ПІТЭКА́НТРАП (ад грэч. pithēkos малпа + anthrōpos чалавек), старажытны чалавек, які жыў каля 1 млн.г. назад. Рэшткі П. (чарапная накрыўка, сцегнавая косць, фрагмент ніжняй сківіцы і 5 зубоў) знойдзены ў 1891—93 галандскім урачом Э.Дзюбуа на в-ве Ява. П. меў пакаты лоб, нізкае скляпенне чэрапа (ёмістасць чэрапа 900 см³.), на лобнай косці выступаў надвочны валік. П. разам с сінантрапам, гейдэльбергскім чалавекам, атлантрапам належыць да найстараж. людзей — архантрапаў, якія з’яўляюцца адной са стадый у філагенетычным развіцці чалавека (гл. таксама Антрапагенез). Л.І.Цягака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННАЯ ЗВА́РКАзварка сціснутай дугой,
зварка металаў з дапамогай нізкатэмпературнай (~104К) плазмы ў асяроддзі ахоўных газаў; від дугавой зваркі. Выконваюць пры дапамозе плазматрона. Існуюць 2 спосабы П.з.: плазменнай дугой, што ўзнікае паміж электродам плазматрона і металам, які зварваюць, і плазменным струменем, што ўзнікае паміж электродам і саплом плазматрона. Для ўтварэння плазмы выкарыстоўваюць інертныя газы (пры зварцы каляровых металаў) ці вуглякіслы газ (пры зварцы сталі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕТА́РНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
зубчаста-рычажная перадача, што мае колы з рухомымі геам. восямі (сатэліты), якія абкочваюцца вакол цэнтр. кола. Рухомае звяно, на якім умацаваны восі сатэлітаў, наз. вадзілам. Выкарыстоўваюць для перадачы вярчэння паміж 2 паралельнымі восямі ці тымі, што перасякаюцца, а таксама пры ўзнаўленні складанага плоскапаралельнага руху рабочага органа, які аб’ядноўваецца з сатэлітам. Выкарыстоўваюць у рэдуктарах трансп. машын, прыводах станкоў, каробках перадач, рэверсіўных механізмах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́СНЕВЫЯ ГРЫБЫ́,
мікраскапічныя грыбы, што ўтвараюць характэрныя налёты (плесні) на паверхні арган. субстратаў (харч. прадукты, папера, скура, тэкстыль і інш.). Належаць да розных сістэм. груп: ааміцэты, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, сумчатыя грыбы і інш. Каля 250 відаў. Пашыраны ў глебе, раскладаюць арган. рэшткі і прымаюць удзел у іх мінералізацыі. Выклікаюць хваробы раслін, псаванне прадуктаў, разбурэнне прамысл. вырабаў і матэрыялаў.
Для П.г. характэрны паветраны міцэлій, які добра развіваецца на паверхні і ўнутры субстрату. Споры ўтвараюцца на гіфах. Выкарыстоўваюць П.г. для атрымання ферментаў, арган.к-т, антыбіётыкаў, вітамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ХВА,
1) абкладка розных органаў у жывёл і раслін (напр., П. нервовага валакна, П. ліста — ніжняя ч., расшыраная ў выглядзе жалабка або трубкі). Наяўнасць (або адсутнасць) і форма П. — пастаянная прыкмета ў сістэматыцы раслін.
2) Уцінанне скурных покрываў у жывёл, якое служыць умяшчальняй некат. органаў (напр., П. языка ў змей).
3) Канечны аддзел палавых праток самак млекакормячых (акрамя аднапраходных), што злучае шыйку маткі і мочапалавы сінус, які ўтварае пераддзвер’е П. У жанчын — мышачная расцяжная трубка ў малым тазе паміж мачавым пузыром і мочаспускальным каналам спераду і прамой кішкай ззаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ МЕ́ТРЫКА,
спосаб вымярэння адлегласцей (даўжынь адрэзкаў) і вуглоў сродкамі праектыўнай геаметрыі.
Сутнасць спосабу ў замацаванні некаторай фігуры ў якасці абсалюта, які вызначае дадзеную метрычную геаметрыю, і ў вылучэнні з групы праектыўных пераўтварэнняў такіх, якія адлюстроўваюць абсалют у сябе і ствараюць такім чынам адпаведную групу рухаў. Напр., метрыка плоскасці Лабачэўскага атрымліваецца, калі за абсалют прыняць нераспадальную рэчаісную лінію 2-га парадку. Тады даўжыня адрэзка AB роўная (ABPQ), дзе P і Q — пункты перасячэння прамой AB з абсалютам, — пастаянная, аднолькавая для ўсіх адрэзкаў, (ABPQ) — падвойны стасунак (гл.Праектыўнае пераўтварэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТА́ЛОГІЯ (ад грэч. prōctos задні праход + ...логія),
раздзел гастраэнтэралогіі і абдамінальнай хірургіі, які вывучае хваробы прамой кішкі (гемарой, практыт і інш.), распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; больш шырока — хваробы тоўстага кішэчніка (колапракталогія). Многія захворванні прамой кішкі з’яўляюцца лакалізацыяй працэсаў у папярэдніх аддзелах (паліпоз, хвароба Крона, неспецыфічны язвавы каліт), асабліва пры злаякасных захворваннях. На Беларусі ў 1971 адкрыта аддзяленне П. на базе Мінскай абл. клінічнай бальніцы (Бараўляны); з 1978 — Рэсп.цэнтр. Створаны аддзяленні П. ў абл. цэнтрах, рэабілітацыйная служба для хворых на рак прамой кішкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. proles атожылак, патомства + facio раблю),
прарастанне якога-н. органа расліны з другога органа, які скончыў свой рост і развіццё (напр., прарастанне вегетатыўнага парастка з лісцем з кветкі, або новай кветкі з існуючай). Адбываецца ў пэўных умовах з прычыны падоўжання восі кветаложа або плода за кошт росту і дыферэнцыяцыі нявыкарыстанай ч. верхавінкавай мерыстэмы (напр., пры прышчэпліванні чаранка з кветкавымі пупышкамі яблыні ці чарэшні на моцны прышчэп). П. характэрная для ананаса, ружы, суніц; адзначана таксама ў жан. шышак сагоўнікаў, шышак хвойных. У агульнабіял. сэнсе — тое, што праліферацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРО́СА»,
«Ляда», бел.нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.