дабраякасныя пухлінападобныя невял. нарасты на скуры, якія ўзнікаюць ад разрастання сасочкавага і рагавога яе слоя. Выклікаюцца вірусам папіломы чалавека, што перадаецца пры кантакце і праз рэчы. Скрыты перыяд 2—5 месяцаў. Бываюць звычайныя, плоскія (юнацкія), востраканцовыя, старэчыя і інш.
Звычайныя (простыя) бародаўкі — бязбольныя вузельчыкі памерам ад шпілечнай галоўкі да гарошыны, з дробнымі сасочкамі або варсінкамі. Пры зліцці ўтвараюць гузаватыя бляшкі. Найб. часта бываюць на кісцях і пальцах рук. Разнавіднасць іх — падэшвенныя бародаўкі на падэшвах ступні. Шчыльныя, арагавелыя, жоўтага колеру, дыяметрам 10—20 мм, вельмі балючыя пры націсканні і хадзе. Плоскія бародаўкі — дробныя вузельчыкі дыяметрам 0,5—3 мм, бледна-ружовага або жаўтавата-карычневага колеру, з плоскай гладкай паверхняй або з дробнымі лускавінкамі. Узнікаюць у дзіцячым і юнацкім узросце на твары, шыі, тыльнай паверхні кісці. Востраканцовыя бародаўкі — сасочкападобныя вузельчыкі ружовага колеру, якія развіваюцца на палавых органах, у пахвінных і між’ягадзічных складках. Старэчыя бародаўкі — шаравата-жоўтыя нарасты на скуры жывата, спіны, грудзей. Развіваюцца ў пажылых людзей. Лячэнне: пры звычайных і юнацкіх выкарыстоўваюць псіхатэрапію, пры звычайных, старэчых і плоскіх — прыпальванне, дыятэрмакаагуляцыю, аўтагематэрапію, крыятэрапію; падэшвенныя бародаўкі ліквідуюць увядзеннем пад аснову раствору навакаіну, востраканцовыя — хірургічна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬХА (Alnus),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 40 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі, таксама ў гарах Паўд. Амерыкі (Анды). Ва ўмераных шыротах утварае альховыя лясы. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вольха чорная, або клейкая (Alnus glutinosa), утварае чорнаальховыя лясы; у паўн.ч. — вольха шэрая, або белая (Alnus incana), якая мае ў цэнтр.ч. рэспублікі паўд. мяжу суцэльнага пашырэння, утварае другасныя (вытворныя пасля яловых) шэраальховыя лясы. Зрэдку трапляецца гібрыд паміж гэтымі відамі — вольха апушаная (Alnus pubescens). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 14 відаў і формаў вольхі (барадатая, пушыстая, сібірская, японская, цвёрдая, чырвоная, камчацкая і інш.).
Аднадомныя лістападныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты. Лісце круглаватае, эліптычнае або адваротнаяйцападобнае, цэласнае (у садовых формаў бывае рассечанае). Тычынкавыя кветкі падоўжаныя, звіслыя, у каташках; песцікавыя — у «шышачках», летам зялёных, шчыльных, пры выспяванні чорна-бурых, дравяністых, якія ператвараюцца ў суплоддзі. Плады — аднанасенныя арэшкі з 2 перапончатымі крылцамі. На каранях часта ўтвараюцца клубеньчыкі з азотфіксавальнымі бактэрыямі. Тэхн. (драўніна выкарыстоўваецца ў вытв-сці мэблі, фанеры, тары, як буд. матэрыял), лек. (суплоддзі і кара вяжучы, кроваспыняльны і процізапаленчы сродак), дубільныя, фарбавальныя, дэкар., меліярацыйныя (глебапаляпшальныя) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНАТАМЁТ,
пераважна пераносная агнястрэльная зброя, прызначаная для паражэння браніраваных цэляў, жывой сілы і тэхнікі праціўніка гранатай.
Гранатамёты бываюць: дынамарэактыўныя (пач. скорасць гранаце надае энергія газаў, якія ўтвараюцца пры згаранні стартавага зарада ў ствале), рэактыўныя (скорасць гранаты забяспечваецца сваім рэактыўным рухавіком), актыўныя і актыўна-рэактыўныя (скорасць забяспечваецца зарадам, які згарае ў ствале, закрытым з казённай часткі); ручныя, вінтовачныя (ружэйныя), станковыя і інш.; процітанкавыя і проціпяхотныя; гладкаствольныя і наразныя, з раздымнымі і складанымі стваламі. Ручныя прыстасаваны для стральбы з рук або сошак; вінтовачныя — для стральбы з вінтоўкі або аўтамата пераважна проціпяхотнымі вінтовачнымі гранатамі за кошт энергіі халастога або баявога патрона. Эфектыўная і прыцэльная далёкасць стральбы вінтовачных гранатамётаў адпаведна да 100 і 400 м, ручных да 500 і 1000 м, станковых да 1 і 2 км; калібр ручных гранатамётаў 30—112 мм, маса звычайна 8 кг; баявая скарастрэльнасць станковых да 100 стрэлаў за мінуту (такія гранатамёты могуць устанаўлівацца на танках, бронетранспарцёрах, баявых машынах пяхоты, верталётах, катэрах і інш.). Ручныя гранатамёты з’явіліся ў гады 2-й сусв. вайны: «Базука» (ЗША), фаустпатрон (аднаразовага дзеяння, Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІК,
адлюстраванне залежнасці адной велічыні ад другой (напр., пройдзенага шляху ад часу).
1) Графік функцыі — геам. адлюстраванне функцыянальнай залежнасці з дапамогай лініі на плоскасці. Выгляд графіка залежыць ад характару функцыі і выбранай сістэмы каардынат (дэкартавай, палярнай, лагарыфмічнай абоінш.). Некаторыя графіка функцыі маюць назву: акружнасць, гіпербала, дэкартаў ліст, ланцуговая лінія, завіток Аньезі, парабала і г.д. Паказвае характар змен функцыі (гл.Гістаграма, Дыяграма), а таксама дазваляе вылічыць яе значэнне па зададзеным значэнні аргумента (гл.Графічныя вылічэнні, Намаграма, Намаграфія). Існуюць прылады, якія аўтаматычна запісваюць графік, напр.графапабудавальнік вычэрчвае графік функцыі, зададзенай аналітычна або таблічна; барограф — графік атм. ціску як функцыю часу.
2) Графік руху на транспарце — план арганізацыі працэсу перавозак. Складаецца ў графічнай або таблічнай формах. Будуецца звычайна ў каардынатах «шлях — час»: па адной восі адкладваюць час (суткі, гадзіны, мінуты), а па другой — адлегласць паміж пунктамі (станцыі, порты, аэрапорты і інш.). Забяспечвае рытмічную работу рухомага саставу на лініі, узгадняе работу розных відаў транспарту, прадпрыемстваў і кліентаў (напр., флот — порт — чыгунка — станцыя) і г.д. 3) Вытворчы графік — каляндарны план выпуску прадукцыі прадпрыемствам ці яго асобнымі падраздзяленнямі. Гл. таксама Графік цыклічнасці.
Графік у палярных каардынатах: дыяграма накіраванасці сілы святла розных тыпаў свяцільняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ПА́ЛІВА,
ператварэнне арган. часткі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы шляхам няпоўнага акіслення пры высокай т-ры паветрам (кіслародам, вадзяной парай, іх сумесямі). Пашырылася ў 19 ст. з-за пераваг газавага паліва над цвёрдым і вадкім. Газіфікуюць бурыя і каменныя вуглі, драўніну, торф, гаручыя сланцы, кокс, мазут і інш. Газіфікацыя паліва вядзецца ў газагенератарах, таму атрыманыя газы наз. генератарнымі.
У залежнасці ад саставу газаў, якія падаюцца ў газагенератар, атрыманыя газы наз. паветранымі (пры газіфікацыі паветрам), парапаветранымі, паракіслароднымі і г.д. Састаў дуцця падбіраецца так, каб цяпла, што выдзяляецца ў экзатэрмічных рэакцыях, хапіла на ўвесь працэс. Пры газіфікацыі цвёрдага паліва кіслародам або вадзяной парай акісляецца непасрэдна вуглярод, пры газіфікацыі вадкага паліва пад уздзеяннем высокай т-ры вуглевадароды расшчапляюцца да нізкамалекулярных злучэнняў або элементарных рэчываў, якія акісляюцца. Пашырана таксама падземная газіфікацыя паліва — ператварэнне выкапнёвага паліва пад зямлёй, на месцы залягання, у гаручы газ, які выводзіцца на паверхню праз свідравіны (гл.Падземная газіфікацыя вугалю). Газы, атрыманыя газіфікацыяй паліва, выкарыстоўваюцца як паліва і як сыравіна для вытв-сці вадароду, аміяку, метанолу, штучнага вадкага паліва і інш. Газіфікацыя паліва ўжываецца пераважна ў раёнах, бедных гаручымі прыроднымі газамі і аддаленых ад магістральных газаправодаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПРЫВО́Д,
сукупнасць крыніцы энергіі і прыстасаванняў для яе ператварэння і транспарціроўкі пры дапамозе вадкасці да прывадной машыны. Мэта ўжывання гідрапрывода — атрыманне патрэбнай залежнасці скорасці прывадной машыны ад нагрузкі, больш поўнае выкарыстанне магутнасці рухавіка, змяншэнне ўдарных нагрузак і інш. Як крыніца энергіі выкарыстоўваюцца эл.або цеплавы рухавікі, вадкасць пад ціскам і інш. У залежнасці ад віду гідраперадачы адрозніваюць гідрапрывод гідрастатычны (аб’ёмны), гідрадынамічны і змешаны (гл.Гідрастатычная перадача, Гідрадынамічная перадача).
Аб’ёмны гідрапрывод дазваляе з высокай дакладнасцю падтрымліваць або змяняць скорасць машыны пры адвольным нагружанні, дакладна ўзнаўляць зададзеныя рэжымы вярчальнага або зваротна-паступальнага руху. Выкарыстоўваецца ў металарэзных станках, прэсах, сістэмах кіравання лятальных апаратаў, суднаў, цяжкіх аўтамабіляў, цеплавых рухавікоў, гідратурбін, часам — як гал. прывод на аўтамабілях, кранах. Дынамічны гідрапрывод дазваляе ажыццяўляць толькі вярчальны рух, частата вярчэння яго вядучага вала аўтаматычна мяняецца са зменай нагрузкі. Выкарыстоўваецца для прывода грабных вінтоў, сілкавальных помпаў ЦЭС, шахтавых пад’ёмных машын, вентылятараў і інш.Змешаны гідрапрывод выкарыстоўваюць у штамповачных прэсах (цэнтрабежная помпа падае вадкасць у гідрацыліндр, які прыводзіць у рух рабочы інструмент прэса), машынах для запуску газавых турбін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ (Columbiformes),
атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; C. rupestris), буры (C. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.
Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.
Да арт.Голубападобныя. Галубы: 1 — каменны; 2 — белагруды; 3 — буры. Рабкі: 4 — саджа звычайная (а — самка; б — самец); 5 — белабрухі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНЯЯ́РКА,
машына для скошвання с.г. культур і транспартавання скошанай масы ў малацільны апарат камбайна (пры прамым камбайнаванні) або ўкладкі яе на поле ў валкі ці ў рассціл (пры раздзельнай уборцы). Асн. рабочыя органы — рэжучы апарат, матавіла, шнэк, транспарцёр.
Шнэкавыя Ж. (хедэры) бываюць навясныя (на збожжаўборачныя камбайны) або прычапныя да трактара; валковыя (платформавыя) — самаходныя ці ў агрэгаце з трактарамі, самаходнымі шасі, камбайнамі. Валковыя Ж. паводле размяшчэння рэжучага апарата падзяляюцца на франтальныя і бакавыя, паводле спосабу фармавання валкоў — на адна-, двух- і трохпаточныя (фармуюць валок рэзальным апаратам або яшчэ з дапамогай 1 ці 2 транспарцёраў). Ж. бываюць універсальныя і спецыяльныя (для ўборкі пэўных культур). Напр., зернебабовая Ж. — навясная на камбайны машына для скошвання і ўкладкі ў валкі зернебабовых культур (у т. л. зялёнага гарошку, іх сумесей) і палеглай збажыны. Мае пальцавы рэжучы апарат са сцёблападымальнікам, універсальнае эксцэнтрыкавае матавіла, раменна-планкавы транспарцёр, платформу, механізм прывода і інш. Шырыня захопу Ж. ад 3,5 да 17 м, прадукцыйнасць ад 1,2 да 8 га/гадз.
Жняяркі: 1 — навясная з універсальным матавілам для раздзельнай уборкі збожжа; 2 — збожжавая прычапная да трактароў; 3 — зернебабовая; 4 — канапляная жняярка-снопавязалка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ (ад лац. interventio умяшанне),
умяшанне адной дзяржавы ва ўнутр. справы іншай дзяржавы або акт рэгулявання ёю акрэсленых пытанняў грамадз. адносін, якія традыцыйна належаць да сферы грамадз. супольнасці. Як сродак знешняй палітыкі існуе амаль ад пачатку паліт. гісторыі чалавецтва і выкарыстоўваецца дзяржавамі, каб у сваіх інтарэсах паўплываць на вынікі барацьбы паліт. сіл у інш. дзяржаве, на вырашэнне дынастычных пытанняў і да т.п. Знешняя І. здаралася асабліва часта і прымала значныя маштабы ў перыяды рэвалюцый абонац.-вызв. барацьбы народаў асобных краін (напр., І. краін Антанты супраць сав. Расіі ў 1918—20). Паняцце І. ўключае такія яе віды, як вайсковая, эканам., дыпламатычная, ідэалагічная. Існуюць і камбінацыі азначаных відаў І. Сучасная міжнар. супольнасць выключае І. з правамерных сродкаў правядзення дзяржавамі сваіх знешнепаліт. інтарэсаў. і ставіць яе па-за міжнар. правам, а вайсковая І. атаясамліваецца з формай агрэсіі. І. як акт умяшання дзяржавы ва ўласнае ўнутр. жыццё, пераважна ў эканоміку і фінансы, уваходзіць у сістэму метадаў дзярж.-манапал. рэгулявання гэтых галін і мае месца ў часы крызісаў, банкруцтваў ці ў сувязі з адмоўнымі вынікамі дзейнасці таго ці інш. буйнога банка або карпарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖ, калодзезь,
1) гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе верт. шахты ці свідравіны для збору падземных або адводу паверхневых вод.
Шахтавыя К. — круглыя або квадратныя ў плане, дыям. (стараной) да 1,5, глыб. да 40 м і болей; трубчастыя — з абсадных труб (уваходзяць адна ў адну), дыям. да 30 см, глыб. да 100 м і больш. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (артззіянскія калодзежы), для збору вады з асушальных каналаў (зумпфы), апаражнення трубаправодаў (скідныя К.), гашэння энергіі воднага патоку (вадабойныя К.), для назірання за работай абсталявання і ўзроўнем грунтавых вод (назіральныя К.) і інш.
Збудаванне для тэхн. абслугоўвання падземных камунікацый (назіральныя К. на водаправоднай сетцы, каналізацыйнай сетцы, на трасах цепла- і газазабеспячэння), а таксама для выканання работ у складаных грунтавых умовах (апускныя калодзежы). Будуюцца з бетону, жалезабетону, часам з цэглы, металу, дрэва. Унутры К. размяшчаецца розная арматура, помпы, лесвічныя маршы, драбінкі і інш., зверху — надземнае збудаванне або лаз (люк) з накрыўкай.