чэшскі пісьменнік, публіцыст. Вывучаў права і філасофію ў Карлавым ун-це ў Празе. У аснове яго творчасці — перакананні ў прагрэс чалавецтва, што бяруць свае вытокі ў гегельянстве, багацці і пільнасці жыццёвых назіранняў, разнастайным эмацыянальным рэагаванні на іх. Першы паэт.зб. «Могільнікавыя кветкі» (1857). Грамадз., філас. і інтымная лірыка Н. (зб-кі «Кнігі вершаў», 1868; «Касмічныя песні», 1878; «Балады і рамансы», 1883; «Песні перадвелікоднай пятніцы», 1896) адметная арган. спалучэннем лёсу паэта і радзімы, дасканаласцю і натуральнай прастатой. Як празаік выступіў у жанры сац.-быт. апавядання (зб-кі «Арабескі», 1864; «Розныя людзі», 1871). Аўтар цыкла «Маластранскія аповесці» (1878), падарожных нарысаў (кн. «Парыжскія карцінкі», 1863; «Блізкія вандроўкі», 1877), артыкулаў і фельетонаў пра музыку і мастацтва, падзеі грамадскага і культ. жыцця Чэхіі і інш. краін. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў А.Зарыцкі.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1959;
Малостранские повести. Рассказы. М., 1983.
Літ.:
Соловьева Я.П. Ян Неруда и утверждение реализма в чешской литературе. М., 1983.
ірландскі пісьменнік. З 1926 жыў у Англіі. Пісаў на англ. мове. Першыя п’есы «Цень стралка» (паст. 1923), «Юнона і паўлін» (паст. 1924), «Плуг і зоркі» (1926) прасякнуты ідэямі нац.-вызв. барацьбы ірл. народа. Аўтар гіст. драмы «Зорка становіцца чырвонай» і «мудрагелістай камедыі» «Пурпуровы прах» (абедзве 1940), паэтычна прыўзнятай трагедыі «Чырвоныя ружы для мяне» (1942), фантаст. камедыі «Певень-дэндзі» (1949), лірычнай п’есы «Касцёр епіскапа» (1955), «вясёлай камедыі» «Барабаны бацькі Неда» (1958) і інш.Яго драматургіі ўласціва спалучэнне рэалізму з сімволікай, прынцыпаў высокай трагедыі з камедыйнасцю, буфанадай і фарсам. У аўтабіягр. эпапеі з 6 раманаў «Люстра ў маім доме» (1939—54) паказаў шырокую карціну грамадскага жыцця Ірландыі і Англіі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Э.Садоўнічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕЛІЧЭ́ННЕ АПТЫ́ЧНАЕ,
адносіны лінейных ці вуглавых памераў відарыса аптычнага, атрыманага з дапамогай аптычнай сістэмы, да адпаведных памераў аб’екта.
Для восесіметрычных аптычных сістэм адрозніваюць лінейнае, вуглавое і падоўжнае П.а. Лінейнае (папярочнае) П.а. — адносіны даўжыні відарыса адрэзка, перпендыкулярнага аптычнай восі сістэмы, да даўжыні гэтага адрэзка. Для рэальных сістэм лінейнае П.а. для спалучальных паверхняў рознае ў розных пунктах поля зроку, што вядзе да парушэнняў геам. падобнасці паміж аб’ектам і яго відарысам (гл.Дысторсія). Вуглавое П.а. — адносіны тангенса вугла нахілу праменя да аптычнай восі ў прасторы відарысаў да тангенса вугла нахілу спалучанага яму праменя ў прасторы аб’ектаў. Падоўжнае П.а. — адносіны даўжыні адрэзка, адкладзенага ўздоўж аптычнай восі ў прасторы відарысаў, да даўжыні спалучальнага яму адрэзка ў прасторы аб’ектаў. Усе віды П.а. ўзаемазвязаны. Напр., для аптычнай сістэмы, якая знаходзіцца ў паветры, вуглавое павелічэнне адваротна прапарцыянальнае лінейнаму (чым большае лінейнае павелічэнне, тым больш вузкімі светлымі пучкамі будуецца відарыс і тым меншая яго асветленасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНАЯ СІТУА́ЦЫЯў філасофіі,
момант найглыбейшага ўзрушэння ў жыцці чалавека, калі ён асэнсоўвае сваю існасць, імкнецца да поўнай яе рэалізацыі і адчувае безумоўную свабоду выбару; катэгорыя экзістэнцыялізму. З’яўляецца аптымальным варыянтам для высвятлення сутнасці свабоды, якая ставіць індывіда на мяжу быцця і небыцця перад тварам смерці, пакуты, віны, клопату; пры гэтым чалавек здымае з сябе ўсе аб’ектыўныя абмежаванні свабоды (знешнія нормы, агульнапрызнаныя каштоўнасці, паліт. ўціск — усё, што складае яго асобны свет і дазваляе незалежны выбар). Дае асобе магчымасць пераадолець недасканаласць паўсядзённага існавання і выйсці за яго межы. Звязана з абвостраным самаадчуваннем асобы, якая знаходзіцца ў крызісных жыццёвых умовах і ўсведамляе сваю сутнасць, абапіраючыся толькі на свае сілы і магчымасці, і павінна рабіць адзіна правільны выбар. П.с. стымулюе актыўнасць асобы, як імкненне да рэфлексіі, аднак можа прывесці чалавека да неўрозаў, стрэсаў. Метад дасканалага высвятлення чалавечых перажыванняў — П. с. ў мастацтве. Як элемент экзістэнцыяльнага светаадчування П.с. з яе абвостранай дынамікай, непрадказальнай фабулай, праблемай выбару з’яўляецца атрыбутам эстэт. ўспрымання быцця. Феномен П.с. стаў сінтэзам філасофіі, тэалогіі, мастацтва, этыкі, псіхалогіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр.Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),
Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.Тарноўскай (каля 1536), Я.Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.Гамрата (1545) і С.Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).
эстонскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Эстоніі (1968). Нар.арт.СССР (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1964). Скончыў Талінскае вучылішча сцэн. мастацтва (1941), Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1955). У 1941—50, 1955—58, 1964—65 у Эст. т-ры імя В.Кінгісепа, з 1970 ягогал. рэжысёр. Ініцыятар стварэння і гал. рэжысёр (1965—70) Эстр. маладзёжнага т-ра (Талін). Адначасова з 1957 выкладаў у Талінскай кансерваторыі. Рэжысёрскаму мастацтву характэрны вастрыня сцэн. формы, наватарскае рашэнне стылю і жанру спектакля. Сярод пастановак: «Каралю холадна» (1955), «Чалавек і Бог» (1962), «Чалавек і чалавек» (1972) А.Тамсаарэ, «Атлантычны акіян» (1956), «Дзікі капітан» (1964, 1966) Ю.Смуула, «Няўлоўны цуд» Э. Вільдэ, «Пан Пунціла і яго слуга Маці» Б.Брэхта (1958), «Назад да Мафусаіла» Б.Шоу (1965), «Гамлет» (1966), «Рычард III» (1975) У.Шэкспіра, «Будаўнік Сольнес» Г.Ібсена (1974). Выканаў ролі Важака («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Пабеданосікава («Лазня» У.Маякоўскага) і інш. Здымаўся ў кіно. Аўтар кніг. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.
Тв.:
Рус.пер. — Труд и талант в творчестве актера. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя (паразітычныя) арганізмы (ад грэч. parasitos нахлебнік),
арганізмы, якія жывуць на паверхні (эктапаразіты) або ў целе (эндапаразіты) інш. арганізма (т.зв. гаспадара), кормяцца за кошт яго тканак, сокаў або змесціва стрававальнага тракту і часткова або цалкам ускладаюць на яго рэгуляванне сваіх узаемаадносін са знешнім асяроддзем. Выклікаюць у арганізме гаспадара імунабіял. і паталаг. рэакцыі. На Беларусі выяўлена некалькі тысяч відаў паразітычных жывёл (паразіты мед., вет. і агранамічнага значэння).
П. падзяляюць на аблігатных (абавязковых) і факультатыўных (неабавязковых). Розныя сістэм. групы і віды арганізмаў маюць спецыфічны склад П. Найб. пашыраны П. сярод вірусаў, бактэрый, прасцейшых, грыбоў, чарвей і членістаногіх. Многія эндапаразіты выклікаюць захворванні жывёл і чалавека (малярыя, тулярэмія, энцэфаліты, гельмінтозы і інш.). Эктапаразіты (пераважна крывасмокі: камары, мошкі, кляшчы, блохі, вошы і інш.) — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (малярыя, тыф, чума і інш.). Для жывёл-П. характэрны спрошчаныя або рэдукаваныя стрававальная сістэма і органы пачуццяў, добра развітыя органы размнажэння (забяспечваюць вял. плоднасць) і прымацавання (для ўтрымання на целе або ўнутры гаспадара) і інш. П. вывучае паразіталогія, паразітацэналогія. Гл. таксама Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФІ́РЫЙ (Porphyrios; каля 233—304),
грэчаскі філосаф, прадстаўнік неаплатанізму. Кіраваў філас. школай у Рыме. Вучань і аўтар жыццяпісу Плаціна, выдавец яго твораў, складальнік каментарыяў да многіх твораў Платона і Арыстоцеля. Аўтар прац у галіне рыторыкі, граматыкі, астраноміі, матэматыкі, логікі. Яго твор «Супраць хрысціян» — адзін з ранніх прыкладаў біблейскай крытыкі. Уласныя філас. погляды выклаў у кн. «Подступы да спасціжэння розумам», у трактаце «Устрыманне ад жывёльнай ежы». Іх аснову складаюць разважанні наконт ратавання і ачышчэння душы, вяртання да розуму (нусу) і прыпадабнення да бажаства праз «гносіс» — веды. Лічыў, што пазнанне Бога азначае самапазнанне. Раскрыццё чалавекам уласнай сутнасці, узыходжанне да ведаў аб сваёй асобе пачынаецца ад любові да самога сябе. Стваральнай, творчай функцыяй ён надзяляў душу, а не розум. Лічыў, што душа ў структуры чалавечага быцця займае месца паміж Богам і целам, яна характарызуецца свабодай і выбарам шляху, а таксама пэўнай няўстойлівасцю, таму што душа цягнецца да вышэйшага, але можа апускацца і да ніжэйшага. Філас. погляды П. паўплывалі на развіццё пазнейшага неаплатанізму, а працы сталі адной з крыніц ведаў аб філасофіі антычнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТЫПА́ (Марыус Іванавіч) (11.3.1818, г. Марсель, Францыя — 14.7.1910),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. На сцэне з 1838. Сярод партый: Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Конрад («Карсар» А.Адана) і інш. З 1847 жыў у Расіі. У 1855—87 выкладаў у Пецярб.тэатр. вучылішчы. З 1862 балетмайстар, у 1869—1903 гал. балетмайстар Пецярб. балетнай трупы. Паставіў больш за 60 балетаў, у т. л. «Карсар» (1863) і «Жызэль» (1884) Адана, «Дон Кіхот» (1869) і «Баядэрка» (1877) Л.Мінкуса, «Наяда і рыбак» (1874) і «Канёк-Гарбунок» (1895) Пуні, «Лебядзінае возера» (1895) П.Чайкоўскага (з Л.Івановым). Вяршыня творчасці П. — пастаноўка балетаў «Спячая прыгажуня» Чайкоўскага (1890) і «Раймонда» А.Глазунова (1898). Яго пастаноўкі вызначаліся майстэрствам кампазіцыі, зладжанасцю харэаграфічнага ансамбля, віртуознай распрацоўкай сольных партый. Стварыў сістэму балетнага акадэмізму, па-наватарску вырашыў праблему ўзаемадзеяння класічнага і характарнага танца, даў непераўзыдзеныя ўзоры абагульненай яго вобразнасці. Многія балеты з харэаграфіяй П. пастаўлены ў Нац.акад. т-ры балета Рэспублікі Беларусь.
Тв.:
Материалы. Воспоминания. Статьи. Л., 1971.
Літ.:
Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. М.; Л., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТНЕР (Ісак) (Айзік Хаімавіч; 17.11.1895, г. Саколаў-Падляскі, Польшча — 26.7.1961),
яўрэйскі пісьменнік. З 1918 у ЗША. Скончыў яўр. настаўніцкую семінарыю ў Нью-Йорку (1927). З 1932 у СССР. З 1933 у Мінску, працаваў у Бел. радыёкамітэце, у 1937—41 — у газ. «Октобэр» («Кастрычнік»). У 1949 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пісаў на яўр. і бел. мовах. Першая кн. «Пра што расказвае дзень» (1930, Нью-Йорк). Аўтар зб-каў вершаў «З Амерыкі» (1934), «Сонца на парозе» (1940), кнігі апавяд. «Самае дарагое» (1948), паэм і інш.Яго творам уласціва гуманіст. накіраванасць, імкненне перадаць унутр. свет чалавека. Пісаў для дзяцей, перакладаў з англ. і ням. моў. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вольскі.