ФЛЕ́ГАНТАЎ Аляксей Канідзеевіч (16.3.1888, в. Алочы Чыцінскай вобл., Расія — 11.3.1943),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. У 1920—22 камандзір 1-й Амурскай дывізіі, камандуючы партыз. атрадамі Прымор’я, потым на гасп. і сав. рабоце. У Вял. Айч. вайну ініцыятар стварэння і камандзір кав. партыз. атрада, які ў жн. 1942 накіраваны на тэр. акупіраванай Беларусі. У кастр. 1942 — сак. 1943 камандзір партыз. брыгады «За Радзіму», якая дзейнічала на тэр. Маларыцкага і Дзівінскага р-наў Брэсцкай, Асіповіцкага і Бабруйскага р-наў Магілёўскай, Пухавіцкага і Чэрвеньскага р-наў Мінскай вобл. і Валынскай вобл. (Украіна). Загінуў у баі. У г. Чэрвень яму пастаўлены помнік.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́ЛЬКСШТУРМ (Volkssturm),

апалчэнне ў фаш. Германіі ў канцы 2-й сусв. вайны; апошні ваен. рэзерв нацыстаў. Утвораны ў выніку татальнай мабілізацыі мужчын ад 16 да 60 гадоў паводле ўказа А.​Гітлера ад 25.9.1944. Арганізоўваўся нацысцкай партыяй, кіраўніцтва і навучанне апекавалася рэйхсфюрэрам СС Г.Гімлерам. Асн. арганізац. адзінка — батальёны 2—4-ротнага складу, узброеныя пераважна стралк. зброяй. Мабілізаваныя ў Ф. юрыдычна прыраўноўваліся да вайскоўцаў вермахта. Удзельнічаў у баях у Сілезіі (40 батальёнаў) у снеж. 1944 — студз. 1945, у Венгрыі і на аўстр. мяжы (30 батальёнаў) у снеж. 1944 — сак. 1945, на Одэры, Нейсе і ў раёне Берліна (да 50 батальёнаў). Выкарыстоўваўся і для папаўнення кадравых вайск. часцей.

т. 16, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОХТ Аляксандр Багданавіч (28.9.1848, Масква — 23.8.1930),

расійскі патолаг і тэрапеўт, адзін з заснавальнікаў эксперым. кардыялогіі і клініка-эксперым. кірунку ў паталогіі. Д-р медыцыны (1873), праф. (1880). Скончыў Маскоўскі ун-т (1870), у якім працаваў у 1880—1911 і з 1917. З 1891 арганізаваў і ўзначаліў Ін-т агульнай і эксперым. паталогіі пры Маскоўскім ун-це. У 1912 заснаваў Ін-т агульнай паталогіі пры 2-й Градскай бальніцы (з 1930 кафедра паталаг. фізіялогіі 2-га Маскоўскага мед. ін-та). Асн. працы па праблемах паталогіі сэрца і сасудаў, мочавыдзяляльнай сістэмы, воднага абмену, эксперым. кардыялогіі, паталогіі эндакрыннай і лімфатычнай сістэм.

Тв.:

Патология сердца. 3 изд. М., 1920.

т. 16, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НКФУРЦКІ МІР 1871,

мірны дагавор паміж Францыяй і Германіяй, які завяршыў франка-прускую вайну 1870—71. Падпісаны 10.5.1871 у г. Франкфурт-на-Майне. Вызначыў новую мяжу паміж дзвюма краінамі. Паводле Ф.м. Германія анексіравала правінцыі Эльзас і паўн.-ўсх. ч. Латарынгіі з крэпасцю Мец. Францыя абавязвалася ў 3-гадовы тэрмін выплаціць 5 млрд. франкаў кантрыбуцыі, а таксама ўтрымліваць герм. акупац. войскі, якія заставаліся на тэр. Францыі да поўнай выплаты кантрыбуцыі. Ф.м. аслабіў Францыю і спрыяў хуткаму развіццю і ўмацаванню Герм. імперыі, паглыбіў герм.-франц. супярэчнасці, якія з’явіліся адной з прычын развязвання 1-й сусв. вайны. Умовы Ф.м. скасаваны Версальскім мірным дагаворам 1919.

т. 16, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛДЗЕ́І,

семіцкія плямёны, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. рассяліліся на ўскраінах Вавілоніі (на паўн.-зах. беразе Персідскага заліва). Мяркуюць, што Х. арамейскага паходжання. Моўная прыналежнасць спрэчная, паколькі знаць Х. хутка вавіланізавалася. У саюзе з Эламам Х. з 9 ст. да н.э. вялі барацьбу з Асірыяй за валоданне Вавілонам, у выніку якой халдзейскія князі шмат разоў займалі вавілонскі прастол, але выганяліся потым асірыйцамі. У 626—538 да н.э. ў Вавілоне правіла халдзейская дынастыя (Набапаласар, Навухаданосар II і інш.), якая стварыла магутнае Новававілонскае царства. Пазней Х. асіміляваліся з мясц. насельніцтвам. У Стараж. Грэцыі і Рыме Х. называлі жрацоў і варажбітоў вавілонскага паходжання.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМ’ЯРЫ́ЦКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава, якая існавала ў 2 ст. да н.э. — 6 ст. н.э. Узнікла ў канцы 2 ст. да н.э. на ПдЗ Аравіі. У пач. 1 ст. да н.э. хім’ярыты захапілі ўсе пункты марскога гандлю на паўд.-зах. узбярэжжы Паўд. Аравіі, частку ўзбярэжжа Усх. Афрыкі і ч. тэр. Сабейскага царства (Сабы). У канцы 2 ст. н.э. аб’яднаныя сілы Аксумскага царства, Хадрамаўта і Сабы разбілі армію Х.ц. і зрабілі яго залежным ад Сабы. У пач. 4 ст. ўся Паўд. Аравія зноў трапіла пад уладу Х.ц. У пач. 6 ст. тэр. хім’ярытаў заваявалі эфіопы, у 2-й пал. 6 ст. — Сасаніды.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕРУХА́,

рака ў Добрушскім і Гомельскім р-нах, левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 57 км. Пл. вадазбору 525 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад пас. Альховае Добрушскага р-на, вусце за 4 км на З ад в. Церуха Гомельскага р-на. Цячэ па ўсх. ускраіне Гомельскага Палесся. Даліна пераважна выразная. Пойма двухбаковая (шыр. да 2 м), часткова асушаная. Рэчышча на вял. працягу каналізаванае (шыр. да 10 м). Берагі стромкія, выш. да 3 м. Замярзае ў канцы 2-й дэкады снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Прымае сцёк меліярац. каналаў. Некалькі шлюзаў рэгулююць яе водны рэжым. Уздоўж ракі зона адпачынку Церуха.

Рака Церуха.

т. 17, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫМЕРВА́ЛЬДСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1915,

міжнародная сацыяліст. канферэнцыя, што адбылася 5—8.9.1915 у пас. Цымервальд (Швейцарыя). 38 дэлегатаў з 11 еўрап. краін, у т. л. з Рас. імперыі. Большасць яе дэлегатаў складалі цэнтрысты, якім супрацьстаяла група інтэрнацыяналістаў — Цымервальдская левая. Асн. пытанне на канферэнцыі — барацьба пралетарыяту за мір ва ўмовах 1-й сусв. вайны. Прыняты Ц.к. кампрамісны маніфест адзначыў імперыяліст. характар вайны, а курс лідэраў Інтэрнацыянала 2-га на падтрымку рабочымі ваен. намаганняў сваіх урадаў заклеймаваў як здрадніцтва прынцыпам інтэрнацыяналізму. На Ц.к. ўтварылася т.зв. Цымервальдскае міжнар. аб’яднанне — блок рэв. сацыялістаў-інтэрнацыяналістаў з цэнтрыстамі, які афіцыйна распушчаны на 1-м кангрэсе Камуністычнага Інтэрнацыянала ў сак. 1919.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́СА ДЫ КЕЙРУ́Ш (Eça de Queiróz) Жазэ Марыя (25.11.1845, г. Повуа-ды-Варзін, Партугалія — 16.8.1900),

партугальскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік рэаліст. «каімбрскай школы». Скончыў юрыд. ф-т ун-та ў г. Каімбра (1866). У 1872—1900 на дыпламат. рабоце. У раманах «Злачынства падрэ Амару» (1875), «Кузен Базіліу» (1878), «Знатны род Рамірэс» (1897) і інш. жыццё Партугаліі 2-й пал. 19 ст., у іх сац. крытыка, спалучэнне іроніі з элементамі фантастыкі і ўмоўнасці. У рамане «Рэліквія» (1887) праблемы ўзаемаадносін чалавека і рэлігіі. Раман «Перапіска Фрадыке Мендэса» (1900) насычаны аўтабіягр. матывамі.

Тв.:

Рус. пер. — Новеллы. М., 1976;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1985.

т. 18, кн. 1, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФОНД МІ́РУ,

грамадская міратворчая арганізацыя. Створаны ў сак. 1972 на 2-й Усебел. канферэнцыі прыхільнікаў міру як Бел. рэсп. камісія садзейнічання Савецкаму фонду міру, пазней пераўтворана ў бел. аддзяленне Савецкага фонду міру. У жн. 1991 створаны Б.ф.м. Гал. яго мэты — умацаванне міру, дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі, прапаганда і ажыццяўленне ідэй міру і гуманізму. Асн. задачы — пашырэнне і паглыбленне міжнар. супрацоўніцтва на карысць дэмакратыі і прагрэсу, ажыццяўленне праграмы нар. дэмакратыі, развіццё кантактаў у галіне навукі, адукацыі, культуры і спорту, дапамога ахвярам тэхнагенных катастроф, стыхійных бедстваў і інш. Старшыні Б.ф.м. — З.​І.​Азгур (1972—91) і М.​Ф.​Ягораў (з 1991).

М.​Ф.​Ягораў.

т. 18, кн. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)