўскіх партызан былі створаны П.з. ў раёнах Беларусі і сумежных з ёю рэспублік. У выніку аб’яднання некаторых з іх утварыліся партыз. краі: у чатырохвугольніку Алеўск—Оўруч (Украіна)—Мазыр—Тураў Гомельскай вобл. (14 раёнаў, больш за 200 тыс.чал.); на стыку БССР, РСФСР і Латвіі (пл. 10 тыс.км²); у міжрэччы Дняпра, Прыпяці, Дзясны; пры зліцці Акцябрска-Любанскай, Ленінскай, Слуцка-Капыльскай П.з. (больш за 18 раёнаў, пл. каля 8 тыс.км²). У П.з. часта перасяляліся цэлымі вёскамі жыхары з занятай ням. фашыстамі тэрыторыі. Дзейнасцю і абаронай насельніцтва на тэр. зон кіравалі падп. абкомы, міжрайкомы, райкомы партыі, якія тут і дыслацыраваліся, і абапіраліся на ўзбр. сілы партызанскіх злучэнняў. У многіх раёнах дзейнічалі выканкомы Саветаў дэп. працоўных. Ролю органаў сав. улады выконвалі найчасцей партыз.атрады, спец. створаныя імі камендатуры, якія падтрымлівалі парадак у нас. пунктах, вырашалі гасп. пытанні, арганізоўвалі групы самаабароны. Насельніцтва дапамагала партызанам у баявой дзейнасці, зборы і рамонце зброі, арганізацыі побыту, даглядала параненых і хворых. З дапамогай байцоў жыхары сеялі, убіралі, хавалі збожжа ад ворага. На тэр. П.з. партызаны прымалі самалёты з Вял. зямлі, рыхтавалі рэзервы, адзначалі сав. святы, праводзілі мітынгі і сходы, наладжвалі канцэрты маст. самадзейнасці, прагляды кінафільмаў, прысланых з сав. тылу; у некат. зонах працавалі сав. школы. Партызаны пастаянна вялі баі з карнікамі. У перыяд вызвалення Беларусі існаванне П.з. перашкаджала праціўніку арганізаваць трывалую абарону, што спрыяла наступленню Чырв. Арміі.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Зах. фронту ў раёне Навагрудка і Налібоцкай пушчы Баранавіцкай вобл., Мінскім умацаваным раёне 28.6—4.7.1941 у Вял.Айч. вайну. Утварыўся ў выніку злучэння пад Мінскам ням. 3-й (наступала з Вільнюса праз Маладзечна) і 2-й (наступала ад Брэста і Баранавіч) танк. груп у час Мінска абароны 1941. У акружэнне трапіла 11—15 дывізій, якія мелі значныя страты ў баях пад Гроднам, Ваўкавыскам і Лідай, прарваліся каля Зэльвы, Дзярэчына, Слоніма з беластоцкага «катла». Упартае супраціўленне сав. войск пад Беластокам, Навагрудкам і Мінскам скавала 25 дывізій ням. групы армій «Цэнтр». Каля 12 дывізій Зах. фронту былі разгромлены ў Н.«к.». З цяжкімі баямі з акружэння прарваліся 24-я (ген.-м. К.М.Галіцкі), рэшткі 17-й, 55, 64, 108, 155-й стралк., 36-й кав., 204-й матарызаванай і інш. дывізій, зводныя атрады 11-га (ген.-м. Д.К.Маставенка) і 13-га (ген.-м ГІ.А.Ахлюсцін) механіз. карпусоў. Частка акружэнцаў рассеялася па лясных вёсках, перайшла да партыз. форм барацьбы. «Лясная дывізія» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным і палк. І.С.Стральбіцкім з баямі выйшла праз варожыя тылы да Смаленска. 4—5 ліп. 52 тыс. чырвонаармейцаў (паводле ням. звестак) вымушаны былі здацца ў палон. За час ліквідацыі Н.«к.» каля 15 ням. дывізій панеслі адчувальныя страты, што запаволіла рух. ням. злучэнняў да Масквы, дазволіла сав. камандаванню аднавіць у ліп. 1941 Зах. фронт па Дняпры і Зах. Дзвіне, правесці Магілёва абарону 1941, Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, Лепельскі контрудар 1941, рэйд трох кав. дывізій на чале з ген.-палк. А.І.Гарадавіковым па тылах 2-й ням. арміі, падцягнуць рэзервовыя арміі да Смаленска і Бранска.
Літ.:
Еременко А.И. В начале войны. М., 1964;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКІ ПАЎСТА́ННЕ 1594—96,
антыфеадальнае казацка-сял. паўстанне на Украіне і Беларусі пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Восенню 1595 Налівайка ўзначаліў антыфеад. рух на Правабярэжнай Украіне. Пры падтрымцы гар. нізоў казакі захапілі г. Луцк, разграмілі шмат магнацкіх і шляхецкіх маёнткаў на Падоллі і Валыні. Супраць Налівайкі быў пасланы 7-тысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Р.Лабадой. Каб пазбегнуць сутыкнення, Налівайка накіраваў паўстанцаў у Беларусь. Казакі занялі г. Петрыкаў, 6.11.1595 — г. Слуцк. Адзін з раз’ездаў Налівайкі быў разбіты 25 ліст. каля г. Капыль войскамі К.Радзівіла. 27 ліст. казакі пакінулі Слуцк і рушылі ў напрамку на Бабруйск, але, не дайшоўшы да яго, павярнулі на Магілёў і 13 снеж. штурмам авалодалі ім. 25 снеж. да Магілёва падышло ўрадавае 18-тысячнае войска на чале з рэчыцкім старостам М.Буйвідам. Налівайка і 2 тыс. яго казакоў занялі пазіцыю за горадам, на Ільінскай гары каля Буйніцкага поля, агарадзіўшыся вазамі. Бітва на працягу дня не прынесла поспеху ні аднаму з бакоў. З прыцемкамі казакі пачалі адыход у напрамку Быхаў—Рагачоў—Рэчыца—Петрыкаў. Рухаючыся ўздоўж Прыпяці, яны захапілі Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск. На ПдУ Беларусі дзейнічала частка рэестравых казакоў пад кіраўніцтвам М.Шавулы, якая падтрымала Налівайку. Да вясны 1596 Налівайка з атрадам адышоў на Валынь, Шавула — ад Прапойска праз Быхаў на Чарнігаўшчыну. 2.4.1596 каля Белай Царквы атрады Шавулы і Налівайкі злучыліся і рушылі ўніз па Дняпры з мэтай перайсці расійскую мяжу. Урадавае войска на чале з гетманам С.Жалкеўскім адрэзала шляхі адыходу. Казакі ўмацаваліся на р. Саланіца каля мяст. Лубны. Аблога іх табара працягвалася амаль 2 тыдні. У лагеры абвастрыліся супярэчнасці паміж рэестравымі і нерэестравымі казакамі. Частка казацкай старшыны, спадзеючыся на каралеўскую амністыю, 7.7.1596 захапіла Налівайку, Шавулу і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх Жалкеўскаму. Паўстанне было задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),
казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв.Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.
2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрадыўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс.чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВКСССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял.Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр.б.СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,
узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б.нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ САМАДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
творчасць аматараў мастацтва, што разгарнулася на акупіраванай тэр. Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны ў партыз. атрадах, брыгадах, злучэннях на тэр.партызанскіх зон. Садзейнічала выхаванню патрыятызму і мабілізоўвала на барацьбу з ворагам. Калектывы маст. самадзейнасці партызан існавалі ў форме агітбрыгад, агітатрадаў, маст. ансамбляў, ансамбляў песні і танца, партыз. джаз-аркестраў і інш. У праграмах іх выступленняў былі песні, прыпеўкі, танцы, байкі, вершы, сатыр. сцэнкі, урыўкі з драм. п’ес, акрабатыка. Першы вядомы канцэрт адбыўся ў Гомельскім партыз. атрадзе ў вер. 1941. У многіх партыз. калектывах узнікалі песні, створаныя мясц. аўтарамі — паэтамі і музыкантамі (вядома больш за 20 аўтараў напеваў і каля 60 аўтараў паэт. тэкстаў).
Найб. значныя калектывы: Агітатрад імя А.М.Горкага, Лідскі партыз.т-р [агітбрыгада маст. самадзейнасці Лідскага падп. гаркома і райкома КП(б)Б пад кіраўніцтвам Я.Д.Гапеева (маст. кіраўнікі М.Шчансновіч, Г.Ананьева)], агіткалектывы 1-й Мінскай партыз. брыгады, 12-й кавалерыйскай партыз. брыгады імя Сталіна, 277-га партыз. атрада, 300-й партыз. брыгады імя К.Я.Варашылава, 537-га партыз. палка, 760-га партыз. атрада імя М.Беразоўскага, атрада імя Г.К.Жукава, камсамольска-маладзёжнага дыверсійнага атрада імя М.Ф.Гастэлы, партыз. брыгад «Аляксея», «Дзядзькі Колі», імя газ. «Правда», імя Г.К.Жукава, імя С.М.Кароткіна, імя С.М.Кірава, «Полымя», штаба Мінскага партыз. злучэння. Дзейнічалі шматлікія агіткалектывы партыз. брыгад і атрадаў Мінскай, Палескай, Пінскай абл.
У 1943 амаль усе буйныя партыз. брыгады і асобныя атрады мелі самадз. агіткалектывы. Вядомы таксама калектывы маст. самадзейнасці цывільнага насельніцтва ў партыз. зонах (гурток у в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл., маст. кіраўнік — настаўніца М.Васілевіч з брыгады «Штурмавая» і інш.). Буйнейшы партыз. агіткалектыў — агітатрад імя А.М.Горкага пасля вайны працаваў пад наз.Партыз. ансамбль Вілейскай вобл., у 1945 рэарганізаваны ў прафес.Маладзечанскі абласны ансамбль песні і танца.
Літ.:
Петрович С. Лесные артисты // Клуб и художествен. самодеятельность. 1967. № 11;
Титов А. Дорога дружбы. Мн., 1958;
Николаев А.С., Ягодинский Ф.Г. Лесные артисты // Люди нарочанского края. Мн., 1975;
Сченснович Н.И. Записки актера и партизана. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАЗДЗЕ́ЦКІЯ, Праздзецкія,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Рох III» у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Карысталіся графскім тытулам, які ў 1843 зацверджаны ў Рас. імперыі. Найб. вядомыя:
Мікалай Уладзіслаў (каля 1620—11.10.1683), сын Пятра Паўла. Стольнік упіцкі ў 1658—66, ашмянскі стольнік у 1666—67, харунжы ў 1667—70 і маршалак з 1670, падваявода віленскі ў 1668—69, кашталян навагрудскі з 1677. Пасол на соймы 1665—76, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1683. Аляксандр (каля 1665 — каля 1734), сын Крыштофа. Мазырскі стольнік у 1691—94 і харунжы ў 1694—1726, мечнік ВКЛ у 1707—09, кашталян інфлянцкі з 1726. Быў дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Антоні Тадэвуш (5.9.1718, г. Трокі — 28.3.1772), сын Аляксандра. Вял. пісар ВКЛ у 1739—50, вял. падчашы ў 1750—52, рэферэндары ў 1752—64, падканцлер з 1764. Пасол на соймы 1740—64, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1739. Рэгіментар (палкоўнік) Бел. дывізіі (1764), фактычны кіраўнік Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1764. Міхал (1.5.1747, г. Заслаўе — 1799), сын Антонія Тадэвуша. Вял. пісар ВКЛ з 1777. Староста пінскі ў 1772—77, пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Кароль-Дамінік (1780 або 1781, Чорны Востраў — крас. 1832), сын Міхала. У 1812 абраны маршалкам Завілейскага пав. У вайну 1812 падтрымаў Напалеона, прызначаны камандзірам 18-га Нясвіжскага палка уланаў. Удзельнічаў у бітвах пад Койданавам 15.11.1812, Лейпцыгам 19.10.1813, у 1816 выйшаў у адстаўку з войска Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 абраны камандуючым узбр. сіламі Ашмянскага пав., у Смаргоні сфарміраваў конны і пешы паўстанцкія атрады. 29.4.1831 яго войскі разбіты, перайшоў у штаб А.Гелгуда. Аляксандр (27.7.1814, Чорны Востраў — 26.12.1871), сын Канстанціна, унук Міхала. У 1832—34 вучыўся ў Берлінскім ун-це. Аўтар гіст. прац «Падолле, Валынь, Украіна: Карціны мясцін і часоў» (т. 1—2, 1841), «Хатняе жыццё Ядвігі і Ягайлы ...» (1854), «Польскія Ягелонкі ў XVI ст.» (т. 1—5, 1868—78). Разам з М.Грабоўскім і М.Маліноўскім падрыхтаваў зб-кі дакументаў «Крыніцы польскай гісторыі» (т. 1—2, 1843—44), дзе шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрадырас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял.атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял.атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз.атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1817—64,
баявыя дзеянні войск Рас. імперыі па заваяванні і каланізацыі тэр.Паўн. Каўказа, населенай адыгамі, кабардзінцамі, чэркесамі, чэчэнцамі і інш. горскімі народамі. Расія імкнулася таксама зрабіць бяспечнымі шляхі зносін з далучаным да яе ў 1-й трэці 19 ст. Закаўказзем, спыніць набегі паўн.-каўказскіх горцаў.
Рас. рэгулярнымі войскамі (прыбл. ад 50 тыс.чал. у 1819 да 200 тыс. у 1856) і прыдадзеным ім (да 1860) Чарнаморскім казацкім войскам (каля 40 тыс.чал.) камандавалі генералы А.П.Ярмолаў (1816—27), І.Ф.Паскевіч (1827—31), Р.У.Розен (1831—38), Я.А.Галавін (1838—42), А.І.Нейгарт (1842—44), М.С.Варанцоў (1844—54, гл.Варанцовы), М.М.Мураўёў (1854—56), А.І.Барацінскі (1856—60), М.І.Еўдакімаў (1862—64). Найб. актыўна вялася з канца 1820-х г., калі ў Чэчні і Дагестане склаўся імамат на чале з правіцелем — імамам. Імам Газі-Магамед (са снеж. 1828) абвясціў свяшчэнную вайну супраць іншаверцаў (г. зн. рускіх). Пасля яго гібелі ў кастр. 1832 у час штурму рас. часцямі аула Гімры супраціўленнем горцаў (да 20 тыс.узбр. воінаў-мюрыдаў у 1843) кіравалі імамы Гамзат-бек (1832—34) і Шаміль (1834—59). Лепш узброеныя і колькасна большыя рас. войскі Каўказскага корпуса (з 1854 арміі), абапіраючыся на створаную імі сістэму крэпасцей захапілі рэзідэнцыі Шаміля аулы Ахульга (1839) і Ведзено (1859). Горцы вялі партыз. вайну, блакіравалі рас.атрады, раптоўна нападалі на ўмацаванні і гарады. У час Крымскай вайны 1853—56рас. войскі адбілі спробы чэркесаў на чале з намеснікам Шаміля па Зах. Каўказе (з 1848) Мухамед-Эмінам захапіць Чарнаморскую і Лабінскую ўмацаваныя лініі (ліст. 1853) і спробу Шаміля прарвацца праз Грузію на злучэнне з тур. войскамі (жн. 1854). 6.9.1859 рас. вайскоўцы захапілі аул Гуніб у Дагестане і ўзялі у палон Шаміля, 2 снеж. капітулявалі асн. сілы чэркесаў на чале з Мухамед-Эмінам. У 1860—64 баявыя дзеянні адбываліся ў гарах Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. 2.6.1864 рас. войскі захапілі апошнюю базу чэркесаў ва ўрочышчы Кбаада (цяпер Красная Паляна каля г. Сочы).
Літ.:
Из истории русско-кавказской войны: Док. и материалы. Нальчик, 1991;
Дегоев В.В. Кавказский вопрос в международных отношениях 30—60-гг. XIX в. Владикавказ, 1992;
Блиев М.М., Дегоев В.В. Кавказская война. М., 1994;
Алюнін С. Сацыяльная база Каўказскай вайны (XIX ст.) // Бел.гіст.часоп. 1997. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ГРУ́ПАў Вялікую Айчынную вайну,
першапачатковая арганізацыйная і баявая адзінка партыз. сіл, найменшае партыз. падраздзяленне. Стваралася парт. і сав. органамі пераважна на акупіраванай тэрыторыі, фарміравалася і ў сав. тыле. Колькасны склад і ўзбраенне групы залежалі ад характару задач і ўмоў дзейнасці. Паводле прызначэння і спосабу фарміравання адрозніваліся спец., дыверсійныя, разведвальныя і інш. Вясной 1942 у сувязі з масавым прытокам мясц. насельніцтва да партызан, выхаду ў лес падп. груп колькасць П.г. стала хутка павялічвацца, у выніку чаго на іх базе масава ствараліся партыз.атрады: зімой і вясной 1941—42 створана 150 новых атрадаў, за лета 1942 іх колькасць павялічылася на 121 атрад. На тэр. Беларусі дзейнічалі спецгрупы НКДББССР: «Арлы» (12.12.1943—12.7.1944, у Ганцавіцкім, Лагішынскім, Лунінецкім р-нах Пінскай вобл., камандзір Дз.М.Сакалінскі), «Бура» (17.4—2.7.1944, у Вілейскай вобл., камандзір М.А.Міхайлашаў), «Дружба» (7 вер. — ліст. 1943, у Дзятлаўскім, Шчучынскім р-нах Баранавіцкай, Лоеўскім, Рэчыцкім р-нах Гомельскай абл.; камандзір І.А.Жолабаў), «Заходнія» (13.10.1943—13.7.1944, у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай, Аўгустоўскім, Ваўкавыскім р-нах Беластоцкай абл., камандзір Ф.С.Пілюгін), «Іскра» (28.10.1943—24.7.1944, у Антопальскім, Дзівінскім, Кобрынскім, Маларыцкім р-нах Брэсцкай, Драгічынскім р-не Пінскай абл., камандзір М.П.Хахлоў), «Мядзведзева» (2.8.1943 — люты 1944, у Акцябрскім, Глускім, Капаткевіцкім р-нах Палескай вобл., камандзір Р.І.Слепаў), «Родныя» (13.4.1943—4.7.1944, у Івянецкім р-не Баранавіцкай, Дзяржынскім, Заслаўскім, Мінскім р-нах Мінскай абл., камандзір Я.А.Фокін), «Стойкія» (6.10.1943—18.7.1944, у Ваўкавыскім, Свіслацкім р-нах Беластоцкай вобл., камандзіры І.Г.Паваразнюк, К.А.Груздзеў); спецгрупы НКДБСССР: «Бывалыя» (28.3. — май 1942, у Чашніцкім р-не Віцебскай, Барысаўскім, Лагойскім, Смалявіцкім р-нах Мінскай абл., камандзір П.Р.Лапацін), «Волаты» (студз. — 2.7.1944, у Навамышскім, Стаўбцоўскім р-нах Баранавіцкай, Дзяржынскім, Капыльскім, Слуцкім р-нах Мінскай абл., камандзір А.М.Шыхаў), «Знішчальнік» [4.8.1943—7.7.1944, у Лідскім, Навагрудскім р-нах Баранавіцкай, Маладзечанскім р-не Вілейскай, Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Дзяржынскім, Мінскім, Пухавіцкім р-нах Мінскай абл., камандзіры Н.В.Карнілаў (загінуў), А.Н.Чычэнка].
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 452—453.