СКАНІ́РАВАННЕ (ад англ. scan разгортваць; праглядаць) у медыцыне, метад даследавання асаблівасцей анат. будовы і размяшчэння ўнутр. органаў, шкілета, выяўлення пухлін (іх метастазаў) і інш. Адрозніваюць радыеізатопнае С. (шляхам графічнай рэгістрацыі размеркавання ў арганізме радыефармацэўтычнага прэпарата з дапамогай аўтам. рэгістравальных прылад — сканераў, якія ажыццяўляюць парадковае перамяшчэнне дэтэктара над ч. цела, што даследуецца) і ультрагукавое (з выкарыстаннем ультрагуку). Пры радыеізатопным С. выпрамяненне радыеізатопаў рэгіструецца і пераўтвараецца спец. электронным прыстасаваннем у штрыхавыя адзнакі на паперы (утвараецца чорна-белая або каляровая сканаграма). Пры аналізе сканаграм выяўляюць ачагі (участкі) залішняга або недастатковага назапашвання прэпарата, якія характарызуюць павышаную або паніжаную функцыян. актыўнасць органа, тканкі.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛЕ́ПТЫКІ, аналептычныя сродкі (ад грэч. analēptikos які аднаўляе),
лекавыя прэпараты, што выкарыстоўваюцца для стымуляцыі дыхальных і сасуда-рухальных нерв. цэнтраў прадаўгаватага мозга, пры парушэннях дыхання і кровазвароту (кардыямін, каразол і інш.).
т. 1, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА КО́ЛЕРАВАЯ,
у выяўленчым і дэкар.-прыкладным мастацтве шэраг гарманічна ўзаемазвязаных адценняў колеру (з адным дамінуючым), якія выкарыстоўваюць пры складанні маст. твора. Адрозніваюць цёплую, халодную, светлую, бляклую і інш. Гл. Каларыт
т. 5, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМ,
долевая адзінка масы, роўная 0,001 кг. Пазначаецца г. 1 г з дакладнасцю да 0,2% роўны масе 1 см³ хім. чыстай вады пры т-ры яе найб. шчыльнасці (каля 4 °C).
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГУЦУ́ЦІ,
у японскай міфалогіі бог агню. Сын Ідзанакі і Ідзанамі. Ад апёкаў пры яго нараджэнні памерла Ідзанамі. У адчаі Ідзанакі забіў К., з крыві якога нарадзіліся новыя божаствы — увасабленні вулканічных з’яў.
т. 7, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙЧАСТЫ СПЕКТР,
аптычны спектр выпрамянення ці паглынання, які складаецца з асобных спектральных ліній. Л.с. з’яўляюцца атамныя спектры, спектры зорных атмасфер, спектры арган. малекул пры нізкіх т-рах. Гл. таксама Спектральныя лініі.
т. 9, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІША́ЙНІКАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
фенольныя арганічныя злучэнні, якія маюць у сабе лішайнікі. Валодаюць актыўнасцю антыбіётыкаў. Л.к. атрымліваюць біясінтэзам з рэшткаў воцатнай к-ты. У нар. медыцыне выкарыстоўваюць пры хваробах скуры, слупняку. Некат. ядавітыя.
т. 9, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАХВА́ЛЕВАЯ ТЭРАПІ́Я,
метад фізіятэрапіі, заснаваны на ўздзеянні ультракароткіх хваль на арганізм чалавека. Выкарыстоўваюць пры хваробах мышцаў, перыферычнай нерв. сістэмы, органаў апоры і руху, стрававання, як сродак процізапаленчага, абязбольваючага і спазмалітычнага ўплыву.
т. 10, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА... (ад грэч. para каля, пры, па-за, без), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае знаходжанне побач, а таксама перамяшчэнне, адхіленне ад чаго-н. змену чаго-н., напр., парабіёз, парамагнетызм.
т. 12, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛ (англ. pool літаральна агульны кацёл),
форма аб’яднання, пагаднення паміж прадпрымальнікамі, пры якой прыбытак удзельнікаў паступае ў агульны фонд і размяркоўваецца паміж імі па раней устаноўленых суадносінах. Звычайна мае часовы характар.
т. 13, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)