праваслаўны царкоўны дзеяч ВКЛ. З 1417 епіскап смаленскі. У 1432—35 мітрапаліт літоўскі. Паводле некат. летапісаў, меў тытул «мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі». Аднак улада Герасіма абмяжоўвалася тэр.ВКЛ і некаторых суседніх усх.-слав. зямель (напр., Пскова), бо ў 1433 галавой правасл. царквы Маскоўскай дзяржавы з такім жа тытулам «мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі» быў абраны разанскі епіскап Іона. Пасвячоны ў мітрапаліты ў Канстанцінопалі патрыярхам Іосіфам паводле просьбы вял.кн.ВКЛ Свідрыгайлы. Працягваў жыць у Смаленску. Рымскі папа Яўген IV спадзяваўся з дапамогай Герасіма падпісаць унію з правасл. царквой ВКЛ. З пачаткам у 1432 вайны паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам Герасім быў на баку Свідрыгайлы, аднак у 1435 абвінавачаны апошнім у тайных зносінах з Жыгімонтам, арыштаваны і спалены на вогнішчы ў Віцебску. Расправа з Герасімам падарвала аўтарытэт Свідрыгайлы ў войску і садзейнічала яго паражэнню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1988па Афганістане.
Падпісаны 14 крас. прадстаўнікамі Афганістана, ЗША, Пакістана, СССР як вынік афгана-пакістанскіх перагавораў, якія праходзілі ў Жэневе з чэрв. 1982 (з перапынкамі) пры пасрэдніцтве прадстаўніка Ген. сакратара ААН. Мелі на мэце спыніць грамадзянскую вайну ў Афганістане. Складаліся з Двухбаковага пагаднення паміж Рэспублікай Афганістан і Ісламскай Рэспублікай Пакістан аб прынцыпах узаемаадносін (у т. л. аб неўмяшанні і адмове ад інтэрвенцыі), Двухбаковага пагаднення паміж гэтымі краінамі пра добраахвотнае вяртанне бежанцаў, Дэкларацыі аб міжнар. гарантыях і Пагаднення аб узаемасувязі для ўрэгулявання становішча, якое датычыцца Афганістана. Апошняе пагадненне адной з гал. умоў прадугледжвала вывад з Афганістана сав. войск (паловы да 15.8.1988, астатніх на працягу 9 месяцаў). Няпоўнае выкананне пагадненняў Пакістанам (на яго тэр. працягвалі базіравацца ўзбр. фарміраванні для вядзення баёў на тэр. Афганістана) у значнай ступені перашкодзіла спыненню грамадз.вайны ў Афганістане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі (1977), «Выбранае» Я.Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДРА́ДА ДЗЯРЖА́ВЕ,
асабліва небяспечнае дзярж. злачынства. Паводле КК Рэспублікі Беларусь — дзеянне, наўмысна ўчыненае грамадзянінам рэспублікі на шкоду яе знешняй бяспекі, суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Выяўляецца ў выдачы дзярж. або ваен. тайны замежнай дзяржаве. шпіянажы, пераходзе на бок ворага ў час вайны або ўзбр. канфлікту, аказанні замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзенні дзейнасці супраць сваёй дзяржавы шляхам учынення асабліва небяспечных дзярж. злачынстваў па заданні органаў або прадстаўнікоў замежнай дзяржавы. Крымін. адказнасць за З.дз. настае з 18-гадовага ўзросту, у якасці пакарання можа быць прызначана пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або смяротная кара. Вызваляецца ад крымін. адказнасці асоба, завербаваная замежнай разведкай для правядзення варожай дзейнасці супраць сваёй дзяржавы, калі яна ў выкананне атрыманага злачыннага задання ніякіх дзеянняў не зрабіла і добраахвотна заявіла органам улады пра сваю сувязь з замежнай разведкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ ДЭЛЕГА́ТАЎ ВІ́ЛЕНШЧЫНЫ І ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ.
Адбыўся 9—10.6.1919 у Вільні. Скліканы па ініцыятыве паланафільскай групы бел.паліт. дзеячаў на чале з Б.А.Тарашкевічам. Прысутнічала 125 дэлегатаў, большасць з іх члены Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Асн. даклады: аб кааперацыі (К.С.Дуж-Душэўскі), аб стане і неадкладных задачах бел. асветы (М.С.Кахановіч), аб выдавецкай дзейнасці (Я.Станкевіч). З’езд пацвердзіў вернасць ідэалам незалежнай і непадзельнай Беларусі, выказаў поўны давер ураду БНР, прызнаў пажаданым дзярж. саюз з Літвой. У прынятай дэкларацыі асудзіў акупацыю Беларусі Польшчай, заклікаў да стварэння працоўных валасных, пав. і губ. рад. Прыняў рэзалюцыі аб стварэнні бел. войска, аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільні і Гродне, абмеркаваў пытанні пра беларусізацыю царквы і касцёла на Беларусі, пра дапамогу пацярпелым ад вайны. Выбраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, прыняў пастанову пра скліканне Рады БНР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ РУХ,
ліберальна-апазіц. грамадская і паліт. дзейнасць земскіх гласных і земскай інтэлігенцыі ў Расіі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Быў накіраваны на расшырэнне правоў земстваў. Выяўляўся ў падачы земскіх адрасоў і хадайніцтваў на імя імператара, правядзенні нелегальных сходаў і з’ездаў, выданні за мяжой брашур і артыкулаў, стварэнні нелегальных паліт. арг-цый. У 1880—82 выдавалася газ. «Земство». Створаны земскія аб’яднанні «Гутарка» (1899), «Саюз вызвалення» (вер. 1903), «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (ліст. 1903). Асн. дзеячы: І.І.Петрункевіч, У.А.Бобрынскі, П.Дз. і П.Дз.Далгарукавы, П.А.Гейдэн, У.Л.Вярнадскі, Ю.А.Навасільцаў і інш. Са стварэннем у пач. Рэвалюцыі 1905—07 паліт. партый кадэтаў і акцябрыстаў З.р. пайшоў на спад. У час 1-й сусв.вайны выявіўся ў стварэнні Земскага саюза (1914) для дапамогі ўраду ў арганізацыі забеспячэння арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ЎСКІ (Яўген Піліпавіч) (7.3.1918, в. Чарэя Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 22.11.1991),
генерал арміі (1972). Герой Сав. Саюза (1985). Скончыў ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА (1941), Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав-фінл.вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з кастр. 1941 на Зах., Сталінградскім, Варонежскім, Паўд.-Зах., 1-м і 2-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, Сталінградам, Курскам, вызвалення Украіны, Польшчы, Усх.-Прускай аперацыі. З 1945 на адказных пасадах у Сав. Арміі. У 1972—80 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1980 камандуючы войскамі БВА, з 1985 галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі — нам. міністра абароны СССР, з 1989 ваен. інспектар-саветнік. Чл.ЦККПБ у 1981—86. Бюро ЦККПБ у 1981—85. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1970—89. Аўтар кн. «Перамогі нязгаснае святло» (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ГРЭ́ЧАСКАЯ ВАЙНА́ 1940—41,
вайна фаш. Італіі супраць Грэцыі ў пач. 2-й сусв.вайны. 28.10.1940 італьян. войскі (87 тыс.чал., 686 гармат, 163 танкі, 380 самалётаў) уварваліся ў Грэцыю з тэр. Албаніі (акупіравана італьянцамі ў 1939). На грэка-албанскай мяжы ім процістаялі грэч. войскі (27 тыс.
чал., 220 гармат, 20 танкаў, 36 самалётаў), якія ва ўпартых баях да 7.11.1940 спынілі праціўніка. 14 ліст. ўдарная група грэч. войск (12 пях. і 2 кав. дывізіі, 3 пях. брыгады) перайшла ў контрнаступленне і да канца снеж. 1940 вызваліла тэр. Грэцыі і паўд.-ўсх. раёны Албаніі. У студз. 1941 вайна набыла пазіцыйны характар. Новае наступленне італьян. войск (26 дывізій) у сак. 1941 скончылася правалам. Уступленне ў вайну ў крас. 1941 Германіі рэзка змяніла сітуацыю на карысць Італіі. Грэч. армія вымушана была адступіць і 23.4.1941 капітулявала (гл.Балканская кампанія 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІН (Анатоль Веньямінавіч) (н. 22.8.1916, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. У 1941 апублікаваў аповесць «Курганы», на аснове якой і аповесцей «На поўдні» (1944) і «Таварышы» (1945) створаны раман «Чырвоны сцяг» (1951). У раманах «Суровае поле» (1958), «Забароненая зона» (1962), «Грукаціце, званы!» (1966—67), «Цыган» (кн. 1—2, 1960—83; паводле аднайм. аповесці маст. фільм 1967), аповесцях «Рэха вайны» (1963), «Вяртання няма» (1971) тэмы барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі, пасляваен. жыцця вёскі, важныя пытанні сучаснасці. Аўтар паэт.зб. «Па крузе сумлення і абавязку» (1983), кніг пра М.Шолахава, зб-каў нарысаў, літ.крытычных артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1982—83.
Літ.:
Карпова В. Анатолий Калинин. 2 изд. М., 1976;
Шишкина Н.А. От имени сердца: Размышления над страницами книг АВ.Калинина. Ростов н/Д, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ ((Callot) Жак) (1592 або 1593, г. Нансі, Францыя — 25.3.1635),
французскі гравёр і рысавальшчык. Майстар афорта. Прадстаўнік маньерызму. З 1608 вучыўся ў Рыме. У 1611—21 прыдворны мастак у Фларэнцыі («Спакуса св. Антонія», каля 1616; «Кірмаш у Імпрунеце», 1620). З 1621 у Нансі, рабіў гравюры па малюнках, прывезеных з Італіі [серыі «Гобі» («Гарбуны»), «Балі» («Танцы»), «Тры Панталоне», усе 1622, і інш.]. У творах адлюстроўваў тагачасныя гіст. падзеі («Аблога Брэды», 1627; «Аблога вострава Рэ» і «Аблога Ла-Рашэлі», абодва 1630), шматграннасць жыцця («Жабракі», 1622; 2 серыі «Бедства вайны», 1632—33), звяртаўся да рэліг. сюжэтаў («Пакутніцтва св. Себасцьяна», 1632—33), пісаў пейзажы («Чатыры пейзажы», 1622; віды Нансі, 1626, Парыжа, 1629), партрэты (К.Дэруэ, 1632). Вынайшаў тэхніку паўторнага траўлення ў афорце, што дазволіла дасягнуць асаблівай дакладнасці малюнка, топкасці і мяккасці танальных і святлоценявых пераходаў.
Ж.Кало. Касандр. Афорт з серыі «Тры Панталоне». 1622.