ГУМО́ЎСКІ ((Gumowski) Марыян) (30.9.1881, в. Красценка-над-Дунайцам Новасандэцкага ваяв., Польшча — 1.11.1974),
польскі нумізмат, гісторык, музеязнаўца. З 1900 дырэктар музея Чапскіх і хавальнік Нац. музея (Кракаў). У 1909—19 рэдактар час.«Wiadomości Numizmatyczno-Archeologiczne» («Нумізматычна-археалагічныя паведамленні»). У 1919—32 дырэктар Велікапольскага музея ў Познані. Пасля 2-й сусв. вайны выкладаў у Торуньскім ун-це нумізматыку і стараж. гісторыю (да 1955). Аўтар каля 400 прац і паведамленняў з галіны нумізматыкі, сфрагістыкі, геральдыкі, гісторыі і мастацтва («Медалі Ягелонаў», 1906; «Пячаткі польскіх каралёў», 1910; «Падручнік польскай нумізматыкі», 1914; «Гербы польскіх гарадоў», 1960; манаграфіі па гісторыі польскіх манетных двароў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ЎСКІ ((Doroszewski) Вітольд Ян) (1.5.1899, Масква — 26.1.1976),
польскі мовазнавец. Чл.АН у Кракаве (1947) і Польскай АН (1952). Д-рфілал.н. (1928), праф. Варшаўскага ун-та (з 1930). Рэдактар час. «Poradnik Językowy» («Моўны дарадчык», з 1932). Даследаваў словаўтварэнне, фанетыку, дыялекталогію, семантыку польск. мовы: «Манаграфія пра словаўтварэнне» (ч. 1—4, 1928—31), «Асновы польскай граматыкі» (ч. 1, 1952), «Пра культуру слова» (ч. 1—3, 1962—79), «Элементы лексікалогіі і семіётыкі» (1970) і інш. У 1931—34 вывучаў бел.нар. гаворкі Палесся. Пытанні бел. мовы разглядаў у арт. «Роднасць моў у святле фактараў дыялекталогіі» (1939). Дзярж. прэмія Польшчы 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр.ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка
(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).
Д.Гірландайо. Святы Хрыстафор і дзіця Хрыстос. 1475.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЗМ,
слова, што абазначае прадмет, з’яву ці паняцце, якія выйшлі з ужытку (напр.: «аршын», «гарнец», «грыўня», «дзіда», «кальчуга», «магнат», «піка», «саха», «соцкі», «стралец» і інш.). Асобную групу гістарызмаў складаюць словы, якія хоць і ўзніклі ў наш час, але не належаць да актыўнай лексікі, бо паняцці, што яны абазначаюць, сталі гісторыяй (напр.: «валвыканком», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп», «рэўком», «БелАПП» і інш.). У адрозненне ад архаізмаў гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай бел. мове; выкарыстоўваюцца для стварэння каларыту пэўнай эпохі, узнаўлення рэальных гіст. абставін і мовы герояў у творах навук. і маст. л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС МИНУ́ВШЕГО»,
расійскі гіст.-літ. часопіс ліберальна-народніцкага кірунку. Выдаваўся ў 1913—23 у Маскве на рус. мове. Да 1919 выходзіў штомесяц, потым нерэгулярна (усяго 65 нумароў). Друкаваў: даследаванні і матэрыялы па рас. і ўсеагульнай гісторыі, археалогіі, літаратуразнаўстве; мемуары, запіскі, дзённікі і пісьмы сучаснікаў; анатацыі на новыя гіст. і літ. працы; партрэты гіст. дзеячаў і інш. Сярод супрацоўнікаў выдання быў У.І.Пічэта. Пасля закрыцця часопіса сав. Ўладамі С.П.Мельгуноў і частка б. супрацоўнікаў выдавалі за мяжой у 1923—25 час. «На чужой стороне» (Берлін—Прага), у 1926—28 — «Голос минувшего на чужой стороне» (Парыж).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МЕЛЬСКАЯ МЫСЛЬ»,
грамадска-палітычная і літ. газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася 3 разы на тыдзень з 5(18).2.1913 да 17(30).7.1914 у Гомелі на рус. мове. Асн. месца адводзіла асвятленню мясц. праблем. Выступала супраць курсу на хутарызацыю, за свабоду друку, усеагульнае і бясплатнае пач. навучанне. Шмат увагі аддавала сац.-эканам. і юрыд. праблемам яўр. насельніцтва ў Рас. імперыі, у т. л. супраць нацыяналізацыі крэдытнай сістэмы, якая падрывала яўр. капітал. Вітала станаўленне бел.тэатр. мастацтва, адзначала багатую нац. паэзію, прапагандавала рус. л-ру. У час 1-й сусв. вайны займала пацыфісцкія пазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМО́РЫ (грэч. geōmoroi),
землеўладальнікі ў Стараж. Грэцыі. У розных рэгіёнах і ў розны час яны мелі розны статус. У Атыцы — гэта адна з 3 груп свабоднага насельніцтва, якая, паводле падання, утварылася ў часы праўлення Тэсея (13 ст. да н.э.). Паступова яны страчвалі свае зямельныя надзелы за даўгі і траплялі ў даўгавое рабства. Рэформы Салона аднавілі б.ч. гаспадарак Геамораў, але ў 4 ст. да н.э. яны ў асноўным разарыліся. У Сіракузах і на в-ве Самас — арыстакраты, буйныя зямельныя ўласнікі, улада якіх скінула дэмасам. Некалькі разоў часова вярталі сваё панаванне, у 4 ст. да н.э. страцілі яго канчаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
цеплакроўныя жывёлы, у якіх перыяды пастаяннай т-ры цела зменьваюцца перыядамі значных яе ваганняў у залежнасці ад змен т-ры знешняга асяроддзя. Непастаянства т-ры цела ў адных з іх праяўляецца ў час працяглага сну (калібры, кажаны), у другіх — сезонна, у перыяд зімовай спячкі. У фауне Беларусі да гетэратэрмных жывёл належаць барсук, вожык звычайны, кажаны, соні, хамяк звычайны, янотападобны сабака і інш. млекакормячыя. Зрэдку да гетэратэрмных жывёл адносяць некаторых пайкілатэрмных жывёл, здольных пры пэўных умовах падтрымліваць т-ру цела больш высокую, чым т-ра асяроддзя (свойская пчала, чмялі, тунцы і інш.). Гл. таксама Гамаятэрмныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ШТЭ-КЕВІ́Р,
пустыня на Пн Іранскага нагор’я, у Іране. Даўж. каля 500 км. шыр. да 250 км. Пл. каля 55 тыс.км². Шэраг падзеленых вузкімі нізкімі градамі бяссцёкавых пласкадонных упадзін, дно якіх знаходзіцца на выш. 600—800 м. Упадзіны заняты саланчакамі, такырамі, перасыхаючымі салёнымі балотамі. У час дажджу ўтвараюцца азёры непраходнай гразі. Летам паверхня саланчакоў пакрыта саляной скарынкай, пад якой ляжыць пясчана-глеевая багністая маса. На паўн. ускраіне Д.-К. вял. аазісы. На вял. прасторах расліннасць адсутнічае. Абвадняецца перасыхаючымі вадатокамі, якія сцякаюць у асн. з паўд. схілаў Эльбурса. Нац. парк Кевір, на У пустыні — частка рэзервата Туран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫД ((Gide) Шарль) (29.6.1847, г. Юзес, Францыя — 13.3.1932),
французскі эканаміст, гісторык, тэарэтык франц.каап. руху, стваральнік т.зв. Німскай школы. Скончыў Парыжскі ун-т (1874). Праф. ун-таў у Бардо (1874), Манпелье (1880), Парыжы (1898—1920). Прыхільнік суб’ектыўнай школы палітэканоміі і тэорыі «кааператыўнага сацыялізму». Лічыў, што капіталіст.вытв-сць можа быць рэфармавана шляхам масавага развіцця спажывецкіх кааператываў, якія забяспечаць справядлівыя адносіны паміж вытворцамі і спажыўцамі. У 1887—1911 выдаваў час. «Revue d’Économie Politique» («Агляд палітэканоміі»). Аўтар прац «Прынцыпы палітэканоміі» (1884), «Гісторыя эканамічных вучэнняў ад фізіякратаў да навейшых часоў» (разам з Ш.Рыстам, 1909) і інш.