МАМЕДКУЛІЗАДЭ́ (Джаліл) (22.2.1866, Нахічэвань-на-Араксе, Азербайджан — 4.1.1932),

азербайджанскі пісьменнік; пачынальнік рэв.-дэмакр. кірунку ў азерб. л-ры. Скончыў настаўніцкую семінарыю (г. Горы, 1887). З 1903 жыў у Тбілісі. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. Пісаў пад псеўд. Мала Насрэдзін. У 1906 заснаваў і рэдагаваў (да 1931, з перапынкамі) сатыр. час. «Мала Насрэдзін». У аповесці «Прапажа асла» (1894, выд. 1936), апавяданнях, камедыях «Мерцвякі» (1909), «Зборышча вар’ятаў», драме «Кеманча» (абедзве выд. 1936), сатыр. фельетонах выступаў супраць сац. прыгнёту, рэліг. фанатызму, невуцтва. Удзельнічаў у распрацоўцы новага лацінізаванага азерб. алфавіта.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. Баку, 1966;

Четки хана: Повесть и рассказы. М., 1966.

Літ.:

Шариф А. Рождение Молла Насредцина: Очерк жизни и творчества Д.Мамедкулизаде. Баку, 1968.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДЗЮКО́ВА (Нона) (Наябрына) Віктараўна (н. 25.11.1925, станіца Канстанцінаўская Данецкай вобл., Украіна),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1950). Стварыла вобразы сучасніц, глыбока нац. рус. характары. Гераіні М. — натуры душэўна шчодрыя, бескампрамісныя: Ульяна Громава («Маладая гвардыя», 1948, паводле А.Фадзеева; Дзярж. прэмія СССР 1949), Сцеша («Чужая радня», 1956), Саша Патапава («Простая гісторыя», 1960), Доня Трубнікава («Старшыня», 1965), Фядосся Угрумава («Рускае поле», 1972), Матрона («Багна», 1978). Яркая камедыйнасць і вострахарактарнасць выявілася ў фільмах: «Жаніцьба Бальзамінава» (1965, паводле А.Астроўскага), «Брыльянтавая рука» (1969), «Радня» (1982). З інш. фільмаў: «Камісар» (1967, вып. 1988), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, паводле М.Шолахава; Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Вакзал для дваіх» (1983), «Забароненая зона» (1988), «Мама» (1999). Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1973.

Н.В.Мардзюкова.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗІК (Мікалай Фёдаравіч) (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),

бел. нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.

Тв.:

Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].

Літ.:

Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.

Г.В.Кісялёў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНЭ́ ((Martinet) Андрэ) (н. 12.4. 1908, Сент-Альбан-дэ-Віяр, Францыя, французскі мовазнавец. Вучыўся ў Сарбоне (Парыж) і Берлінскім ун-це. З 1947 праф. Калумбійскага ун-та (Нью-Йорк),

з 1955 — Сарбоны. Навук. працы па агульным і франц. мовазнаўстве, фаналогіі. Сфармуляваў асн. палажэнні функцыянальнай фаналогіі, увёў прынцып разгляду цэлых сістэм у дыяхранічнай фаналогіі, апісаў механізм фаналагічнай ланцуговай рэакцыі і інш. фактары фанетычных змен. Аўтар прац «Вымаўленне ў сучаснай французскай мове» (1945), «Фаналогія як функцыянальная фанетыка» (1949), «Пра функцыянальны погляд на мову» (1962) і інш. Прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дапаможнай мовы (1946—48), Еўрап. лінгвістычнага т-ва (1966).

Тв.:

Рус. пер. — Принцип экономии в фонетических изменениях. М., 1960;

Основы общей лингвистики // Новое в лингвистике. М., 1963. Вып. 3.

т. 10, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРША́К ((Marshak) Роберт Юджын) (11.10.1916, Нью-Йорк — 23.12.1992),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1958), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1962). Бацькі М. паходзяць з Мінска. Скончыў Калумбійскі ун-т (1936). З 1939 у Рочэстэрскім ун-це (з 1949 праф.), з 1970 у Нью-Йоркскім ун-це (прэзідэнт Сіці-каледжа), з 1979 праф.

Ун-та штата Вірджынія (г. Блэксберг). Навук. працы па астрафізіцы, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц. Даследаваў генерацыю энергіі ў белых карліках, ударныя хвалі пры ядз. выбуху (хвалі М.). Разам з Г.А.Бетэ прадказаў існаванне 2 розных тыпаў мезонаў (1947). Прапанаваў незалежна ад М.Гел-Мана і Р.Фейнмана універсальную тэорыю слабых узаемадзеянняў (разам з Э.Сударшанам, 1957).

Тв.:

Рус. пер. — Введение в физику элементарных частиц. М., 1962 (разам з Э.Сударшанам).

М.М.Касцюковіч.

Р.Маршак.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Артамон Сяргеевіч) (1625—25.5.1682),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, баярын. Удзельнік рас. дэлегацыі на Пераяслаускай радзе 1654, пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1656—57. З 1669 узначальваў Маларасійскі прыказ, з 1671 адначасова Пасольскі прыказ і інш. У 1672 на перагаворах з Рэччу Паспалітай дамогся замацавання за Расіяй Кіева. Быў адукаваным чалавекам, адным з першых прадстаўнікоў рас. заходніцтва. Ініцыятар стварэння ў 1672—73 прыдворнага тэатра, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча (1676), другая жонка якога Н.К.Нарышкіна была выхаванкай М., сасланы на Поўнач. У 1682 вернуты ў Маскву Пятром I. Забіты ў час Маскоўскага паўстання 1682.

Літ.:

«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989. С. 146—179.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТВІЛА ((Montvila) Вітаўтас) (4.2. 1902, г. Чыкага, ЗША — 19.7.1941),

літоўскі паэт. З 1906 жыў у Літве. Вучыўся ў Каўнаскім ун-це (1928—29). За ўдзел у антыфаш. руху зняволены (1929—31). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі. Друкаваўся з 1923. Прадаўжаў рэв. і грамадз. традыцыі лірыкі Ю.Яноніса. У зб. «Ночы без начлегу» (1933) — тэма сац. несправядлівасці, спалучэнне лірызму і сюжэтнасці, сатыр. інтанацыі і экспрэсіўнасць стылю. Аўтар паэт. зб-каў «У шырокі свет» (1940), «Вянок Савецкай Літве» (выд. 1946), кн. «Апавяданні» (выд. 1951). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.Аўрамчык, С.Дзяргай, А.Звонак, А.Лойка, М.Лужанін, М.Хведаровіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Літоўская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1977. Т. 1;

Рус. пер. — Избранное. М., 1956;

Ночи без ночлега. М., 1982;

Когда приходит весна. М., 1982.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміж рус. войскамі на чале з А.М.Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс. чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».

В.І.Мялешка.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУЗЫКА́ЛЬНАЯ ЖИЗНЬ»,

музычны крытыка-публіцыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1957 у Маскве на рус. мове 2 разы на месяц. Разлічаны на аматараў музыкі і самадз. музыкантаў. Змяшчае матэрыялы па эстэт. праблемах муз. мастацтва, гутаркі аб творах класічнай і сучаснай музыкі, інтэрв’ю з вядомымі муз. дзеячамі і выканаўцамі, іх творчыя партрэты, рэцэнзіі на канцэрты і муз. спектаклі, водгукі на новыя кнігі; ноты, грампласцінкі, песні і інстр. творы рас. і інш., у т. л. бел., кампазітараў, папулярныя творы муз. класікі. У часопісе асвятляецца развіццё бел. муз. культуры, дзейнасць навуч. і культ. устаноў (№ 20 за 1982 прысвечаны музыцы Беларусі). На яго старонках выступалі бел. кампазітары і музыказнаўцы Р.Аладава, Э.Алейнікава, У.Алоўнікаў, В.Антаневіч, Г.Глушчанка, Т.Дубкова, І.Зубрыч, І.Лучанок, Л.Мухарынская, І.Нісневіч, Р.Сергіенка, В.Сізко, Б.Смольскі, Л.Сцяпура, Г.Цітовіч, Т.Шчарбакова і інш.

Т.А.Шчарбакова.

т. 11, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСНІ́ЦКІ ((Muśnicki) Нікодам) (16.2. 1765, Літва — 16.1.1805),

польскі паэт, драматург, гісторык. Жыў на Беларусі. Вучыўся ў Полацку і Оршы. Выкладаў рыторыку, франц. мову і філасофію ў Мсціславе і Віцебску. З 1800 выкладчык тэалогіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Для полацкага школьнага т-ра пісаў камедыі («Дзівак», «Падазронасць») і трагедыі («Смерць Цыцэрона», «Флавій» і інш.). У Полацку выйшлі яго зб-кі «Тэатральныя забаўкі» (т. 1—2, 1803) і «Больш дробныя паэтычныя забаўкі» (1804), у якіх выразна праявіліся стылявыя рысы класіцызму. Аўтар падручнікаў, гісторыі езуітаў на Беларусі (рукапіс). Яго эпічная паэма «Палтава» (Полацк, 1803), у якой услаўляецца перамога рус. войск над шведамі, выклікала ў 1817—18 вострую ідэйную палеміку паміж прыхільнікамі асветніцтва і езуітамі. Выступаў за пашырэнне асветы, збліжэнне Беларусі з Расіяй.

А.В.Мальдзіс.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)