ЛІБРЫФО́РМ [ад лац. liber (libri) луб, лыка + форма],

выцягнутыя, завостраныя на канцах клеткі драўніны, што забяспечваюць яе трываласць і цвёрдасць; найб. спецыялізаваныя мех. элементы. Клеткі пазбаўлены жывога змесціва (пратапласту), іх адраўнелыя абалонкі патоўшчаныя, маюць невял. колькасць шчылінападобных пораў. У некат. парод (напр., клён, бузіна) пратапласт захоўваецца даўжэй, у ім назапашваюцца пажыўныя рэчывы.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОТ (англ. lot),

партыя тавару, частка яго агульнай колькасці, што прадаецца ці пастаўляецца па дагаворы. Тэрмін пашыраны ў аўкцыённым гандлі (гл. Аўкцыён), дзе Л. можа складацца са стандартнага пакета каштоўных папер (100, 1000 адзінак і інш.), адной рэчы (напр., карціна, прадмет антыкварыяту), набору аднародных па якасці прадметаў (напр., калекцыя стараж. марак, манет).

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКІ́ (ад франц. maquis зараснікі вечназялёнага калючага цяжкапраходнага кустоўя),

адна з назваў франц. партызан, якія ў час 2-й сусв. вайны ў 1940—44 дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупантаў; састаўная частка Руху Супраціўлення Францыі. Базіраваліся пераважна ў лясах і горных раёнах. У некаторых атрадах М. змагаліся сав. ваеннапалонныя, што ўцяклі з ням. канцлагераў.

т. 9, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́НЫ (ісп. marranos),

яўрэі ў Іспаніі і Партугаліі ў 14—17 ст., якія афіцыйна (у т. л. вымушана) прынялі каталіцтва. Займаліся гандлем, некат. з М. былі на дзярж. службе і нават сярод каталіцкага духавенства. Значная частка М. працягвала тайна выконваць яўр. рэліг. абрады, за што ісп. інквізіцыя падвяргала іх ганенням і пакаранню смерцю.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯ́Н ГЕАМАГНІ́ТНЫ,

лінія сячэння паверхні Зямлі верт. плоскасцю праз назіраемы пункт зямной паверхні і прамую, якая злучае паўн. і паўд. геамагнітныя полюсы. М.г. супадае з дугамі вял. кругоў, якія праходзяць праз магнітныя полюсы Зямлі. У адрозненне ад мерыдыянаў магнітных, што апісваюць рэальнае магнітнае поле Зямлі, М.г. апісваюць яго першае прыбліжэнне — поле аднародна намагнічанага зямнога шара.

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЁРТВЫ ЛЁД»,

маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕ́ЧНІКІ, млечныя сасуды,

клеткі некат. кветкавых раслін, якія маюць у вакуолях млечны сок. Адрозніваюць 2 тыпы М.: членістыя і нячленістыя. Членістыя ўтвараюцца з многіх асобных клетак, якія зліваюцца ў суцэльную галінастую сістэму (напр., у складанакветных, макавых). Нячленістыя — адна гіганцкая клетка, што ўзнікае ў зародку, расце, разгаліноўваецца і пранізвае ўсе органы расліны (напр., у малачайных, тутавых).

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЫ́ЧАНЫ РАСТВО́Р,

раствор, што знаходзіцца ва ўмовах тэрмадынамічнай раўнавагі з лішкам растворанага рэчыва. Канцэнтрацыю рэчыва ў Н.р. наз. растваральнасцю рэчыва ў дадзеным растваральніку. Ненасычаным наз. раствор з канцэнтрацыяй рэчыва, меншай за канцэнтрацыю Н.р. ў дадзеных умовах (т-ра, ціск). Перанасычаны раствор, канцэнтрацыя якога перавышае канцэнтрацыю Н.р., можа існаваць толькі ў пераахалоджаным стане.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́СТРА (ад італьян. nostro conto наш рахунак),

рахунак, які банк мае ў свайго банка-карэспандэнта, дзе ўлічваюцца ўсе яго расходы і паступленні. Для банка, які мае рахунак, носіць актыўны характар, таму што адлюстроўвае размяшчэнне сродкаў у форме банкаўскага дэпазіту; для інш. банкаў — пасіўны характар і адлюстроўвае прыцягнутыя рэсурсы і па даручэнні банкаў-карэспандэнтаў (лора рахунак).

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РГАН (ад грэч. organon прылада, інструмент),

1) частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю (напр., корань, сцябло ў раслін; сэрца, печань у жывёл і чалавека).

2) Установа, арганізацыя, што выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця (напр., заканадаўчы, судовы, фінансавы О.).

3) Перыядычнае друкаванае выданне.

4) У пераносным сэнсе — сродак чаго-небудзь.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)