раздзел металазнаўства, які вывучае структуру металаў і сплаваў з дапамогай аптычнай і электроннай мікраскапіі, дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Даследуе заканамернасці ўтварэння структуры, яе змен пад уплывам знешніх уздзеянняў.
Вывучэнне паверхні металу няўзброеным вокам, праз лупу або мікраскоп з павелічэннем да 10 разоў дазваляе выявіць макраструктуру (крышталічную, хім. або мех. неаднастайнасць у выглядзе буйных зярнят, дэфектаў і дамешкаў). Даследаванне паліраванай і траўленай паверхні пры дапамозе мікраскопа з павелічэннем у 50—1500 разоў дазваляе выявіць мікраструктуру (памеры і формы зярнят, размеркаванне структурных фаз, уключэнняў і дэфармацый). Металаграфскае траўленне (уздзеянне кіслотным і інш. актыўным рэагентам) дае магчымасць устанавіць унутр, структурную будову сплаву. З дапамогай трансмісійнага мікраскопа вядуць электронна-мікраскапічнае даследаванне (выяўляюць фрагменты структуры памерам у некалькі нанаметраў, назіраюць скопішчы дыслакацый і скажэнняў крышт. рашоткі); электроннага сканіруючага мікраскопа — атрымліваюць відарысы дэфектаў структуры з вял. глыбінёй рэзкасці пры павелічэнні да 20 тыс. разоў (вывучаюць паверхні разбурэння, аб’ёмныя ўключэнні і інш.); рэнтгенаўскага дыфрактометра — атрымліваюць інфармацыю аб крышталеграфічных параметрах асобных фаз, унутр. напружаннях, раствораных у металах атамах. Адначасова з металаграфскімі даследаваннямі будовы металаў і сплаваў вывучаюць умовы, што выклікаюць змену іх унутр. структуры (уздзеянне награвання і ахаладжэння, пластычнай дэфармацыі, адпачыну, рэкрышталізацыі, спякання, насычэння хім. элементамі і інш.), а таксама даследуюць фіз. (мех.) уласцівасці. Даныя выкарыстоўваюць для вывучэння працэсаў атрымання метал. матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. М. выкарыстоўваецца як адзін з метадаў кантролю якасці пры ліцці, тэрмаапрацоўцы, апрацоўцы ціскам, зварцы і інш. Першыя даследаванні структуры з выкарыстаннем аптычнага мікраскопа праведзены ў 1931 П.А.Аносавым.
На Беларусі М. выкарыстоўваюць пры распрацоўцы новых матэрыялаў у Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі, Бел. навукова-вытв. канцэрне парашковай металургіі, БПА, у металургічнай і металаапрацоўчай прам-сці.
Літ.:
Смолмен Р., Ашби К. Современная металлография: Пер. с англ.М., 1970;
Лившиц Б.Г. Металлография. 3 изд. М., 1990;
Приборы и методы физического металловедения: Пер. с англ.Вып. 1—2. М., 1973—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА́ЛЫ (лац. metallum ад грэч. metallon шахта, руднік),
простыя рэчывы, якія ў звычайных умовах маюць характэрныя, метал., уласцівасці — высокую эл. праводнасць і цеплаправоднасць, адмоўны тэмпературны каэф.эл. праводнасці, здольнасць добра адбіваць эл.-магн. хвалі (бляск, непразрыстасць), пластычнасць. У цвёрдым стане М. — крышт. рэчывы з металічнай сувяззю. У тэхніцы да М. адносяць таксама сплавы на іх аснове (гл.Металазнаўства).
Да М. адносяць 86 са 109 элементаў перыяд. сістэмы. Паводле становішча ў перыяд. сістэме адрозніваюць М. галоўных (a) і пабочных (b) падгруп, ці непераходныя і пераходныя. У непераходных М. адбываецца запаўненне знешніх s- і p-электронных абалонак (напр., шчолачныя металы), у пераходных — запаўненне размешчаных бліжэй да ядра d- і f-абалонак (гл.Пераходныя элементы). Паводле тэхн. класіфікацыі адрозніваюць чорныя (жалеза і яго сплавы) і каляровыяМ., якія ўмоўна падзяляюць на некалькі груп: лёгкія металы, цяжкія (свінец, цынк і інш.), тугаплаўкія металы, высакародныя металы, рэдказямельныя М. (гл.Рэдказямельныя элементы), радыеактыўныя М. (гл.Радыеактыўныя элементы) і інш.Хім. ўласцівасці М. абумоўлены электроннай будовай атамаў, якія лёгка аддаюць знешнія (валентныя) электроны, таму ў хім. рэакцыях яны звычайна з’яўляюцца аднаўляльнікамі. М. ўтвараюць асн.аксіды і гідраксіды, многія замяшчаюць вадарод у к-тах. У прыродзе ў свабодным стане трапляюцца рэдка, звычайна ў выглядзе злучэнняў (аксідаў, сульфідаў і інш.). Здабычай М. з руд займаецца металургія. Ступень выкарыстання М. абумоўлена практычнай каштоўнасцю яго ўласцівасцей, а таксама прыроднымі запасамі (распаўсюджанасцю ў зямной кары) і цяжкасцямі атрымання. Здольнасць М. да ўзаемнага растварэння з утварэннем пры крышталізацыі цвёрдых раствораў і інтэрметалідаў (гл.Металіды) дазваляе атрымліваць мноства сплаваў з разнастайным спалучэннем уласцівасцей. У тэхніцы М. выкарыстоўваюць выключна ў выглядзе сплаваў як найважнейшыя канстр. матэрыялы.
Літ.:
Венецкий С.И. Рассказы о металлах. 4 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КЦЫІ ХІМІ́ЧНЫЯ,
працэсы ператварэння адных рэчываў (простых і хім. злучэнняў) у інш. рэчывы (прадукты рэакцыі). Суправаджаюцца разрывам хімічных сувязей у малекулах рэчываў, што ўступаюць у рэакцыю (зыходных рэчываў), і ўтварэннем новых сувязей у прадуктах рэакцыі. У адрозненне ад ядзерных рэакцый, якія прыводзяць да ўтварэння новых атамаў, пры Р.х. адбываецца толькі перабудова вонкавых электронных абалонак атамаў. Якасны і колькасны састаў зыходных рэчываў і прадуктаў Р.х. запісваецца пры дапамозе ўраўненняў хімічных. Магчымасць Р.х. і ступень (паўната) ператварэння рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць, пры розных умовах (т-ра, канцэнтрацыя ў газавай сумесі ці растворы, ціск) вывучае тэрмадынаміка хімічная, скорасць Р.х. і іх механізм — кінетыка хімічная.
Р.х. падзяляюцца на абарачальныя (гл. Абарачальныя рэакцыі) і неабарачальныя Паводле цеплавога эфекту адрозніваюць экзатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з вылучэннем цяпла (у гэтых рэакцыях энергія, неабходная для разрыву хім. сувязей у зыходных рэчывах, меншая за энергію, што вылучаецца пры ўтварэнні новых сувязей), і эндатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з паглынаннем цяпла. Многія тэрмадынамічна магчымыя Р.х. пры звычайных умовах ідуць з малой (практычна блізкай да нуля) скорасцю Для паскарэння такіх рэакцый выкарыстоўваюць каталізатары (гл. Каталіз). Механізм большасці Р.х. уключае некалькі (гл. Складаныя рэакцыі), а часам дзесяткі і сотні т.зв. элементарных стадый, якія прыводзяць да ўтварэння мала ўстойлівых прамежкавых прадуктаў — свабодных радыкалаў і атамаў, што прымаюць удзел у наступных элементарных стадыях (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Адбываюцца Р.х. за кошт цеплавога ўзбуджэння (пры награванні), пад уздзеяннем святла (гл Фотахімічныя рэакцыі), іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйна-хімічныя рэакцыі), эл. току, ціску, у плазме (гл. Плазмахімія) і інш.Гл. таксама Акісленне-аднаўленне, Гарэнне, Полімерызацыя, Тапахімічныя рэакцыі.
Літ.:
Тоуб М. Механизмы неорганических реакций: Пер. с англ.М., 1975;
Сайкс П. Механизмы реакций в органической химии: Пер. с англ. 4 изд. М., 1991;
Жданов В.П. Скорость химической реакции. Новосибирск, 1986;
Шелинский Г.И. Основы теории химических процессов. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЭ́ПТАРЫ (ад лац. receptor той, хто прымае, атрымлівае),
у жывёл і чалавека адчувальныя ўтварэнні, якія ўспрымаюць і ператвараюць раздражненні з вонкавага і ўнутр. асяроддзя ў спецыфічную актыўнасць нерв. сістэмы. Забяспечваюць арганізм неабходнай для яго існавання інфармацыяй і прыстасаваны для ўспрымання істотных для дадзенага віду жывёлы сігналаў.
Адрозніваюць Р. ў выглядзе свабодных канцоў нерв. валокнаў, дыферэнцыраваных нерв канцоў, размешчаных у глыбіні тканак, і як ч. складаных сенсорных органаў. Большасць Р. — экстэрарэцэптары (органы слыху, зроку, нюху, смаку, дотыку), якія ўспрымаюць раздражненні з вонкавага асяроддзя. Інтэрарэцэптары сігналізуюць аб стане ўнутр. органаў (сэрца, лёгкія, лімфатычныя і крывяносныя сасуды і інш.) і апорна-рухальнага апарату (пропрыярэцэптары шкілетных мышцаў, звязак, сустаўных сумак). Адны Р. атрымліваюць інфармацыю на пэўнай адлегласці ад крыніцы раздражнення (дыстантныя), другія — толькі пры непасрэдным сутыкненні з ёй (кантактныя). У залежнасці ад віду ўспрымальнага раздражнення адрозніваюць: механарэцэптары (Р. органаў слыху і гравітацыі, тактыльныя, апорна-рухальнага апарату, барарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы і інш.); хемарэцэптары (Р. смаку і нюху, сасудзістыя і тканкавыя, адчувальныя да ўздзеяння хім. злучэнняў); фотарэцэптары (Р. органа зроку); тэрмарэцэптары (Р. скуры і ўнутр. органаў, што ўспрымаюць тэмпературныя ваганні, а таксама цэнтр. тэрмаадчувальныя нейроны); электрарэцэптары (электраадчувальныя Р. бакавой лініі). Усе Р. спецыялізаваны для рэцэпцыі адэкватных ім раздражняльнікаў. Іх функцыі ўзаемазвязаны праз ц. н. с. і з дапамогай кантактаў аднаго з адным. Дзейнасць Р. рэгулюецца ц. н. с.
У біяхіміі Р.наз. малекулы ці малекулярныя комплексы на паверхні клетак, здольныя распазнаваць спецыфічныя хім. групоўкі, малекулы ці інш. клеткі, звязваць іх і рэагаваць на ўзаемадзеянне канфармацыйнымі зменамі або перадачай сігналаў унутр. клеткі. Да рэцэптарных малекул належаць Р. гармонаў, вірусаў, таксінаў і інш.
Літ.:
Сергеев П.В., Шимановский Н.Л. Рецепторы физиологически активных веществ. М., 1987;
Внутриклеточная сигнализация. М., 1988;
Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін з буйнейшых ун-таў Расіі, навук.цэнтр.Засн. ў 1819 у Пецярбургу на базе Гал.пед. ін-та. Адкрыты ў 1820. Меў 3 ф-ты: гіст.-філал., філас.-юрыд., фіз.-матэматычны. У 1854 адкрыты ф-т усходніх моў, у 1-й пал. 19 ст. — кафедры валашскай, арм., груз., тат. і інш. моў. У 1956 ва ун-т (на правах ф-та) увайшоў Першы ленінградскі пед.ін-т замежных моў (з 1938). З 1970-х г.ун-т працуе як сістэма двух навучальна-навук. комплексаў — у С.-Пецярбургу і Петрадварцы. У 1994/95 навуч.г. ва ун-це больш за 17 тыс. студэнтаў, больш за 4 тыс. выкладчыкаў; ф-ты: геал., эканам., юрыд., філал., усх., гіст., філас., псіхалогіі, фіз., механіка-матэм., прыкладной матэматыкі, геаграфіі і геаэкалогіі, хім., біял.-глебавы, журналістыкі, менеджменту, міжнар. адносін. Аспірантура. У складзе ун-та каля 200 кафедраў, 10 НДІ, каля 200 н.-д. лабараторый і станцый, абсерваторыя; 2 музеі, навук.б-ка (больш за 6 млн. уліковых адзінак), выд-ва. Пры ун-це працуюць Цэнтр рус. мовы, ін-ты павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых, сярэдніх спец. і прафес.-тэхн. устаноў, вышэйшыя пед. курсы, акад. гімназія, школы-інтэрнаты фіз.-матэм. і біял.-хім. профілю. Выдае «Вестник» (з 1946, з 1956 — у 6 серыях).
У розны час у С.-П.у. працавалі АМ.Бекетаў (рэктар у 1876—83), А.М.Бутлераў, Э.Х.Ленц, Дз.І.Мендзялееў, А.С.Папоў, І.М.Сечанаў, А.А.Шахматаў; вучыліся І.Я.Білібін, А.А.Блок, А.К.Глазуноў, М.І.Глінка, І.І.Мечнікаў, М.М.Міклуха-Маклай, І.П.Паўлаў, Дз.І.Пісараў, Я.Райніс, І.С.Тургенеў, М.А.Урубель, М.Г.Чарнышэўскі, К.А.Ціміразеў і інш.
Літ.:
275 лет. Санкт-Петербургский государственный университет: Летопись 1724—1999. СПб., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВО́Й ХІ́МІІ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, прадукцыя якой прызначана для гасп.-быт. патрэб. Выпускае больш за 100 найменняў тавараў і таварных груп, у якасці сыравіны выкарыстоўвае прадукцыю хім., нафтахім., харч. і інш. галін прам-сці і некат. с.-г. прадукты. Уключае вытв-сць сродкаў мыйных, паліравальных, клеючых, для чысткі, вывядзення плям, адбельвання, падсіньвання і падкрухмальвання вырабаў з тканін, барацьбы з быт. насякомымі і грызунамі, аховы с.-г. раслін ад шкоднікаў, догляду вырабаў са скуры і замшы, фотахімікатаў, лакафарбавых матэрыялаў, мінер. угнаенняў, вырабаў з пластмасаў, сухога спірту, парафінавых і ёлачных свечак, антыфрызу і інш.
Узнікненне і развіццё бытавой хіміі прамысловасці звязана са станаўленнем хім. прамысловасці. Асн.ч. прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці складаюць мыйныя сродкі. Сусветная вытв-сць іх у 1992 склала больш за 20 млн.т, каля 4 кг на душу насельніцтва (найб. у Бельгіі, 44 кг). У 10 найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць краіны Амерыкі, Еўропы і Азіі (гл.табл. 1). Найб. вядомыя ў свеце кампаніі па вытв-сці тавараў быт. хіміі «Проктэр энд Гэмбл» (ЗША), «Юнілевер» (Нідэрланды), «Міні Бэст» (Германія), «Кампазіл» (Бельгія), «Коніка» (Японія) і інш.
У Беларусі, як і ў інш. краінах б.СССР, як самаст. галіна аформілася ў 1965. Прадукцыю быт. хіміі выпускаюць больш за 30 прадпрыемстваў. Найб. з іх ВА«Брэстбытхім», Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Барысаўскі з-дбыт. хіміі, Лідскае акц.т-ва «Лакафарба». У галіне дзейнічаюць ВА «Нафтан» (Наваполацк), Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Пухавіцкі з-д горнага воску, Пінскі з-д штучных скур, з-ды пластмасавых вырабаў (Гомель, Барысаў, Рудзенск), «Тэрмапласт» (Рэчыца), «Металапластмасы» (Ляхавічы), ВА «Белпласт» (Пінск), «Паліміз» (Барысаў), «Эмальпосуд» (Слуцк, Гомель), гумавых (Крычаў) і гумава-тэхн. вырабаў (Капыль), быт. хіміі (Калінкавічы), камбінаты буд. матэрыялаў (Пухавічы, Кобрын, Даманава) і інш.Удз. в.хім. прадукцыі сярод прадметаў ужытку (група «Б») складае 2,4% (1993). Пра асн. віды прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці ў Беларусі гл.табл. 2.
В.М.Сасноўскі.
Табліца 1 Найбуйнейшыя краіны-вытворцы сінтэтычных мыйных сродкаў (1992)
Краіна
Агульная вытв-сць, тыс.т
На душу насельніцтва, кг
ЗША
4000
16
Вялікабрытанія
1575
28
Францыя
1530
26
Італія
1500
27
Кітай
1462
1,3
Іспанія
1350
35
Японія
1055
9
ФРГ
930
13
Мексіка
880
10
Расія
511
3,4
Табліца 2 Вытворчасць тавараў бытавой хіміі ў Беларусі
Наменклатура тавараў
гады
1985
1990
1994
Тавары быт. хіміі, у млрд.руб.
71,1
121,1
70,9
у тыс.т
104
271
29
у т.л. мыйныя сродкі
36
38
6
3 іх сінтэтычныя
30
31
5
сродкі для адбельвання, падсіньвання, падкрухмальвання вырабаў з тканін
2,6
3,5
1,0
сродкі для чысткі
7,2
9,6
3,1
сродкі догляду аўтамабіляў, матацыклаў і веласіпедаў
—
3,5
2,4
сродкі супраць быт. насякомых, грызуноў і для дэзінфекцыі
1,5
1,1
0,1
сродкі для аховы раслін садоў і агародаў
0,5
1,1
0,1
мінер. ўгнаенні
26
162
0,7
лакафарбавыя матэрыялы
17
34
7
Да арт.Бытавой хіміі прамысловасць. Вытворчасць аэразольных прэпаратаў на Брэсцкім заводзе бытавой хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́НЫ (ад лац. vita жыццё),
група нізкамалекулярных арган. злучэнняў рознай хім. прыроды, неабходных для нармальнай жыццядзейнасці арганізма. Выконваюць у арганізме найважнейшыя біяхім. і фізіял. функцыі абмену рэчываў; уваходзяць у састаў субклетачных структур і падтрымліваюць іх нармальную будову і функцыянаванне. Сінтэзуюцца пераважна раслінамі (гл.Вітамінаносныя расліны), грыбамі і бактэрыямі. Чалавек і жывёлы атрымліваюць вітаміны ў асн. з расліннай ежай або з прадуктамі жывёльнага паходжання. У жвачных жывёл вітаміны групы B утвараюцца мікрафлорай кішэчніка. Некаторыя вітаміны ўтвараюцца ў арганізмах чалавека і жывёл самастойна (напр., PP), але ў недастатковай колькасці, або з іх папярэднікаў — т.зв.правітамінаў. Праз сценкі страўнікава-кішачнага тракту чалавека і жывёл вітаміны паступаюць у кроў, разносяцца па ўсім арганізме і ўтвараюць шматлікія вытворныя (напр., эфірныя, амідныя, нуклеатыдныя), якія звычайна спалучаюцца са спецыфічнымі бялкамі і ўтвараюць многія ферменты (больш за 200). Многія праяўляюць сваё спецыфічнае біял. ўздзеянне пасля ператварэння ў метабалічна актыўныя формы або ўваходзяць у састаў каферментаў і адпаведных ферментаў. Нястача вітамінаў (гл.Вітамінная недастатковасць) прыгнечвае асобныя рэакцыі абмену рэчываў, аслабляе некаторыя фізіял. функцыі. Калі вітамінаў намнога больш, чым патрэбна арганізму, узнікаюць гіпервітамінозы, калі менш або яны адсутнічаюць — гіпа- і авітамінозы. Выкарыстанне арганізмам вітамінаў памяншаецца пры наяўнасці ў ежы і кармах антывітамінаў — антаганістаў, якія перашкаджаюць вітамінам праяўляць іх біял. актыўнасць. Тэрмін «вітаміны» прапанаваў польскі біяхімік К.Функ (1912).
Вядома больш за 20 розных вітамінаў, якія маюць назвы, што характарызуюць іх хім. састаў ці фізіял. дзейнасць, таксама літарныя і лічбава-літарныя абазначэнні (напр., рэцінол — A1, тыямін — B1, рыбафлавін — B2, пантатэнавая кіслата — B3, пірыдаксін — B6, цыянкабаламін — B12, аротавая кіслата — B13, пангамавая кіслата — B15, фоліевая кіслата — Bc, аскарбінавая кіслата — C, эргакальцыферол — D2, халекальцыферол — D3, такаферолы — E, філахінон — K1, фарнахінон — K2, вікасол — K3, біяцін — H, біяфлаваноіды — P, нікацінавая кіслата, або нікацінамід — PP, ліпоевая кіслата, мезаіназіт). Часам яны маюць групавыя назвы, а асобныя прадстаўнікі гэтых груп (напр., A1 і A2, D2 і D3і г.д.) называюцца вітамерамі. Па растваральнай здольнасці вітаміны падзяляюцца на тлушча- і водарастваральныя. Да тлушчарастваральных належаць вітаміны групы A, D, E, K, Q, якія звычайна дэпануюцца ў тканках. Большасць водарастваральных вітамінаў у выглядзе фосфарных эфіраў выконваюць ролю каферментаў або ўваходзяць у састаў больш складаных каферментаў. Да гэтай групы належаць вітаміны групы B — B1, B2, B3, B5, B6, B12, H, PP, U; ліпоевая, фоліевая і аскарбінавая к-ты. Вельмі багатыя вітамінамі дрожджы, лісцевая агародніна, ягады.
Вітаміны атрымліваюць хім. і мікрабіял. сінтэзам, таксама з прыродных крыніц (гл.Вітамінная прамысловасць). Выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі для прафілактыкі і лячэння гіпа- і авітамінозаў, інш. хвароб, карэкцыі абменных працэсаў у арганізме (вітамінатэрапія), вітамінізацыі прадуктаў харчавання і кармоў (гл.Вітамінныя кармы) і інш. Вітаміны вывучае Вітаміналогія.
Літ.:
Березовский В.М. Химия витаминов. 2 изд. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МЕРАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў Расійскай Федэрацыі на ПдУЗах. Сібіры. Утворана 26.1.1943. Пл. 95,5 тыс.км². Нас. 3037 тыс.чал. (1997), гарадскога 87%. Цэнтр — г.Кемерава. Найб. гарады: Новакузнецк, Пракоп’еўск, Бялова, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Анжэра-Суджанск.
Прырода. К.в. займае Кузнецкую катлавіну (выш. да 500 м), размешчаную паміж Салаірскім кражам (выш. да 590 м) і Кузнецкім Алатау (выш. да 2178 м). На Пд хрыбты Горнай Шорыі, на Пн частка Зах.-Сіб. раўніны. Карысныя выкапні: каменны вугаль (найбуйнейшы ў Расіі Кузнецкі вугальны басейн), буры вугаль (зах.ч.Канска-Ачынскага вугальнага басейна), сідэрытавыя (на ПнУ), магнетытавыя (радовішча Таштагол і Шэрэгеш у Горнай Шорыі), марганцавыя (Усінскае), поліметал. (Салаір) руды, золата, нефеліны (Кія-Шалтыр), вермікуліт, трэмаліты, баксіты, фасфарыты, тальк, прыродныя цэаліты, буд. матэрыялы (больш за 135 радовішчаў, з іх 50 эксплуатуюцца). Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны з працяглай зімой і кароткім цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -22 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 300—500 мм, у гарах да 900 мм за год. Рэкі належаць да бас.р. Об (найб. Том, Іня, Кія, Яя, Чумыш), багатыя гідраэнергіяй (гідрарэсурсы 261 тыс.кВтгадз на 1 км², 2-е месца ў Расіі пасля Іркуцкай вобл.). Глебы на раўніне ў Кузнецкай катлавіне чарназёмныя, у перадгорнай і горнай частках шэрыя лясныя, падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 4,5 млн.га (запасы драўніны 598 млн.м³), пераважаюць хвойныя (піхта, кедр, хвоя), лесастэпы з бярозава-асінавымі колкамі, стэпы — кавыльна-ціпчаковыя.
Гаспадарка. Гал. галіна прам-сці — вугальная, сканцэнтравана ў Кузбасе (94,4 млн.т, 1996, 40% здабычы Расіі). Асн. цэнтры здабычы: Пракоп’еўск, Новакузнецк, Анжэра-Суджанск, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Бялова, Междурэчанск і інш.Вытв-сць электраэнергіі 27 млрд.кВтгадз (1996). Кемераўская, Том-Усінская, Паўд.-Кузбаская, Бялоўская ДРЭС. Вытв-сць чорных металаў на Кузнецкім металургічным камбінаце, з-дах: Зах.-Сібірскім поўнага цыкла, Новакузнецкім ферасплаваў і металургічным няпоўнага цыкла ў Гур’еўску. Каляровая металургія прадстаўлена вытв-сцю алюмінію і цынку. Хім.прам-сць пашырана ў Кемераўскім вузле: коксахім. з-д, Новакемераўскі хім. камбінат, азотна-тукавы з-д, аніліна-фарбавы, капронавай пражы. Металаёмістае машынабудаванне арыентавана на патрэбы вугальнай, металургічнай і хім. прам-сці. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, шыферу, шкла, жалезабетонных канструкцый і дэталяў). Развіта лясная, дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч. і лёгкая прам-сць. Сельская гаспадарка прыгараднага характару. Больш за 65% с.-г. прадукцыі дае малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Развіты пчалярства, пушны промысел, зверагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,7 млн.га (60% займаюць ворныя землі). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, авёс), бульбу, агародніну. Аснову трансп. сеткі складаюць чыгункі. Транскантынентальная чыг. магістраль, Паўладар—Барнаул—Новасібірск—Абакан і шэраг чыг. ліній на Кузбас: Новасібірск—Бялова—Новакузнецк з адгалінаваннямі на Кемерава, Гур’еўск, Таштагол. Даўж. чыгунак 1,8 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,7 тыс.км. Суднаходства па р. Том. Нафтаправод Ніжнявартаўск—Анжэра-Суджанск—Краснаярск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯРДЛО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ўсх. схілах Сярэдняга і Паўн. Урала і зах. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 17.1.1934. Пл. 194,8 тыс.км². Нас. 4603 тыс.чал. (2000), гарадскога 87,6%. Цэнтр — г.Екацярынбург. Найб. гарады: Ніжні Тагіл, Каменск-Уральскі, Перваўральск, Сяроў, Азбест, Раўда.
Рэльеф Сярэдняга Урала слабахвалісты, найб. высокія вяршыні на Паўн. Урале — Канжакоўскі Камень (1569 м) і Дзенежкін Камень (1492 м). Ускраіна Зах.-Сібірскай раўніны займае 2/3тэр. вобласці. Карысныя выкапні: жал. і медныя руды, каменны і буры вугаль, азбест, тальк, мармур, золата, плаціна, каштоўныя камяні, торф і інш. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -20 °C на Пн да -15 °C на Пд, ліп. ад 16 °C на Пн да 19 °C на ПдУ. Ападкаў 350—600 мм за год. Асн. рэкі: Таўда, Тура, Ісець (бас.р. Об) і Чусавая, Уфа (бас.р. Кама). Глебы падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у паласе лесастэпу шэрыя лясныя і чарназёмныя. Пад лесам каля 61% тэр. У горнай ч. пераважае цемнахвойная тайга, па нізкіх мясцінах — яловыя лясы з дамешкамі кедру. Шмат балот. На ПдУ лесастэп. Нац. парк Прыпышмінскія бары, запаведнікі Вісімскі і Дзенежкін Камень.
С.в. — адзін з найб. развітых прамысл. рэгіёнаў Расіі. У прам-сці (1999) вядучае месца належыць каляровай (31%) і чорнай (19,8%) металургіі, машынабудаванню (цяжкае, энергет., трансп. станкабудаванне, эл.-тэхн. і інш.) і металаапрацоўцы (15,7%), электраэнергетыцы (10,8%). Вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, пракату чорных металаў (3,4 млн.т), выплаўка сталі (5,4 млн.т). Вытв-сць пракатных станаў, абсталявання для доменных пячэй, нафтабуравых установак, буйных эл. машын, турбін, кормаўборачных камбайнаў, вагонаў, аўтапрычэпаў, матацыклаў, металарэзных станкоў, абсталявання для хім., лясной і дрэваапр. прам-сці, ваен. тэхнікі (танкаў, ракетных комплексаў, авіяц. оптыкі), падшыпнікаў, кабелю, трансфарматараў, халадзільнікаў, пыласосаў, пральных машын, радыёапаратуры і інш.Вытв-сць электраэнергіі 35,8 млрд.кВт∙гадз. Белаярская АЭС, Верхнетагільская, Ніжнетурынская, Рафцінская, Сяроўская, Сярэднеўральская ДРЭС. Развіты коксахім., хім. (шыны, мінер. ўгнаенні, пластмасы, хім. рэактывы, гумава-тэхн. вырабы, лакі, фарбы) і хіміка-фармацэўтычная (антыбіётыкі), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, фанера, мэбля, кардон, папера), буд. матэрыялаў, азбеставая, лёгкая і харч.прам-сць. Здабыча жал. і медных руд, золата, баксітаў, азбесту, тальку, вугалю, торфу. Вытв-сць ювелірных вырабаў з уральскіх самацветаў і вырабных камянёў. Сельская гаспадарка жывёлагадоўча-збожжавага кірунку. Гадуюць малочна-мясныя пароды буйн. раг. жывёлы, свіней, коз, авечак, птушак. Пасяўныя пл. займаюць 1,2 млн.га (1999).
Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, шматгадовыя травы, кукурузу на сілас, караняплоды, бульбу і агародніну (пераважна вакол буйных гарадоў і на Пд вобласці). Даўж. чыгункі 3551 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,1 тыс.км. Асн.чыг. вузлы: Екацярынбург, Ніжні Тагіл, Сяроў, Каменск-Уральскі, Арцёмаўскі і інш. Суднаходства па р. Таўда і яе прытоках Лозьва і Сосьва і р. Тура. Газаправоды Урэнгой—Сяроў—Ніжні Тагіл—Екацярынбург, Бухара—Урал (да Екацярынбурга), транзітны газаправод Урэнгой—Памары—Ужгарад і нафтаправод Сургут—Перм—Ніжні Ноўгарад. Курорты: Абухава, Кур’і, Ніжнія Сяргі, Самацвет, Малтаева Возера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭАЛО́ГІЯ (ад астэа... + ...логія),
1) раздзел анатоміі, які вывучае будову, развіццё і змены касцявога шкілета. Вылучаюць астэалогію агульную, прыватную (пра развіццё і будову асобных касцей), параўнальную, узроставую. Агульная астэалогія вывучае фіз.-хім. якасці косці, тканкавы, клетачны і субклетачны ўзроўні структурнай арганізацыі, уплыў розных фактараў на працэсы росту і перабудовы косці. Сучасныя даследаванні ў галіне астэалогіі звязаны з пошукамі спосабаў уплыву на працэсы рэгенерацыі, вызначэннем прычын эктапічнага росту, ацэнкай характару марфалагічных змяненняў пры трансплантацыі касцей. Прыватная астэалогія грунтуецца на вывучэнні анат. прэпаратаў і выкарыстанні метадаў даследавання шкілета жывога чалавека (рэнтгенаграфія, камп’ютэрная тамаграфія, ядзерна-магнітны рэзананс).
2) Астэалогія ў антрапалогіі вывучае варыяцыі памераў і формы чалавечага шкілета ў цэлым, а таксама асобных яго касцей. Даныя астэалогіі выкарыстоўваюць таксама ў палеанталогіі, расазнаўстве і інш.