УФАЛО́ГІЯ (англ. ufology дзейнасць па вывучэнні UFO, ці НЛА — неапазнаных лятальных аб’ектаў),

галіна навукова-тэхн. дзейнасці, якая складаецца са збору, класіфікацыі і спроб інтэрпрэтацыі рознай інфармацыі, у т. л. паведамленняў сведак, пра назіранні НЛА. Адна з праблем У. — мера аб’ектыўнасці паведамленняў і ўзнаўляльнасць назіранняў.

т. 16, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФЕРА́РЫ»

(Ferrari),

сям’я спарт. і гоначных аўтамабіляў аднайм. італьян. фірмы. Выпускаюцца з 1946. Заднепрывадныя спарт. аўтамабілі маюць 2-месны (найб. пашыраны) 2-дзверны кузаў купэ ці кабрыялет, бензінавы рухавік магутнасцю да 383 кВт. Найб. скорасць да 325 км/гадз.

Спартыўны аўтамабіль «Ферары» серыі F355.

т. 16, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРОНТ ХВА́ЛІ,

пярэдні край адзіночнай ці абмежаванай хвалі, які аддзяляе ўзбураную частку асяроддзя (поля) ад неўзбуранай. Распаўсюджванне хвалі адбываецца ў напрамку нармалі да Ф.х. і можа разглядацца як рух Ф.х. праз асяроддзе. Фронт працяглых (у часе і ў прасторы) хваль — тое, што хвалевая паверхня.

т. 16, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАНІНГАВА́ННЕ (ад англ. honing літар. — тачыць),

аддзелачная апрацоўка металаў рэзаннем на ханінгавальным станку, разнавіднасць абразіўнай апрацоўкі. Выконваецца дробназярністымі абразіўнымі брускамі, што манціруюцца на галоўцы (хоне). Робіцца пасля шліфавання, чыставога або прэцызійнага расточвання, разгорткі ці працягвання. Х. апрацоўваюць цыліндрычныя скразныя, глухія і ступеньчатыя адтуліны, вонкавыя паверхні.

т. 16, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТО́ЛЬНЯ (ад ням. Stollen),

гарызантальная ці нахіленая горная вырабатка з выхадам на зямную паверхню. Прызначаецца для абслугоўвання горных работ. Мае памеры, дастатковыя для перамяшчэння людзей і грузаў. Ш. могуць быць разведачныя і эксплуатацыйныя (для распрацоўкі радовішча). У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць трансп., вентыляцыйныя, водаадліўныя.

т. 17, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЦЫ́Д (ад эка... + лац. caedo забіваю),

наўмысныя дзеянні, якія здольны выклікаць экалагічную катастрофу, напр., масавае знішчэнне расл. і жывёльнага свету, атручэнне атмасферы ці водных басейнаў і інш. Тэрмін увёў А.​Гальстан (1970), які назіраў гэтую з’яву ў Індакітаі. Гл. таксама Экалагічная вайна.

т. 18, кн. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАО́СМАС (ад электра... + осмас), электраэндаосмас,

рух вадкасці праз капіляры ці сітаватыя дыяфрагмы пад уздзеяннем знешняга электрычнага поля. Э. выкарыстоўваюць для выдалення залішняй вільгаці з глебы пры пракладванні трансп. магістралей і гідратэхн. буд-ве, для сушкі торфу, ачысткі вады, тэхн. вадкасцей і інш.

т. 18, кн. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛЯ́Д,

1) сціслае абагульненае паведамленне (у друку, на радыё і тэлебачанні) пра падзеі, што адбыліся за пэўны прамежак часу ў грамадскім жыцці, навуцы, тэхніцы, мастацтве, л-ры (агляд міжнар. падзей, навуковы, тэатральны, літаратурны).

2) Від паказу, у якім сродкамі тэатра (кіно, радыё, тэлебачання, эстрады) падаюцца падзеі, з’явы, факты жыцця. Складаецца з асобных сцэн, эстрадных, харэагр., муз., вак. нумароў, аб’яднаных агульным сюжэтам. Узнік у 1830-я г. ў Францыі, меў надзённы характар. З канца 19 ст. ператварыўся ў пацешлівыя відовішчы (рэвю, мюзік-хол). У бел. нар. тэатры своеасаблівай формай агляду былі ігрышчы, выступленні скамарохаў, школьнага тэатра, батлейкі, у якіх дэманстраваліся бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. У 1920—30-я г. форму агляду мелі агітац.-маст. паказы на актуальныя паліт. ці вытворча-быт. тэмы. Выкарыстоўваецца ў сучасных тэатрах сатыры і мініяцюр.

3) Форма паказу дасягненняў прафес. ці самадзейнага мастацтва — выстаўка, дэкада, конкурс, паказ, свята, фестываль і інш.

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНА АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

прыродныя і сінт. рэчывы, пад уздзеяннем якіх працякаюць і рэгулююцца розныя працэсы ў жывых арганізмах (хім. рэгулятары біял. працэсаў). Разнастайныя па сваёй прыродзе, функцыях, характары дзеяння, месцы ўтварэння і інш. Сістэматычнае вывучэнне біялагічна актыўных рэчываў пачалося ў канцы 19 ст. Узнікла некалькі раздзелаў біялогіі і медыцыны, што займаюцца іх пошукам, вывучэннем механізмаў дзеяння і магчымасцяў практычнага выкарыстання. Да прыродных біялагічна актыўных рэчываў належаць гармоны, вітаміны, ферменты, біястымулятары, інш. хім. злучэнні, вылучаныя з прыродных крыніц з мэтай увядзення ў арганізм чалавека, жывёлы, расліны ці мікроба для рэгулявання ходу нармальных ці паталагічных працэсаў (лек. прэпараты, напр., антыбіётыкі, алкалоіды, некаторыя фенолы). Сярод штучных біялагічна актыўных рэчываў многія сінт. злучэнні, прэпараты якіх выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, эксперым. біялогіі і медыцыне (штучныя рэгулятары росту, фунгіцыды, гербіцыды, мутагены і інш.). У шэрагу выпадкаў яны дзейнічаюць больш моцна і выбіральна, чым прыродныя.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РУ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць бор, пераважна ў ступені -3 ці +3. Найб. пашыраны аксід, карбід, нітрыд, сіліцыды бору, бараты, барыды, боравадароды, борарганічныя злучэнні. Сыравінай для бору злучэнні з’яўляецца бор і аксід бору.

Бору аксід (борны ангідрыд), B2O3, бясколернае шклопадобнае ці крышт. рэчыва, tпл 450 °C, тэрмічна ўстойлівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, керамікі, эмаляў. Бору карбід B4C(B12C4), чорныя крышталі, tпл 2350 °C. Па цвёрдасці саступае толькі дыяменту і нітрыду бору. Выкарыстоўваюцца для вырабу абразіўных і шліфавальных матэрыялаў, як праваднік; абагачаны ​10B — паглынальнік нейтронаў. Бору нітрыд існуе ў трох алатропных формах, адна з іх, β-форма, — баразон, tпл 3200 °C, па цвёрдасці блізкі да дыяменту. Абразіўны звышцвёрды матэрыял. Бору сіліцыды (барыды крэмнію), B4Si і B6Si. Шэрыя крышталі з т-рамі раскладання 1390 °C і 1864 °C адпаведна. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя матэрыялы, для рэгулявальных і ахоўных прыстасаванняў ядз. рэактараў.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)