ГЛЯБО́ВІЧЫ,

ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Ляліва». Некат. даследчыкі выводзяць род ад Гедзіміна або ад маршалка літоўскага Манвіда. Найб. верагодна, што Глябовічы паходзяць ад баяр Смаленскай ці Полацкай зямлі. Валодалі г. Дуброўна, Заслаўе, маёнткамі ў Мазырскім, Ігуменскім, Аршанскім, Навагрудскім пав., на Смаленшчыне, Віцебшчыне, у Польшчы. Першы дакладна вядомы прадстаўнік роду — смаленскі ваявода Глеб (15 ст.), які меў сыноў Станіслава, Пятра і Юрыя. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Станіслаў Глебавіч (?—1513), намеснік мерацкі (1492), віцебскі (1495), браслаўскі (1501), полацкі (1502), маршалак дворскі (1492—1511), ваявода полацкі (1505). Удзельнічаў у пасольствах у Маскву ў 1492, 1499, 1503, 1504, 1511. Пётр Глебавіч (?—пасля 1522), намеснік навагрудскі (1502), крэўскі (1511—22). Юрый Глебавіч (?—пасля 1520), намеснік смаленскі (1492—99), староста жамойцкі (1494), намеснік аршанскі і аболецкі (1500—01), віцебскі (1503—08), смаленскі (1508—14), староста мерацкі (1514), ваўкавыскі (1520). У 1506 у складзе пасольства ў Маскву. Мікалай Юр’евіч (?—1514), сын Юрыя Глебавіча, староста драгічынскі і слонімскі. У бітве на Вядрошы 1500 разам з К.Астрожскім трапіў у палон да рускіх, вярнуўся ў 1511. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 у 1513 узначальваў абарону Смаленска. Ян Юр’евіч (?—23.4.1549), сын Юрыя Глебавіча, маршалак гаспадарскі (1516—42), дзяржаўца мсціслаўскі (1527), ваявода віцебскі (1528), полацкі (1532), віленскі (1542), староста бабруйскі (1542), канцлер ВКЛ (1546). Быў прыхільнікам каралевы Боны і саюзу з Польшчай, пазней далучыўся да прыхільнікаў самастойнасці ВКЛ. Ян Янавіч (1544—90), сын Яна Юр’евіча, дзяржаўца упіцкі (1584), кашталян мінскі (1572), староста анікштынскі (1575), радашковіцкі (1576), падскарбі земскі і пісар ВКЛ (1580), кашталян трокскі (1585), ваявода трокскі (1586), староста упіцкі (1587). У Лівонскую вайну 1558—83 вызначыўся пры абароне Полацка ад войска Івана IV, трапіў у палон. Вярнуўшыся ўдзельнічаў у штурме Полацка, аблозе Пскова. Дзеяч Рэфармацыі. Мікалай Янавіч (? — 18.11.1632), сын Яна Янавіча, староста анікштынскі, падстолі ВКЛ (1605), ваявода смаленскі (1611), кашталян віленскі (1621). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, паходу на Маскву. Юрый Мікалаевіч (Ежы Кароль; — 18.4.1669), сын Мікалая Янавіча, староста анікштынскі, падстолі ВКЛ (1639), стольнік ВКЛ (1643), ваявода смаленскі (1643), староста жамойцкі (1653), ваявода віленскі (1668). Удзельнік перагавораў з Б.Хмяльніцкім і з Расіяй у 1659—66. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду.

Ю.А.Заяц.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.А.Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.М.Аляксееў з удзелам К.І.Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф.Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял. Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.Панятоўскага (скульпт. Б.Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).

В.Ф.Марозаў, В.Р.Анціпаў.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцгвам С.Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.А.Ткачоў (1982), З.Л.Яцкевіч (1990), І.М.Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.

І.А.Марзалюк, М.А.Ткачоў.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,

частка тэр. Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр. б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).

Літ.:

Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.

Я.К.Анішчанка.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЧА́НЕ (ад польскага mieszczanin гараджанін),

гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у 14—18 ст. (у Расіі ў 1775—1917), якое ўключала розныя катэгорыі гараджан: рамеснікаў, дробных гандляроў і домаўладальнікаў, купецтва і інш. У Беларусі тэрмін «М.» замацаваўся ў 15 ст. Да М. залічвалі тую частку рамеснікаў, у т.л. цэхавых, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. У некаторых гарадах Беларусі (Віцебск, Полацк) у склад М. уваходзіла і землеўласніцкая частка гараджан, якая выконвала вайсковы абавязак — конныя, путныя, пасельскія М. Яны былі вызвалены ад падаткаў і складалі прывілеяваную групу гараджан. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на М. бел. гарадоў пашырана рас. заканадаўства. У Расіі першапачаткова М. называлі гараджан ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэтая назва захоўвалася і за гараджанамі Смаленшчыны пасля яе далучэння да Расіі (1667). У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Маскве існавала Мяшчанская слабада, населеная бел. рамеснікамі, вывезенымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1775 М. — назва асобнага гар. саслоўя Рас. імперыі. Акты 1775 і 1785 залічылі да М. пасадскіх людзей з капіталам менш за 500 руб., у т.л. частку купцоў, і некаторыя інш. катэгорыі гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі і рамесныя цэхі. М. выконвалі рэкруцкую павіннасць, былі абмежаваны ў праве перамяшчацца, да 1863 на іх пашыраліся цялесныя пакаранні. Званне М. было спадчынным, аднак іх склад папаўняўся за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, якія выкупіліся на волю або былі адпушчаны памешчыкамі. М., што разбагацелі, маглі перайсці ў гільдзейскае купецтва. М. кожнага горада, пасада, або мястэчка ўтваралі асобую мяшчанскую грамаду, якой кіравалі мяшчанскі стараста і яго памочнікі. У выніку рэформ 1860-х г. многія М. атрымалі доступ да дзярж. службы, сталі людзьмі «вольных прафесій». У 1897 у Расіі было 7449,3 тыс. М. (44,3% гар. насельніцтва). У бел. губернях, паводле перапісу 1897, М. і купцоў было 1800,1 тыс. чал. — 22,4% насельніцтва, а ў гарадах (без мястэчак) 69,5% насельніцтва. Мяшчанскае саслоўе і інш. саслоўі Расіі скасаваны дэкрэтам ЦВК ад 23.11.1917.

Літ.:

Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;

Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,

творчае аб’яднанне. Створана ў 1996 у Мінску ў выніку пераўтварэння Дзярж. акадэмічнага Вял. т-ра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Уключае Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Мастацка-эксперым. тэатр. камбінат г. Мінска. У складзе аб’яднання таксама сімф. і сцэн. аркестры (больш за 140 музыкантаў; гал. дырыжор А.Анісімаў, дырыжоры М.Калядка, Л.Лях, Г.Праватораў, В.Чарнуха, А.Галанаў, М.Сінькевіч), міманс, Нац. тэатр.-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», маст.-пастановачная служба (службы машынна-дэкарацыйная, асвятлення і афармлення спектакляў, мех. абсталявання, цэхі касцюмерны, грымёрны, рэквізіту), тэхн. і дапаможныя службы. Асн. задачы аб’яднання: стварэнне неабходных умоў для творчай дзейнасці т-раў оперы і балета, адраджэнне і развіццё бел. нац. опернага і балетнага мастацтва, садзейнічанне далучэнню насельніцтва да нац. і сусв. опернай і балетнай спадчыны, фарміраванне агульнаеўрап. культ. прасторы, падрыхтоўка спецыялістаў опернага і балетнага жанраў. Дырэктар аб’яднання А.Кірыенка.

Працуе ў будынку б. Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (1936—37; арх. І.Лангбард). Будынак быў задуманы як універсальны са звышмеханізаванай сцэнай і глядзельнай залай на 3 тыс. месцаў. Адкрыты ў 1939. Асн. кампазіцыю ствараюць размешчаныя адзін над адным 3 цыліндрычныя аб’ёмы рознага дыяметра і вышыні, да якіх з тылу прылягае развітая сцэн. каробка і дапаможныя памяшканні. Адзіны рытм і прафілёўка верт. чляненняў надаюць будынку цэласны характар і маштабнасць. Ядро т-ра спачатку ўтварала глядзельная зала на 1500 месцаў — амфітэатр з балконам, якую паўкальцом абкружалі на 1-м паверсе вестыбюль з гардэробамі, на 2-м — прасторныя фае. У гады Вял. Айч. вайны т-р пашкоджаны. Адноўлены ў 1948 паводле праекта аўтара. Глядзельная зала рэканструявана па традыц. яруснай сістэме з месцамі на 1200 гледачоў у партэры і 3 неглыбокіх ярусах. У афармленні вестыбюляў, фае і глядзельнай залы выкарыстаны скульптура і маст. ляпныя дэталі. У 1967 т-р тэхнічна пераабсталяваны, у 1978 значна зменена афармленне інтэр’ераў. Вонкавае аблічча будынка амаль цалкам захавана, толькі на пач. 1960-х г. плоскія пакрыцці заменены нахільнымі дахамі, што адбілася на сілуэтным вырашэнні. Будынак арганічна ўваходзіць у сістэму ансамбляў цэнтра Мінска.

Т.У.Аляксандрава, А.А.Воінаў (архітэктура).

Будынак «Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь».

т. 11, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮГО́ ((Hugo) Віктор Мары) (26.2.1802, г. Безансон, Францыя — 22.5.1885),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1841). У ранні перыяд творчасці (паэт. зб. «Оды і розныя вершы», 1822; «Оды і балады», 1826; раманы «Ган Ісландзец», 1823; «Бюг Жаргаль», 1826) эвалюцыяніраваў ад падтрымкі манархіі да ліберальна-дэмакр. поглядаў, ад класіцызму да рамантызму. У зб. «Усходнія матывы» (1829) пра нац.-вызв. барацьбу грэкаў заявіў аб сабе як рэфарматар паэзіі — стваральнік разнастайных рыфмаў і гнуткіх рытмаў, арыгінальнай строфікі. У «Прадмове» да драмы «Кромвель» (1827), прызнанай эстэт. маніфестам франц. рамантызму, вылучыў і абгрунтаваў тэорыю кантрастаў і гратэску, якую рэалізаваў у рамант. драмах «Марыён Дэлорм» (нап. 1829), «Эрнані» (1830), «Кароль забаўляецца» (1832), «Руі Блаз» (1838) і інш. Антыманархічны, вольналюбівы настрой драм, напісаных на гіст. сюжэты, адпавядаў рэв. зрухам у Францыі напярэдадні і пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У атмасферы бурлівых паліт. падзей напісаў гіст. раман з жыцця Францыі 15 ст. «Сабор Парыжскай Божай маці» (1831). Тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю вызначаліся лірычныя зб-кі «Лісце восені» (1831), «Песні змроку», «Унутраныя галасы» (1837), «Промні і цені» (1840). Пасля дзярж. перавароту 1851 эмігрыраваў з Францыі. У перыяд выгнання, які працягваўся 19 гадоў, у Гюго праявіўся талент публіцыста і сатырыка (паліт. памфлет «Маленькі Напалеон», 1852; паэт. зб. «Адплата», 1853). У раманах «Адвержаныя» (1862), «Працаўнікі мора» (1866), «Чалавек, які смяецца» (1869) паказаў кантрасты галечы і багацця, улады і бяспраўя, жорсткасці і велікадушнасці. Асэнсоўваючы сац. канфлікты ў маральным аспекце, аўтар зыходзіў з ідэаліст. разумення гісторыі як спрадвечнай барацьбы двух пачаткаў — цёмнага дэманічнага і светлага боскага. Вяршыня паэзіі Гюго — зб. «Сузіранні» (т. 1—2, 1856), своеасаблівы лірычны дзённік паэта. Аўтар паэт. зб. «Грозны год» (1872) пра падзеі франка-прускай вайны і Камуны, гіст. рамана «Дзевяноста трэці год» (1874) пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст. У 1883 завяршыў 3-ю серыю ліра-эпічнага цыкла «Паданне стагоддзяў» (1-я серыя — 1859, 2-я — 1877). На бел. мову перакладзены раманы «Адвержаныя» (1938) і «Дзевяноста трэці год» (пер. Я.Маўра, 1937). Творы Гюго перакладалі таксама Э.Агняцвет, А.Астрэйка, Ю.Гаўрук, С.Ліхадзіеўскі і інш.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. В 7 т. Т. 1—3. М., 1994.

Літ.:

Моруа А. Олимпио, или Жизнь Виктора Гюго: Пер. с фр. М., 1987;

Сафронова Н.Н. Виктор Гюго. М., 1989.

С.Дз.Малюковіч.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАГО́НЯ»,

герб, выява вершніка з занесеным над галавой мячом. На ўзнікненне «П.» і замацаванне на стараж. землях Беларусі паўплывала спалучэнне шэрагу фактараў: атаясамліванне яе з выявай абаронца Бацькаўшчыны; уплыў грэка-візантыйскіх хрысц. традыцый, культаў св. Дзмітрыя — заступніка ўсяго славянства, св. Георгія — заступніка рыцарства, а ва ўсх. славян — і земляробства; адаптацыя іх вобразаў на мясц. глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі ўласных пакутнікаў; спалучэнне ў адзіны вобраз язычніцкага бажаства Ярылы і св. Барыса; пэўны ўплыў праз польскую і крыжацкую геральдыку зах.-еўрап. традыцый адлюстравання коннай постаці рыцара на пячатках феад. іерархаў. Фарміраванне «П.» як герба ВКЛ адбывалася на працягу 13—16 ст. Бел.-літоўскія летапісы 16—17 ст. звязвалі ўзнікненне «П.» з князямі Нарымонтам, Віценем, Рымантам-Васілём. Упершыню ва Усх. Еўропе выява ездака сустракаецца на пячатках кн. Аляксандра Неўскага (1220—63), яна ёсць на пячатцы полацкага кн. Глеба (Нарымонта) на дагаворы 1330 з Рыгай. З 1370-х г. «П.» прысутнічае на пячатках уладароў ВКЛ. Статут ВКЛ 1566 юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «П.» за этнічнымі бел. землямі. Яго размяшчалі на сцягах і харугвах ВКЛ, на павятовых ваяводскіх і канцылярскіх пячатках ВКЛ.

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ўрад Кацярыны II надаў герб «П.» шэрагу бел. гарадоў, Бел. гусарскаму палку (1775), «П.» была адлюстравана ў гербах Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губ., Ашмянскага. Вілейскага, Дзісенскага і Лідскага пав. «П.» карысталіся таксама Гродзенскі лейб-гвардыі гусарскі полк, Полацкі мушкецёрскі полк і інш. «П.» выкарыстоўвалі паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64. Герб «П.» прысутнічаў у Вял. дзярж. гербе Рас. імперыі, дзе атаясамліваўся з Полаччынай, Віцебшчынай, Віленшчынай і Беласточчынай. Пасля абвяшчэння ў 1918 Бел. Нар. Рэспублікі была спроба яго адрадзіць. Каб падкрэсліць гіст.-юрыд пераемнасць з ВКЛ, герб «П.» ў 1918 быў абвешчаны дзярж гербам Літоўскай рэспублікі. У 1990 Літва аднавіла герб «П.» як дзяржаўны пад назвай «Віціс». У час 2-й сусв. вайны былі спробы бел. калабарантаў легітымізаваць яго.

З 19.9.1991 да 7.6.1995 «П.» была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1994;

Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. 2 выд. Мн., 1993;

«Пагоня» ў сэрцы — тваім і маім. Мн., 1995.

А.К.Цітоў.

Да арт. «Пагоня»; 1 — харугва Гродзенскага пав. 16—18 ст.; 2 — герб Віцебска 1781.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФІКА,

від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак (як самаст. галіну творчасці) і друкаваныя маст. творы (розныя віды гравюры), што грунтуюцца на мастацтве малюнка з уласцівымі ім выяўл. сродкамі і магчымасцямі. Творы графікі звычайна выконваюцца на паперы. Асн. выразныя сродкі — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша, часам выкарыстоўваецца і колер. На мяжы жывапісу і графікі — акварэль, гуаш, пастэль, тэмпера. Паводле прызначэння падзяляюць на станковую (станковы малюнак, эстамп), кніжную графіку, газетна-часопісную (ілюстрацыя, дэкар. афармленне, шрыфты і інш.), прамысловую графіку, плакат, карыкатуру. Сродкамі графікі звычайна робяць накіды, эцюды да жывапісных твораў, фіксуюць арх. замыслы на стадыі праектавання і інш.

Найб. стараж. і традыц. від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў ант. вазапісе, у аснове якога — лінія, сілуэт, каляровая пляма. Гравюра вядомая з 6—7 ст. у Кітаі, з 14—15 ст. у Еўропе (напачатку дрэварыт і разцовая гравюра, пазней афорт). Станковая графіка адыгрывала важную ролю ў культ. і паліт. жыцці Еўропы з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.Дзюрэра і інш.). У 17—19 ст. у розных відах графікі працавалі Ж.Кало, Рэмбрант, К.Хакусай, У.Хогарт, А.Дам’е, Ф.Гоя, Г.Дарэ, Э.Дэлакруа, Ф.Мазерэль, А.Кіпрэнскі, М.Уткін, В.Сяроў, І.Шышкін, у 20 ст. — П.Пікасо, А.Матыс, Ж.Грос, К.Кольвіц, А.Астравумава-Лебедзева, У.Фаворскі, У.Лебедзеў, Л.Лісіцкі і інш. Адметнасць графікі ў аператыўным водгуку на актуальныя падзеі жыцця, здольнасці распаўсюджвацца ў вял. колькасці экзэмпляраў, што шырока выкарыстоўвалася ў агітацыйнай і сатыр. графіцы (асабліва ў час вял. гіст. змен і войнаў).

На Беларусі бярэ пачатак ад аздоб і мініяцюр рукапісных кніг (Тураўскае евангелле, 11 ст.; Аршанскае евангелле, 12—13 ст.; Мсціжскае евангелле, 14 ст.). Контурны малюнак вядомы па Лаўрышаўскім евангеллі 14 ст., акварэль — па Радзівілаўскім летапісе 15 ст. Значных поспехаў дасягнула графіка ў 16—18 ст. з развіццём кнігадрукавання. З выдавецкай дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў звязана ўзнікненне кніжнага дрэварыту, які займаў гал. месца ў выданнях друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Супрасля, Магілёва, Гродна. У 2-й пал. 16 ст. ўзнікла разцовая гравюра на метале — медзярыт (першыя з іх — працы Т.Макоўскага, В. і М.Вашчанкаў). З канца 16 ст. пачала развівацца станковая графіка: партрэт, гар. пейзаж, гравюра-тэзіс, панегірычная, геральдычная гравюра, картаграфія, малюнкі арх. праектаў, экслібрысы (Макоўскі, Вашчанкі, Ф.Ангілейка, А. і Л.Тарасевічы, Г.Ляйбовіч, а таксама замежныя майстры К.Гётке, А. ван Вестэрфельд і інш.). У 18 ст. з’явіліся новыя віды графікі: лубок (П.Комар), эскізы дэкарацый (М.Жукоўскі). У канцы 18 ст. ў яе станаўленні пэўную ролю адыграў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе выкладаўся малюнак, у 19 ст.Віленская мастацкая школа. У розных жанрах графікі (партрэт, гар. пейзаж, быт. і этнагр. замалёўкі) працавалі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, В.Ваньковіч, Я.Дамель, М.Падалінскі, Я.Рустэм і інш. Умовы нац. і сац. ўціску (асабліва пасля паўстання 1863—64) прывялі да заняпаду выяўл. мастацтва ў цэлым, у т. л. і графікі. Адраджэнне яе звязана з нац.-вызв. рухам пач. 20 ст. Графікі ўдзельнічалі ў афармленні газет «Наша доля», «Наша ніва», кніг на бел. мове, з’явіліся плакат і карыкатура (С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Драздовіч, К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.), значнасць якіх павялічылася ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны (Віцебскія, Гомельскія, Мінскія вокны РОСТА, Гомельская мастацкая студыя імя М.А.Урубеля). Да плаката звярталіся А.Быхоўскі, Ф.Валяроў, П.Гуткоўскі, С.Каўроўскі, Я.Целішэўскі і інш. Усе віды і жанры графікі актыўна развіваліся ў 1920-я г. У кніжнай графіцы працавалі Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Малевіч, А.Тычына, у станковай — А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Горыд, Драздовіч, Я.Мінін, М.Сеўрук, С.Юдовін і інш. У гады 2-й сусв. вайны мастакі В.Букаты, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, В.Козак, Красільнікаў, Я.Красоўскі, М.Філіповіч, А.Шаўчэнка і інш. ўдзельнічалі ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Партызанская дубінка». Папулярнасць набыла сатыр. графіка на старонках час. «Вожык» (А.Волкаў, Р.Грамыка, М.Гурло, Дз.Красільнікаў, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.). Лепшыя творы графікаў 1960-х г. (Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, В.Шаранговіч) сведчаць пра філас. глыбіню, імкненне стварыць аналітычныя сімволіка-алегарычныя ці метафарычныя кампазіцыі з глыбокім сац. падтэкстам. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлая плеяда мастакоў (В.Александровіч, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, А. і Ю.Зайцавы, М.Карпук, Я.Кулік, М.Купава, Л.Марчанка, В.Паўлавец, У.Пашчасцеў, А.Рыбчынскі, У.Савіч, М.Селяшчук, Р.Сітніца, В.Славук, Г.Скрыпнічэнка і інш.), у творчасці якіх зварот да нац. маст. традыцый, глыбокага вывучэння прафес. графічнай культуры.

Літ.:

Фаворский В. О графике как об основе книжного искусства // Искусство книги. М., 1961;

Вып. 2;

Виппер Б.Р. Графика // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;

Мальцева Н.Л. Пути развития советской графики. М., 1980;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;

Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг. Мн., 1975;

Яго ж. Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг. Мн., 1979;

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.

А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.Г.Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр. Мінскай губ. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс. км2, насельніцтва — каля 4 млн. чал. Адм. цэнтр — г. Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр. камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач. крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВК Літ.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп. Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНК БССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-К.апсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.вер. 1919 значная частка Літбела (у т.л. Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп. ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ. ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ. ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.

Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т 1. Мн., 1997.

Літ.:

Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;

Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;

Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;

Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;

Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.

А.В.Ціхаміраў.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)