УСЕСЛАВЯ́НСКІ КАМІТЭ́Т Усеславянскі антыфашысцкі камітэт,

цэнтр міжнар. грамадска-паліт. і культ.-асв. слав. руху, які дзейнічаў на тэр. СССР у 1941—47. Утвораны 5.10.1941 паводле рашэння 1-га Усеслав. мітынгу (Масква, 8—11.8.1941). Мэты: устанаўленне сувязі з антыфаш. нац.-вызв. рухам Супраціўлення ў слав. краінах, з замежнымі прагрэс. (на погляд кіраўніцтва СССР) слав. арг-цыямі; збор і распаўсюджанне матэрыялаў і дакументаў пра барацьбу слав. народаў супраць фашызму і пра злачынствы ням.-фаш. акупантаў; садзейнічанне падрыхтоўцы і арганізацыі чэш., польскіх і інш. вайск. часцей, што фарміраваліся на тэр. СССР. Старшыня к-та — сав. ген.-лейт. А.​С.​Гундараў. Паводле Палажэння аб У.к. ад 6.4.1942, ён складаўся з Прэзідыума (у яго складзе Я.Купала) і 6 нац. секцый: рус. (кіраўнік А.М.Талстой), укр. (А.Е.Карняйчук), бел. (Я.Колас), польскай (В.Л.Васілеўская), чэш. (З.Неедлы), паўднёваслав. (Б.​Масларыч); бюро абслугоўвання слав. прэсы за мяжой; арганізац.-масавага аддзела. Дзейнасць У.к. падтрымлівалася кіраўніцтвам СССР, камуніст. і рабочымі партыямі слав. краін. З 1942 выдаваўся час. У.к. «Славяне» (1942—58). Формы работы к-та: агітацыя і прапаганда, арганізацыя Усеслав. антыфаш. мітынгаў у Маскве (4—5.4.1942, 9 і 16.5.1943, 14.3 і 6.4.1944) і радыёмітынгаў (больш за 70 у 1943—44), распаўсюджванне праз друк, у т. л. замежны, адозваў, зваротаў і інш. дакументаў, арганізацыя штотыднёвых радыёперадач на ўсе слав. краіны на ўкр., бел., польскай, чэш., славацкай, сербскай, харвацкай, славенскай і балг. мовах; наладжванне вечарын слав. культуры, лекцый, выставак, сустрэч з партызанамі і воінамі. К-т падтрымліваў сувязі са слав. арг-цыямі ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, краінах Лац. Амерыкі. У 1944—45 у вызваленых ад фашызму слав. краінах узніклі нац. слав. к-ты. Да канца 1945 У.к. устанавіў сувязі са 130 замежнымі слав. арг-цыямі. У снеж. 1946 у Бялградзе створаны новы міжнар. слав. цэнтр — Агульнаславянскі к-т, а У.к. у 1947 пераўтвораны ў Славянскі к-т СССР (скасаваны ў 1962, функцыі перададзены Сав. к-ту абароны міру).

т. 16, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНВІ́ЗІН Дзяніс Іванавіч (14.4.1744 або 1745, Масква — 12.12.1792),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1761—62). Служыў у Калегіі замежных спраў. Літ. дзейнасць пачаў у 1761 перакладамі з зах.-еўрап. моў і сатыр. мініяцюрамі. Перарабіў сентыментальную драму Ж.​Б.​Грасэ «Сідней» у камедыю «Карыён» (паст. 1764). У сацыяльна-быт. камедыі «Брыгадзір» (паст. 1770) высмеяў нізкапаклонства дваран перад франц. культурай. У 1781 напісаў камедыю «Недаростак» — з’едлівую сатыру на прыгонніцтва. Актуальнасць праблематыкі, выключнае майстэрства характарыстыкі персанажаў, жыццёвасць калізій забяспечылі поспех п’есы. Асветнік па светабачанні, дэмакрат па перакананнях, Ф. выступаў за паступовае вызваленне сялян, за законнасць і канстытуцыйную манархію. Пасля апублікавання арт. «Некалькі пытанняў, што могуць выклікаць у разумных сумленных людзей асаблівую ўвагу» спробы Ф. выступіць у друку спыняліся Кацярынай II. Аповесць «Калісфен» выйшла ананімна. Упершыню Ф. наведаў Беларусь у 1777 праездам у Парыж. У лістах з дарогі апісаў Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». Камедыю «Недаростак» у пач. 20 ст. ставілі прафес. і аматарскія калектывы Беларусі, у 1930-я г. — Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР. На бел. мову яе пераклаў К.​Крапіва (1933; паст. БДТ-І, 1933), што падштурхнула яго да творчасці ў жанры драматургіі. К.​Крапіва сярод інш. называе Ф. сваім настаўнікам. Бел. драматургі вучыліся ў Ф. майстэрству моўнай характарыстыкі персанажаў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1959;

Бел. пер. — Недарасль. Мн., 1947.

Літ.:

Благой Д.Д., Д.​И.​Фонвизин. М., 1945;

Кулакова Л.И. Д.​И.​Фонвизин. М.; Л., 1966;

Букчин С. Судебное дело Дениса Фонвизина // Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984;

Сцяпанаў С. Фанвізін на Беларусі // Беларусь. 1955. №1;

Шпадарук І. На зямлі беларускай... // ЛіМ. 1975. 8 жн.

С.​С.​Лаўшук.

Дз.І.Фанвізін.

т. 16, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНС (France) Анатоль [сапр. Цібо

(Thibault) Жак Франсуа Анатоль; 16.4.1844, Парыж — 12.10.1924], французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1896). Літ. дзейнасць пачаў як журналіст і паэт. У ранніх творах (зб. «Залатыя паэмы», 1873; драм. паэма «Карынфскае вяселле», 1876) уплыў паэтаў-парнасцаў. У аповесцях «Іакаста» і «Худы кот» (абедзве 1879) цікавасць да філасофіі пазітывізму, дакладных і прыродазнаўчых навук. Высокім майстэрствам адзначаны яго раманы «Злачынства Сільвестра Банара» (1881),

«Таіс» (1890), «Харчэўня каралевы Гусіныя лапы» (1892), «Меркаванні пана Жэрома Куаньяра» (1893), кн. афарызмаў «Сад Эпікура» (1894), зб-кі навел «Валтасар» (1889), «Перламутравы куфэрак» (1892), «Студня святой Клары» (1895), «Кліо» (1900) і інш. Сусв. вядомасць набылі тэтралогія «Сучасная гісторыя» (1897—1901), раманы філас. «На белым камені» (1904), сатыр. «Востраў пінгвінаў» (1908), гіст. «Богі прагнуць» (1912), «Паўстанне анёлаў» (1914), у якіх выкрываліся сац.-паліт. заганы, падзеі і норавы розных гіст. эпох суадносіліся з тагачасным ладам. Паэтыка Ф. адметная багаццем сатыр. палітры, спалучэннем канкрэтна-рэаліст. з умоўна-фантаст., дакументальнасці з алегорыяй, біблейскімі матывамі і вобразамі, стылізацыямі стараж. легенд, хронік і мемуараў, утопіяй і антыутопіяй. Аўтар кн. «Літаратурнае жыццё» (т. 1—4, 1888—92, т. 5, выд. 1949), гіст. працы «Жыццё Жанны д’Арк» (т. 1—2, 1908), цыкла аўтабіягр. твораў, літ.-крытычных эцюдаў, філас. дыялогаў, п’ес і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Жукоўскі, М.​Блісцінаў. Нобелеўская прэмія 1921.

Тв.:

Бел. пер. — Богі прагнуць. Мн., 1940;

Крэнкебіль. 2 выд. Мн., 1940;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1983—84;

Избр. историческая проза. М., 1988.

Літ.:

Лиходзиевский С.И. Анатоль Франс: Очерк творчества. Ташкент, 1962;

Фрид Я.В. Анатоль Франс и его время. М., 1975;

Анатоль Франс: Библиогр. указ. рус. переводов и критич. лит. на рус. языке (1877—1982). М., 1985.

Е.​А.​Лявонава.

А.Франс.

т. 16, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО ШЫ МІН [Hô Chi Minh (сапр. імя Нгуен Тат Тхань) 19.5.1890, в. Кімліен, правінцыя Нгеан, В’етнам — 3.9.1969],

дзяржаўны і паліт. дзеяч В’етнама. Скончыў Нац. каледж у г. Хюэ. Выкладаў у навуч. установах г. Сайгон. У 1916—23 жыў у Вялікабрытаніі, ЗША і Францыі. З 1917 чл. Франц. сац. партыі, з 1920 чл. Франц. камуніст. партыі. У 1923—24 у СССР, працаваў у Камуністычным інтэрнацыянале. У 1924 накіраваны Камінтэрнам у Кітай (у 1925 стварыў у г. Гуанчжоў Таварыства рэв. моладзі В’етнама). Пасля разрыву Камуніст. партыі Кітая з Гаміньданам (1927) вярнуўся ў СССР. У 1928—30 прадстаўнік Камінтэрна ў Сіяме (Тайланд). У 1930 арганізаваў у Сянгане (Ганконгу) устаноўчы з’езд Камуніст. партыі Індакітая (КПІК). За рэв. дзейнасць прыгавораны завочна франц. судом да смяротнага пакарання. У 1934—38 вучыўся ў Камуніст. ун-це працоўных Усходу ў Маскве. З 1938 у Яньані — сталіцы камуніст. раёнаў Кітая. У 1941 вярнуўся ў В’етнам і ўзначаліў патрыят. арг-цыю В’етмінь. У 1942—43 зняволены ў гамінданаўскай турме. Пасля абвяшчэння 2.9.1945 Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ) старшыня яе Часовага ўрада. З сак. 1946 прэзідэнт ДРВ, адначасова ў 1946—55 прэм’ер-міністр. у 1946—51 ген. сакратар ЦК КПІК. У 1951—60 ген. сакратар ЦК Партыі працоўных В’етнама, створанай на базе КПІК, у 1951—69 таксама старшыня ЦК ППВ. У 1950—54 узначальваў узбр. барацьбу супраць франц. каланізатараў, у 1960-я г. — барацьбу за аб’яднанне краіны. Пахаваны ў маўзалеі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

Літ.:

Афонин С.Н., Кобелев Е.В. Товарищ Хо Ши Мин. М., 1980;

Кобелев Е.В. Хо Ши Мин. 2 изд. М., 1983;

Хонг Ха. Хо Ши Мин в Стране Советов: Пер. с вьет. М., 1986;

Избранное: Воспоминания о Хо Ши Мине. М., 1990.

В.​У.​Адзярыха.

Хо Шы Мін.

т. 17, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫЦЭРО́Н (Cicero) Марк Тулій (3.1.106 да н.э., Арпінум — 7.12.43 да н.э.),

старажытнарымскі дзярж. і паліт. дзеяч, прамоўца, філосаф-асветнік, пісьменнік. З саслоўя коннікаў. З 63 да н.э. консул, пасля выкрыцця ім змовы Катыліны лідзіраваў у сенаце. У 58—57 да н.э. ў выгнанні. Пасля забойства Цэзара (44 да н.э.) зноў пачаў актыўную паліт. дзейнасць. Загінуў у час рэпрэсій М.Антонія і Актавіяна Аўгуста. Філас. погляды Ц. склаліся пад уплывам ідэй розных філас. сістэм. Сваёй мэтай лічыў філас. асветніцтва рымлян: знаёміў грамадзян з рознымі вучэннямі і школамі, прывіваў ім любоў і павагу да мудрасці. Шмат увагі аддаваў тэарэт. распрацоўцы праблем маралі і маральнага ўдасканалення асобы («Аб межах дабра і зла», «Аб лёсе», «Аб абавязках», «Аб дружбе»), Абвяргаў вучэнні аб т.зв. вышэйшых дабрачыннасцях і рэкамендаваў кіравацца самой прыродай; крытычна ставіўся да прымхаў і ў той жа час абгрунтоўваў «чыста філасофскую» рэлігію («Аб прыродзе багоў»), Паліт. ідэал Ц. — дзяржава, якая спалучае ў сабе элементы манархіі, арыстакратыі і дэмакратыі, узорам якой ён лічыў Рым. рэспубліку 3 — пач. 2 ст. да н.э. Вядомы таксама як тэарэтык маст. слова, адзін з заснавальнікаў рыторыкі як навукі. Яго творы — узор класічнай польскай мовы. Яго гуманіст. ідэі паўплывалі на развіццё еўрап. грамадскай і паліт. думкі ў перыяд Адраджэння і ў эпоху Асветніцтва, у т. л. на светапогляд Ф.​Скарыны, С.​Буднага, А.​Волана і інш. Сугучны ідэям Ц. і некаторыя ідэі Статутаў ВКЛ. На Беларусі творы Ц. сталі папулярнымі з 16 ст. Яны знаходзіліся ў б-ках ВКЛ на мове арыгінала і ў перакладзе на польскую мову, актыўна вывучаліся ў школах.

Тв.:

Рус. пер. — Философские трактаты. М.,1985;

О старости. О дружбе. Об обязанностях. 2 изд. М.,1993;

Диалоги. 2 изд. М., 1994;

Три трактата об ораторском искусстве. 2 изд. М., 1994.

Літ.:

Утченко С.Л. Цицерон и его время. М., 1972;

Грималь П. Цицерон: Пер. с фр. М., 1991.

Т.​І.​Адула.

Цыцэрон.

т. 17, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА ВІ́ЛЕНШЧЫНЫ І ГРО́ДЗЕНІПЧЫНЫ,

орган паліт. прадстаўніцтва бел. нац. руху ў зах. частцы Беларусі ў час польск. акупацыі 1919—21. Утворана 9—10.6.1919 на Бел. з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны. У 1-ы склад прэзідыума ўвайшлі: К.​Душэўскі (старшыня), М.​Кахановіч (віцэ-старшыня), Я.​Станкевіч, Б.​Тарашкевіч, Я.​Чарапук, святар Кушнеў, ксёндз М.​Пятроўскі і інш. Выступала ў абарону сац. і нац. правоў бел. народа, спрыяла развіццю бел. школы, выдавецкай справы, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. Знаходзілася пад уплывам партыі бел. эсэраў. У паліт. дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР за незалежную і дэмакр. бел. рэспубліку. У 1919, калі Рада БНР фактычна не функцыянавала, прэтэндавала на ролю гал. паліт. цэнтра бел. вызв. руху. 2.8.1919 ініцыіравала стварэнне Бел. вайск. арг-цыі (пазней пераўтворана ў Беларускую вайсковую камісію), 15.7.1919 — выдавецкага т-ва «Веда», 22.9.1919 — бел. настаўніцкіх курсаў у Вільні. З 18.9.1919 выдавала інфарм. бюлетэнь рады лацінкай і кірыліцай (выйшла больш за 10 нумароў). У вер. 1919 у склад Рады кааптаваны прадстаўнікі ад Бел. настаўніцкага саюза ў Вільні, Бел. т-ва дапамогі ахвярам вайны, Віленскага Белнацкома, Віленскага саюза кааперацыі і інш. арг-цый: І.​Канчэўскі, А.​Карабач, Ф.​Кушаль, В.​Ластоўскі, Ф.​Ярэміч і інш. 18.9.1919 у новы склад прэзідыума ўвайшлі Тарашкевіч (старшыня), Кахановіч, Карабач (віцэ-старшыні), Ластоўскі (сакратар), Ярэміч (скарбнік). На працягу сваёй дзейнасці Рада неаднаразова выступала з пратэстамі супраць рэпрэсій і рэквізіцый бел. жыхароў, арыштаў бел. нац. дзеячаў, закрыцця бел. навуч. устаноў з боку польск. акупац. улад. Ў пач. 1920-х г. з-за адсутнасці Тарашкевіча абавязкі старшыні выконваў Карабач. У гэты час у сувязі з моцным паліт. і адм. уціскам польскіх улад рада фактычна спыніла сваю дзейнасць. Спробы актывізаваць яе працу ў канцы 1920 — пач. 1921 поспеху не мелі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 17, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́СЦІ АСО́БАГА НАЗНАЧЭ́ННЯ (ЧАН),

ваенныя атрады, якія ствараліся пры парт. арг-цыях для дапамогі сав. органам у барацьбе супраць контррэвалюцыі. Арганізацыя ЧАН адносіцца да пач. 1918, калі мясц. ўлады па сваёй ініцыятыве стваралі атрады з прыхільнікаў рэвалюцыі. Адна з форм мабілізацыі рэв. сіл для абароны сацыяліст. дзяржавы, уяўлялі сабой фарміраванні міліцэйскага тыпу. Вясной і летам 1918 ствараліся на неакупіраванай тэр. Беларусі (на У ад р. Дняпро) і дзейнічалі ў Аршанскім, Сенненскім, Гарадоцкім, Горацкім, Клімавіцкім, Чавускім і інш. паветах. Пасля вызвалення Беларусі ад ням. войск (снеж. 1918 — пач. 1919) ЧАН сфарміравалі і ў інш. раёнах рэспублікі. Паводле «Інструкцыі па фарміраванні атрадаў асобага назначэння», выдадзенай ЦК РКП(б) 14.5.1919, атрады складаліся з аддзяленняў, узводаў, рот і батальёнаў. Акрамя ўдзелу ў баявых аперацыях супраць інтэрвентаў і ўнутр. контррэвалюцыі, ЧАН вялі барацьбу супраць бандытаў, дэзерціраў і інш. У ЧАН Зах. фронту на канец 1922 было 22,6 тыс. чал., у т. л. 1800 жанчын; камандуючыя А.​І.​Ягораў, са студз. 1922 М.​М.​Тухачэўскі. Найб. шматлікія ЧАН былі ў Мінску, Віцебску, Гомелі (1300—2000 байцоў), падраздзяленні ў Оршы, Магілёве (300—500), Слуцку, Бабруйску, Барысаве, Ігумене, Навагрудку, Полацку, Рагачове (150—200 байцоў). Камандуючыя ЧАН БССР: П.​А.​Агурэеў, Я.​А.​Адамовіч, М.​Л.​Шастакоў; Віцебскай губ. Э.​Ф.​Біге, Гомельскай губ. П.​Ю.​Пурвін, А.​П.​Ведзяняпін. У 1924 у сувязі з амаль паўсюднай ліквідацыяй паліт. бандытызму, узмацненнем Чырв. Арміі, стабілізацыяй міжнар. становішча дзейнасць ЧАН стала паступова згортвацца. Загадам Рэўваенсавета СССР ад 30.3.1924 пачалося іх расфарміраванне. ЧАН БССР расфарміраваны на працягу 25.6—1.7.1924.

Літ.:

Меринг Ф. Милиция и постоянное войско: Пер. с нем. М., 1923;

Прокопенко В.Н., Романов В.М. Советская милиция (1917—1920 гг.). М., 1965;

Хохлов А.Г. Коммунистические части особого назначения в Белоруссии. Мн., 1974;

Мурашко П.Е. Особого назначения...: Из истории ЧОН Белоруссии, 1918—1924. Мн., 1979.

А.​С.​Жмуроўскі.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛЯ́ПІН Фёдар Іванавіч (13.2.1873, Казань, Татарстан — 12.4.1938),

расійскі спявак (бас); найбуйнейшы прадстаўнік рас. вакальнай школы. Нар. арт. Рэспублікі (1918). У 1893 дэбютаваў як оперны спявак у Тыфлісе, у 1895 саліст Марыінскага т-ра ў Пецярбургу, з 1896 маскоўскай прыватнай рус. оперы С.​Мамантава, з 1899 (з перапынкам) спяваў у т-рах Вял. ў Маскве, Марыінскім (у 1918 маст. кіраўнік), удзельнічаў у «Рускіх сезонах» С.​Дзягілева. Вёў гастрольную дзейнасць, у т. л. ў 1896 у Мінску. З 1922 за мяжой. Ідэйна і эстэтычна фарміраваўся ў цесным кантакце з М.​Горкім, К.​Каровіным, С.​Рахманінавым, У.​Стасавым, В.​Сяровым, М.​Урубелем і інш. Стварыў галерэю рознахарактарных вобразаў, раскрываючы складаны ўнутраны свет героя. Сярод творчых дасягненняў партыі: трагедыйныя — Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава); героіка-эпічная — Іван Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі); эпічная — Дасіфей («Хаваншчына» Мусаргскага); быт. — Яромка («Варожая сіла» А.​Сярова), Варлаам («Барыс Гадуноў»); рамант. — Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно і «Мефістофель» А.​Бойта), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Дон Кіхот («Дон Кіхот» Ж.​Маснэ); камед. — Фарлаф («Руслан і Людміла» Глінкі), Лепарэла («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта); сатыр. — Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні) і інш. Майстар выканання рус. нар. песень, рус. і зах.-еўрап. камерна-вак. лірыкі. Паставіў оперы «Хаваншчына», «Дон Кіхот». Здымаўся ў кіно («Іван Грозны», «Дон Кіхот»). Аўтар літ., графічных, жывапісных, скульпт. работ. Напісаў кн. «Маска і душа» (1932), аўтабіяграфію «Старонкі з майго жыцця» (апубл. 1957). У 1984 прах Ш. перанесены з Парыжа ў Маскву. У Казані праводзяцца Оперны фестываль (з 1982, з 1991 міжнар.), конкурс оперных спевакоў (з 1989, з 1993 міжнар.) імя Ш.

Тв.:

Страницы из моей жизни. Маска и душа. М., 1990.

Літ.:

Янковский М.О. Шаляпин. Л., 1972;

Ф.​И.​Шаляпин. Т. 1—3. 3 изд. М., 1976—79;

Ф.​И.​Шаляпин: Летопись жизни и творчества. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1988—89.

А.​А.​Саламаха.

Ф.І.Шаляпін.

т. 17, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРЫДЫ́ЧНАЯ АСО́БА,

паводле грамадзянскага заканадаўства Рэспублікі Беларусь арганізацыя, якая мае ва ўласнасці, гасп. распараджэнні або ў аператыўным кіраванні адасобленую маёмасць і адказвае за яе па сваіх абавязацельствах; можа ад свайго імя набываць і ажыццяўляць маёмасныя і немаёмасныя правы, несці абавязкі, быць істцом і адказчыкам у судзе. Ю.а. павінна мець уласнае найменне, самаст. баланс або каштарыс.

Стваральнікі маёмасці могуць мець абавязацельныя правы ў адносінах да Ю.а. або рэчавыя правы на яе маёмасць. Да Ю.а., якія маюць абавязацельныя правы, адносяцца гасп. т-вы. вытв. і спажывецкія кааператывы; яны маюць рэчавыя правы толькі на маёмасць, якую перадалі Ю.а. ў карыстанне ў якасці ўкладу ў статутны фонд. Да Ю.а., на маёмасць якіх іх стваральнікі маюць права ўласнасці або інш. рэчавае права, адносяцца унітарныя прадпрыемствы (у т. л. даччыныя) і ўстановы, што фінансуюцца ўласнікам. Да Ю.а., стваральнікі якіх не маюць маёмасных правоў, адносяцца грамадскія і рэліг. арг-цыі, дабрачынныя і інш. фонды, аб’яднанні, асацыяцыі. саюзы. Ю.а. мае правы, якія адпавядаюць мэтам яе дзейнасці, прадугледжаным у яе ўстановачных дакументах. Іншымі відамі дзейнасці Ю.а. можа займацца толькі на падставе спец. дазволу (ліцэнзіі). Яна можа быць абмежавана ў правах выключна ў выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўствам. Рашэнне пра абмежаванне Ю.а. можа быць абскарджана ў судзе. Праваздольнасць Ю.а. ўзнікае з моманту яе стварэння і спыняецца з моманту яе скасавання.

Ю.а. дзейнічае на падставе статута або ўстаноўчага дагавора. Яна набывае грамадз. правы і прымае на сябе грамадз. абавязкі праз свае органы. Парадак назначэння (выбрання) органаў Ю.а. вызначаецца заканадаўствам і ўстаноўчымі дакументамі. Ю.а. спыняе дзейнасць у выніку яе рэарганізацыі або скасавання. Скасаванне Ю.а. лічыцца завершаным, а Ю.а. — спыніўшай існаванне пасля запісу пра гэта ў Адзіны дзярж. рэгістр Ю.а. Парадак дзейнасці і скасавання Ю.а. рэгламентаваны Грамадз. кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 18, кн. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАТАРСКАЯ МАСТАЦКАЯ ТВОРЧАСЦЬ

Аматарская мастацкая творчасць з’яўляецца састаўной часткай духоўнай культуры грамадства, якая спрыяе яе ўзбагачэнню і дэмакратызацыі, фарміраванню сістэмы вытворчасці і распаўсюджванню маст.-эстэт. каштоўнасцей.

Маст. творчая дзейнасць народа ўключае ў сябе розныя віды і жанры аматарскай маст. дзейнасці. Паводле асн. жанравых кірункаў адрозніваюць калектывы тэатральныя (драматычны, муз., лялечны т-р, т-р паэзіі, пантамімы, мініяцюр і інш.), вакальна-харавыя (хор, ансамбль з акадэмічнай, нар. і эстраднай манерай выканання і інш.), харэаграфічныя (нар., класічны, бальны, эстрадны танец і інш.), муз.-інструментальныя (аркестры, ансамблі нар. інструментаў, духавой, эстраднай, джазавай музыкі і інш.), дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага кірункаў (студыі жывапісу, лоза- і саломапляцення, керамікі, вышыўкі, ткацтва, фларыстыкі, апрацоўкі дрэва, скуры і інш.), фальклорныя, цыркавыя, фота-, слайд-, кіна-, відэастудыі, аматарскія аб’яднанні і інш.

Развіццю аматарскай маст. творчасці на Беларусі папярэднічалі культурна-асветныя арганізацыі «Пралеткульта» (1917). Тагачасная аматарская маст. творчасць набыла масавы і арганізаваны характар; агульнае кіраўніцтва ажыццяўлялася праз Наркамасветы Галоўпалітасветы БССР. У 1926—27 на Беларусі існавалі хаты-чытальні, чырвоныя куткі, нар. дамы, пры якіх ствараліся тэатр., харавыя, муз. гурткі. У 1930-я г. для актывізацыі дзейнасці аматарскіх калектываў створаны дамы нар. творчасці, з 1939 дзейнічаюць абл. дамы нар. творчасці, праводзяцца рэсп. алімпіяды і агляды. Развіццю аматарскіх калектываў розных жанраў спрыяла правядзенне усебел. алімпіяд рабоча-калгаснай маст. самадзейнасці (1935, 1936—37, 1938, 1939), алімпіяд чырвонаармейскай маст. самадзейнасці (1935), дзіцячай творчасці (1940), аглядаў самадзейнасці калгасаў, саўгасаў і МТС (1939). Павышэнню маст.-эстэт. ўзроўню выканальніцкага майстэрства садзейнічала правядзенне Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940) і Усесаюзнага агляду маст. самадзейнасці (1940—41). Развіццю аматарскай творчасці садзейнічалі вядомыя дзеячы прафес. мастацтва, у т. л. Е.​Міровіч, У.​Галубок, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч. У Вял. Айч. вайну існавалі франтавыя ансамблі і агітбрыгады, партыз. маст. самадзейнасць. Развіццё аматарскай творчасці пасля вайны пашырылася. У 1945 працавалі 2148 гурткоў (35,4 тыс. ўдзельнікаў), праводзіліся раённыя, абл. і рэсп. агляды маст. самадзейнасці. З сярэдзіны 1950-х г. рэгулярна праводзіліся агляды самадз. маст. творчасці. Мэтанакіравана праводзіліся агляды-конкурсы маст. творчасці: у 1949 — чыгуначнікаў і прамкааперацыі, у 1950 — драм. калектываў Мінска; у 1951 — навук. устаноў, прац. рэзерваў, прамысл. кааперацыі, рабочых, служачых і сельскай самадзейнасці; у 1953, 1960 — прамысл. кааперацыі, у 1963 — прадпрыемстваў мясц. прамысловасці.

У 1960 існавала 12,6 тыс. гурткоў аматарскай маст. творчасці ў клубных установах Міністэрства культуры БССР і сістэмы прафсаюзаў (191 тыс. чал.); з 1960 паявіліся самадз. цыркавыя калектывы. Лепшым калектывам аматарскай маст. творчасці надаецца ганаровае найменне «народны» (з 1960), дзіцячым — «узорны» (з 1978). Развіццю аматарскага мастацтва, росту майстэрства калектываў і асобных выканаўцаў садзейнічалі 3-я рэсп. дэкада нар. творчасці (1965), рэсп. фестывалі тэатр. самадз. мастацтва. У 1980-я г. амаль удвая вырасла колькасць гурткоў аматарскай маст. творчасці (у 1985—34,5 тыс. калектываў, 507 тыс. чал.). Усесаюзны агляд самадз. маст. творчасці 1983—85 вылучыў 227 маст. калектываў Беларусі, якія сталі яго лаўрэатамі.

З 1990-х г. у сучаснай аматарскай творчасці назіраецца зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў бел. і інш. народаў Беларусі, што садзейнічае перадачы з пакалення ў пакаленне ўстойлівых форм нац. культуры (мовы, традыцый, абрадаў, звычаяў, этнічнай самасвядомасці і інш.). Значная колькасць аматарскіх калектываў належыць клубным установам сістэмы Міністэрства культуры Беларусі (у 2004—18 044 калектывы, у т. л. 15 248 у вёсках), установам культуры клубнага тыпу інш. ведамстваў, якія з’яўляюцца цэнтрамі развіцця аматарскай творчасці і сац.-культ. ініцыятыў, а таксама ўстановам культуры сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (каля 1500) і навуч. установам краіны. Найменні «народны» і «ўзорны» нададзены больш як 1600 аматарскім калектывам, у т. л. ва ўстановах клубнага тыпу сістэмы Міністэрства культуры Беларусі функцыянуе каля 1090 такіх аматарскіх калектываў, з іх 187 на вёсцы (на канец 2002 каля 260 маст. калектываў сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і 230 аматарскіх фарміраванняў сістэмы Міністэрства адукацыі маюць ганаровыя найменні). Сваю дзейнасць калектывы аматарскай маст. творчасці ажыццяўляюць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец., сярэдніх навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайск. часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Ствараюцца па ініцыятыве грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, дзярж. органаў, а таксама органаў грамадскага самакіравання.

З мэтай стымулявання аматарскай маст. творчасці і далучэння да маст.-эстэт. каштоўнасцей розных груп насельніцтва праводзяцца святы, канцэрты, конкурсы, агляды і інш. сац.-культ. акцыі. Важным у стымуляванні і развіцці аматарскай творчасці з’яўляюцца міжнар., рэсп. і рэгіянальныя фестывалі. Гал. аглядам стану аматарскай творчасці з’явіўся Першы фестываль нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (1997—1998), у мерапрыемствах якога прынялі ўдзел больш за 30 тыс. калектываў розных ведамстваў (500 тыс. чалавек), з якіх лаўрэатамі фестывалю сталі 95 калектываў і 55 выканаўцаў, 47 нар. майстроў.

Дасягненні аматарскай творчасці дэманструюцца на абл. і рэсп. аглядах, алімпіядах, конкурсах, выстаўках, фестывалях, дэкадах: міжнар. фестывалі нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» і юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» і «Сожскі карагод», рэсп. фестывалі духавой музыкі «Беларускія фанфары», фалькл. мастацтва «Берагіня», тэатр. мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні», усебел. фестывалі нар. гумару «Аўцюкі», міжнар. харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», нац. культур, у якім прымаюць удзел маст. калектывы і выканаўцы розных жанраў аматарскай творчасці і інш.

Дзейнасць аматарскіх калектываў рэгулюецца Законам «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь», «Палажэннем аб самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Палажэннем аб народным (узорным) самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь» (абодва 1999), пастановай «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» (аб парадку надання звання, 2001). Агульнае інфармацыйна-метадычнае кіраўніцтва аматарскай маст. творчасцю забяспечваюць абл. навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці, раённыя арганізац.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асветнай работы. Бел. ін-т праблем культуры і Бел. ун-т культуры і мастацтваў праводзяць спец. даследаванні па праблемах бытавання розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, даследуюць яе ўнутрыжанравую праблематыку і пытанні арганізацыі канцэртна-творчай дзейнасці, падрыхтоўку кадраў і інфармацыйна-метадычнай падтрымкі аматарскай маст. творчасці, распрацоўкі фестывальных тэхналогій і праблемы рэпертуару.

А.​А.​Макарава.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва развіваецца ва ўмовах традыц. нар. творчасці або акад. мастацтва ў працэсах спантаннай творчай актыўнасці чалавека ці арганізаванага грамадска-культ. руху. З 1910-х г. на Беларусі ствараліся гурткі і студыі пры заводах і фабрыках, установах, ваенных часцях, што паўплывала на агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць твораў. З 1920-х г. ствараліся студыі выяўл. мастацтва ў Мінску, Гомелі, Оршы, Полацку, Гарадку. З відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў 1920—30-я г. развіваліся пераважна разьба па дрэве, аплікацыя саломкай, размалёўка, вышыўка, лозапляценне, кераміка. Рэгулярна праводзіліся выстаўкі твораў. У гады Вял. Айч. вайны мастакі-аматары ўдзельнічалі ў афармленні падп. перыядычных выданняў. Пасля вайны арганізацыяй самадзейных майстроў займаліся дамы нар. творчасці, з 1960-х г. — дамы маст. самадзейнасці. Рэгулярныя выстаўкі дэманстравалі разнастайнасць тэматыкі і новыя творчыя пошукі. У 1970-я г. аматарскае мастацтва дасягнула даволі высокага ўзроўню ў галіне жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў творчасці І.​Абраўца, Т.​Агафоненкі, В.​Альшэўскага, В.​Аляксеенкі, Л.​Галаенкі, Ф.​Генкіна, П.​Гольцава, Ф.​Дудо, М.​Ерафеева, М.​Засінца, І.​Кішкурна, М.​Корабава, Г.​Ганчаронка, С.​Какшынскага, А.​Пупко, В.​Гаўрылюк, Дз.​Цубера, Г.​Асіпковай, Дз.​Крупені, М.​Міхеенкі, Ф.​Сухавілы, С.​Шаўрова, Б.​Тарасенкі, С.​Быка, Л.​Трахалёвай, К.​Арцёменкі і інш., творы якіх экспанаваліся не толькі на Радзіме, але і за яе межамі. Вялікае пашырэнне мелі студыі фотамастацтва. З пач. 1990-х г. пачала фарміравацца сетка новых тыпаў устаноў культуры, дзейнасць якіх накіравана на захаванне і засваенне розных відаў традыцыйнай культуры. Сярод іх вылучаюцца аднапрофільныя ўстановы — дамы (цэнтры) рамёстваў і школы нар. творчасці. Асн. мэта іх існавання — падтрымка і стварэнне ўмоў для натуральнага існавання рамесніцкіх традыцый, адраджэнне унікальных тэхналогій, вытв-сць вырабаў паводле мясц. узораў. Функцыянуе (2003) больш за 60 дамоў (цэнтраў) рамёстваў, у т. л. больш за 20 у Віцебскай вобл., якія акрамя практычнай выканаўча-творчай дзейнасці праводзяць навукова-даследчую, пошукавую (этнаграфічныя экспедыцыі), прапагандысцка-асветную (лекцыі, экскурсіі) работу. Калектывы аматарскай маст. творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных дамоў культуры, навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайск. часцей, прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. У кожнай вобласці Беларусі дамы рамёстваў працуюць па асабістых кірунках і праграмах, але адзіным і гал. з’яўляецца далучэнне моладзі да вывучэння нац. культ. спадчыны. Пад уздзеяннем сродкаў масавай інфармацыі развіваюцца віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, камп’ютэрам. Пашырыліся студыі жывапісу, лоза- і саломапляцення, керамікі, вышыўкі і ткацтва, фларыстыкі, фотамастацтва, апрацоўкі дрэва і скуры і інш.

А.​А.​Макарава, Р.​Ф.​Шаура.

Музычная творчасць. Уключае розныя віды і жанры аматарскай муз. дзейнасці: дзіцячую, сямейную, студэнцкую самадзейнасць, аматарскія калектывы і асобных выканаўцаў, аб’яднанні і гурткі па захапленнях і інш. Бярэ пачатак у быт. і абрадавых карагодах і гульнях, калядных, валачобных, скамарохавых, батлеечных, вясельных і інш. выступленнях гуртоў, якія рыхтаваліся загадзя. Формы муз. самадз. мастацтва з’явіліся ў 19 ст. ў гар. асяроддзі, пазней — і на вёсцы. Пашыралася аматарскае музіцыраванне, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. вадэвілі, муз. камедыі (С.​Манюшкі і інш.) і інш. З 2-й пал. 19 ст. яно набыло арганізаваныя формы (хары настаўніцкіх семінарый, муз. т-вы), этапам у яго развіцці сталі Бел. вечарынкі (з 1905). У 1930-я г. для актывізацыі дзейнасці калектываў ствараліся дамы нар. творчасці (з 1937 рэсп., з 1939 абл.), праводзіліся рэсп. алімпіяды і агляды. У гады Вял. Айч. вайны існавалі франтавыя і партызанскія ансамблі і агітбрыгады. У пасляваенны перыяд разам з ансамблямі песні і танца, харамі, з’явіліся аркестры, інстр. ансамблі, оперныя студыі. Метадычную і практычную дапамогу ім аказвалі дамы нар. творчасці (з 1979 навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы), рэсп. (1968) і абл. дамы самадзейнасці (з 1978 дамы аматарскай творчасці). У 1980-я г. амаль удвая павялічылася колькасць калектываў у параўнанні з 1960, іх колькасць у 1985 дасягнула 34,5 тыс. калектываў (507 тыс. чал.). Па выніках Усесаюзнага агляду самадз. маст. творчасці 1983 лаўрэатамі яго сталі 85 227 маст. калектываў Беларусі.

З 1990-х г. у аматарскай муз. творчасці назіраецца зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў бел. і інш. народаў Беларусі, да здабыткаў акад. відаў і жанраў муз. мастацтва; характэрны ўплывы і сродкаў масавай інфармацыі (пераважна тэлебачання), пашыраюцца віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, у т. л. камп’ютэрам (рок-музыка, дыска-клубы, камп’ютэрная графіка); адчувальныя ўплывы шоу-бізнесу і індустрыі масавага муз. забаўляння, што забяспечвае ёй шматмернасць, шматузроўневасць, дынамізм, з адначасовым уплывам гіст., этнарэгіянальных, эстэт., сац.-псіхалагічных, эканам. і інш. фактараў. Дынаміка развіцця розных відаў і жанраў аматарскай муз. творчасці адбываецца неаднолькава і абумоўлена рэгіянальнымі (гар. і вясковая культура) асаблівасцямі.

Дзейнічаюць аматарскія муз. калектывы на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец. і навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайсковых часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Для іх характэрна жанравая разнастайнасць аб’яднанняў (клубы самадз. песні, класічнай музыкі, нар. песні, самадз. кампазітараў і паэтаў, арт- і джаз-клубы і інш.), якія ажыццяўляюць культ.-творчую і канцэртна-відовішчную дзейнасць.

Лепшыя аматарскія муз. калектывы адзначаюцца ганаровым найменнем «народны» (з 1960), дзіцячыя — «узорны» (з 1978). З 2001 самабытным аматарскім калектывам надаецца найменне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Яго атрымалі (2004) нар. — ансамбль вак.-харэагр. «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры, фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на, ансамбль бел. песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, фалькл. ансамбль «Паазер’е» выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай муз. школы, ансамбль бел. песні «Медуніца» Палаца культуры і тэхнікі рэсп. унітарнага прадпрыемства «Магілёўскае вытв. аб’яднанне «Хімвалакно», ансамбль нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага цэнтра культуры і нар. традыцый, ансамбль песні і танца «Спадчына» Палаца культуры г. Маладзечна, камерны аркестр «Рычэркар» і хар. капэла Рэсп. палаца культуры прафсаюзаў, фалькл. гурт «Журавінка» Слабадскога сельскага Дома культуры Лельчыцкага р-на, драм. т-р «Відарыс» Барысаўскага гар. Палаца культуры і інш. Рэпертуар аматарскіх муз. калектываў складаецца пераважна з апрацовак бел. нар. песень, найгрышаў, мясцовага фальклору, а таксама твораў бел. кампазітараў.

На 2004 у дзярж. установах культуры Беларусі 7913 вак.-хар. калектываў (у т. л. 2746 дзіцячых), 956 інструментальных (з іх 299 дзіцячых): у Брэсцкай вобл. — 1896 вак.-хар., 265 інструментальных, у Віцебскай — 1702 вак.-хар., 131 інструментальны, у Гомельскай — 1180 вак.-хар., 140 інструментальных, у Гродзенскай — 1277 вак.-хар., 106 інструментальных, у Магілёўскай — 1177 вак.-хар., 95 інструментальных, у Мінскай — 1281 вак.-хар., 219 інструментальных.

На Беларусі праводзяцца шматлікія святы, конкурсы, агляды і інш. сац.-культ. акцыі, а таксама міжнар., рэсп. і рэгіянальныя фестывалі аматарскага муз. мастацтва. Працэс фарміравання фестывальных традыцый аматарскай муз. творчасці ідзе на рэсп. і мясц. узроўнях. Штогод праводзіцца каля 50 фестываляў: міжнар. нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (г. Паставы), юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» (г. Мазыр), харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель), рэсп. — «Берагіня», нар. гумару «Аўцюкі» (абодва Гомельская вобл.), нац. культур (г. Гродна), Усебел. фестываль нар. мастацтва «Беларусь — мая песня», рэгіянальныя фестывалі эстр. музыкі і спеваў, хар. мастацтва «Пеўчае поле», бардаўскай песні, сямейнай муз. творчасці і інш.

Навуковыя даследаванні бытавання розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, унутрыжанравай праблематыкі, пытанні арганізацыі канцэртна-творчай дзейнасці, падрыхтоўкі кадраў і інфармацыйна-метадычнай падтрымкі аматарскай маст. творчасці, распрацоўка фестывальных тэхналогій і рэпертуару — сфера дзейнасці бел. ін-та праблем культуры і ун-та культуры. Інфармацыйна-метадычную падтрымку забяспечваюць абл. навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і раён. арганізацыйна-метадычныя цэнтры культурна-асветнай работы. Падрыхтоўку кіраўнікоў і арганізатараў аматарскіх муз. калектываў ажыццяўляюць бел. ун-т культуры і мастацтваў, акадэмія музыкі, пед. ун-т, муз. вучылішчы, вучылішчы культуры і мастацтваў.

А.​А.​Макарава.

Ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага раёна.
Фальклорны ансамбль «Паазер’е» педагагічнага калектыву Пастаўскай дзіцячай музычнай школы.
Народны камерны аркестр «Рычэркар» Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў.

Харэаграфічнае мастацтва. Да 20 ст. аматарскае харэаграфічнае мастацтва развівалася ў рэчышчы музычнага і тэатральнага аматарства. У 1900—20-я г. нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы бел. вечарынак. Вял. значэнне мела дзейнасць Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся і нар. танцы. З 1920-х г. развіццё танц. аматарства звязана з пачаткам сістэматычнага вывучэння і практычнага выкарыстання нац. танц. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. Напачатку танц. гурткі ўключалі ў свой рэпертуар папулярныя у народзе танцы, у якіх асноўныя выразныя сродкі, сюжэты і манера выканання захоўваліся ў першапачатковым выглядзе, без трансфармацыі.

Паступова выпрацоўваліся спосабы і метады сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэаграфічнага фальклору. У 1926 арганізаваны адзін з першых аматарскіх калектываў Беларусі — ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.​Алексютовіча, у рэпертуары якога былі нар. танцы «Крыжачок», «Лявоніха», «Лянок», «Мікіта», «Мяцеліца», «Таўкачыкі» і інш., па-мастацку апрацаваныя і трансфармаваныя па законах сцэны. У 1930-я г. на Беларусі ўзнікла шмат аматарскіх калектываў, рэпертуар якіх будаваўся на аснове нар. танцаў у сцэн. апрацоўцы. Уклад у працэс фарміравання асн. кірункаў інтэрпрэтацыі ўзораў нар. харэаграфіі зрабіў ансамбль танца Гомельскага палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1936, кіраўнік А.​Рыбальчанка). У яго рэпертуары былі бел. нар. танцы «Мяцеліца», «Лявоніха», «Юрачка», «Чарот» і інш.; створана і шмат сцэн. твораў на тагачасную тэматыку: «Камсамол на будоўлі», «Новая вёска», «Калгасная полька», «Беларускія трактарысты» (балетмайстар К.​Алексютовіч). У многіх калектывах працавалі прафес. харэографы, якія адыгралі станоўчую ролю ў творчым развіцці танц. аматарства і павышэнні ўзроўню рэпертуару. У даваенны перыяд быў закладзены фундамент для плённай дзейнасці аматарскіх танц. калектываў.

У пасляваенны перыяд ішло аднаўленне раней створаных і фарміраванне новых калектываў, сярод якіх нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ (з 1945), узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ № 5 (Брэст; з 1954), нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў (з 1956), узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў і «Лянок» Палаца культуры Мінскага трактарнага з-да (з 1958), узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» (Віцебск; з 1961). Узніклі таксама студыі і ансамблі класічнага, бальнага, гіст.-быт. і эстр. танца, у т. л. нар. студыя сучаснага бальнага танца «Мара» Палаца культуры Мінскага трактарнага завода (з 1966). У 1960—70-я г. з’явіліся новыя самабытныя танц. калектывы, расла іх масавасць, узмацнялася арыентацыя на збліжэнне з прафес. мастацтвам, павышаўся ўзровень танц. культуры. У гэты перыяд у балетмайстарскай практыцы ствараліся таксама аўтарскія творы ў межах традыцыі бел. танца, тэматычныя кампазіцыі сюітнага тыпу, фалькл. танцы, апрацаваныя ў эстр. стылі. З 1960 лепшым дарослым калектывам надаецца ганаровае найменне «народны», а з 1978 дзіцячым — «узорны».

Уклад у развіццё тагачаснага аматарскага харэаграфічнага мастацтва Беларусі зрабілі нар. артысты Беларусі М.​Бяльзацкая, А.​Вараб’ёў, А.​Нікалаева, А.​Рыбальчанка, Я.​Штоп; засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія; засл. дз. культуры Беларусі С.​Грабеншчыкоў, Н.​Залеўская, М.​Кіракозаў, Л.​Ляшэнка, В.​Партной, І.​Серыкаў, М.​Чысцякоў; засл. работнікі культуры Беларусі Л.​Барадулька, Ч.​Клячко, Л.​Лазарава, М.​Лапша, І.​Смірноў, Р.​Чарахоўская, В.​Ямінскі; а таксама А.​Быковіч, Л.​Тушынскі, З.​Чарняўскі і інш.

З 1980-х г. у самадз. мастацтве з’явіліся танц. калектывы розных жанраў з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамблі танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (кіраўнік Г.​Чорны), «Белая Русь» Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік А.​Карповіч), «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (кіраўнік В.​Жыльцоў); «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага каледжа мастацтваў (кіраўнік Н.​Парахневіч); вак.-харэаграфічны — «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (кіраўнік П.​Свярдлоў); харэаграфічны — «Рунь» Дома культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс» (кіраўнік В.​Папоў); ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага каледжа мастацтваў (кіраўнік В.​Гарэлава) і інш.

Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэаграфічнага фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыцыйнай у жанры нар.-сцэн. харэаграфіі да фольк-мадэрна, пошук новых форм і прыёмаў. Характэрная рыса сучаснага перыяду — плённае развіццё дзіцячай самадзейнасці: масавае адкрыццё дзіцячых харэаграфічных школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў Беларусі: узорны вак.-харэаграфічны ансамбль «Камарыкі» Палаца культуры вытв. аб’яднання «Нафтан» (Наваполацк; з 1970, кіраўнік Ч.​Клячко); узорныя ансамблі танца «Светлячок» Палаца культуры энергетыкаў (Новалукомль; з 1977, кіраўнік Н. і А. Тамашавы), «Лялечкі» Абухаўскага Палаца культуры Гродзенскага р-на (з 1978, кіраўнік Н.​Урукіна), «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэаграфічнай школы (з 1981, кіраўнікі І. і С. Дарохіны), «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» (Мінск; з 1983, кіраўнік Я.​Гутман), «Жавароначкі» Палаца культуры «Сукно» (Мінск; з 1985, кіраўнік С.​Аляксандраў), «Чабарок» Мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987, кіраўнік Н.​Дзягель), «Весялушкі» Палаца культуры чыгуначнікаў (Орша; кіраўнік І.​Стамінская); узорны харэагр. ансамбль «Раўніца» (абодва з 1993, кіраўнікі А.​Цюцюноў і Н.​Русакевіч) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у т. л. «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў (з 1979, кіраўнік В.​Буры), «Антрэ» (з 1992, кіраўнік С.​Манзалеўскі), узорны т-р эстр.-спарт. танца «Каскад» Слонімскага раённага Дома культуры (з 1993, кіраўнік З.​Пятроўская).

Сучаснае аматарскае харэаграфічнае мастацтва — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае фалькл.-этнаграфічныя ансамблі, ансамблі нар. танца, ансамблі і студыі класічнага, бальнага, эстр. і сучаснага танца. На 1.1.2003 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь 2496 харэаграфічных калектываў (з іх 2007 дзіцячых). На 2004 ганаровыя найменні «народны» і «ўзорны» маюць 66 калектываў у Мінску і Мінскай вобл., 39 у Брэсцкай вобл., 23 у Віцебскай, 47 у Гомельскай, 22 у Гродзенскай, 36 у Магілёўскай вобл.

Папулярызацыі танц. мастацтва, выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: міжнар. фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» у Гомелі, дзіцячай творчасці «Барысаўскі прыстанак» у Барысаве; абл. фестываль «Свята танца» ў Гродне, фестываль фальклору «Пінскі карагод», фестываль дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы фламінга» ў Гомелі і інш. Агляды аматарскіх харэаграфічных калектываў рэгулярна адбываюцца ў межах форумаў, прысвечаных нар. творчасці. Бел. танц. калектывы ўдзельнічаюць і ў фестывалях фальклору за мяжой. Кіраўнікоў харэаграфічных калектываў рыхтуюць у вучылішчах мастацтваў Беларусі, на кафедры харэаграфіі Бел. ун-та культуры і мастацтваў.

С.​В.​Гуткоўская.

Народны ансамбль танца «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага каледжа мастацтваў.
Узорны ансамбль танца «Весялушка» дзіцячай харэаграфічнай школы г. Мінска.
Узорны ансамбль танца «Чабарок» Мінскага Палаца дзяцей і моладзі.

Аматарскі тэатр. Існаваў з сярэдзіны 18 ст. пры дварах магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, ва ўладаннях С.​Зорыча, Чарнышова, дзе наладжваліся сцэнічныя паказы з нагоды свят, сямейных урачыстасцей, прыезду ганаровых гасцей. У пач. 19 ст. аматарскі тэатр быў пашыраны ў гарадах сярод гар. шляхты, спектаклі мелі публічны характар, нярэдка наладжваліся з дабрачыннымі мэтамі. У 1850-я г. ў арганізацыі аматарскіх спектакляў прымалі ўдзел разначынцы, дэмакратычныя слаі насельніцтва. Ставіліся п’есы А.​Фрэдра, Ю.​Кажанёўскага, М.​Гогаля, А.​Грыбаедава, В.​Дуніна-Марцінкевіча і інш. У 2-й пал. 19 ст. існавала сетка аматарскіх калектываў, якая ахоплівала ўсе бел. губерні. Створаны буйныя аматарскія аб’яднанні: Мінскае муз.-літ. т-ва (1880), Гродзенскае літ.-муз. т-ва (1883), Полацкі (1884), Брэсцкі (1885), Гомельскі (1891) і Бабруйскі (1892) муз.-драм. гурткі, Магілёўскае муз.-драм. т-ва (1886), Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1898), Гомельскае муз.-драм. т-ва (1908) і інш. У пач. 20 ст. існавалі драм. калектывы пры «нар. дамах» (Магілёўскі аматарскі тэатр, 1900—04) і чайных Т-ваў папячыцельства нар. цвярозасці, дзейнасць якіх мела культ.-асв. характар. Пад уздзеяннем нац.-вызв. руху наладжваліся бел. вечарынкі, тэатр. паказы на бел. мове ў Радашковічах, на хутары Пятроўшчына, в. Станькава на Міншчыне, у Карэлічах, в. Кленікі на Гродзеншчыне, Гродне, Капылі, Давыд-Гарадку і інш. У гісторыі аматарскага тэатра пакінулі след Гродзенскі гурток бел. моладзі, Бел. навукова-літ. гурток студэнтаў у Пецярбургу, шматлікія вучнёўскія і студэнцкія гурткі. Вял. ролю ў развіцці аматарскага тэатра адыграла газ. «Наша ніва», у якой даваліся парады бел. аматарам, асвятлялася іх дзейнасць, друкаваўся рэпертуар. Пасля Кастр. рэвалюцыі развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі культ.-асв. арганізацыі пралеткульта, якія наладжвалі тэатр. паказы на рэв. тэмы, стварылі сетку тэатр. гурткоў, нар. тэатраў, рабочых клубаў, студый, агітпунктаў. Клубы творчай інтэлігенцыі існавалі ў Мінску («Беларуская хатка»), Гомелі, Навагрудку, Міры (Карэліцкі раён), Дзісне, Радашковічах, Будславе (Мядзельскі раён), в. Хаценчыцы (Вілейскі раён) і інш.; аматарскія калектывы дзейнічалі ў Мінску (маладзёжны гурток «Вянок», Бел. вучнёўская грамада з драм. секцыяй, гурток бел. моладзі імя С.​Булата), Мазыры, Капылі, Дукоры, в. Блонь (Пухавіцкі раён), Мікалаўешчыне (Стаўбцоўскі раён). Развівалася сельская тэатр. самадзейнасць. Ажывілася дзейнасць аматарскіх тэатраў на прадпрыемствах буйных гарадоў, у т. л. Аршанскага нар. тэатра Дома культуры чыгуначнікаў. У сярэдзіне 1920-х г. пашырыліся тэатралізаваныя прадстаўленні — «жывая газета», на базе якой створаны агіттэатр «Сіняя блуза», традыцыі якой працягвалі тэатры рабочай моладзі. Аматарскае мастацтва падтрымлівалі дзеячы прафесійнага мастацтва (У.​Галубок, Е.​Міровіч і інш.). Развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі створаныя ў канцы 1930-х г. дамы нар. творчасці (з 1979 навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы). Росту майстэрства калектываў спрыялі агляды аматарскага мастацтва: Усебел. алімпіяды рабоча-калгаснай маст. самадзейнасці (1935—39), алімпіяды чырвонаармейскай маст. самадзейнасці (1935), дзіцячай творчасці (1940), агляд самадзейнасці калгасаў, саўгасаў і МТС (1939), рэсп. агляд аматарскай творчасці ў перыяд падрыхтоўкі да Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940), Усесаюзны агляд маст. самадзейнасці (1940—41). У 1920—30-я г. прыкметнага росту дасягнуў аматарскі тэатр у Зах. Беларусі. У Вільні дзейнічалі Бел. муз.-драм. гурток, Бел. драм. майстроўня, тэатр. гурток бел. гімназіі. Існавалі аматарскія калектывы ў Навагрудку, Слоніме, Івянцы, вёсках Нягневічы (Навагрудскі раён), Загор’е і Заполле (Карэліцкі раён), т-ва працаўнікоў бел. тэатра ў Беластоку.

У Вял. Айч. вайну тэатр. гурткі дзейнічалі ў партыз. атрадах і брыгадах, сярод насельніцтва партыз. зон. У пасляваенны час аднавілі дзейнасць даваенныя гурткі, ствараліся новыя. У сак. 1945 адбыўся 1-ы пасляваенны рэсп. агляд аматарскага мастацтва. Праводзіліся спецыялізаваныя агляды маст. самадзейнасці. У 2-й пал. 1960-х г. створаны дамы маст. самадзейнасці (з 1978 міжсаюзныя дамы самадзейнай творчасці). Развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі Дэкада самадзейнага тэатр. мастацтва Беларусі (1958), 3-я Рэсп. дэкада нар. творчасці, рэсп. фестывалі тэатр. самадзейнага мастацтва (1967—73), 1-ы Усесаюзны фестываль самадзейнай маст. творчасці працоўных (1975—77), Рэсп. конкурс нар. самадзейных драм. калектываў на лепшы спектакль сезона (1980), Рэсп. агляд-конкурс нар. і ўзорных самадзейных драм. калектываў, агітбрыгад і агіттэатраў, тэатраў чытальніка і індывідуальных чытальнікаў-выканаўцаў, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (1982), Усесаюзны агляд самадзейнай маст. творчасці, прысвечаны 40-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне (1983—85), фестывалі Прыбалтыйскіх рэспублік і Беларусі «Рампа дружбы» (з 1978), рэсп. фестывалі аматарскага тэатр. мастацтва: прысвечаны А.​Макаёнку (Мазыр, 1993), «Гасціны ў Галубка» (Баранавічы, 1995), «Беларусь — мая песня» (з 1998, па абласцях), «Тэатральныя скрыжаванні» (з 2000). На 2004 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь 3444 тэатр,драм. гурткі, у т. л. 2054 — дзіцячыя; 256 драм. тэатраў, тэатраў лялек, мініяцюр, пантамімы і інш. маюць ганаровае найменне «народны» ці «ўзорны», нар. тэатру «Відарыс» (г. Барысаў) нададзена найменне «заслужаны». З іх 130 тэатраў функцыянуюць у сістэме Мін-ва культуры, 50 — у Федэрацыі прафсаюзаў, 76 — у сістэме адукацыі.

Ю.​А.​Пашкін, І.​В.​Пыж.

Сцэна са спектакля «NN» паводле Т.​Уільямса Мінскага народнага тэатра-студыі «На балконе».
Сцэна са спектакля «Дванаццаць месяцаў» С.​Маршака Рэчыцкага народнага тэатра гарадскога Дома культуры.

Аматарскае кіно. З канца 1950-х г. аматарскія кінастудыі ствараліся пры палацах культуры, клубах, прадпрыемствах, у навуч. установах, калгасах і саўгасах. У 1962 пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі створана секцыя па працы з кінааматарамі. Больш актыўна аматарскае кіно развівалася ў 1960-я г. Сярод найб. значных кінастудый мінскіх заводаў — «МАЗ-фільм» аўтамабільнага, «Трактар» трактарнага, «Мікрахолад» (пазней «Сапфір») халадзільнікаў; «Маналіт» інтэрната Мінскага камбіната індустрыяльнага домабудаўніцтва (усім у 1970-я г. нададзена ганаровае найменне народных). Кінастудыі існавалі пры Мінскім мотавелазаводзе, Светлагорскім заводзе штучнага валакна, шклозаводзе «Залессе» Вілейскага раёна, Віцебскім дывановым камбінаце, «Мінскпраекце», БПІ, Гродзенскім пед. ін-це, Акруговым Доме афіцэраў, а таксама пры гарадскіх і раённых палацах культуры, дамах нар. творчасці, палацах і дамах піянераў, сельскіх клубах (у некаторых як фотакінагурткі). Найб. вядомыя з іх: кінастудыя «Летапіс» раённага Дома культуры г. Талачын (з 1965), кінастудыі Магілёўскага Дома культуры чыгуначнікаў, Бел. палаца культуры прафсаюзаў, Мінскага Палаца піянераў і інш. Здымалі стужкі пра гісторыю і дзейнасць сваіх прадпрыемстваў, навучальныя, відавыя, турысцкія, асобныя ігравыя і анімацыйныя фільмы. Бел. кінааматары ўдзельнічалі ва Усесаюзных (з 1959) і рэсп. (1960—88) фестывалях аматарскіх фільмаў. У 1970-я г. на Бел. тэлебачанні існавала перадача «Мы і наша кінакамера» (вядучы — рэж. А.​Канеўскі). Некаторыя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі (В.​Рубінчык, В.​Дудзін, В.​Каралёў). У 2-й пал. 1980-х г. рух аматарскага кіно знізіўся. Некаторыя аматарскія кінастудыі пераўтварыліся ў рэкламныя і інфармацыйныя службы, большасць — у аматарскія відэа- і тэлестудыі. На 1.1.2004 дзейнічаюць студыі: «МАЗ-фільм», «Кадр» Рэсп. цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў, сярэдняй школы № 4 і «Сінема» (усе ў Мінску), Барысаўскага завода агрэгатаў, «Летапіс» Талачынскага гар. Дома культуры, «Нэкст» і тэлестудыя «Вектар ТБ» у г. Наваполацк, «Белая Русь» у г. Светлагорск, у г. Слонім; Магілёўскага абласнога навук.-метадычнага цэнтра нар. творчасці і культ.-асветнай працы, «Эксперымент» у г. Крычаў. Перыядычна працуюць індывідуальныя кінааматары. Па ініцыятыве незалежнай відэакінастудыі «Таццяна» разам з Бел. саюзам кінематаграфістаў у 1996—2004 праведзены 8 нац. кінафестываляў аматарскіх фільмаў.

А.​П.​Бабкова.

Літ.:

Шаура Р.Ф. Самадзейнае выяўленчае мастацтва Беларусі: Жывапіс, графіка, скульптура. Мн., 1995;

Макарава А., Сівурава Л. Аб шляхах фарміравання фестывальных традыцый у самадзейнай мастацкай творчасці // Весн. Бел. дзярж. ін-та праблем культуры за 1998 г.: Навукова-метад. зб. Мн., 1999;

Скараходаў У.П., Пыж І.В. Сацыякультурныя працэсы ў народнай мастацкай творчасці // Беларуская культура сёння. Мн., 2003;

Статыстычны партрэт культуры Беларусі: Агляд тэатр.-відовішчных і культ.-асветніцкіх устаноў сістэмы М-ва культуры Рэсп. Беларусь. Мн., 2003;

Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984;

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969;

Яе ж. Белорусский народный танец. Мн., 1972;

Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85;

Пятровіч С.А. Народныя тэатры Беларусі. Мн., 1966;

Яго ж. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980.

т. 18, кн. 2, с. 691

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)