МАНАЦЫ́Т (ням. Monazit ад грэч. monazō бываю адзін, жыву адзін),
мінерал класа фасфатаў, фасфат цэрыю і рэдказямельных элементаў (Ce, La...)[PO4]. Змяшчае 66—70% аксідаў (агульнай ф-лы TR2O3) гэтых элементаў, прымесі торыю, ітрыю, крэмнію, урану, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі сплошчаныя да таблітчастых, кароткапрызматычныя, ізаметрычныя, утварае скарыначкі, зямлістыя масы, зярністыя і сферычныя агрэгаты. Колер карычневы, мядова-жоўты або зеленаваты. Паўпразрысты. Бляск тлусты, на сколах шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,9—5,5 г/см³. Прысутнічае ў многіх гранітоідах, вял. крышталі трапляюцца ў пегматытах. Пераважна канцэнтруецца ў рачных і марскіх россыпах і пляжных пясках. Часта радыеактыўны. Руда торыю і рэдказямельных элементаў.
т. 10, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СТАР,
старажытнарускі пісьменнік і гісторык канца 11 — пач. 12 ст., адзін з заснавальнікаў летапіснага жанру на Русі. Манах Кіева-Пячэрскага манастыра. Аўтар «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба» і «Жыція Фядосія Пячэрскага». У сваіх творах побач з пропаведдзю хрысціянства праводзіў ідэю адзінства і незалежнасці Русі ад Візантыі, асуджаў міжкняжацкія ўсобіцы. На думку многіх даследчыкаў, Н. — адзін са складальнікаў «Аповесці мінулых гадоў». У майстэрстве гіст. апавядання дасягнуў высокай дакладнасці, прастаты і жывасці выкладу. Яго творы былі шырока вядомы на Беларусі.
Тв.:
У кн.: Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — нач. XII в. М., 1978.
В.А.Чамярыцкі.
т. 11, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЕ́НТЫ»,
бел. нар. гульня. На пляцоўцы праводзяць 4 паралельныя лініі на адлегласці 5—6 м адна ад адной. Першая лінія — «мета», на ёй устанаўліваюцца 2 гарадкі («П.»), пастаўленыя адзін на адзін. Другая лінія — «вароты», трэцяя — «двор», чацвёртая — «хата». Выбраўшы «вартаўніка», гульцы кідаюць біты ў «П.» строга па чарзе, якая ўстанаўліваецца жараб’ёўкай перад гульнёй. Збіўшы «П.», гулец павінен падабраць сваю біту і вярнуцца за лінію, з якой ён рабіў удар. Кожны гулец робіць па 3 удары з лініі «варот», «двара» і «хаты». Задачы «вартаўніка» — паставіць збітыя «П.», «запляміць» гульца і ўцячы за лінію «варот». Перамагае той, хто першым 3 разы саб’е «П.» з лініі «хаты».
Я.Р.Вількін.
т. 11, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРО́ІД, палярызацыйны святлафільтр,
адзін з асн. відаў лінейных палярызатараў.
Уяўляе сабой тонкую палярызацыйную плёнку, якая мае вял. колькасць аднолькава арыентаваных мікракрышталікаў рэчыва і заклеена для аховы ад мех. пашкоджанняў і ўздзеяння вільгаці паміж 2 празрыстымі пласцінкамі. Плёнка раскладае светлавы прамень, што падае на яе, на 2 прамяні (гл. Падвойнае праменепераламленне) і адзін з іх паглынае. Натуральнае святло пры праходжанні праз яе палярызуецца (гл. Палярызацыя святла). Выкарыстоўваецца ў палярызацыйных прыладах у розных дыяпазонах аптычнага выпрамянення, а таксама для розных тэхн. мэт, напр., П. на фарах і ветравым шкле аўтамабіля ахоўваюць вадзіцеля ад асляплення святлом сустрэчных машын, акуляры з П. засцерагаюць вочы ад яркага святла.
т. 12, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́БЛЕР (Ягор Ягоравіч) (12.5.1810, Эстонія — 16.12.1865),
расійскі астраном і геадэзіст; адзін з пачынальнікаў астрафіз. даследаванняў. Д-р філасофіі (1839). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т. З 1839 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, з 1854 дырэктар Віленскай астр. абсерваторыі. У 1843—55 удзельнічаў у астранома-геад. вымярэннях у Фінляндыі і паўн.-зах. губернях Расіі. Навук. працы па назіральнай астраноміі, вышэйшай геадэзіі, складанні зорных каталогаў і ўдакладненні фігуры Зямлі. Адзін з першых у Расіі арганізаваў сістэм. даследаванні паверхні Сонца і Месяца фатагр. метадам (з 1854).
Літ.:
Новокшанова-Соколовская З.К. Картографические и геодезические работы в России в XIX — начале XX в. М., 1967.
А.І.Болсун.
т. 14, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАЦЕ́НЬ у жывапісе і графіцы,
размяшчэнне розных па яркасці колераў або адценняў аднаго колеру, што дае магчымасць успрымаць адлюстраваны аб’ект аб’ёмным у святлопаветраным асяроддзі; перадача С. — адзін з асн. прынцыпаў рэаліст. мастацтва. Градацыі С. (ад найб. яркасці да глыбокага ценю) залежаць ад характару асвятлення, спецыфікі аб’ёмнай формы прадмета, яго фактуры, стану атмасферы. Для дакладнага ўзнаўлення натуры С. выкарыстоўвалі ўжо ант. жывапісцы. С. і яе тэорыю распрацоўвалі мастакі Адраджэння (А.Мантэнья, Мазачыо, Мікеланджэла, М.Караваджа, асабліва Леанарда да Вінчы), і з таго часу С. шырока выкарыстоўваецца жывапісцамі і графікамі як адзін са сродкаў, што вызначае эмацыянальную выразнасць твора.
М.А.Міронаў.
т. 14, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГА́Т (ад лац. alligo прывязваю),
пераплеценыя ў адзін том самастойныя выданні або рукапісы. Ствараецца звычайна з-за нязручнасці захоўвання тонкіх, непераплеценых кніг, брашур, сшыткаў паводле алфавітнага або тэматычнага (гл. Канвалют) прынцыпу.
т. 1, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСАЗАМІ́НЫ,
C6H13O5N, вытворныя простых цукроў, у якіх адзін з гідраксідаў замешчаны амінагрупай (NH2). Адносяцца да амінацукру. У прыродзе пашыраны глюказамін і галактазамін — структурныя кампаненты розных мукаполіцукрыдаў жывёльнага, расліннага і бактэрыяльнага паходжання.
т. 5, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУ́ДА ІСКАРЫЁТ (ад стараж.-яўр. Іш Карыёт — чалавек з Карыёта),
у Новым запавеце адзін з 12 вучняў (апосталаў) Ісуса Хрыста, які прадаў свайго настаўніка за 30 сярэбранікаў. У пераносным сэнсе — здраднік.
т. 7, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЫЎНЫЯ ДАРЫ́,
адзін або некалькі прадметаў, якія пакідалі ў свяшчэнным месцы (найчасцей у пячоры, рацэ, возеры або тарфяным балоце, пазней у храме) у якасці ахвярапрынашэння з мэтай атрымаць ад бажаства задавальненне просьбы.
т. 4, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)