1) спосаб вядзення ваен. дзеянняў па авалоданні крэпасцю ці ўмацаваным горадам. Праводзілася ў выпадку, калі крэпасць або горад не былі захоплены раптоўна або штурмам. Уключала акружэнне крэпасці войскамі, узвядзенне вакол яе аблогавых умацаванняў, правядзенне атак, якія звычайна заканчваліся штурмам. Часам аблога прымала форму блакады. Вядома з глыбокай старажытнасці: А.Бактры (Егіпет; 2130 да н.э.), Троі (каля 1260 да н.э.); Полацка (1579), Быхава аблога 1654—55 і інш., Плеўны (1877). У 18 — пач. 20 ст. для аблогі ствараліся спец. Арміі: яп. аблогавая армія пад Порт-Артурам (1904), ням. і рус. аблогавыя арміі ў 1-ю сусв. вайну (1914—18) пры А.Льежа, Намюра, Перамышля. Пасля I-й сусв.вайны тэрмін «аблога» не выкарыстоўваецца.
2) Спосаб палявання (на ваўка, мядзведзя і інш.).
Да арт.Аблога. «Аблога Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579». З гравюры С.Пахалавіцкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Піліп Казімір) (? — 6.9.1656),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, пісьменнік. З роду Абуховічаў, паходжаннем з мазырскай шляхты, якая асела на Навагрудчыне. Скончыў Замойскую акадэмію (цяпер Люблінскае ваяв., Польшча). З 1649 пісар ВКЛ. Пасол у Венецыі і Маскве (1651). Ваявода віцебскі, смаленскі (1653). У 1654 узначальваў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі здаў горад рус. войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але на сойме 1658 апраўданы. Яму адрасаваны «Ліст да Абуховіча». Аўтар вершаў на лац. мове. У 1617 у Замосці апубл. прамовы на лац. і грэчаскай мовах у гонар П.Замойскага. У «Дыярыушы» апісаў падзеі 1630—54: грамадска-паліт. жыццё Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі, ваен. падзеі ў час антыфеад. вайныўкр. і бел. народаў 1648—54, міжнар. адносіны ва Усх. Еўропе сярэдзіны 17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДНІКІ,
ваенныя і цывільныя каланісты, якіх польскі ўрад перасяляў з раёнаў карэннай Польшчы ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну для ўмацавання сваіх інтарэсаў. Асаднікі атрымлівалі на льготных умовах або дарма ўчасткі (асады — адсюль назва). Да 1930 у Зах. Беларусь пераселена 4434 вайсковыя Асаднікі, у 1920—30-я г. — некалькі тысяч цывільных. Яны былі аб’яднаны ў Польскі саюз ускраін, падтрымлівалі палітыку паланізацыі бел. і ўкр. народаў, былі ўзброены і нярэдка выконвалі паліцэйскія функцыі, выкарыстоўваліся ўладамі для барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухам. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР Асаднікі былі дэпартаваны ва ўсх. раёны СССР. У Вял.Айч. вайну б.ч. іх уступіла ў Польскую армію пад камандаваннем ген. У.Андэрса, якая была сфарміравана на тэр.СССР. Пасля 2-й сусв.вайны паводле пагадненняў паміж сав. і польск. ўрадамі сем’і Асаднікаў вярнуліся ў Польшчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).
У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1866,
вайна Прусіі супраць Аўстрыі за аб’яднанне палітычна раздробленай Германіі і панаванне ў ёй прускага юнкерства. Зачэпкай да вайны стала спрэчка з-за зямлі Шлезвіг-Гольштэйн, заваяванай Аўстрыяй і Прусіяй у вайне супраць Даніі. Прусія заручылася нейтралітэтам Францыі і Расіі, заключыла ваен. саюз з Італіяй, і 16 чэрв. яе войскі ўварваліся ў Гесен, Гановер і Саксонію. Пасля паражэння Аўстрыі каля Садавы 23 жн. ў Празе падпісаны мірны дагавор, паводле якога зямля Шлезвіг-Гольштэйн адышла да Прусіі. Прусія, атрымаўшы права стварыць саюз герм. дзяржаў на Пн ад р. Майн, у вер. 1866 захапіла Гановер, Гесен-Касель, Насаў і Франкфурт-на-Майне. У 1867 яна арганізавала Паўн.-герм. саюз (19 ням. дзяржаў і вольныя гарады Брэмен, Гамбург і Любек). Герм. дзяржавы, размешчаныя на Пд ад Майна, падпісалі з Прусіяй сакрэтныя ваен. пагадненні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ПАД ЛЯСНО́Й 1708.
Адбылася ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 паміж рас. і шведскімі войскамі 9-10.1708 каля в.Лясная (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Рас. войска (каля 11 тыс.чал.) пад камандаваннем Пятра I і А.Д.Меншыкава сустрэла каля Лясной шведскі корпус (каля 16 тыс.чал.) ген. А.Левенгаўпта, які з Рыгі ішоў на злучэнне з асн. сіламі арміі Карла XII. Бітва цягнулася 5 гадзін з пераменным поспехам. З падыходам з Крычава рас. атрада ген.-л. Р.Х.Баўра ход бітвы вырашыўся на карысць расіян. Шведы страцілі каля 9 тыс.чал. забітымі і параненымі, артылерыю і абоз. Бой пад Лясной Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі». У гонар 200-годдзя перамогі каля Лясной пастаўлены помнік і мемар. капліца, у якой створаны музей гісторыі бітвы. На брацкай магіле рас. воінаў — абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЧО́Ў (Мікалай Мацвеевіч) (19.12.1910, в. Лопуш Бранскай вобл., Расія — 10.3.1992),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Гал. рэдактар час. «Советский Союз» (1950—54 і 1956—91). Аўтар паэтычных зб. «Паўночны Захад» (1935), «Па дарогах вайны» (1945), «Пасля навальніцы» (1952), «Дарагія землякі» (1954), «Роздум» (1955), «Белае — чорнае» (1965), «І вецер з чатырох бакоў...» (1968), «Споведзі на шляху» (1970), «... І песня зорак» (1979), «Секунды, дні, гады» (1982); паэм «Відліца» (1940), «Калгас «Бальшавік» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1948), «Вясна ў «Перамозе» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «У нашых знаёмых» (1955), «Амерыка, Амерыка!» (1961), «Сталь і моль» (1962); аповесці «Белы анёл у полі» (1967); раманаў «Ударная сіла» (1971), «Бітва» (1976). Пісаў нарысы, публіцыстыку (кн. «Выбар стагоддзя», 1983), артыкулы пра л-ру (кн. «Палеміка», 1963). Ленінская прэмія 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ВА ((Grīva) Жан) (сапр.Фолманіс Жан Карлавіч; 7.12.1910, хутар Кірп’і Тукумскага р-на, Латвія — 14.6.1982),
латышскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Латвіі (1962). У 1936—37 у складзе Інтэрнац. брыгады ваяваў у Іспаніі, удзельнік Вял.Айч.вайны. У творах адлюстраваў драм. і трагічную барацьбу ісп. народа супраць фашызму (зб-кі «Па той бок Пірэнеяў», 1948; «Апавяданні пра Іспанію», 1950; навела «Накцюрн», 1962, аднайм. фільм 1966). Аўтар раманаў «Дарога жыцця» (1952), «Каханне і нянавісць» (1963), «Чалавек чакае світання» (1967), драм. твораў «Мяце мяцеліца...» (1957), «Плыт Медузы» (1959), кніг маст. нарысаў «Пад крыламі альбатроса» (1956, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), кн. ўспамінаў «Дні далёкія, дні блізкія» (1972). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Грывы перакладалі А.Бяржынскі, У.Жыжэнка, С.Міхальчук, У.Пігулеўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙТЫСО́ЛА ((Goytisolo) Хуан) (н. 5.1.1931, г. Барселона, Іспанія),
іспанскі пісьменнік. З 1956 жыў у Францыі. Першы раман «Спрытнасць рук» (1954) — своеасаблівы маніфест пасляваен. пакалення. У творах 1950 — пач. 1960-х г. асэнсаванне вынікаў грамадз.вайны і франкізму (раман «Самота ў раі», 1955; трылогія «Прывіднае заўтра»; дакумент. аповесці «Палі Ніхара», «Чанка»; зб. апавяданняў «Каб жыць тут» і інш.). У рамане «Асаблівыя прыкметы» (1966), зб. эсэ «Хваставы вагон» (1967) даследаваў метамарфозы светаадчування інтэлігенцыі сучаснай Іспаніі. У раманах «Помста графа дона Хуліяна» (1970), «Хуан Беззямельны» (1975), «Макбара» (1980), «Сарацынскія хронікі» (1982) спробы развянчаць сац. міфы і стэрэатыпы нац. свядомасці. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУКО́РСКАЯ СЯДЗІ́БА.
Існавала ў 19 — пач. 20 ст. ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Належала Оштарпам, з 1874 — Гартынгам. У сядзібны комплекс у стылі класіцызму ўваходзілі палац, касцёл, гасп. пабудовы, парк.
Палац — 2-павярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак (пабудаваны ў 19 ст. Л.Оштарпам). Гал. фасад быў аформлены 4-калонным порцікам з трохвугольным франтонам. Да тарцоў былі прыбудаваны 1-павярховыя прамавугольныя ў плане аранжарэі. Палац меў шмат жылых і парадных пакояў, б-ку на некалькі тысяч тамоў, архіў і інш. памяшканні. Была калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (у т. л. карціны Ф.Смуглевіча, Я.Дамеля), існаваў аркестр. Каля палаца стаяў касцёл 18 ст. Зруйнаваны ў гады Вял.Айч.вайны. Захаваліся флігель, уязная брама, фрагменты пейзажнага парку.
Ю.А.Якімовіч.
Дукорская сядзіба. Палац. З малюнка Н.Орды. 19 ст.