ПАНДО́РА (грэч. Pandōra усім адораная),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчына, створаная Гефестам па волі Зеўса з зямлі і вады ў якасці пакарання людзям за ўчынак Праметэя, які ўкраў для іх агонь з неба. Паводле міфаў, Афрадыта адарыла П. незвычайнай прыгажосцю, Гермес — спрытным розумам, хітрасцю і каварствам, Афіна — прыгожым адзеннем. Зеўс аддаў П. замуж за брата Праметэя, якому падараваў скрыню з чалавечымі заганамі. Нягледзячы на забарону, цікаўная П. адчыніла скрыню і выпусціла на волю ўсе заганы, ад якіх з таго часу пакутуе чалавецтва. Адсюль выраз «адчыніць скрыню Пандоры» — неабачлівым учынкам выклікаць шматлікія бедствы.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́Д (франц. parade ад лац. paro літар. рыхтую),

1) урачысты агляд войск, які праводзіцца ў азнаменаванне дзярж. свят, часам пасля заканчэння вучэнняў (манеўраў). Гіст. значэнне мелі П. ў Маскве 7.11.1941 у час Маскоўскай бітвы 1941—42, Парад Перамогі 24.6.1945 і інш. П. войск, а таксама Партызанскі парад 1944 у Мінску.

2) Урачыстае шэсце арг-цый, калектываў (напр., фізкультурны П.).

3) У цырку і тэатры — агульны выхад на сцэну (арэну) усіх удзельнікаў у пачатку ці ў канцы паказу.

4) Свята, урачыстасць; святочнае ўбранне.

Ваенны парад на плошчы Незалежнасці ў Мінску. 1997.

т. 12, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РСАНС (Parsons),

лорд Рос (Rosse) Уільям (17.6.1800, г.Йорк, Вялікабрытанія — 31.10.1867), ірландскі астраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1831) і яго прэзідэнт (1849—54). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1852). Вучыўся ў Дублінскім і Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па стварэнні тэлескопаў і даследаванні зорных сістэм. Сканструяваў 182-сантыметровы тэлескоп-рэфлектар, які доўгі час заставаўся буйнейшым у свеце, пры дапамозе яго выявіў зоркавую прыроду пазагалактычных туманнасцей (галактык) і ўстанавіў, што многія з іх маюць спіральную будову.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

А.​І.​Болсун.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУ́ЧАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

раздзел механікі, які вывучае паўзучасць матэрыялаў. Блізкая да пластычнасці тэорыі і рэалогіі.

У сувязі з разнастайнасцю мех. уласцівасцей цвёрдых цел паўзучасць розных матэрыялаў трактуецца з розных пазіцый. Для металаў пераважна карыстаюцца тэорыяй цячэння (апісвае паўзучасць пры напружаннях, якія зменьваюцца павольна і манатонна), і тэорыяй умацавання (прыдатныя для прыблізнага аналізу кароткачасовай паўзучасці пры высокім узроўні напружанняў); для палімераў — тэорыяй спадчыннасці (вызначае поўную дэфармацыю і апісвае некаторыя складаныя з’явы, напр., эфект зваротнай паўзучасці).

Літ.:

Ржаницын АР. Теория ползучести. М., 1968;

Арутюнян Н.Х., Колмановский В.Б. Теория ползучести неоднородных тел. М., 1983.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЮРЫДЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,

вышэйшая навуч. ўстанова ў 1931—54, у Мінску. Засн. на базе ф-та сав. будаўніцтва і права (з 1930), які вылучыўся з ф-та права і гаспадаркі (з 1925) БДУ. Да 1932 наз. Мінскі ін-т сав. будаўніцтва і права. Рыхтаваў спецыялістаў для юрыд. і судова-следчых органаў, дзярж. апарата, НДІ і навуч. устаноў. Пры ін-це існавала аспірантура. Выдаваліся «Працы», «Вучоныя запіскі». У 1954 у ін-це навучалася 2200 чал., працавала каля 70 выкладчыкаў. У 1954 пераўтвораны ў юрыд. ф-т БДУ.

т. 10, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ БОЙ 1944,

бой партыз. брыгады імя Жукава і «Камсамолец» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Мір 22 сак. ў Вял. Айч. вайну. План ліквідацыі гарнізона, які налічваў 150 гітлераўцаў, распрацаваны камандаваннем брыгады імя Жукава. Кіраваў боем У.З.Царук. Выведаўшы пароль аховы гарнізона, партызаны ў ноч на 22 сак. праніклі ў цэнтр пасёлка, блакіравалі казарму, разграмілі ўсе ўстановы гарнізона. Байцы атрадаў імя Суворава і імя Ракасоўскага, якія знаходзіліся ў засадах, знішчылі каля 2 км лініі тэлегр.-тэлеф. сувязі. На досвітку партызаны пакінулі пасёлак.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЧМАН (ад англ. midshipman карабельны чын),

воінскае званне (чын) у ВМФ (ВМС) шэрагу дзяржаў. У ВМФ Расіі ў 1716—32 унтэр-афіцэрскі чын, у 1732—51 і 1758—1917 малодшы (першы) афіцэрскі чын, які адпавядаў паручніку ў арміі. У СССР у 1940—71 воінскае званне старшынскага складу ВМФ (гл. Старшына), у 1972—91 воінскае званне ў ВМФ і марскіх часцях пагран. войск, якое адпавядала званню прапаршчыка. У 1981 уведзена таксама званне старшага М. У Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краінах — воінскае званне курсантаў старшых курсаў ваен.-марскіх ВНУ.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЗІ́ТЫ (англ. Luddites),

удзельнікі стыхійных рабочых выступленняў у Англіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. супраць укаранення ў прамысловасць машын, якія яны лічылі прычынай свайго гаротнага становішча. Назва ад імя легендарнага рабочага Н.​Луда, які нібыта першы зламаў свой станок. Рух Л. пачаўся каля 1760 у гарадах Шэфілдзе і Нотынгеме і ў пач. 19 ст. ахапіў амаль усю Англію. Яны нападалі на фабрыкі і знішчалі машыны, асабліва ткацкія. Нягледзячы на ўвядзенне ўрадам у 1769 і ў 1812 смяротнага пакарання для Л., іх рух працягваўся да 1830-х г.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЕН-В’ЕТ (Хой льен хіеп куок зан В’етнам, Нац. саюз В’етнама),

в’етнамская паліт. арг-цыя ў 1946—55. Засн. на базе аб’яднання В’етміня (які захаваўся як самаст. арг-цыя) і некалькіх інш. арг-цый. Пазней да яго далучыліся Усеагульная канфедэрацыя працы, Саюз жанчын В’етнама, Федэрацыя дэмакр. моладзі, Партыя працоўных В’етнама (з 1951) і інш. У 1951 адбылося поўнае зліццё В’етміня і Л.-В. ў адзіную арг-цыю пад назвай Л.-В. На з’ездзе ў вер. 1955 абвешчана пра самароспуск Л.-В. і стварэнне на яго базе Айч. фронту В’етнама.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮНЬЕ́-ПО (Lugné-Poe; сапр. Люнье; Lugné) Арэльен Мары

(27.12.1869, Парыж — 19.6.1940),

французскі рэжысёр, акцёр. З 1888 працаваў у Вольным т-ры і адначасова вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Заснавальнік (1893, разам з К.​Маклерам) і кіраўнік (да 1929) т-ра «Эўр» (Парыж). Імкнуўся да абнаўлення і абагачэння выразных сродкаў тэатр. мастацтва, выступаў як прыхільнік паэт. т-ра, які процістаіць «прозе» тагачаснай рэчаіснасці, сцвярджаў эстэтыку сімвалізму. У 1930-я г. ставіў спектаклі ў розных т-рах Парыжа. Аўтар успамінаў аб франц. т-ры 1890-х г.пач. 20 ст.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)