ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg),
горад, сталіца Вялікага герцагства Люксембург. 76,4 тыс. ж. (1995).
Трансеўрапейскі трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Міжнар. фін. цэнтр. Прам-сць: чорная металургія, машынабудаванне, хім., тытунёвая, харч., швейная. Ун-т. Тэатр. Нац. музей (археалогія, жывапіс і інш.). Школа мастацтваў і рамёстваў. Арх. помнікі: капэла Сен-Кірэн (6 і 15 ст.), гатычная царква Сен-Мішэль (16 ст.), рэнесансавы Палац юстыцыі (16 ст.), барочны сабор Нотр-Дам (17 ст.).
Вядомы з 963. У 1224 атрымаў гар. права. У 1506—1684 і 1697—1717 належаў Іспаніі, у 1684—97 і 1794—1815 — Францыі, у 1714—94 — Аўстрыі. У 1815—67 у складзе Герм. саюза, пруская крэпасць. У 1-ю і 2-ю сусв. войны акупіраваны ням. войскамі, у лют. 1945 вызвалены англа-амер. войскамі. У горадзе размешчаны рэзідэнцыя вял. герцага, урад, мін-вы і ўстановы дзяржавы Люксембург, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы, сакратарыят Еўрапейскага парламента, некаторыя органы Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей, Еўрап. трыбунал, Еўрап. лічыльная палата, Еўрапейскі інвестыцыйны банк.
т. 9, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕЧ,
вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля меліярацыйнага канала Вінец. Цэнтр сельсавета і калгаса-аграфірмы. За 20 км на З ад г. Бяроза, 89 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 2437 ж., 786 двароў (1999).
У 16 ст. мястэчка ў Брэсцкім пав. ВКЛ. У 1645 атрымала права на самакіраванне. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці ў Пружанскім пав. Гродзенскай губ., 1428 ж.. 71 двор, 2 царквы, яўр. малітоўны дом, сукнавальня, 16 крам, 12 кірмашоў на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Пружанскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Пружанскага р-на, з 1960 у Бярозаўскім р-не. У 1972—1656 ж., 444 двары.
Пякарня, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Сямёнаўская царква (1928). Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 10, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́Е МАЖЭ́ЙКАВА,
вёска ў Гасцілаўскім с/с Лідскага р-на Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Лебяда. Цэнтр аграфірмы «Мажэйкава». За 28 км на ПдЗ ад Ліды, 85 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 794 ж., 301 двор (1999).
Упершыню згадваецца ў 1511 як маёнтак у Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв.. падараваны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам I Старым віленскаму падканюшаму Шымку Мацкавічу. Належаў Палубенскім, Нарушэвічам-Брахоцкім і інш. З 1795 у Рас. імперыі, у 2-й пал. 19 ст. сяло Лідскага пав. Віленскай губ. У 1897 нар. вучылішча, царква, капліца. З 1921 у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Мажэйкаўскага с/с Жалудоцкага раёна, з 1954 вёска ў Гасцілаўскім с/с. З 1962 у Лідскім р-не, з 1987 цэнтр Гасцілаўскага с/с. У 1972—502 ж., 161 двор.
Спіртзавод, лікёра-гарэлачны цэх, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).
Г.І.Дулеба.
т. 10, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́ШЫЧЫ,
вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад Карэліч, 209 км ад Гродна, 48 км ад чыг. станцыі Наваельня. 471 ж., 194 двары (1999).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло ў Навагрудскім пав., належала Свірылю. З 1530 уласнасць кн. Ф.Чартарыйскага, з 1532 — татарскага кн. Ахмета Улана, які заснаваў тут мястэчка. У 18 ст. ўладальнікамі М. былі Есьманты і Багдановічы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. М. — сяло і 3 фальваркі ў Навагрудскім пав. Мінскай губ. З 1921 у складзе Польшчы у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Валеўскага, з 25.11.1940 — Карэліцкага р-наў. У 1961—79 у Райцаўскім с/с. У 1972—415 ж., 112 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
В.У.Шаблюк, А.К.Брэган.
т. 10, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГЕ́ЙМСКАЯ ШКО́ЛА ў музыцы,
кампазітарскі і выканальніцкі кірунак, які склаўся ў сярэдзіне 18 ст. ў г. Мангейм (Германія). Адна з папярэдніц венскай класічнай школы. Яе творчыя прынцыпы блізкія да ранняга класіцызму, стыль адзначаны ўплывам ракако, барока і сентыменталізму. Адыграла вял. ролю ў развіцці інстр. музыкі. Найб. дасягненні звязаны з дзейнасцю мангеймскай капэлы і яе прадстаўнікоў — чэш. кампазітараў і выканаўцаў Я.Стаміца (кіраўнік), І.К.Канабіха, К.Стаміца, Ф.К.Рыхтэра, А.Фільца і інш. Вобразны строй твораў М.ш. вылучаўся эмацыянальнасцю і патэтыкай, што найб. поўна выявілася ў выканальніцкай манеры музыкантаў капэлы (дынамічныя кантрасты, тонкая нюансіроўка, у інтанацыйнай мове — выразныя меладычныя звароты, т.зв. мангеймскія ўздыхі, і інш.). У музыцы кампазітараў М.ш. склаліся многія прыёмы класічнай аркестроўкі, зацвердзілася класічная 4-часткавая структура сімфоніі і інш. М.ш. зрабіла значны ўплыў на франц. сімф. школу і венскіх класікаў (асабліва В.А.Моцарта).
Літ.:
Конен В.Д. Театр и симфония. 2 изд. М., 1975;
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Т. 2. 2 изд. М., 1982.
т. 10, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РБУРГСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у неакантыянстве. Заснавальнік М.ш. Г.Коген і яго паслядоўнікі П.Натарп, Э.Касірэр ставілі сваёй мэтай «трансцэндэнтальна-лагічную» інтэрпрэтацыю філасофіі І.Канта, «ачышчэнне» яе ад катэгорыі «чыстаты розуму», «рэчы ў сабе», «вопыту» і інш., ад прымесей «метафізікі» і псіхалагізму. Паводле ўстаноўкі М.ш., навук. статус прызнаецца выключна за тымі філас. паняццямі, якія зводзяцца да гістарычна даказаных фактаў навукі, этыкі, мастацтва, рэлігіі і звязваюцца з «усёй творчай работай культуры», дзе цэнтр. месца займаюць не развіццё з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці, а іх навук. тлумачэнне і выкладанне; законам руху культуры абвяшчаецца менавіта творчая дзейнасць у галіне навукі. «Сузіранне» Канта ў трактоўцы М.ш. адрываецца ад псіхалагічнай антрапалагічнай асновы, у выніку чаго працэс пазнання зводзіцца да Мысліцельнай дзейнасці чалавечага мозга. Адмаўленне прынцыпу адзінства пачуццёвай і абстрактна-мысліцельнай ступеней азначае абсалютызацыю лагічных структур навукі і іх атаясамліванне з адзінай крыніцай навук. ведаў. Свой «трансцэндэнтальна-лагічны» метад М.ш. імкнулася пашырыць пераважна на прыродазнаўства; у грамадскіх навуках М.ш. мае дачыненне да распрацоўкі канцэпцыі этычнага сацыялізму.
В.І.Боўш.
т. 10, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на З ад Маладзечна, 95 км ад Мінска, 3 км ад чыг. станцыі Пруды. 772 ж., 291 двор (1999).
Вядома з 1415 як велікакняжацкае сяло і двор у складзе ВКЛ. З 1476 да пач. 16 ст. цэнтр павета і воласці. У 1519 разбурана ў час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1512—22. У 1532 уласнасць Яна Радзівіла, у 2-й пал. 16 ст. мястэчка, гаспадарскае ўладанне. У 18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі. У 1897 765 ж., 122 двары, царква, капліца, нар. вучылішча. З 1921 у Віленскім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Маладзечанскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі знішчылі 72 хаты. З 1949 цэнтр калгаса.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (1860).
В.У.Шаблюк.
т. 10, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЯЁНАК (Мацвеенка) Іван Кузьміч
(3.7.1899, в. Новы Быхаў Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — пасля 1959),
бел. гісторык, мовазнавец, краязнавец. Канд. філал. н. (1947). Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (1911—15), Смаленскай ваен.-інж. школе (1920—21), скончыў БДУ (1930). З 1916 на настаўніцкай і выкладчыцкай рабоце ў Быхаўскім пав., Рагачове, Магілёве, Мінску (у 1918—20 у Чырв. Арміі). У Вял. Айч. вайну на фронце. З 1947 выкладаў у БДУ, у 1950-я г. ў Горна-Алтайскім пед. ін-це. Пасля 1959 лёс невядомы. Аўтар прац па мовазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі рэв. руху на Магілёўшчыне.
Тв.:
Пытанні краязнаўства ў Рагачоўскім педтэхнікуме // Асвета. 1924. № 2;
Некаторыя краязнаўчыя тэмы Магілёўшчыны // Наш край. 1927. № 3;
Рэвалюцыя 1905 г. на Магілёўшчыне // Сав. краіна 1931. № 3—4;
Развіццё беларускай літаратурнай мовы за 30 год БССР // Сав. школа. 1948. № 6;
О корневом составе лексики восточнославянских языков // Уч. зап. Горно-Алтайского гос. пед. ин-та. 1959. Т. 1, вып. 3.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 10, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНЕДЖЭРЫ́ЗМ,
тэорыя навук. кіравання вытв-сцю; кірунак эканам. думкі, які вывучае і разглядае ролю кіравання ў эканоміцы праз менеджэраў. Узнік у 1880—90-я г. ў ЗША. Заснавальнік — Ф.Тэйлар. Распрацаваная ім сістэма кіравання была першай і ўдалай спробай стварэння навук. менеджменту. А.Фаёль, Г.Эмерсан, Г.Форд і інш. абгрунтавалі неабходнасць падзелу працы ў апараце кіравання, яго іерархічную структуру і ролю, аўтарытэту кіраўніка для матэрыяльнага і маральнага стымулявання працы работнікаў. Выкарыстанне навук. аналізу, эфектыўнай сістэмы кіравання і дасканалая арг-цыя паточна-канвеернага метаду дазвалялі прыхільнікам М. дамагчыся значнага зніжэння выдаткаў вытв-сці і павышэння прадукцыйнасці працы. Некаторыя прыхільнікі М. прызнавалі значэнне ў кіраванні чалавечага фактара, але іх рэкамендацыі зводзіліся пераважна да матэрыяльных фактараў — справядлівай аплаты, матэрыяльнага стымулявання і да т.п. Гэта абумовіла неабходнасць пошуку новых шляхоў росту эфектыўнасці вытв-сці, што прадвызначыла паяўленне новых школ і тэорый («школа чалавечых адносін», «тэорыя індустрыяльнага кіравання» і інш.).
У.Р.Залатагораў.
т. 10, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПІШЧА́ЛАЎСКІ ЗА́МАК,
турэмны замак, гарадскі астрог, помнік архітэктуры 19 ст. Пабудаваны ў 1822—25 у Мінску на ўскраіне тагачаснага горада на гары ў прадмесці Раманаўская Слабада (сучасная вул. Валадарскага) пад кіраўніцтвам арх. М.Чахоўскага і К.Хршчановіча (ад прозвішча падрадчыка Р.Пішчалы доўгі час наз. Пішчалаўскім). Мураваны 3-павярховы прамавугольны ў плане з 4 круглымі вежамі на вуглах будынак, накрыты вальмавым дахам. Вежы, аздобленыя нішамі, завершаны прафіляванымі зубцамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы. 2-і і 3-і паверхі аддзелены карнізным поясам. Будынак абнесены мураванай сцяной, умацаванай контрфорсамі. У паўн.-ўсх. ч. сцяны размешчаны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад падзелены карнізам на 2 ярусы (ніжні ярус з шырокай праезнай аркай аздоблены рустам) і завершаны трохвугольным франтонам. З 2-й пал. 19 ст. выкарыстоўваецца як турма; у замку былі царква, шпіталь, школа, аптэка, майстэрні і інш. Помнік рэсп. значэння.
У.М.Дзянісаў.
т. 10, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)