ВА́ЗАЎ (Іван Мінчаў) (9.7.1850, г. Вазаўград, Балгарыя — 22.9.1921),
балгарскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Правадзейны чл. (з 1881), ганаровы чл. Балгарскай АН (з 1921). Ганаровы д-рфілал.н. (1921). Вучыўся ў Калоферскім вучылішчы ў Б.Петкава (бацькі Х.Боцева), у Плоўдзіўскай гімназіі (1867—68). Удзельнік руху за нац. вызваленне Балгарыі. Жыў у эміграцыі ў Румыніі (1876—77) і Расіі (1887—89). Міністр асветы ва ўрадзе К.Стаілава (1897—99). У творах з гіст.-гераічнай тэматыкай (зб-кі вершаў «Журба Балгарыі», 1877; «Вызваленне», 1878; цыкл ліра-эпічных паэм «Эпапея забытых», 1881—84, і інш.) і сац.-сатырычных (раман «Новая зямля», 1896, і інш.) панарама нац. жыцця на працягу паўстагоддзя. Заклаў асновы балг. л-ры пасля вызвалення ад тур. іга, даў узоры асн. яе жанраў. Раман-эпапея «Пад прыгнётам» (1889—90, бел.пер. «У ярме», 1955) пра Красавіцкае паўстанне 1876. Аўтар «Аповесцяў і апавяданняў» (т. 1—3, 1891—93), камедый («Шукальнікі цёплых месцейкаў», 1903, і інш.), гіст. драм («Да бездані», 1908; «Барыслаў», 1909; «Івайла», 1913, і інш.). На бел. мову творы Вазава перакладалі У.Анісковіч, Н.Гілевіч і В.Нікіфаровіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДЗІ (Махандас Карамчанд) (2.10.1869, г. Парбандар, Індыя — 30.1.1948),
мысліцель, грамадска-паліт. і дзярж. дзеяч, адзін з лідэраў інд.нац.-вызв.руху, заснавальнік і ідэолаг гандзізму. Празваны Махатмам («вялікая душа»). Юрыдычную адукацыю атрымаў у Вялікабрытаніі. У 1893—1915 жыў у Паўд. Афрыцы. Філас. і грамадска-паліт. погляды Гандзі сфарміраваліся на аснове класічнай інд. філасофіі і пад уплывам ідэй прадстаўнікоў зах.-еўрап. (К.Маркс, Ч.Дарвін, ідэолагі фабіянскага сацыялізму) і рус. (П.А.Крапоткін, Л.М.Талстой) філас. і паліт. думкі. Асн. палажэнне яго філасофіі — атаясамліванне Бога і ісціны, спасціжэнне якой магчыма праз маральнае самаўдасканаленне чалавека, гуманіст. арыентаванасць яго думкі і дзеянняў; найважнейшы прынцып — гуманізм, які трактуецца як абавязак-людзей у барацьбе за здзяйсненне сваіх патрабаванняў і ідэалаў паважаць жыццё ва ўсіх яго праявах. Распрацаваў канцэпцыю сат’яграхі (літар. ўпартасць у ісціне) — сілы ісціны і любові, ненасілля, якія супрацьпастаўляюцца любым формам зла і насілля. Гандзі звязваў узвышанасць грамадскага ідэалу з чысцінёй сродкаў яго дасягнення. Адстойваў тэорыю інд. нацыі, цэласнасць незалежнай інд. дзяржавы, грамадз. і паліт. адзінства індусаў, сікхаў, мусульман і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Моя жизнь. М., 1969.
Літ.:
Роллан Р. Махатма Ганди: Пер. с фр.Л., 1924;
Датта Д. Философия Махатмы Ганди: Пер. с англ.М., 1959;
Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЭ́ТЫКА-ДЭДУКТЫ́ЎНЫ МЕ́ТАД,
метад навуковага пазнання і разважанняў, заснаваны на вывядзенні (дэдукцыі) заключэнняў з гіпотэз і інш. пасылак, сапраўднае значэнне якіх невядома. Выкарыстанне гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду звязана з шэрагам інш. метадалагічных аперацый: супастаўленнем фактаў, пераглядам існуючых паняццяў, утварэннем новых паняццяў, узгадненнем гіпотэз з інш.тэарэт. палажэннямі і г.д. Падобнага роду разважанні ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у ант. філасофіі. У навук. пазнанні гэты метад атрымаў развіццё ў 17—18 ст. Ён выкарыстаны ў механіцы, у даследаваннях Г.Галілея. Тэорыя механікі І.Ньютана — гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма, пасылкамі якой служаць асн. законы руху. Паводле тыпу пасылак гіпатэтыка-дэдуктыўны метад падзяляецца на: разважанні, пасылкамі якіх з’яўляюцца гіпотэзы і эмпірычныя абагульненні; гіпатэтыка-дэдуктыўныя вывады, засн. на пасылках, што супярэчаць дакладна ўстаноўленым фактам ці тэарэт. прынцыпам; разважанні, пасылкамі якіх служаць сцвярджэнні, што супярэчаць прынятым думкам і перакананням. З лагічнага пункту погляду гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма ўяўляе сабой іерархію гіпотэз, ступень абстрактнасці і агульнасці якіх павялічваецца з аддаленнем ад эмпірычнага базісу. Гіпатэтыка-дэдуктыўны метад дае магчымасць даследаваць структуру і ўзаемасувязь не толькі паміж гіпотэзамі рознага ўзроўню, але і характар іх пацвярджэння эмпірычнымі дадзенымі. Разнавіднасцю гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду можна лічыць матэм. гіпотэзу, якая выкарыстоўваецца як эўрыстычны сродак для адкрыцця заканамернасцей у прыродазнаўстве.
Літ.:
Меркулов И.П. Гипотетико-дедуктивная модель и развитие научного знания. М., 1980;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОБС ((Hobbes) Томас) (5.4.1588, г. Малмсберы, Вялікабрытанія — 14.12.1579 14.12.1679),
англійскі філосаф-матэрыяліст. Скончыўшы Оксфардскі ун-т (1608), працаваў гувернёрам у арыстакратычнай сям’і У.Кавендыша (пазней герцага Дэваншырскага), з якой быў звязаны да канца жыцця. На фарміраванне светапогляду Гобса значна паўплывалі Ф.Бэкан, Г.Галілей, П.Гасендзі, Р.Дэкарт, з якімі ён быў асабіста знаёмы. Прырода ў вучэнні Гобса — сукупнасць аб’ектыўна існуючых фіз. цел, што розняцца велічынёй, фігурай, размяшчэннем у прасторы і рухам, які ўяўляецца як чыста мех. перамяшчэнне матэрыяльнага аб’екта і атаясамліваецца з усімі інш. формамі руху. Пачуццёвыя якасці ён разглядаў не як уласцівасці саміх рэчаў, а як формы іх успрымання. У сац. філасофіі зыходзіў з пастулата аб антыграмадскай, ці эгаістычнай, агрэсіўнай прыродзе чалавека. Таму ў грамадстве і дзяржаве Гобс бачыў перш за ўсё сродак пазнання прычын грамадз. войнаў і іх пераадолення, забеспячэння ўсеагульнага міру і бяспекі. Гобс абгрунтоўваў дагаворную тэорыю ўзнікнення дзяржавы з дадзярж. формаў існавання людзей, калі індывіды жылі раз’яднана ў стане пастаяннай «вайны ўсіх супраць усіх». У сваім этычным вучэнні развіваў ідэі пра супадзенне грамадз. абавязкаў і маральнага доўгу, прыродных законаў маралі і грамадз. дабрачыннасцей. Асн. працы: філас. трылогія «Асновы філасофіі» — «Пра грамадзяніна» (1642), «Пра цела» (1655), «Пра чалавека» (1658); «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай» (1651).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў РАСІ́ЙСКАЙ ФЕДЭРА́ЦЫІ.
Створаны ў 1992 y Маскве на базе Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання СССР (ЦДАКР СССР) і Цэнтр.дзярж. архіва РСФСР (ЦДА РСФСР). Захоўваецца 3139 фондаў, 5,2 млн. спраў (1997). Сабраны матэрыялы па гісторыі рэв., грамадскага і нац.-вызв.руху народаў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Сярод іх дакументы Следчай камісіі Вярх. крымінальнага суда па справе дзекабрыстаў, 3-га аддзялення «ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі», Дэпартамента паліцыі, МУС, Маскоўскага і Пецярбургскага ахоўных аддзяленняў і інш. Есць дакументы Часовага ўрада, фонды па выбарах ва Устаноўчы сход, матэрыялы пра Кастр. паўстанне 1917. Зберагаюцца дакументы з’ездаў Саветаў, фонды ВЦВК, СНК, наркаматаў і мін-ваў СССР і РСФСР і інш.Вял. Айч. вайна 1941—45 адлюстравана ў лістах з фронту і на фронт, ваен. карэспандэнцыях, зводках Саўінфармбюро, тэкстах радыёперадач і інш. Сярод дакументаў гэтага перыяду — фонд Надзвычайнай дзярж. камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў на часова акупіраванай тэр.СССР, матэрыялы Нюрнбергскага і Такійскага працэсаў над гал.ваен. злачынцамі 2-й сусв. вайны. Зберагаюцца мікрафотакопіі дакументаў па гісторыі Расіі і СССР, атрыманыя з замежных архіваў. Захоўваюцца фонды б. Рускага замежнага гіст. архіва, перададзенага Чэхаславакіяй у 1945. Сабрана калекцыя перыяд. выданняў, лістовак, плакатаў, картаў. На падставе дакументаў архіва падрыхтаваны шматлікія дакумент. выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ГРАМА́ДСКАЙ БЯСПЕ́КІ, ГРАМА́ДСКАГА ПАРА́ДКУ І ЗДАРО́ЎЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
злачынствы, які вынікаюць з парушэння ўстаноўленых законам і інш. нарматыўнымі актамі правіл паводзін, што забяспечваюць грамадскі спакой, бяспеку і здароўе асобы, захаванасць маёмасці ўсіх форм уласнасці, а таксама парушэнні нармальных умоў працы, быту і адпачынку грамадзян і дзейнасці дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый.
Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: хуліганства; пагроза забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці; набыццё ці збыт маёмасці, набытай злачынным шляхам; уцягненне няпоўнагадовых у злачынную дзейнасць і немедыцынскае выкарыстанне адурманьваючых сродкаў, спойванне іх; парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі трансп. сродкаў; угон трансп. сродкаў, паветр. судна, парушэнні правіл бяспекі горных, буд. работ, правіл пажарнай бяспекі; незаконнае набыццё, захаванне і выкарыстанне радыяцыйных матэрыялаў; парушэнні правіл захавання і выкарыстання выбуховых рэчываў; незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё або выраб ці збыт зброі і выбуховых рэчываў; незаконны выраб ці збыт газавых пісталетаў і інш. прыстасаванняў для выкарыстання слёзатачывых і нервова-паралітычных газаў; неахайнае захоўванне агнястрэльнай зброі; незаконныя лячэнне, выраб, набыццё, збыт, захаванне моцных ядаў, наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў для ўжывання наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў і зводніцтва; выраб або збыт парнаграфічных прадметаў; выраб і распаўсюджанне твораў, якія прапагандуюць культ насілля і жорсткасці; здзек над магілай; знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культ. каштоўнасцей; жорсткае абыходжанне з жывёламі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІСА́Р (франц. commissaire ад сярэднелац. commissarius упаўнаважаны),
1) у ВКЛ член камісіі, прызначанай вял. князем, радай або сеймам для разгляду судовай справы або для выканання пэўнага даручэння (гл.Камісарскі суд).
2) Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 К. — службовая асоба, якая ўзначальвала мясц. адміністрацыю ў Пскоўскай і Магілёўскай губ. Выконваў паліцэйскія функцыі. Пры К. стваралася камісарская ўправа.
3) У СССР і БССР у 1917—46, да ўтварэння мін-ваў, назва члена ўрада (народны К.), які ўзначальваў наркамат (народны камісарыят).
4) 3 1918 у Чырв. Арміі ваенны К. — прадстаўнік кампартыі ў часцях (на караблях), установах, злучэннях. Кантраляваў дзеянні камандзіраў, займаўся паліт. і выхаваўчай дзейнасцю. Інстытут ваенных К. існаваў да 1925—28, потым у 1937—40, у Вял.Айч. вайну з 16.7.1941 да 9.10.1942. У Беларусі ваенныя К. існавалі ў партыз. фарміраваннях. Упершыню яны прызначаны 16.7.1941 Віцебскім і 23.7.1941 Палескім абкомамі КП(б)Б у тыя партыз. атрады, якія фарміраваліся на неакупіраванай тэр. рэспублікі. У тыле ворага прызначаліся падп. органамі КП(б)Б. У кастр. 1942 скасаваны (як і ў Чырв. Арміі), але ў студз. 1943 адноўлены па патрабаванні Цэнтр. штаба партыз.руху і ўказанні ЦКВКП(б).
5) У Рэспубліцы Беларусь і некат. інш. краінах ваенны К. — асоба, што ўзначальвае ваенны камісарыят (ваенкамат), орган мясц.ваен. кіравання.
6) У некат. краінах службовая асоба з адм. або паліцэйскімі функцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Т.Р.Шаўчэнкі, адна з найбуйнейшых вышэйшых навуч. устаноў Украіны. Засн. ў 1834 у Кіеве як Ун-тсв. Уладзіміра ў складзе 2 ф-таў — юрыд. і філас. (меў гіст.-філал. і фіз.-матэм. аддзяленні; з 1850 — ф-ты); у 1841 адкрыты мед.ф-т. Да 1917 ун-т скончылі каля 20 тыс. чалавек. Ён быў адным з цэнтраў дэмакр.руху на Украіне. Сярод выпускнікоў ун-та вучоныя і дзеячы культуры, у т. л. О.Ю.Шміт, М.М.Бенардос, М.С.Грушэўскі, М.Ф.Рыльскі, М.А.Булгакаў, К.Г.Паустоўскі; у ім вучыўся і працаваў М.В.Доўнар-Запольскі. У 1920—32 на базе ун-та былі створаны ін-ты: нар. адукацыі, сац. выхавання, прафес. адукацыі. У 1933 адноўлены, меў 7 ф-таў, у 1939 яму прысвоена імя Т.Р.Шаўчэнкі. З 1994 сучасная назва. У 1942—43 у складзе Аб’яднанага ўкр. ун-та эвакуіраваны ў Казахстан. У 1944 аднавіў сваю дзейнасць у Кіеве. У 1997/98 навуч.г. больш за 17 тыс. студэнтаў; ф-ты: філас., сацыялогіі і псіхалогіі, эканам., гіст., філал., рамана-герм. філалогіі, юрыд., механіка-матэм., кібернетыкі, фіз., радыёфіз., геал., геагр., хім., біял. і інш. Навучанне дзённае і завочнае. У складзе ун-та Ін-тміжнар. адносін, Ін-т журналістыкі, абсерваторыя, бат. сад (з 1841), выліч. цэнтр, Канеўскі запаведнік, навук.б-ка (каля 4 млн.экз.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАНО́К (Уладзімір Елісеевіч) (3.7.1907, в. Востраў Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 4.11.1984),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз.руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, дзярж. і парт. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў БСГА (1931), ВПШ пры ЦККПСС (1956). З 1941 1-ы сакратар Лепельскага райкома КП(б)Б. Са жн. 1941 да чэрв. 1944 1-ы сакратар Лепельскага падп. райкома КП(б)Б, адначасова з сак. 1942 камандзір партыз. атрада № 68, са жн. 1942 камісар партыз. брыгады Чашніцкай «Дубава», з ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады Лепельскай імя Сталіна. У снеж. 1943 узначаліў аператыўную групу ЦККП(б)Б і БШПР па Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. З 1944 у апараце ЦККПБ, старшыня Полацкага і Гомельскага аблвыканкомаў, 1-ы сакратар Палескага, Віцебскага абкомаў КПБ. З 1962 1-ы нам. Старшыні СМБССР, міністр вытворчасці і нарыхтовак с.-г. прадуктаў БССР. З 1974 нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Чл.Цэнтр.рэвіз. камісіі КПСС у 1961—76. Чл.ЦККПБ з 1949, канд. у чл. Бюро ЦККПБ з 1962 і з 1976, чл. Бюро ЦККПБ у 1966—76. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946, БССР у 1951—55 і з 1963. Нам. Старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1968—74. Аўтар кніг «У баях за Радзіму» (3-е выд., 1964), «Партызаны прымаюць бой» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВІ́ЦКІ (Мацвей Восіпавіч) (1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),
філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр.руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т. л.«Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.