АЛЬБЕРТУСТА́ЛЕР (ням. Albertustaler),

талерная манета, якая чаканілася з 1612 у паўд. Нідэрландах намеснікамі іспанскага караля Альбертам і Ізабелай (серабра 24,65 г). Мела агульнаеўрапейскае пашырэнне. Альбертусталерам наз. таксама паўд.-нідэрландскія патагоны, чаканеныя каралямі Іспаніі Філіпам IV (1621—65) І Карлам II (1665—1700), якія тыпалагічна капіравалі альбертусталер. На Беларусі і Украіне яны вядомыя пад назвай «крыжовыя».

Да арт. Альбертусталер. Патагон правінцыі Брабант... 1677, Карл II.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКІЯ СТРАЛКІ́,

воіны, аснашчаныя спец. рыштункам і зброяй і падрыхтаваныя для вядзення бою ў гарах. Першыя фарміраванні з’явіліся ў канцы 18 ст. ў Францыі, прызначаліся для баявых дзеянняў у Альпах (адсюль назва) і складаліся ў асн. з жыхароў горных раёнаў. Назва захавалася ў Францыі, Італіі і некаторых інш. краінах як сінонім паняццяў «горныя» і «горнапяхотныя» войскі, якія ўваходзяць у склад сухапутных войскаў (гл. таксама Горныя войскі).

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛЫ (ад лац. annales гадавыя),

запіс найб. значных падзей па гадах; форма гіст. твора ў старажытнасці і сярэднявеччы. Тэрмін аналы ўзнік у Стараж. Рыме, дзе ўсе важныя падзеі штогод запісваліся пантыфікамі (жрацамі) на спец. дошках і выстаўляліся на ўсеагульны агляд. Аналамі наз. таксама творы аналістаў. Пасля назва перайшла і на сярэдневяковыя запісы, якія вяліся звычайна ў манастырах. Форма пагадовых запісаў выкарыстана ў хроніках і летапісах.

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕМО́МЕТР (ад анема... + ...метр),

прылада для вымярэння скорасці ветру і газавых патокаў. У недыстанцыйных анемометрах скорасць патокаў вызначаецца па скорасці вярчэння ветравога кола, вінта, крыжавіны з паўшар’ямі (анемометр чашачны) або па дадатным ціску (т.зв. трубка Піто), у тэрмаанемометрах — па цеплааддачы нагрэтага дроту. Выкарыстоўваецца таксама аўтаматычны анемометр з сігнальным прыстасаваннем для выяўлення небяспечных парываў ветру і ўключэння проціаварыйных прыстасаванняў. Для бесперапыннага запісу скорасці ветру служаць анемографы.

Анемометр чашачны.

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

каралеўская дынастыя ў шэрагу еўрапейскіх краін сярэднявечча. Паходзіла ад франц. графаў Анжу. Правіла ў Англіі ў 1154—1399 (гл. Плантагенеты), у Паўд. Італіі ў 1268—1442, Сіцыліі ў 1268—82 (намінальна ў 1266—1302). Заснавальнік дынастыі ў Сіцыліі і Паўд. Італіі Карл Анжуйскі (правіў да 1285). Правіла таксама ў Венгрыі ў 1308—87 і ў Польшчы ў 1370—82 і 1384—85.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЙВАЛ (Валерый Яўгенавіч) (н. 3.7.1955, г. Вышні Валачок Цвярской вобл., Расія),

бел. мастацтвазнавец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў С.-Пецярбургу (1977). У 1977—89 працаваў у Нац. маст. музеі Беларусі. Даследуе бел., а таксама італьян., ісп., ірл., англ. мастацтва. Аўтар-складальнік буклетаў пра мастакоў У.​Пасюкевіча (1987), Каміля-Камала (1992), альбома «Брэсцкая крэпасць-герой у творчасці мастакоў» і інш.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРВІ́ЛЬ [Bourvil; сапр. Рэмбур (Raimbourg) Андрэ; 27.7.1917, в. Бурвіль, Нармандыя, Францыя — 22.9.1970],

французскі акцёр. У 1938 дэбютаваў у мюзік-холе і на радыё. З 1945 у кіно. Напачатку выступаў у амплуа камічнага прастака, пазней ствараў псіхалагічна глыбокія вобразы, выконваў таксама камічныя і драм. ролі. Сярод фільмаў: «Усё золата свету», «Разява», «Вялікая прагулка», «Праз Парыж», «Адвержаныя», «Чырвоны круг».

Літ.:

Клод К. Бурвиль: Пер. с фр. М., 1973.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́НТЫ (ад лац. vagantes вандроўныя),

вандроўныя студэнты, шкаляры, ніжэйшыя клірыкі ў Зах. Еўропе 11—13 ст., якія складалі на лац. мове і выконвалі сатыр. вершы, застольныя, студэнцкія і любоўныя песні, пародыі, высмейвалі феадалаў, вышэйшае духавенства і заможных гараджан. Наз. таксама галіярдамі. Найб. росквіту творчасць вагантаў, пераважна песенная, дасягнула ў 12—13 ст. Праследаваліся афіц. царквой. З 14 ст. страцілі сваё значэнне.

Літ.:

Поэзия вагантов. М., 1975.

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА БРАЧЫСЛА́ВАВІЧ,

ізяслаўскі (заслаўскі), магчыма і стрэжаўскі князь 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі разам з чарнігаўскімі князямі Яраславам Усеваладавічам і Ігарам Святаславічам, а таксама з віцебскім кн. Брачыславам Васількавічам, полацкім кн. Усяславам Васількавічам і лагожскім (лагойскім) кн. Усяславам Мікулічам, атрадам Літвы і ліваў удзельнічаў у вял. паходзе на Друцк, які знаходзіўся ў сферы ўплыву смаленскіх князёў, што варагавалі з паўд.-рускімі князямі.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КТАРНЫ ЗДАБЫ́ТАК вектараў a→ і b→, вектар c→, модуль якога роўны плошчы паралелаграма, пабудаванага на вектарах a→ і b→, перпендыкулярны плоскасці гэтага паралелаграма і накіраваны так, што вектары a→, b→ і c→ утвараюць правую тройку. Абазначаецца c→ = [a→ b→] або c→ = a→ × b→. Уведзены У.​Гамільтанам (1853). Выкарыстоўваецца ў геаметрыі, механіцы і фізіцы. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.

Вектарны здабытак c вектараў a і b.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)