аўтаномная вобласць у цэнтр.ч. Іспаніі. Пл. 94,2 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1991). Уключае правінцыі: Авіла, Бургас, Леон, Паленсія, Саламанка, Сеговія, Сорыя, Вальядалід, Самора. Адм. ц. — г.Вальядалід. Найб. значныя гарады і эканам. цэнтры: Саламанка, Бургас, Леон. Займае паўн.-зах.ч. пласкагор’я Месета (выш. 800—1200 м). На ўскраінах Іберыйскія, Кантабрыйскія і Кастыльскія, або Цэнтр. Кардыльера, горы. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Найб.р. — Дуэра. Пераважае расліннасць сухіх стэпаў. У гарах участкі лясоў з хвоі, дубу, каштану, хмызнякі, лугі. Найб. развіта арашальнае земляробства. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, агародніну, тытунь. Садоўніцтва, вінаградарства, вырошчванне аліваў. Малочнамясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Здабыча каменнага вугалю, жал. і цынкавых руд. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), гарбарна-абутковая, металургічная, маш.-буд., металаапр., тэкст., хімічная. У г. Вальядаліду — выплаўка алюмінію і аўтамаб.з-д, вытв-сць угнаенняў. ГЭС на горных рэках. Каля г. Бургас АЭС. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІЗА́ТАРЫ,
рэчывы, якія паскараюць хім. рэакцыі ці выклікаюць іх, але не ўваходзяць у састаў прадуктаў рэакцыі. Адрозніваюць К. гамагеннага і гетэрагеннага каталізу. Тыповыя К. для гамагеннага каталізу — пратонныя і апратонныя к-ты, асновы, некат. комплексы металаў, для гетэрагеннага — металы, аксіды металаў, сульфіды і інш.Біял. К. наз.ферментамі.
У прам-сці выкарыстоўваюць К., якія маюць высокую каталітычную актыўнасць і селектыўнасць, тэрмаўстойлівасць, мех. трываласць, лёгка рэгенерыруюцца, устойлівыя да ўздзеяння каталітычных ядаў — рэчываў, што часткова ці цалкам падаўляюць каталітычную актыўнасць, а таксама маюць працяглы тэрмін выкарыстання. Асн. ўласцівасці К. фарміруюцца ў працэсе іх сінтэзу, вызначаюцца хім. саставам ці ўплывам прамотараў — рэчываў, дабаўленне якіх у К. павялічвае яго актыўнасць, селектыўнасць і ўстойлівасць. Атрымліваюць К. асаджэннем з водных раствораў солей з наступным награваннем утвораных злучэнняў, тэрмічным раскладаннем цвёрдых солей, нанясеннем актыўнага кампанента на носьбіт, механахім. і інш. метадамі.
Літ.:
Мастерс К. Гомогенный катализ переходными металлами: Пер. с англ.М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕБЕ́К (англ. Quebec, франц. Québec),
горад на У Канады. Адм. ц.прав. Квебек. 646 тыс.ж. (1992, з прыгарадамі). Буйны порт каля вусця р.Св. Лаўрэнція, даступны для акіянскіх суднаў (вываз лесаматэрыялаў, паперы, збожжа, азбесту). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: лесапільная, папяровая, суднабуд., гарбарна-абутковая, тэкст., харчовая. 2 ун-ты. Музей прав. Квебек, Музей ун-та Лаваля. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 17—19 ст.: кляштар урсулінак, базіліка, жылыя дамы. Гіст. раён К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Панарама Квебека.
Засн. ў 1608 французам С.Шамплейнам на месцы індзейскай вёскі. Хутка К. стаў цэнтрам франц. культуры і гандлю, з 1663 — афіц. сталіца франц. калоніі Новая Францыя. У Сямігадовую вайну 1756—63 заваяваны англічанамі (1759), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 перададзены Англіі. З 1791 сталіца калоніі Ніжняя Канада, потым — прав. Квебек. У 1851—55 і 1859—67 часовая сталіца Канады. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення Квебекскіх канферэнцый 1943, 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНША́СА (Kinshasa),
горад, сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга. 4241 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Рачны порт на левым беразе р. Конга. Чыгункай злучаны з марскім портам Матады. Паромныя сувязі з г. Бразавіль. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (больш за 50% вытв-сці баваўняных тканін у краіне), харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтазборка, эл.-тэхн., з-ды па вытв-сці матацыклаў і веласіпедаў, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш.), дрэваапрацоўка, хім.вытв-сць (шыны, пластмасавыя вырабы, мыла, кіслародна-ацэтыленавы з-д). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковыя ф-кі, рамонтныя майстэрні. Металургічны комплекс. Нац.ун-т. Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў, музей мясц. побыту.
Засн. Г.М.Стэнлі ў 1881 як гандл. цэнтр пад назвай Леапальдвіль (да 1966; у гонар бельг. караля Леапольда II) на месцы вёсак К. і Кінтама. Значэнне горада вырасла пасля буд-ва ў 1898 чыгункі. З 1926 адм. ц. калоніі Бельг. Конга, з 1960 сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга (у 1971—97 Заір).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́НД,
горад ва Узбекістане, у Ферганскай вобл., у нізоўях р. Сох. 175 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапр., лёгкай, хім. і харч.прам-сці. Пед.ін-т. Тэатр. Музеі: краязнаўчы, літаратурны, дом-музей узб. паэта Х.Н.Хамзы Арх. помнікі: Медрэсеі-Мір (18 ст.), ансамбль Дахмаі-Шахон (1825), палац Худаяр-хана (1871). Стараж. цэнтр нар. мастацтва.
Упершыню згадваецца ў 10 ст. як горад на караванным шляху з Індыі і Кітая. У 13 ст. разбураны мангола-татарамі. У 15 ст. пабудавана крэпасць Эскі-курган, у 1732 на яе месцы — горад (з 1740 наз. К.) — сталіца Какандскага ханства. Буйны цэнтр вытв-сці паперы, ганчарства, чаканкі па медзі. У час Какандскага паўстання 1873—76 заняты рас. войскамі, далучаны да Расіі (1876), пав. горад Ферганскай вобл. У 1899 злучаны чыгункай з Самаркандам і Андыжанам. У грамадз. вайну 1918—22 цэнтр Какандскай аўтаноміі (існавала з 9—12.12.1917 да 19—22.2.1918), месца баёў з басмачамі (1920). З 1925 у складзе Узбекістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ (Calais),
горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Па-дэ-Кале. Каля 120 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у прал. Па-дэ-Кале. Марскія пасаж. зносіны з Дуўрам (Вялікабрытанія). Мацерыковы ўваход у чыг. тунэль, які злучае Францыю з Вялікабрытаніяй. Прам-сць: маш.-буд., хім., харчовая. Стараж. выраб карункаў, цюлю, вышывак.
Узнік у 9—10 ст. на месцы рыбацкай вёскі, уладанне булонскага графа. У 1173 (паводле інш. звестак, у 1180) атрымаў гар. правы. З 13 ст. адыгрываў важную ролю ў гандлі паміж Францыяй і Англіяй. У Стогадовую вайну 1337—1453 захоплены англічанамі (1347). У 1558 адваяваны герцагам Ф.Гізам (гл.Гізы) і паводле Като-Камбрэзійскага дагавора 1559 замацаваны за Францыяй. У 1895 на ўшанаванне памяці абаронцаў горада ў 1347 устаноўлены помнік «Грамадзяне Кале» (скульпт. А.Радэн). У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны.
Да арт.Кале. Грамадзяне Кале. Помнік перад будынкам ратушы ў Кале. Скульпт. А.Радэн. 1884—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЕ́КТЫКУТ (Connecticut),
штат на ПнУ ЗША у групе штатаў Новай Англіі. Пл. 14,4 тыс.км², нас. 3274,2 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г. Хартфард, найб. гарады і гал.прамысл. цэнтры — Брыджпарт, Уотэрберы, Нью-Хейвен, Стамфард. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. На Пн адгор’і Апалачаў (выш. каля 600 м), на Пд рачныя даліны і прыморская нізіна. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 21—24 °C. Ападкаў каля 1500 мм за год. Каля 2/3 штата пад лесам. Адзін з найб. развітых прамысл. штатаў ЗША. Прам-сць: авіяц.-ракетная (верталёты, ракеты, авіяц. абсталяванне і рухавікі), эл.-тэхн., электронная (ЭВМ, электронныя кампаненты), металаапр., машына-, станка-, прылада- і станкабудаўнічая, суднабуд. (у т. л. падводныя лодкі), гумавая, хімічная. Гал.с.-г. культуры — тытунь і сеяныя травы. Развіты вырошчванне агародніны і фруктаў, малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пд Штата ўваходзіць у прыгарадную зону Нью-Йорка. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Канектыкут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТА́НЦА (Constanda),
горад на ПдУ Румыніі, на ўзбярэжжы Чорнага м.Адм. ц. жудзеца Канстанца. 747,4 тыс.ж. (1994). Гал. порт краіны на Чорным м. На паўд. ускраіне К. порт Аджыджа. Міжнар. аэрапорт. Канцавы пункт канала Дунай — Чорнае м.Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, цэлюлозна-папяровая, мэблевая, тэкст., харчовая. Археал. і маст. музеі. Марскі акварыум. Руіны стараж.-рымскіх пабудоў 2—3 ст., візант. базілік 5—6 ст. Мячэці 18—19 ст. Цэнтр прыморскага курортнага раёна.
На месцы К. ў 6 (паводле інш. звестак у 7) ст. да н.э.стараж. грэкі з Мілета заснавалі калонію Томы, якую ў 29 да н.э. заваявалі рымляне. У 8—17 гадах н.э. тут адбываў ссылку рым. паэт Авідзій. Рым. імператар Канстанцін Вялікі [306—337] перайменаваў Томы ў Канстанцініяну. Пазней належала Візантыі, Балгарыі (з 7 ст.). У 14 ст. порт К. выкарыстоўвалі генуэзскія купцы. У часы гур. панавання (1413—1878) горад заняпаў, рыбацкае пасяленне (Кюстэнджэ). З 1878 у складзе Румыніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЭССААРЭ (Kuressaare),
горад у Эстоніі, на Пд в-ва Саарэмаа. Каля 16 тыс.ж. (1995). Знаходзіцца на беразе Рыжскага зал., за 5 км ад порта Роамассаарэ. Прам-сць: мясная, малочная, лясная, дрэваапрацоўчая. Краязнаўчы музей. Замак (14—15 ст.), ратуша (17 ст.), царква св. Мікалая (18 ст.). Гразевы і кліматычны курорт.
Вядомы з 12 ст. пад назвай Арэнсбург (да 1917). Насялялі эсты-мараплаўцы. Пасля захопу датчанамі кароль Вальдэмар II у 1205 пабудаваў тут драўляны горад, які хутка згарэў У 1221 адбудаваны, засн. епіскапства. У 1334 рыжскі епіскап пабудаваў у К. каменную крэпасць, рэзідэнцыю лівонскіх епіскапаў. З 1561 уладанне Даніі, з 1645 — Швецыі. У 1563 атрымаў гар. правы. У Паўн. вайну 1700—21 заняты (1710) войскам Пятра I, у 1721 далучаны да Расіі, пав. горад Ліфляндскай губ. Да 1836 важная крэпасць Расіі на Балтыйскім м Вядомы курорт (у 1840 адкрыта гразелячэбніца). З 1919 у складзе Эстоніі. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. У 1952—88 наз. Кінгісеп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ШЫН,
гарадскі пасёлак у Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пінск—Івацэвічы. За 28 км ад горада і чыг. ст. Пінск, 203 км ад Брэста. 3 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца ў 1552 у Пінскім пав.ВКЛ. У 17 ст. мястэчка, цэнтр староства; належаў Радзівілам, пазней Агінскім, Любецкім. З 1643 меў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі воўк на ласіных нагах. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Пінскага пав. Мінскай губ. У 1886 цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Пінскага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР. У 1940—62 цэнтр Лагішынскага раёна. З 27.6.1941 да 15.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне каля 2 тыс.чал. З 22.12.1959 гар. пасёлак. З 1962 у Пінскім р-не.
Прадпрыемствы харч.прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Лагішынская Спаса-Праабражэнская царква, Лагішынскі Петрапаўлаўскі касцёл.