ГА́ЛКІН (Самуіл Залманавіч) (5.12.1897, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 21.9.1960),

яўрэйскі паэт і драматург. Друкаваўся з 1920. Аўтар кніг вершаў «Боль і мужнасць» (1929), «За новы падмурак» (1932), «Кантакт» (1935), «Дрэва жыцця» (1948). Лірыка Галкіна вызначаецца верай у будучыню, любоўю да жыцця, да яго шматграннай прыгажосці (зб. «Вершы», 1939, і інш.). Драм. творы Галкіна «Бар-Кохба» (1939), «Суламіф» (1940), «Душа, якая спявае» ішлі на сцэнах яўр. тэатраў. Трагедыя «Паўстанне ў гета» — пра паўстанне ў Варшаўскім гета супраць фашыстаў у час Вял. Айч. вайны.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. Баллады. Драмы. М., 1958;

Стихотворения. М., 1962;

Дальнозоркость. М., 1968.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАЧО́Ў (Міхаіл Васілевіч) (24.3.1921, в. Бесцвіна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 7.3.1981),

рускі перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1951). Працаваў у час. «Славяне», на Усесаюзным радыё, у апараце СП СССР. Пераклаў на рус. мову раманы «Людзі на балоце» І.​Мележа, «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» І.​Навуменкі, «Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава. «Чужая бацькаўшчына» В.​Адамчыка, аповесці В.​Быкава «Альпійская балада», «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць», асобныя творы П.​Галавача, У.​Карпава, А.​Кулакоўскага, М.​Лупсякова, І.​Пташнікава, А.​Савіцкага, Т.​Хадкевіча, І.​Шамякіна і інш.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ША Ілья, адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час нар.-вызв. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. Нарадзіўся ў Быхаве. Палкоўнік Запарожскага войска. У 1648 з атрадам прыйшоў з Украіны на Беларусь, дзе да яго далучыліся бел. паўстанцы-сяляне. Каля мяст. Горваль перамог атрад войск ВКЛ. У снеж. 1648 няўдала асадзіў Стары Быхаў. У 1651 па дарозе да Чачэрска і ў баі пад Чэрыкавам яго атрад разбіты. У жн. 1651 па загадзе Б.​Хмяльніцкага з атрадам адправіўся па Дняпры да Кіева. У сак. 1654, магчыма, пасол Хмяльніцкага ў Маскве.

В.​І.​Мялешка.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЛІ́ЦІ ((Giolitti) Джавані) (27.10.1842, г. Мандаві, Італія — 17.7.1928),

італьянскі дзярж. дзеяч. У 1889—90 міністр казначэйства, у 1901—03 міністр унутр. спраў. Прэм’ер-міністр у 1892—95, 1903—05, 1906—09, 1911—14, 1920—21. Найб. паслядоўны прадстаўнік італьян. лібералізму 20 ст., імкнуўся пашырыць сац. базу рэжыму. Урад Дж. жорстка задушыў сял. рух на Пд Італіі, развязаў захопніцкую вайну з Турцыяй (1911—12). У час 1-й сусв. вайны выступаў супраць удзелу ў ёй Італіі на баку Антанты. Падтрымаў прыход да ўлады фашыстаў (1922), з 1924 у апазіцыі У 1928 выступаў супраць скасавання фашыстамі парламенцкага рэжыму.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-тэр. адзінка ў Расіі ў час 1-й сусв. вайны. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваен. акругі; тылавы раён Паўн.-Зах., з 1915 — Паўн. франтоў. Тэр. акругі ў выніку ваен. дзеянняў неаднаразова мянялася, у 1917 уключала Віцебскую, Пскоўскую і частку Ліфляндскай губ. Штаб дыслацыраваўся ў Вільні, а пасля яе здачы ў жн. 1915 — у Віцебску. Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкай усяго неабходнага для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, загадвала ўсімі ваен. ўстановамі, займалася пытаннямі цэнзуры і контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны вясною 1918.

М.​М.​Смальянінаў.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЮ́АР ((Dewar) Джэймс) (20.9.1842, г. Кінкардзін-он-Форт, Вялікабрытанія — 27.3.1923),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1861). З 1875 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1897 прэзідэнт Хім. т-ва Англіі. Асн. працы па вывучэнні цеплавых з’яў. Распрацаваў метады вымярэння цеплаёмістасці пры нізкіх т-рах, упершыню атрымаў вадкі вадарод (1898), даследаваў змены электраправоднасці металаў у залежнасці ад т-ры. Вынайшаў пасудзіну, у якой целы могуць доўгі час захоўваць сваю т-ру (гл. Дзьюара пасудзіны). Разам з П.​Кюры даказаў, што пры радыеактыўным распадзе радону ўтвараецца гелій (1904).

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮБКО́ (Анатоль Фёдаравіч) (н. 15.12.1923, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскае артыл. вучылішча (1942), Ваенна-артыл. камандную акадэмію (1954). У Вял. Айч. вайну з ліст. 1942 на Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., Ленінградскім франтах. Камандзір батарэі артыл. палка лейтэнант Дз. вызначыўся ў баях на тэр. Латвіі: 29.8.1944 у час бою трапіў у акружэнне назіральны пункт батарэі і пях. батальён, дзе Дз. прыняў камандаванне на сябе, арганізаваў кругавую абарону, калі вораг прарваў яе, выклікаў на сябе агонь артылерыі, што дапамагло адбіць контратакі і ўтрымаць занятыя пазіцыі. Да 1976 у Сав. Арміі.

А.Ф.Дзюбко.

т. 6, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КШЫЦКАЯ БАТЛЕ́ЙКА ПАТУ́ПЧЫКА.

Вядомы ў пач. 20 ст. ў г. Докшыцы (Віцебская вобл.) і ў наваколлі тып нар. прафесійнага лялечнага т-ра батлейка. Канструкцыя батлейкі Патупчыка была зроблена па прынцыпе пашыранага на Віцебшчыне жлоба. Уяўляла сабой 2-ярусную скрыню, знешне ўпрыгожаную, з пераменнымі празрыстымі (іх ставілі перад запаленымі свечкамі) дэкарацыямі, якія размяшчаліся на ўстаўных планках па баках скрыні. Выкарыстоўваліся звычайныя ў батлейцы шпянёвыя лялькі, часам пальчаткавыя. З лялькамі працавалі жонка і сын, сам Патупчык ажыццяўляў усю размоўную частку паказу і суправаджаў яго ігрой на скрыпцы. Паказы адбываліся на Каляды, у час інш. свят, фэстаў, на кірмашах, вяселлях і вечарынках.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЬФУС ((Dollfuß) Энгельберт) (4.10.1892, Тэксінг, Аўстрыя — 25.7.1934),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Член Хрысц.-сац. партыі. У 1932—34 федэральны канцлер і міністр замежных спраў Аўстрыі. Урад Д. ва ўмовах паліт. і эканам. нестабільнасці ў краіне ўстанавіў аўтарытарнае праўленне (у 1933 распушчаны парламент і с.-д. «Шуцбунд», адменены свабода друку і сходаў, забаронена камуніст. партыя; у 1934 ліквідавана паўстанне сацыял-дэмакратаў, забаронены ўсе партыі), у знешняй палітыцы арыентаваўся на фаш. Італію, перад пагрозай аншлюсу з боку нацысцкай Германіі ў 1934 заключыў саюз з Італіяй і Венгрыяй. Забіты ў час путчу аўстр. нацыстаў.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРОЗД (Мікалай Пракопавіч) (падп. псеўд. Дзядзька Вася; 1890, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 1943),

удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. З 1939 працаваў на лямцавай ф-цы «Чырвоны Кастрычнік». У час акупацыі Мінска ням.-фаш. захопнікамі арганізаваў і ўзначаліў падп. групу. На яго кватэры захоўваліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, хаваліся падпольшчыкі і ваеннаслужачыя, якія трапілі ў акружэнне, у 1941 адбыліся 2 пасяджэнні Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Д. удзельнічаў у аперацыі па знішчэнні В.​Кубэ. 24.9.1943 Д., яго жонка і дачка Рэгіна арыштаваны і пасля катаванняў загублены ў Трасцянецкім лагеры смерці.

М.П.Дрозд.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)