СІ́МАНАЎ Юрый Іванавіч (н. 4.3.1941, г. Саратаў, Расія); расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1965, 1968). З 1969 дырыжор, з 1970 гал. дырыжор Вял. т-ра ў Маскве. У 1985—89 маст. кіраўнік і гал. дырыжор арганізаванага ім Дзярж. Малога сімф. аркестра СССР. Адначасова ў 1978—91 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1985 праф.). З 1994 муз. дырэктар Бельгійскага нац. аркестра, пастаянны запрошаны дырыжор аркестра Венгрыі. З 1998 узначальвае Акад. сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі. Сярод пастановак у Вял. т-ры: оперы «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Пскавіцянка» М Рымскага-Корсакава, «Золата Рэйна» Р.Вагнера, «Так робяць усе» В.А.Моцарта, «Замак герцага Сіняя Барада» Б.Бартака, балеты «Пятрушка» і «Жар-птушка» І.Стравінскага, «Ганна Карэніна» Р.Шчадрына, «Залаты век» Дз.Шастаковіча. Ставіў оперы ў т-ры «Ковент-Гардэн» і інш. 1-я прэмія Міжнар. конкурса аркестравых дырыжораў (1968, Рым).
Л.А.Шымановіч.
т. 14, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́ЛІ МО́ВЫ, стылі функцыянальныя,
разнавіднасць мовы з пэўнымі асаблівасцямі фанет., лексічных, марфал., сінтакс. сродкаў, адбор якіх залежыць ад задач камунікацыі. Іх існаванне абумоўлена патэнцыяльнымі рэсурсамі мовы, яе сінанімікай. Для фарміравання функцыян. С.м. патрэбны і знешнія, экстралінгвістычныя фактары, што вызначаюць умовы адбору моўных адзінак: форма зносін (вусная і пісьмовая, дыялагічная і маналагічная), сац. сфера зносін (быт., вытв., дзярж. і г.д.), змест інфармацыі (тэма і прадмет выказвання), мэта і ўмовы зносін (характар узаемаадносін удзельнікаў акта камунікацыі: паведамленне, просьба, загад і г.д. Вылучаюць размоўны стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, навуковы стыль, публіцыстычны стыль, мастацкі стыль. Усе С.м., акрамя размоўнага, — кніжныя стылі. Межы паміж С.м. адносныя, умоўныя. Ім аднолькава ўласціва тэндэнцыя да раздзялення, дыферэнцыяцыі і тэндэнцыя да ўзаемапранікнення, узаемаўплыву і нейтралізацыі стылявых моўных сродкаў. С.м. вывучае стылістыка.
Літ.:
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1995.
А.К.Юрэвіч.
т. 15, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́САЎ Антон Данілавіч (27.5.1835, г. Барысаў Мінскай вобл. — 1886?),
бел. рэвалюцыянер-дэмакрат, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі, дзеяч міжнар. рэв. руху, выдавец. Брат Б.К.Д.Трусава. Скончыў Мінскую гімназію (1853), вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1854—56; 1860—61). Паслядоўнік М.Г.Чарнышэўскага і К.Каліноўскага. У 1861—62 рыхтаваў паўстанне ў Мінску. У 1863 узначаліў паўстанцкі атрад з жыхароў Мінска, удзельнічаў у баях супраць урадавых войск у Мінскай губ. Пасля паўстання ў. эміграцыі. У Жэневе зблізіўся з рус. рэвалюцыянерам М.І.Уціным, арганізаваў з ім і інш. рэвалюцыянерамі Рус. секцыю 1-га Інтэрнацыянала (1870). У 1871 чл. Жэнеўскага к-та дапамогі парыжскім камунарам. Адзін з арганізатараў друкарні час. «Народное дело», у 1869—71 яе загадчык, з 1873 уладальнік. У 1884 прадаў друкарню групе «Вызваленне працы» і вярнуўся ў Мінск, дзе жыў пад наглядам паліцыі.
Літ.:
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн. 1963.
Г.В.Кісялёў.
т. 15, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (аднаўленчы). Адбыўся 2.11.1996 у Мінску. Прысутнічалі 443 дэлегаты ад 1160 чл. партыі, якія выступілі ініцыятарамі аднаўлення КПБ як самаст. партыі. Прынятая з’ездам рэзалюцыя адмяняла рашэнне Трыццаць другога з’езда КПБ аб уваходжанні КПБ у склад Партыі камуністаў беларускай, абвяшчала адноўленую Кампартыю Беларусі юрыд. і ідэйна-паліт. пераемніцай КПСС—КПБ. Праграмная заява прынята ў якасці Часовай праграмы партыі да чарговага з’езда КПБ. Прыняты таксама Часовы статут КПБ. Прынцыпова новае ў ім — стварэнне Вышэйшага савета партыі (ВСП), які выбіраецца на з’ездзе з найб. вопытных і аўтарытэтных камуністаў, «з’яўляецца гарантам адзінства КПБ і захавання статутных правоў членаў партыі». ВСП дадзена права распускаць ЦК КПБ і прызначаць датэрміновыя з’езды ў выпадку ўзнікнення рознагалоссяў у партыі, калі яны пагражаюць расколам. Свае функцыі ВСП ажыццяўляе без умяшання ў паўсядзённую работу ЦК і Цэнтр. рэвіз. камісіі. З’езд выбраў ВСП, ЦК КПБ, Цэнтр. рэвіз. камісію.
В.Ф.Кушнер.
т. 16, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫШКЕ́ВІЧАВЫ ТЭА́ТРЫ,
прыватныя тэатр. трупы магнатаў Тышкевічаў у 18—19 ст. у іх рэзідэнцыях — Свіслачы (Гродзенская вобл.) і Плешчаніцах (Лагойскі р-н Мінскай вобл.). Свіслацкі тэатр створаны да 1788 графам В.Тышкевічам як аматарскі. У паказах, якія адбываліся ў суправаджэнні прыгоннай капэлы, удзельнічалі вучні гімназіі, жыхары мястэчка, прыцягваліся і сяляне. Муз. рэпертуар складаўся з твораў кампазітараў Дж.Паізіела, І.С.Баха, Л.Бакерыні і інш. Выступалі і «вольныя» драм., оперныя і балетныя трупы (Я.Шыманскага, 1803; М.Кажынскага, 1817—19 і інш.). Пра дзейнасць Плешчаніцкага тэатра вядома ў 1820—30-я г. Т-р быў аматарскі, але найчасцей у ім выступалі прафес. трупы, што гастраліравалі ў Свіслачы. Меў добрае абсталяванне, некалькі камплектаў дэкарацый і касцюмаў, якія пасля пажару ў 1835 перададзены т-ру ў Мінску.
Літ.:
Барышаў Г.І. Гарадскі і маёнткавы прыгонны тэатр на тэрыторыі Беларусі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.
т. 16, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВА́РАВА Галіна Уладзіміраўна (н. 29.10.1953, Вена),
бел. вучоны-эканаміст. Дачка У.П.Уварава. Д-р эканам. н. (2000). Скончыла Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1975) і да 1977 працавала ў ім. У 1980—94 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. З 1997 у Ін-це прыватызацыі і менеджменту. З 2001 у кансалцінгавай фірме «BEP-Engineering and Consulting». Навук. працы па праблемах эканам. арганізацыі прадпрыемства (кантролінг), сучасных тэхналогій кіравання фінансамі і эканомікай прадпрыемства, сістэмы і структуры менеджменту, прафес. кансалцінгу прадпрыемстваў па пытаннях эканомікі і фінансаў. Распрацавала спец. тэхналогію фін. аналізу для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў на бел. прадпрыемствах.
Тв.:
Innovationen im System des gegenwärtigen Finanzkapitals // Wissenschaftliche Zeitschrift. Finanzkapital im Wirkungsmechanismus der ōkonomischen Gesetze. 1989. Jg. 38, heft 5;
Экономический советник менеджера. Мн., 1996 (разам з В.А.Анташовым);
Стратегия реструктуризации предприятий (подходы и решения). Мн., 1997;
Управление финансами предприятия (разам з В.Анташовым) // Директор. 2002. № 11.
т. 16, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОРД (Ford) Джэральд Рудольф (н. 14.7.1913, г. Омаха, ЗША),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў Мічыганскі (1935) і Іельскі (1941) ун-ты. У 1942—46 служыў у ВМФ (удзельнік 2-й сусв. вайны на Ціхім ак.), потым займаўся юрыд. практыкай. У 1948—73 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, з 1965 лідэр фракцыі рэспубліканцаў у палаце. У час паліт. крызісу 1973—74 (гл. «Уотэргейт») прызначаны віцэ-прэзідэнтам краіны (зацверджаны на пасадзе кангрэсам 6.12.1973), а пасля вымушанай адстаўкі Р.Ніксана 9.8.1974 стаў прэзідэнтам ЗША. Працягваў паліт. курс папярэдняй адміністрацыі, у т. л. на разрадку міжнар. напружанасці (ад імя ЗША падпісаў 1.8.1975 Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, пры ім у крас. 1975 з Паўд. В’етнама выведзены апошнія вайск. кантынгенты ЗША).
Літ.:
Американские президенты: 41 ист. портрет от Джорджа Вашингтона до Билла Клинтона: Пер. с нем. Ростов н/Д;
М., 1997. С. 507—511.
т. 16, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАМЕЙНІ́ Рухалах Мусаві (17.5.1900?, г. Хамейн. Іран — 3.6.1989),
іранскі рэліг. і дзярж. дзеяч, вял. аятала. Атрымаў рэліг. адукацыю. З 1922 у г. Кум. За крытыку рэформ шаха Мухамеда Рэза Пехлеві высланы ў Ірак (1964), пазней пераехаў у Францыю. За час выгнання стаў лідэрам іранскай апазіцыі. У студз. 1979 вярнуўся на радзіму, узначаліў Іранскую рэвалюцыю 1978—79. З 1.2.1979 лідэр Савета ісламскай рэвалюцыі, да якога 11—13.2.1979 перайшла ўся ўлада ў краіне. Паводле распрацаванай ім канцэпцыі тэакратычнай дзяржавы і створанай на яе аснове канстытуцыі Ісламскай Рэспублікі Іран 1979 Х. быў пажыццёвым духоўным лідэрам (рахбарам) і фактычным правіцелем Ірана. Праводзіў курс на ісламізацыю ўсіх бакоў жыцця Ірана, канфрантацыю з ЗША, на пераможнае завяршэнне ірана-іракскай вайны 1980—88 (у ліп. 1988 пагадзіўся на мірнае ўрэгуляванне канфлікту).
Тв.:
Рус. пер. — Завещание. Б.м., б.г.
Літ.:
Агаев С.А. Рухолла Мусави Хомейни // Вопр. истории. 1989. № 6.
В.У.Адзярыха.
т. 16, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛУП (Chlup) Отакар (31.8.1875, г. Боскавіцы, Чэхія — 14.5.1965),
чэшскі педагог. Акадэмік Чэхаславацкай АН (1952), праф. Пражскага ун-та (з 1953). Скончыў Пражскі ун-т і з 1919 выкладаў у ім педагогіку. У 1922—39 праф. ун-та ў г. Брно, дзе заснаваў Т-ва новага выхавання і быў рэдактарам (з 1927) яго часопіса. Па яго ініцыятыве ў 1946 адкрыты пед. ф-ты ва ун-тах Чэхаславакіі. З 1953 праф., арганізатар і заг. кафедры педагогікі ў Пражскім ун-це. Заснавальнік (1957) і дырэктар (да 1960) Ін-та педагогікі Я.А.Каменскага Чэхаславацкай АН. Аўтар прац па праблемах навучання, пед. адукацыі, гісторыі педагогікі, у т. л. падручніка «Педагогіка» (2-е выд. 1965), «Хрэстаматыі па гісторыі педагогікі» (т. 1—2, 1948—50). Адзін з рэдактараў «Педагагічнай энцыклапедыі» (т. 1—3, 1938—40).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. пед. соч. М., 1966.
Н.К.Мазоўка.
т. 17, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУЛКО́Ў Міхаіл Дзмітрыевіч (1743 або 1744, Масква — 4.11.1792),
рускі пісьменнік, гісторык, этнограф, эканаміст. Быў акцёрам, прыдворным лакеем, чыноўнікам Сената; у 1779 атрымаў спадчыннае дваранства. Аўтар зб. шахрайскіх навел і чарадзейна-рыцарскіх аповесцей «Перасмешнік, або Славенскія казкі» (ч. 1—5, 1766—89), у якім упершыню ў рус. л-ры выкарыстана слав. міфалогія, затым сістэматызаваная ім у спец. міфалагічных слоўніках (самы поўны «Абэвэга рускіх забабонаў...», 1786). Яго твор «Прыгожая паварыха, або Прыгода распуснай жанчыны» (1770, няскончаны) — першая спроба рус. шахрайскага рамана, напісанага ад асобы гераіні. Складальнік «Збору розных песень» (т. 1—4, 1770—74), «Слоўніка рускіх забабонаў» (1782). Працаваў над зборам заканад. актаў і інш. дакументаў пра гандаль «Гістарычнае апісанне расійскай камерцыі...» (т. 1—7, 1781—88).
Тв.:
У кн.: Поэты XVHI в. Л., 1958. Т. 1;
Стихотворная сказка (новелла) XVIII — нач. XIX вв. Л., 1969;
Русская проза XVIII в. М., 1971.
т. 17, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)