ІНСУЛІ́Н,

бялковы гармон, які выдзяляецца клеткамі астраўкоў Лангерганса падстраўнікавай залозы. Малекулярная маса каля 6000. Адкрыты канадскімі фізіёлагамі Ф.​Бантынгам і Ч.​Г.​Бестам (1921—22). Універсальны анабалічны гармон, які ўплывае на падтрыманне пастаянства ўнутр. асяроддзя жывёльнага арганізма: памяншае колькасць цукру ў крыві, садзейнічае пераходу глюкозы ў глікаген, паляпшае засваенне тканкамі вугляводаў, актывізуе сінтэз бялку з амінакіслот, ператварэнне вугляводаў у тлушч. Прэпараты І. выкарыстоўваюцца ў медыцыне пры цукр. дыябеце, шызафрэніі, інтаксікацыі. Атрымліваюць з падстраўнікавых залоз жывёл.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНЧА́ (цюрк., ад араб. крэпасць),

вежавая частка будынка супрацьпажарнай аховы ці асобнае вежавае збудаванне ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Верхні ярус К. быў адкрыты для лепшага агляду мясцовасці, меў звон, сігнальную мачту. Будавалі К. з цэглы, дрэва, металічных рэек. Драўляная К. звычайна мела каркасную канструкцыю, якую абшывалі дошкамі ці пакідалі адкрытай. К. заўсёды была адметным элементам сілуэтнай кампазіцыі горада. З развіццём сродкаў сувязі і інфармавання роля К. зменшылася.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ТНЫХ АДНО́СІН ЗАКО́Н,

адзін з законаў стэхіяметрыі. калі 2 хім. элементы ўтвараюць паміж сабою некалькі злучэнняў, то масы аднаго элемента, што прыпадаюць на адзінку масы другога, адносяцца як цэлыя (звычайна невялікія) лікі. Напр., у аксідах азоту NO і NO2 на 1 масавую частку (мас. ч.) азоту прыпадае адпаведна 1,14 і 2,28 мас. ч. кіслароду; адносіны паказаных мас. ч. кіслароду роўныя 1:2. К.а.з. строга выконваецца для стабільных газападобных злучэнняў. Адкрыты Дж.Дальтанам у 1803.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЙН (Line),

Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, група з 11 каралавых астравоў (атолаў) у межах экватарыяльнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; у складзе дзяржавы Кірыбаці. Найб. атолы — Каляд (пл. 359 км²), Табуаэран, Тэраіна. Агульная пл. каля 500 км². Нас. каля 1,5 тыс. чал. Вырошчваюць какосавыя пальмы, хлебнае дрэва. Здабыча копры. Рыбалоўства. На а-вах Пальміра і Каляд аэрапорты, на в-ве Табуаэран — важная трансакіянская кабельная станцыя на лініі Каліфорнія — Фіджы — Новая Зеландыя. Адкрыты ў 1777 Дж.Кукам.

т. 9, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́СМА ((Lousma) Джэк) (н. 29.2.1936, г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік марской пяхоты. Скончыў Мічыганскі ун-т (1959). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 28.7—25.9.1973 з А.Бінам і О.Гэрыятам здзейсніў палёт на мадыфікаваным касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (двойчы выходзіў у адкрыты космас, агульны час 11,02 гадз), 22—30.3.1982 з Ч.​Фулертанам — палёт на касм. караблі «Спейс шатл» («Калумбія», як камандзір). У космасе правёў 67,47 сут.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ ў Магілёве.

Філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м², 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Матэрыялы музея знаёмяць са станам матэрыяльнай і духоўнай культуры сялян Магілёўскага Падняпроўя і гар. побыту магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне магілёўскага і краснапольскага строяў, калекцыі самабытных ручнікоў Магілёўшчыны, абразоў, кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ ГЕО́РГІЯ (South Georgia),

вулканічны востраў на ПдЗ Атлантычнага ак. ў Антарктыцы. Пл. каля 4,2 тыс. км². Выш. да 2934 м (г. Паджэнт). Значная ч. вострава ўкрыта снегам і лёдам. Шмат марскіх птушак, калоніі пінгвінаў, лежбішчы марскіх ільвоў і сланоў. Адкрыты ў 1775 экспедыцыяй Дж. Кука. Названы ў гонар англ. караля Георга III. У 1905—50 на востраве працавала аргенцінская метэаралагічная станцыя. Назіранні працягваюцца на англ. станцыі Грутвікен (порт на мысе Кінг-Эдуард).

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫНЦЭ́СЫ РА́ГНХІЛЬ БЕ́РАГ (Princess Ragnhild Coast),

частка ўзбярэжжа Зямлі Каралевы Мод (Усх. Антарктыда), паміж 20°30′ і 34°00′ у. д. Акаймаваны шэльфавымі ледавікамі шыр. 10—50 км, якія цягнуцца ўздоўж узбярэжжа, пераходзяць у ледавіковы схіл і ледавіковае плато Нансенісен (выш. да 3000 м). На яго паўн. мяжы ўзвышаюцца горы Сёр-Рондане і Бельжыка (выш. да 3630 м). Адкрыты ў 1931 нарв. экспедыцыяй Г.​Ісаксена і Я.​Рысер-Ларсена. Названы імем нарв. прынцэсы.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКАРЫ́ 1-я,

стаянка эпохі позняга палеаліту каля аднайм. вёскі ў Ноўгарад-Северскім р-не Чарнігаўскай вобл. Украіны, на правым беразе р. Дзясна. Існавала каля 25 тыс. г. назад. Раскопкамі адкрыты рэшткі доўгага наземнага жытла, пабудаванага з касцей, скуры і іклаў маманта, памерам 12 × 4 м з 3 паглыбленымі агнішчамі. На падлозе прасочаны маленькія ямкі-сховішчы. Знойдзены крамянёвыя пласціны і вастрыі з прытупленай спінкай, скрабкі, разцы, касцяная матыка, зуб чалавека.

А.​В.​Іоў.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й у Белавежы.

Існаваў у 1966—73 у г. Белавежа (Польшча). Адкрыты 12.3.1966 па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пл. экспазіцыі 145 м², 950 экспанатаў. Меў 3 аддзелы: с.-г. прылады працы; ганчарства і пляценне; апрацоўка лёну. Спыніў дзейнасць з-за фін. цяжкасцяў і адсутнасці пастаяннага музейнага памяшкання. Экспанаты перададзены ў Акруговы музей у Беластоку, С.-г. музей у Цеханоўцы і Прыродазнаўчы музей у Белавежы. Традыцыі музея працягвае Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.

В.​Луба.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)