ЧЫРВО́НАЕ МО́РА,

міжкантынентальнае мора Індыйскага ак., паміж Афрыкай і Аравійскім п-вам (Паўд.-Зах. Азія). Абмывае берагі Егіпта, Судана, Эфіопіі, Ізраіля, Іарданіі, Саудаўскай Аравіі і Йемена. Злучана з Індыйскім ак. Баб-эль-Мандэбскім пралівам, з Міжземным м. — Суэцкім каналам. Даўж. 1932 км шыр. да 305 км. Пл. каля 460 тыс. км². Найб. глыб. 3039 м. Берагі парэзаны слаба. Залівы Суэцкі і Акаба (на Пн) раздзелены Сінайскім п-вам. Найб. в-аў — Дахлак. Прылівы паўсутачныя (да 0,6 м). Ч.м. — адно з самых цёплых (да 32 °C) і салёных (38—42‰) мораў. Праз Ч.м. самы кароткі марскі шлях з Еўропы ў Азію і Аўстралію. Рыбалоўства, здабыча каралаў, жэмчугу. Гал. парты: Суэц (Егіпет), Порт-Судан (Судан), Масаўа (Эфіопія), Джыда (Саудаўская Аравія), Хадэйда (Йемен). Мяркуецца, што Ч.м. атрымала сваю назву ад прысутнасці ў ім вял. колькасці водарасцей (Frishodesmium erythracum), скопішчы якіх надаюць вадзе чырванаваты колер.

т. 17, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ТУШ Уладзімір Абрамавіч (н. 6.5.1922, Масква),

расійскі акцёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1971). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1945), з 1945 выкладае у ім (з 1975 праф., з 1987 рэктар). Адначасова акцёр Т-ра імя Вахтангава. Яго творчасці ўласцівы свабода імправізацыі, іскрамётны гумар, уменне стварыць цэльны характар і ў невял. ролі. Сярод роляў: Дарагамілаў («Кірыл Ізвекаў» К.​Федзіна), Пан-англаман («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Лаўнс («Два веронцы» У.​Шэкспіра), Журдэн («Мешчанін у дваранах» Мальера), Ота Марвулья («Вялікая магія» Э. Дэ Філіпа), Брыгела («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы), Купо («Пастка» Э.​Заля), Элвуд («Белы трус» М.​Чэйза), Мерыкур («Будзьце здаровы!» П.​Шэно) і інш. З 1953 здымаецца ў кіно: «Адмірал Ушакоў», «Авадзень», «Час летніх адпачынкаў», «Старшыня», «Каўказская нявольніца», «Старая, старая казка». «Дванаццаць крэслаў», «Цень», «Іван Васілевіч мяняе прафесію», «Прыгоды Бураціна» (тэлефільм), «Дзюма на Каўказе», «Асліная шкура» і інш.

т. 18, кн. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РЫЙ ДАЛГАРУ́КІ (каля 1090—15.5.1157),

вялікі князь кіеўскі [1149—51, 1155—57); фактычны родапачынальнік адгалінавання Рурыкавічаў, прадстаўнікі якога пазней кіравалі ў Маскоўскім вялікім княстве. Шосты сын Уладзіміра Манамаха. Пры жыцці бацькі кіраваў Растова-Суздальскай зямлёй, пасля яго смерці (1125) перанёс сталіцу ў г. Суздаль і стаў першым князем самаст. Растова-Суздальскага княства (гл. Уладзіміра-Суздальскае княства), якое пры ім і яго сынах Андрэю Багалюбскім [1157—74] і Усеваладзе Вялікае Гняздо [1176—1212] заняло пануючае становішча ў Паўн.-Усх. Русі. З пач. 1130-х г. змагаўся за валоданне Пераяславам (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі) і Кіевам, які заваёўваў у 1149 і 1155. За імкненне валодаць аддаленымі ад уласнага княства землямі празваны Далгарукім. Лічыцца заснавальнікам гарадоў Масква (1147), Пераяслаўль-Залескі, Юр’еў-Польскі і інш. Памёр (верагодна, атручаны баярамі) і пахаваны ў Кіеве. У Маскве Ю.Д. як заснавальніку горада пастаўлены помнік (1954), яго выява на медалі «У памяць 800-годдзя Масквы» (1947).

т. 18, кн. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Культурна-асветныя ўстановы

Клубныя ўстановы (418).

Бібліятэкі (421).

Музеі (422).

Паркі (424).

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны (426).

Культ.-асв. ўстановы (побач з тэатральна-відовішчнымі) з’яўляюцца адным з асн. відаў устаноў культуры ў Рэспубліцы Беларусь. Ім належыць важнае месца ў сістэме ідэйна-паліт., сац.-эканам. і духоўнага выхавання грамадзян, развіцці творчых здольнасцей і арганізацыі вольнага часу насельніцтва, расшырэння міжнац. і міжнар. культ. сувязей. Прыярытэтныя кірункі іх дзейнасці: зберажэнне і ўзбагачэнне здабыткаў бел. нац. культуры, падтрымка сац.-прэстыжных маст. каштоўнасцей бел. культуры і далучэнне да іх падрастаючага пакалення, забеспячэнне разнастайнасці культ. жыцця і культ. інавацый, розных магчымасцей доступу да культ. каштоўнасцей прадстаўнікоў розных сац. груп. Паводле характару дзейнасці яны падзяляюцца на клубныя ўстановы, бібліятэкі, музеі, паркі культуры і адпачынку, метадычныя цэнтры нар. творчасці (культ.-асветнай работы) і інш. Прававое іх становішча, парадак і формы дзейнасці вызначаюцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» ад 18.5.2004.

т. 18, кн. 2, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖРЭ́ЦТВА (ад стараслав. жрьти — прынесці ў ахвяру),

грамадская група, якая займалася выкананнем рэліг. культаў у стараж. рэлігіях (ахвярапрынашэнні, малітвы і г.д.). Складала вузка карпаратыўную касту, валодала багаццем і вял. уладай, у т. л. палітычнай. Члены касты (жрацы) павінны былі строга выконваць прадпісаныя ім адпаведныя правілы паводзін і заставацца «валадарамі» сіл прыроды; пры першых жа прыкметах слабасці цара-жраца ўмярцвялі, яго месца займаў маладзейшы. Ж. было цесна звязана з ін-там дзярж. улады і складала яго неад’емнае арганічнае звяно. Напр., брахманы. якія паходжаннем належалі да старажытнейшага саслоўя жрацоў, былі на працягу многіх стагоддзяў адной з самых высокіх кастаў у інд. грамадстве, валодалі зямлёй, вырашалі дзярж. пытанні. У адрозненне ад Стараж. Індыі ў Стараж. Грэцыі і Стараж. Рыме Ж. не было замкнёным, вузка карпаратыўным саслоўем і не адыгрывала такой значнай ролі ў паліт. жыцці дзяржавы. У Грэцыі жрацоў і жрыц выбіралі на нар. сходах. Толькі ў Дэльфах, пры храме Апалона, існавала калегія жрацоў. Своеасаблівую арганізаваную супольнасць складалі і жрацы бога Асклепія, асн. абавязкам якіх было лячэнне хворых у асклепіях (свяцілішчах). Паводле Плутарха, пасада вярх. жраца (пантыфіка) у Рыме была ўстаноўлена царом Нумам Пампіліем. Вярхоўнага жраца выбіралі грамадзяне Рыма, ім мог стаць кожны свабодны грамадзянін. Вярх. жрэц узначальваў калегію пантыфікаў (гл. Пантыфікат), куды ўваходзілі вышэйшы жрэц (свяшчэнны цар), які ведаў ахвярапрынашэннямі, і тры старэйшыя фламіны (жрацы Юпітэра, Марса і Квірына). Старэйшых фламінаў таксама выбіралі з прадстаўнікоў знатных патрыцыянскіх родаў. Малодшыя фламіны, якімі маглі стаць і выхадцы з плебсу, у калегію пантыфікаў не ўваходзілі. Вярх. пантыфік узносіў малітвы, кіраваў урачыстымі ахвярапрынашэннямі. Яго памочніцамі былі жрыцы багіні Весты (вясталкі). У Кітаі Ж. (даосы) не адыгрывала вядучай ролі ў паліт. жыцці дзяржавы. Гэтую ролю выконваў культ канфуцыянства. З паяўленнем монатэістычных рэлігій (хрысціянства, ісламу, ламаізму і інш.) Ж. як сац. ін-т знікла і на змену яму прыйшло духавенства. На Беларусі былі шырока распаўсюджаны абрады ахвярапрынашэння, але Ж. як самастойнага ін-та не існавала. Захавалася ў некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі.

Літ.:

Винничук Л. Люди, нравы и обычаи Древней Греции и Рима. Пер. с пол. М., 1988;

Фрэзер Дж.​Дж. Золотая ветвь: Исслед. магии и религии: [Пер. с англ.]. М., 1980.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАГО́Д, каравод, танок,

старажытны від нар. мастацтва, у якім харэаграфічныя рухі арганічна спалучаюцца з хар. спяваннем і драматызацыяй паэт. зместу (часам з інстр. суправаджэннем). Пашыраны ў народаў з каляндарна-земляробчай абраднасцю, асабліва ў славян і прыбалтаў. На Беларусі сустракаецца амаль усюды, найбольш на Магілёўшчыне і Палессі. Звычайна прымеркаваны да пэўнага часу земляробчага календара. Вясенне-летнія К. традыцыйна займалі значнае месца ў жыцці сял. моладзі. Іх «вадзілі» на вуліцы і палянах павольна, плаўна, залучаючы ўсё новых удзельнікаў (напр., «Як выведзем луку»). Паводле харэаграфічнага малюнка іх падзяляюць на 4 групы: круг («кола»), калі ўдзельнікі рухаюцца па ім справа налева «па сонцу» ці папераменна то ў адзін бок, то ў другі (тыповы К. «Перапёлачка»); процілеглыя рады, якія папераменна то сыходзяцца «сцяной на сцяну», то разыходзяцца (тыповы «А мы проса сеялі»); «пляценне» (тыповы «Запляціся, пляцень»); шэсце, дзе ўдзельнікі рытмізаваным крокам рухаюцца ўздоўж вуліцы шарэнгай, звілістымі радамі ці больш адвольным гуртом (тыповы «Памажы нам, божа, на вуліцу выйсці»). Зімовыя К. «гуляюць» пераважна ў хаце жвава, з прытанцоўваннем, ім уласцівы розныя выяўл. элементы, перайманне рухаў звяроў, птушак («Заінька», «Верабей», «Казёл»). Многія зімовыя К. з’яўляюцца часткай калядных гульняў («Яшчур», «Халімон», «Зязюля», «Жаніцьба Цярэшкі»). Тыповыя сюжэты К.; выхад на вуліцу, велічанне дзяўчат і кпіны з хлопцаў, дабранне пары, проціпастаўленне старога і маладога жаніха (мужа), вырошчванне лёну, канапель, маку і інш. Мелодыі К. інтанацыйна блізкія тыповым напевам веснавых, купальскіх і калядных песень, але маюць і жанрава спецыфічныя рысы дзякуючы пэўнай структуры і рытму, абумоўленым рухам (з устойлівымі рытмаформуламі). На Магілёўшчыне вызначальны ўплыў карагоднай традыцыі і ў абавязковым уключэнні К. ва ўсе цыклы каляндарнага круга, і ў пранікненні рыс карагоднай стылістыкі (пластычнасці мелодыкі, тыповых структур, рытмаў, прыпеваў) у розныя песенныя жанры. У сучасным побыце вёскі захаваліся веснавыя К.-шэсці (іх водзяць пажылыя жанчыны) і тыя зімовыя К., якія ўваходзяць у калядныя гульні.

Публ.:

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Народны тэатр. Мн., 1983. Гл. таксама арт. Веснавыя песні, Калядныя песні, Каляндарныя песні.

Літ.:

Владыкина-Бачинская Н.М. Русские хороводы и хороводные песни. М.; Л., 1951;

Яшчанка В.М. Асаблівасці карагодных традыцый Магілёўшчыны // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 2.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945, Ялцінская канферэнцыя 1945,

нарада кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Лівадзійскім палацы каля г. Ялта (Крымскі п-аў) 4—11.2.1945 у канцы 2-й сусв. вайны. Удзельнічалі І.В.Сталін (СССР), Ф.Д.Рузвельт (ЗША), У.Чэрчыль (Вялікабрытанія), міністры замежных спраў, начальнікі штабоў і саветнікі названых саюзных дзяржаў (у т. л. А.А.Грамыка). Мела на мэце каардынацыю дзеянняў саюзнікаў для канчатковага разгрому фаш. Германіі, ажыццяўленне ўмоў яе безагаворачнай капітуляцыі і пасляваен. ўпарадкавання свету. Саюзнікі вырашылі стварыць у Германіі свае зоны акупацыі (пры жаданні Францыі і яе зону) і агульнагерм. кантрольны орган у Берліне (яго таксама меркавалася падзяліць на акупац. зоны), выпрацавалі праграму выкаранення герм. мілітарызму і нацызму (гл. Дэмілітарызацыя, Дэнацыфікацыя), узнялі пытанне аб кампенсацыі нанесеных ім Германіяй страт (вырашана стварыць у Маскве спец. камісію па рэпарацыях, частку якіх пасля вайны атрымала і БССР). Прадугледжвалася рэпатрыяцыя з Германіі ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі сав. грамадзян, якія не жадалі вяртацца ў СССР. У развіццё рашэнняў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 бакі вырашылі склікаць 25.4.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША) Устаноўчую канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дамовіліся аб тым, што яе членамі разам з СССР будуць УССР і БССР — сав. рэспублікі, якія найб. пацярпелі ў вайне і ўнеслі вялікі ўклад у разгром ням.-фаш. войск. Саюзныя дзяржавы прынялі «Дэкларацыю аб вызваленай Еўропе», паводле якой яны абавязаліся садзейнічаць дзяржавам у аднаўленні іх суверэнітэту, дэмакратызацыі паліт. жыцця і эканамічна дапамагаць ім, разгледзелі пытанні аб Польшчы (яе ўрадзе і граніцах) і Югаславіі. Яны вырашылі, што ўсх. польск. граніца пройдзе па «Керзана лініі» з адхіленнем ад яе ў некат. месцах на 5—8 км на карысць Польшчы (г.зн. Польшчы перадавалася б.ч. Беластоцкай вобл.). Па югасл. пытанні прыняты рэкамендацыі аб утварэнні Часовага аб’яднанага ўрада Югаславіі і Часовага парламента на аснове Анты-фашысцкага веча народнага вызвалення Югаславіі. Было таксама прынята сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз 2—3 месяцы пасля капітуляцыі Германіі і заканчэння вайны ў Еўропе, вяртанні паўд. часткі в-ва Сахалін, прадастаўленні ваенна-марской базы ў г. Порт-Артур на Ляадунскім п-ве і перадачы Курыльскіх а-воў СССР. Рашэнні К.к. дапоўніла і замацавала Патсдамская канферэнцыя 1945.

Літ.:

Сиполс В.Я., Челышев И.А. Крымская конференция, 1945 г. М., 1984;

Ялтинская конференция 1945: Уроки истории. М., 1985;

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гт. Мн., 1994.

Л.​М.​Драбовіч.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЬМО́,

графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.

Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт. Беларускі алфавіт, Графіка.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ. М., 1982;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДАПАДЗЕ́Л,

вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.​І.​Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.​У.​Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб. напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.​В.​Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Г.​В.​Лосік.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭ́РЦА,

цэнтральны орган крывяноснай сістэмы чалавека, пазваночных і некат. беспазваночных (членістаногіх, малюскаў), які забяспечвае рытмічнымі скарачэннямі кровазварот. Тыпы С. адрозніваюцца марфалагічна: пульсуючыя сасуды ў кольчатых чарвей, галатурый, насякомых, ланцэтніка; ампулярныя дадатковыя С. (у насякомых, галаваногіх малюскаў, міксін); лімфатычныя С. ў рыб, амфібій, рэптылій; трубчастыя (у большасці членістаногіх, ракападобных, абалоннікаў); камерныя (у малюскаў і пазваночных; двухкамерныя — у рыб; трохкамерныя — у земнаводных; чатырохкамерныя — у кракадзіла, птушак, млекакормячых).

С. чалавека — полы мышачны орган, заключаны ў калясардэчную сумку (перыкард). Размешчана паміж лёгкімі ў міжсценні грудной поласці, мае форму зрэзанага конуса. У дарослага чалавека даўж. С. 10—15 см, сярэдняя маса 250 г у жанчын, 330 г у мужчын. Перагародка падзяляе С. на правую і левую палавіны (правая ў пярэдняй частцы цела, левая — у задняй). Кожная з палавін мае перадсэрдзе (уверсе) і размешчаны пад ім жалудачак. «Шкілет» С. складаецца са шчыльнай валакністай злучальнай тканкі (з участкамі храстковай), утвораны мембраннай перагародкай, фібрознымі трохвугольнікамі і кольцамі. З ім звязаны клапаны сэрца і прымацавана большасць мышачных валокнаў. Сценка С. ўтворана папярочна-паласатай сардэчнай мышачнай тканкай (міякардам), якая звонку абкружана эпікардам, унутры выслана эндакардам. Рух крыві ў адным напрамку забяспечваецца сардэчнымі клапанамі, якія адкрываюцца толькі ў адным напрамку (з перадсэрдзяў у жалудачкі і з жалудачкаў у артэрыі). С. дарослага чалавека скарачаецца 55—70 разоў за мін і пераганяе за гэты час 4,5—5 л крыві. Кожны цыкл сардэчнай дзейнасці складаецца са скарачэння (сістала) перадсэрдзяў, потым жалудачкаў і паўзы (дыястала), у час якой сардэчная поласць напаўняецца крывёю і аднаўляецца скарачальная энергія С. Дзейнасць С. рэгулюецца нейрагумаральнымі механізмамі. Сардэчная мышца валодае аўтаматызмам (можа скарачацца і без удзелу ц. н. с.). С. забяспечваецца крывёю каранарнымі (вянечнымі) артэрыямі, якія ўтвараюць густую капілярную сетку; інервуецца галінкамі блукальнага і сімпатычнага нерваў. Хваробы С. чалавека вывучае кардыялогія.

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Основы сравнительной анатомии позвоночных животных. 4 изд. М., 1947;

Новиков И.И. Сердце и сосуды: Онтогенез и восстановление нейрорегуляторной системы. Мн., 1990;

Ромер А.Ш., Парсонс Т.С. Анатомия позвоночных: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1992.

А.​С.​Леанцюк.

Сэрца чалавека: 1 — правы жалудачак; 2 — правая вянечная артэрыя; 3 — правае вушка; 4 — перыкард (адрэзаны); 5 — верхняя полая вена; 6 — аорта; 7 — плечагалаўны ствол; 8 — левая агульная сонная артэрыя; 9 — лёгачны ствол; 10 — левае вушка; 11 — пярэдняя міжжалудачкавая галіна левай вянечнай артэрыі; 12 — вялікая вена сэрца; 13 — левы жалудачак.

т. 15, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)