РЭБО́РДА (ад франц. rebord літар. — прыўзняты край, борт),
кругавы выступ на краі вобада кола лакаматыва (вагона), які прадухіляе сход кола з рэйкі, накіроўвае яго на бакавы пуць у час руху па стрэлачным пераводзе. Р. на шківе ці блоку затрымлівае канат, трос, рэмень ад саслізгвання.
т. 13, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭІНТЭГРА́ЦЫЯ (ад рэ... + інтэграцыя),
аднаўленне ў грамадзянстве якой-н. дзяржавы асоб, што мелі яго раней, а потым страцілі. Сэнс Р. найчасцей заключаецца ў спрошчанай працэдуры, якая ў гэтых выпадках выкарыстоўваецца. Р. можа прадугледжвацца ў спец. законах ці ў звычайным заканадаўстве аб грамадзянстве (разнавіднасць натуралізацыі).
т. 13, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАВА́Я ЭНЕ́РГІЯ,
фізічная велічыня, роўная здабытку светлавога патоку на працягласць асвятлення; адна з асн. светлавых велічынь. Вызначаецца як частка энергіі эл.-магн. выпрамянення, якая ўспрымаецца чалавечым вокам ці інш. прыёмнікам святла са спектральнай адчувальнасцю, роўнай адчувальнасці сярэдняга вока. Адзінка С.э. — люмен-секунда (гл. Люмен).
т. 14, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ МА́СЛЫ,
вадкія арган. ці элементаарган. прадукты (крэмнійарганічныя вадкасці, эфіры фосфарнай, адыпінавай і інш. к-т, паліалкіленгліколі). Хімічна інертныя да металаў, гумы, фарбы і інш., малавыпаральныя; працаздольныя пры т-рах ад -100 да 400 °C. Выкарыстоўваюць змазачныя матэрыялы (гл. Змазачнае масла), цепланосьбіты, кампаненты пластычных змазак.
т. 14, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРО́З (ад грэч. sklerōsis зацвярдзенне),
паталагічнае ўшчыльненне тканкі ці органа, выкліканае гібеллю функцыян. элементаў і заменай іх злучальнай тканкай. Бывае С. дыфузны (агульнае пашкоджанне органа) і ачаговы (частковае пашкоджанне). Адрозніваюць атэрасклероз, кардыясклероз, С. нырак (нефрасклероз), лёгкіх (пнеўмасклероз), печані (цыроз печані). Асобная форма С. — рассеяны склероз.
т. 14, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІДО́МЕТР (ад англ. speed скорасць + ...метр),
прылада, якая паказвае скорасць руху трансп. машыны. Бывае магнітаіндукцыйнага, радзей мех. дзеяння з эл. ці мех. (напр., з дапамогай гнуткага вала) прыводам ад трансмісіі або ад кола машыны. Звычайна са С. спалучаны лічыльны механізм, які паказвае пройдзены машынай шлях.
т. 15, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́ЛКА ў геамарфалогіі,
вузкая намыўная паласа сушы, накіраваная ў бок мора; доўгая каса з пяску, ракушачніку, жвіру (напр., Арабацкая С. ў Крыме). С. наз. таксама ўчастак сушы ў выглядзе вострага кліна паміж 2 рэк у іх сутоках ці заканчэнне вострава паміж пратокамі, што яго абцякаюць.
т. 15, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́ЗІС (грэч. thesis палажэнне, сцвярджэнне),
1) у шырокім сэнсе — адно з асноватворных палажэнняў пэўнай канцэпцыі ці тэорыі.
2) У філасофіі Г.Гегеля — зыходны момант у працэсе дыялект. развіцця, які разам з антытэзісам і сінтэзам складаюць трыяду.
3) У логіцы — палажэнне, сапраўднасць якога патрабуе доказу.
т. 16, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ АНТЭ́НА,
разнавіднасць антэн для перадачы (перадавальная антэна) ці прыёму (прыёмная антэна) тэлевізійных радыёсігналаў. Перадавальная Т.а. ўяўляе сабой сістэму вібратараў (напр., стрыжняў), устаноўленую на тэлевізійнай вежы. Прыёмныя Т.а. бываюць індывід. (напр., пакаёвыя тэлескапічныя антэны, парабалічныя антэны спадарожнікавага вяшчання) і калектыўныя (найб. пашыраны тыпу «хвалевы канал»).
т. 16, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́РМІН АКУ́ПНАСЦІ,
адносіны капітальных укладанняў да эканам. эфекту, які атрымліваецца ад гэтых укладанняў; адзін з паказчыкаў капітальных укладанняў. Эканам. эфект у нар. гаспадарцы краіны вымяраецца прыростам нацыянальнага даходу, у галінах прам-сці і асобных прадпрыемствах — ростам гадавога прыбытку ці гадавой эканоміяй на сабекошце прадукцыі.
т. 16, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)