АГНЯСТРЭ́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,

агульная назва сродкаў, у якіх для выкідвання з канала ствала снарада (кулі, міны) выкарыстоўваецца сіла ціску ад згарання парахавых зарадаў ці спец. гаручых сумесяў. Бывае гладкаствольная і наразная, аднаразовая і аўтаматычная, баявая, спартыўная і паляўнічая; паводле абслугоўвання і выкарыстання — індывідуальная і калектыўная. Баявая агнястрэльная зброя падзяляецца на артылерыйскую (гарматы, мінамёты, гаўбіцы і інш.), стралковую (рэвальверы, пісталеты, аўтаматы, вінтоўкі, карабіны, кулямёты і інш.); да агнястрэльнай зброі адносяцца таксама гранатамёты.

Агнястрэльныя зброі з’явіліся пасля вынаходства пораху і ўпершыню выкарыстана ў Кітаі ў 11 ст. У Еўропе, у т. л. на Беларусі, вядома з 14 ст. Выраблялася на Беларусі з канца 14 ст. У 16—18 ст. людвісарні (ліцейныя майстэрні), дзе адлівалі гарматы, існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Урэччы, Быхаве, Магілёве і інш гарадах. Буйнейшыя вытворцы сучаснай агнястрэльнай зброі і інш. ўзбраення — ЗША, Расія, Францыя і інш. прамыслова-развітыя краіны.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАМЕ́РНАГА ЧАЛАВЕ́КА КАНЦЭ́ПЦЫЯ,

найбольш поўнае выражэнне «крытычнай тэорыі грамадства», звязанай з даследаваннямі сац. канфармізму і сац.-псіхал. тыпаў асобы. Назва ад кнігі заснавальніка гэтай канцэпцыі Г.​Маркузе «Аднамерны чалавек. Нарысы ідэалогіі высокаразвітога індустрыяльнага грамадства». Істотную ролю ў станаўленні канцэпцыі адыгралі ідэі З.​Фрэйда, В.​Райха, Т.​Адорна, Э.​Фрома і інш. даследчыкаў механізмаў адчужэння чалавека.

Аднамернасць як разбурэнне чалавечай суб’ектыўнасці Маркузе звязваў з развітой індустрыяльнай цывілізацыяй, рэпрэсіўным уздзеяннем тэхнікі на духоўны свет асобы. «Аднамерны чалавек» — канфарміст, які поўнасцю інтэграваны ў «сістэму», лёгка паддаецца маніпуліраванню, яго адносіны да свету павярхоўныя, некрытычныя, схільнасці і патрэбы скажоны прынцыпам прадукцыйнасці, што выклікае спажывецкую арыентацыю. Аднамернасці проціпастаўляецца двухмернасць чалавека, якая дапускае наяўнасць унутранага свету асобы, здольнасць яе крытычна ставіцца да ўмоў свайго існавання і самаўдасканальвацца.

Літ.:

Баталов Э.Я. Философия бунта. М., 1973;

Marcuse H. One — demensional man. London, 1991.

А.​В.​Рубанаў.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬШЭ́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст.; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», перакладзены на польскую мову, аналагічны тэксту Кракаўскага (на польскай мове) і Румянцаўскага спісаў (гл. Румянцаўскі летапіс). У 19 ст. захоўваўся ў б-цы А.​Хамінскага ў маёнтку Альшэва (ад яго і назва) каля Нарачы (Мядзельскі р-н). Датуецца 1550.

У Альшэўскім летапісе пададзена гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да сярэдзіны 15 ст. Найб. падрабязна асветлены перыяд княжання Вітаўта, выкладзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». У канцы летапісу змешчана «хронічка» — збор кароткіх датаваных звестак за 1307—1535. Альшэўскі летапіс — самы ранні пераклад на польскую мову бел.-літ. летапісу. Зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве. Апубл. С.​Пташыцкім асобным выданнем (Вільня, 1907) і ў Поўным зборы рус. летапісаў (т. 17, 1907), перавыдадзены М.​М.​Улашчыкам тамсама (т. 35, 1980).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АБ’ЯДНА́НАЕ АНТЫСАВЕ́ЦКАЕ ПАДПО́ЛЛЕ»

(«ААП»),

назва неіснаваўшых «антысавецкіх дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый», выкарыстаная ў 1937—38 у перыяд масавых паліт. рэпрэсій супрацоўнікамі НКУС БССР для фабрыкацыі шэрагу паліт. працэсаў на Беларусі. Гал. матыў абвінавачвання — «барацьба супраць Камуністычнай партыі і савецкага ўрада». Паводле абвінаваўчых актаў, «ААП» складалася з 6 самаст. арг-цый: «правых», «бундаўска-сіянісцкай», «нацыянал-фашысцкай», «трацкісцка-тэрарыстычнай», «шпіёнска-паўстанцкай», «эсэраўскай». У кіраўнікі «ААП» былі залічаны М.​М.​Галадзед, М.​Ф.​Гікала, В.​Ф.​Шаранговіч, А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), А.​А.​Чарнушэвіч, П.​Бадунова і інш. У 1937—38 арыштавана і засаджана больш за 2570 чал., абвінавачаных у прыналежнасці да «ААП». «Кіраўнікі» і «актыўныя члены» гэтых арг-цый былі прыгавораны да расстрэлу, астатнія — да розных тэрмінаў папраўча-працоўных лагераў. Іх рэабілітацыя адбывалася на працягу 1955—89.

Т.​С.​Процька.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РКА (італьян. barca),

1) драўлянае пласкадоннае судна для сплаву грузаў па рэках. На Беларусі баркі выкарыстоўвалі ў бас. Дняпра і Прыпяці ў 17 — пач. 20 ст. Падзяляліся на сплаўныя і самаходныя. Сплаўныя баркі без ветразя, палубы і даху, з закругленымі носам і кармой, крыху нахіленымі бакамі будавалі толькі на адзін рэйс (уніз па цячэнні ракі). Пасля іх разбіралі і прадавалі на буд. матэрыял ці дровы. Па Дняпры да Чорнага мора сплаўлялі вялікія баркі даўж. 42—53 м, шыр. 15—17 м, грузападымальнасцю 320—800 т. Палескія (пінскія) баркі ў бас. Прыпяці былі самаходныя і служылі некалькі навігацый (да 8 гадоў). Яны мелі дах, ветразь і параўнаўча невял. памеры: даўж. 19—40 м, шыр. 2,8—5,6, грузападымальнасць ад 20 да 80 т. 2) Агульная назва ўсіх сплаўных пласкадонных рачных суднаў у 19 ст.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́Т (Ipomoea batatas),

салодкая бульба, від кветкавых раслін з роду іпамея сям. бярозавых. Радзіма — Мексіка, Цэнтр. Амерыка. У Еўропу завезены Х.​Калумбам, у Афрыку — партугальцамі, Паўн. Амерыку — іспанцамі. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках Індыі, Інданезіі, Кітая, Японіі, Іспаніі, Італіі і ЗША як адну з асн. караняплодных харч. культур; як доследную культуру разводзяць у Туркменіі, Грузіі і інш. краінах.

Шматгадовая (у культуры часта аднагадовая) травяністая расліна з клубнепадобным коранем і сцелістым сцяблом даўж. 1—5 м. Лісце цэльнае або пальчаталопасцевае. Кветкі буйныя, ружовыя ці белыя, лейкападобныя. Плод — 4-насенная каробачка Харч. і кармавая расліна. «Клубні» батату маюць 24—28% крухмалу і цукру (адсюль другая назва — «салодкая бульба»). Маса «клубняў» 0,2—10 кг; іх спажываюць свежымі і сушанымі, перапрацоўваюць на кансервы, муку, крупы, крухмал, цукар, патаку, спірт. «Клубні» і бацвінне скормліваюць жывёле. Размнажаюць батат парасткамі прарослых «клубняў» і адрэзкамі сцяблоў.

Батат.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБАРО́ННАЕ СПАРТЫ́ЎНА-ТЭХНІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БелАСТТ),

масавая грамадская арг-цыя. Правапераемніца Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту БССР (ДТСААФ). На нечарговым з’ездзе ДТСААФ БССР у кастр. 1991 пераўтворана ў АСТТ Рэспублікі Беларусь (новая рэдакцыя статута і сучасная назва прыняты ў 1995). Асн. задачы: правядзенне мерапрыемстваў па выхаванні ў насельніцтва краіны патрыятызму і інтэрнацыяналізму, гатоўнасці да абароны Радзімы і працы, падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл, кадраў масавых тэхн. прафесій ваен.-прыкладнога значэння, развіццё ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхн. творчасці моладзі. У БелАСТТ развіваюцца аўтамабільны, верталётны, водныя, дэльтапланёрны, матацыклетны, парашутны, планёрны, радыёспорт, самалётны, стралковы віды спорту. Вышэйшыя органы кіравання — з’езд (канферэнцыя БелАСТТ), паміж з’ездамі — рэсп. савет, яго прэзідыум і бюро прэзідыума. У структуры БелАСТТ — абл., гар., міжраённыя саветы і пярвічныя арг-цыі. З 1982 дзейнічае музей гісторыі т-ва (мае статус народнага).

Г.​К.​Кісялёў.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАНЦЭ́РН ПА БУДАЎНІ́ЦТВЕ І ЭКСПЛУАТА́ЦЫІ МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫХ І ВОДАГАСПАДА́РЧЫХ СІСТЭ́М, «Белмеліявадгас». Створаны ў 1993 на базе Мін-ва меліярацыі і аднаўлення зямель (б. Мінвадгас) як «Белвадгас», з 1995 сучасная назва. Уключае: ВА «Брэстмеліявадгас», «Гомельмеліявадгас», «Магілёўмеліявадгас», «Віцебсквадбуд», «Гроднавадбуд», «Мінсквадбуд», «Магілёўвадбуд», «Магілёўбуд», «Палесжылбуд», «Будіндустрыя» (з Беларускім экскаватарным заводам), трэсты «Калінкавічывадбуд», «Салігорсквадбуд», «Пінсквадбуд»; арэндныя прадпрыемствы «Брэствадбуд», «Гомельвадбуд», «Гомельсаўгасбуд»; акц. т-ва «Пінсксаўгасбуд»; каля 350 ПМК, міжраённыя ўпраўленні асушальных і арашальных сістэм (МААС), Мінскі доследна-эксперым. мех. з-д, шэраг з-даў жалезабетонных вырабаў (у Калінкавічах, Скідзелі, Хойніках і інш.). У складзе «Белмеліявадгаса» н.-д. і праектныя ін-ты «Белдзіправадгас» (Мінск) і «Палесседзіправадгас» (Пінск). Ажыццяўляе меліярац. і водагасп. буд-ва і эксплуатацыю меліярац. сістэм, навук.-тэхн. распрацоўкі і стварэнне праектаў па праблемах меліярацыі зямель, гасп. водакарыстання і рацыянальнага комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў.

В.​А.​Філімонаў.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧА́КАЎ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Мікалаеўскай вобл., на беразе Дняпроўскага лімана Чорнага м. 19 тыс. ж. (1992). Марскі порт. Харч. прам-сць. Кліматычны курорт. 4 музеі. Паблізу Ачакава — рэшткі антычнага горада-дзяржавы Ольвія.

У 7—6 ст. да нашай эры ў раёне сучаснага Ачакава існавалі грэч. калоніі з г. Алектар. У канцы 14 — пач. 15 ст. вял князь ВКЛ Вітаўт заснаваў тут форт Дашаў, а крымскі хан Менглі-Гірэй у 1492 пабудаваў крэпасць Кара-Кермен, якая адышла Турцыі і названа Ачы-Кале (адсюль назва Ачакаў). У рус.-тур. вайну 1787—91 крэпасць 6.12.1788 штурмам узята рус. войскамі на чале з Р.​А.​Пацёмкіным і паводле Яскага мірнага дагавору 1791 далучана да Расіі. У 1792 на месцы крэпасці закладзены горад. У Ачакаве ў 1906 адбыўся суд над удзельнікамі паўстання на крэйсеры «Ачакаў» на чале з П.​П.​Шмітам.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НЦАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў, якія ў 6—8 ст. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні. Назва ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй; жыло на селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай канструкцыі і наземных слупавой канструкцыі, унутры жытлаў размяшчаліся печы-каменкі. У якасці сховішчаў часта выкарыстоўваліся ранейшыя гарадзішчы, якія дадаткова ўмацоўваліся валамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных і курганных могільніках. Рэшткі спаленых нябожчыкаў змяшчаліся ў гліняныя урны або ссыпаліся ў магільныя ямы. У курганах (круглых, падоўжаных, доўгіх) пахаванні на гарызонце, у насыпе або адразу пад яго дзярновым пакрыццём. Характэрны слабапрафіляваны пласкадонны неарнаментаваны посуд. Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам; яна сфарміравалася ў выніку пранікнення на Пн Беларусі носьбітаў кіеўскай культуры і змяшэння іх з плямёнамі днепра-дзвінскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.

Кераміка банцараўскай культуры.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)