СТАНКЕ́ВІЧ Антон Уладзіміравіч (7.7.1862, маёнтак, цяпер в. Губіна Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — кастр. 1919),

расійскі военачальнік. Ген.-маёр (1917). Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1880). У 1-ю сусв. вайну камандаваў палком, брыгадай, дывізіяй. З 1918 у Чырв. Арміі. У грамадз. вайну ў 1919 на Паўд. фронце: камандаваў атрадам, дывізіямі, групай войск, пам. камандуючага 13-й арміяй (чэрв.—кастр. 1919). У час баёў пад Арлом 13.10.1919 трапіў у палон да дзянікінцаў. Адмовіўся супрацоўнічаць з белагвардзейцамі і паводле прыгавору ваенна-палявога суда пакараны смерцю. Пасля разгрому белых пад Арлом цела С. перавезена ў Маскву і пахавана на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны.

А.У.Станкевіч.

т. 15, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́РЭ (Sture),

шведскі дваранскі род (дацкага паходжання), рэгенты (правіцелі) Швецыі ў 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. Праводзілі палітыку цэнтралізацыі дзяржавы, скасавання Кальмарскай уніі і аднаўлення швед. нац. дзяржаўнасці. Стэн С. Старэйшы, рэгент у 1471—97, 1501—03. Кіраваў апалчэннем, якое ў 1471 разбіла армію дацкага караля Крысціяна I. Каб пашырыць эканам. і ваен. рэсурсы кароны, секвестраваў уладанні буйных феадалаў, землеўладанне царквы, забараніў вываз за мяжу каштоўных камянёў. У 1477 заснаваў першы ў Скандынавіі Упсальскі ун-т. Стэн С. Малодшы, рэгенту 1512—20. Праводзіў палітыку па ўзмацненні паўнамоцтваў саслоўнага рыксдага ў процівагу арыстакратычнаму. Смяротна паранены ў час ваен. экспедыцыі дацкага караля Крысціяна II у Швецыю.

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБО́ТНІК,

1) выкананне добраахвотна і бясплатна якой-н. грамадска-карыснай працы ў суботу (або іншы выхадны дзень). Як грамадска-паліт. з’ява ўзнік у 1919 па ініцыятыве камуністаў (адсюль назва камуністычны С.), якія ў дэпо Масква-Сарціровачная адрамантавалі 3 паравозы. У СССР штогод праводзіўся Ленінскі (камуніст.) С. у суботу у 2-й пал. крас., у гонар. нараджэння У.​І.​Леніна. З 1969 праводзіліся Усесаюзныя камуніст. С.

На Беларусі пасля распаду СССР праводзяцца С. на карысць грамадства, сродкі ад якіх ідуць на дапамогу дзецям-сіротам, пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. 2) С. наз. таксама сектант, які належыць да секты, што святкуе суботу замест нядзелі.

т. 15, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЎРУ́К Пётр Якаўлевіч (1905, г. Скідзель Гродзенскага р-на — 4.10.1929),

бел. паэт. У час. 1-й сусв. вайны жыў з бацькамі ў Тамбоўскай губ. З 1921 на радзіме. Удзельнічаў у рабоце Т-ва бел. школы, Бел. сялянска-работніцкай грамады. Неаднойчы быў арыштаваны польск. ўладамі. Паводле сцверджання У.​Калесніка, у сярэдзіне 1920-х г. друкаваў допісы, вершы, фельетоны ў віленскіх газетах пад псеўд. Плебей. У вершах любоў да роднага краю, прац. чалавека, імкненне да сац. справядлівасці, нараканні на цяжкую долю. Быў пад уплывам паэзіі М.​Багдановіча. Яго вершы надрукаваны ў час. «Полымя» (1986. № 10).

Літ.:

Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962. С. 62.

т. 15, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБО́Л,

рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Іртыш (бас. р. Об). Даўж. 1591 км, пл. бас. 426 тыс. км². Верхняе цячэнне па Тургайскім плато, сярэдняе і ніжняе па Зах.-Сібірскай раўніне. Асн. прытокі: Ісець, Тура, Таўда (злева), Убаган (справа). У нізоўях ледастаў з кастр.—ліст., у вярхоўях — з ліст. да сярэдзіны мая. Разводдзе ў вярхоўях з 1-й пал. крас. да сярэдзіны чэрв., у нізоўях — да пач. жніўня. Сярэдні расход вады каля с. Ліпаўскае 838 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ў вярхоўях (105 км) і ад вусця р. Тура (255 км). Сплаўная. На Т. — гарады Лісакоўск, Рудны, Кустанай (Казахстан), Курган, Ялутараўск (Расія).

т. 15, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКУГА́ВА,

дынастыя правіцеляў (сёгунаў) Японіі ў 1603—1868. Засн. Такугава Іэясу, які з захопам улады скончыў міжусобныя войны (15—16 ст.). Для ўмацавання дзяржавы сёгуны Т. ажыццявілі ў 1-й пал. 17 ст. шэраг рэформ: рэгламентавалі правы і абавязкі кожнага саслоўя, усталявалі кантроль над князямі (даймё) і г.д. З 1630-х г. урад Т. ажыццяўляў палітыку ізаляцыі Японіі ад знешняга свету. З канца 18 ст. дзяржава Т. перажывала ўнутр. крызіс, выкліканы ростам насельніцтва і сялян і прывілеяванага саслоўя — самураяў. Прымусовае «адчыненне» краіны еўрап. дзяржавамі ў 1854—58 паглыбіла крызіс. У маі 1868 апошні сёгун Т. — Кэйкі скінуты ў выніку руху за аднаўленне ўлады імператара — Мэйдзі Ісін.

т. 15, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛАЧЫ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1985, адкрыты ў 2001 у г. Талачын Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 152 м², больш за 6,7 тыс. экспанатаў асн. фонду, 5 залаў (2002). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. раскопак стараж. Друцка, гарадзішча Кісялі-Дымакуры, курганнага могільніка Дроздава; калекцыі манет Рэчы Паспалітай, Расіі; матэрыялы пра падзеі часоў вайны 1812, 1-й сусв. вайны; абарончыя баі, партыз. рух і вызваленне Талачыншчыны ў Вял. Айч. вайну, пра выдатных землякоў. У экспазіцыі старадрукі «Жыціе святых» (1695), «Трэбнік» (1898) і інш., творы жывапісу, прылады працы і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы мясц. майстроў прыкладнога мастацтва.

І.​М.​Пікулік.

т. 15, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР МІНІЯЦЮ́Р,

тэатр, у рэпертуары якога пераважаюць творы малых форм (аднаактовыя п’есы-жарты, агляды, пародыі, інтэрмедыі, маналогі, куплеты, муз., эстрадныя і цыркавыя нумары). Узнік у 2-й пал. 19 ст. ў Францыі. У Расіі і на Беларусі пашыраны ў пач. 20 ст. (у петраградскіх Т.м. працаваў Е.Міровіч, ён жа і аўтар шматлікіх сатыр. мініяцюр). У пач. 1920-х г. Т.м. набыў агітацыйна-прапагандысцкі характар і існаваў як Тэатр рэвалюцыйнай сатыры. Вядомы Дзярж. т-р мініяцюр, створаны А.​Райкіным у 1939 у Ленінградзе (з 1983 у Маскве, з 1987 драм. т-р «Сатырыкон»). З 1987 працуе Мінскі тэатр сатыры і гумару «Хрыстафор». Існуюць і аматарскія Т.м.

т. 16, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМЯСТО́ЎСКІ Франц Іванавіч (10.2.1882, г. Вільня — май 1940),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, уваходзіў у «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». Друкаваўся з 1904 пад псеўд. Дзядзька Пранук. Удзельнічаў у выданні газ. «Наша доля», друкаваўся ў «Нашай ніве». У апавяданнях «На мужыцкі розум», «Страх», «Доктар ад каўтуна» і інш. паказаў бел. селяніна кемлівым, сумленным, высмейваў забабоны. Апавяданне «Стася» напісаў на матэрыяле 1-й сусв. вайны, удзельнікам якой быў сам. У 1927—28 выдаваў у Зах. Беларусі газ. «Беларускі дзень», час. «Беларуская культура». У 1928 адышоў ад грамадскай і культ.-асв. працы. З 1939 служыў у польскім войску.

А.​С.​Ліс.

т. 16, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНАГО́РЫЯ (грэч. Phanagoreia),

антычны горад на Таманскім п-ве (цяпер гарадзішча каля пас. Сянной Краснадарскага краю Расіі). Засн. ў 2-й пал. 6 ст. да н.э. З 5 ст. да н.э. ў складзе Баспорскай дзяржавы. Росквіт Ф. прыпадае на 5—2 ст. да н.э. Горад чаканіў уласную сярэбраную манету. Насельніцтва Ф. (грэкі, меоты, сінды, сарматы) займалася гандлем, рыбалоўствам, рамяством. З 2 ст. да н.э. ўваходзіла ў Пантыйскае царства. У 1 ст. да н.э. наз. Агрыпія. Горад існаваў да 11—12 ст. н.э. Раскопкамі (вядуцца з 19 ст.) выяўлены гарадзішча, частка якога затоплена морам, рэшткі абарончых сцен, жылых кварталаў, храмаў, гімнасій, тэрмаў, рамесніцкіх майстэрань.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)